Шпацыр па Камароўцы

19.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пінскія памідоры каштуюць даражэй за прывазныя ўкраінскія,а персікі ідуць на кампоты

Камароўскі "прэйскурант"

(кошт за кілаграм)

Заморская смаката: 

Вінаград (гатунак "мускат") — 15-25 тыс.

Персік — 17-18 тыс.

Нектарын — 20 тыс.

Абрыкос — 20 тыс.

Вішня — 30-45 тыс.

Сліва — 15 тыс.

Кавун — 5 тыс.

Дыня — 20 тыс. - Чем полезна дыня?

Памідоры — 11-13 тыс.

Перцы — 32 тыс.

Баклажан —13 тыс.

Наша, родненькае:

Агуркі — 5 тыс.

Памідоры — 15-25 тыс.

Маладая кукуруза — 5 тыс.

Чарніцы — 30 тыс.

Буякі — 30 тыс.

Маладая бульба — 3-5 тыс.

— Колькі просіце за паўлітра чарніц? — пытаюся ў камароўскіх прадаўцоў, якія размясціліся непадалёк ад увахода на рынак.

— Аддаём за пятнаццаць, — адказваюць мне.

Яшчэ месяц таму, калі сезон лясной прадукцыі толькі набіраў сілу, гэтую ж колькасць ягад прадавалі за 20 тысяч рублёў. Змяніліся кошты, іншыя змены пакупнікі таксама заўважылі.

Літаральна за некалькі тыдняў гандлёвыя латкі Камароўкі прыкметна пацяжэлі. Удалося знайсці не толькі звыклую гародніну і садавіну, якой на рынку заўжды даволі, але і, напрыклад, жоўтую чарэшню, маладую кукурузу, буякі.

Адразу варта сказаць пра беларускія лясныя грыбы-ягады. Чарніц пакуль што на рынку хапае. Зніжкі на лясную прадукцыю, "абяцаныя" героямі мінулага камароўскага рэпартажу (гл. "Звязду" за 26 чэрвеня 2012 г.), чарніцы, відавочна, закранулі. Але, як высветлілася, дзе адным зніжкі, іншым дорага. Пытаюся кошт не за паўлітра ягад, а за кілаграм. Мужчына са Смалявіч просіць 30 тысяч за кілаграм. Прытым што, напрыклад, пад Брэстам чарніцы ў людзей купляюць па 22 тысячы за кілаграм, і гэта лічыцца добрай цаной, а 30 тысяч — гэта ўжо нечуваныя грошы.

Лісічкі на Камароўцы прадаюць у сярэднім па 50 тысяч за кілаграм. А вось лясныя суніцы, якія ўжо амаль прайшлі, як і раней, каштуюць 25 тысяч за паўлітра. На рынку гэтыя ягадкі цяпер — своеасаблівая рэдкасць.

Што датычыць агародніны, то зараз, па словах прадаўцоў, найбольш актыўна купляюць агуркі і зеляніну для салатаў, баклажаны, капусту. Традыцыйна не залежваюцца памідоры. Апошнія, дарэчы, крыху здзівілі. Кошт на таматы з Украіны вагаецца ад 11 да 13 тысяч рублёў. Гэта прыгожыя буйныя памідоры без чорных плямачак і пабітых бакоў. Хочаш у салату рэж, хочаш у слоікі закладвай. Спрабую знайсці беларускія памідоры і тут жа бачу цэннік з патрэбным надпісам "Пінск", побач з якім кошт — 25 тысяч рублёў за кіло. Лічы, удвая даражэй!

— А чаму так дорага?

— Проста гатунак адмысловы, "малінавыя" памідоры, — растлумачылі мне.

Аказваецца, сутнасць "малінавасці" і, адпаведна, лішняй "дзясяткі" ў кошце, у салодкім смаку, крыху ружовым колеры памідораў і больш складаных умовах вырошчвання:

— Калі пад Херсонам пасадзіш гэты памідор у глебу, ён і вырасце, дык у нас кіламетр плёнкі на цяпліцу патраціць трэба, — падзяліліся вопытныя агароднікі няхітрым сакрэтам.

Беларускія таматы звычайнага гатунку можна набыць у межах 15-17 тысяч.

Маладая бульба патаннела нязначна. Самыя вялікія, памерам з кулак, клубні — 5 тысяч за кіло (раней каштавалі 6).

..."Салодкі, спелы, мядовы" — усе гэтыя кампліменты належаць зялёнаму і паласатаму кавуну. Пішуцца гэтыя "кампліменты" традыцыйна проста на цэнніках, і паспрабуй праявіць хоць бы якое сумненне.

— Гэта вы краснадарскі каштуеце, — тлумачыць мне Наталля, што гандлюе на Камароўцы садавіной. — Зараз ужо адносна бяспечна можна кавуны есці, гэта ў чэрвені ўсе "хімічных" баяліся.

Дарэчы, кошт кавуна на Камароўцы — у сярэднім 5 тысяч рублёў за кілаграм. Можна адразу ж спакусіцца і набыць яшчэ дыню, што, праўда, абыдзецца даражэй. Недзе 15-20 тысяч за кіло.

Дыні на Камароўцы ў асноўным узбекскія.

Сакавітыя персікі і нектарыны вязуць з Еўропы. На рынку — у асноўным іспанскія і італьянскія. Дзе-нідзе — Грэцыя.

— Сёлета персікі па добрай цане, — дзеліцца Наталля. — 18 тысяч — гэта сярэдняя. Такія яшчэ паляжаць некаторы час, бо цвердаватыя. Калі любіце, каб мяккія і сакавітыя, магчыма і танней знайсці.

Можна паласавацца, з'еўшы адзін-два персікі, але трапляюцца і больш грунтоўныя пакупнікі:

— Нядаўна адна жанчына з вёдрамі прыйшла, купіла некалькі кілаграмаў. Казала: "хачу кампотаў накруціць".

Завяршаючы шпацыр, вырашыла даведацца пра прагнозы адносна коштаў. На гэты раз прадаўцы паабяцалі, што хутка варта чакаць змяншэння цэн на кавуны. А яшчэ — большага попыту на памідоры. Надыходзіць самы час для гаспадынь, што плануюць нарабіць на зіму нарыхтовак.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

Фота аўтара.

 
 
 

РЕКЛАМА