Белыя ночы на свае вочы. 21.by

Белыя ночы на свае вочы

25.08.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ёсць на беразе Нявы маленькі каменны дамок. Гэта "скрыня", якая захоўвае ад разбурэння адзінае драўлянае збудаванне ХVІІІ стагоддзя, што захавалася ў Санкт-Пецярбургу, — дом, дзе ледзь не дзесяць гадоў жыў Пётр І. Ён жыў там і кіраваў будаўніцтвам горада. Адтуль, з вокнаў дома, першаму расійскаму імператару добра было відаць, як з'яўляюцца першыя сцены — бастыёны Санкт-Пецярбургскай крэпасці (больш вядомай як Петрапаўлаўская). Ішоў 1703 год. А праз пятнаццаць гадоў у гэтых сценах быў закатаваны сын Пятра царэвіч Аляксей...

Фінскі заліў, палацы і фантаны

Прыгажосць вельмі складана апісваць словамі. Яе лепш адчуваць самому. Як можна дакладна апісаць ззянне золата палацаў, вясёлку ў фантанах, выратавальны цень некалькіх гектараў парку? Тым больш складана перадаць шум і пах Балтыйскага мора. Але паспрабуйце ўсё гэта ўявіць. І тады вы зразумееце, як выглядае Пецяргоф — рэзідэнцыя расійскіх імператараў. Думаю, як і я, шмат хто там бываў, калі вучыўся ў школе. Аднак (я ўпэўнены!) у сталым узросце Санкт-Пецярбург і яго наваколлі ўспрымаюцца зусім па-іншаму. Прыходзіць разуменне таго, сярод якой раскошы ты знаходзішся. А пасля ўзнікаюць адпаведныя пытанні: хто, як і для чаго гэта зрабіў?


Фактычна рэалізавана гэта было дзякуючы намаганням Пятра І. Ён амаль усё сам праектаваў і назіраў за выкананнем. Прычым усё рабіў сам, а не так, як бывае: узводзілі людзі, а помняць манарха, які ў той час жыў (і добра, што хоць дазвол на тое даў). Будучы імператар быў іншым: вельмі кемлівы і разумны, ён хуценька вучыўся ўсяму, што яму было неабходна — будаванню караблёў, архітэктуры і гэтак далей. Таму гэты чалавек быў спецыялістам у розных сферах, што дазваляла яму рабіць усё якасна. Вось і ў шыкоўным Пецяргофе кожны фантан будаваўся па яго асабістым дакладным апісанні. Калі ён толькі ўсё паспяваў? Нагадаю, што ў гэты час яшчэ ішла Паўночная вайна са Швецыяй. Але і "рускі Версаль" пабудаваў, і вайну выйграў...

Уначы светла, як пры заходзе сонца

І свой горад пабудаваў таксама. Цяпер яго добра аглядаць летам падчас белых начэй. Калі ўвогуле гэта можна назваць такім словам — "ноч". Гэта нейкія занадта пахмурныя дні, не больш за тое. Увесь час складваецца ўражанне, што сонца заходзіць, заходзіць — і раптам вісне ў небе. Як быццам гэтая зорка чапляецца за штосьці. І атрымліваецца, што апоўначы так светла, як увечары, калі сонца пачынае садзіцца. Затое які прыгожы горад у такіх мяккіх і ласкавых промнях святла! Усё навокал становіцца то ружаватым, то блакітным... Дзе-нідзе прарываюцца апошнія чырвоныя струменьчыкі з-за гарызонту. Усё гэта дзякуючы Пятру. Вунь ён глядзіць на Няву з высокай скалы — гэта помнік Пятру І (знакаміты "Медны коннік"). Ён аглядае свае ўладанні, а дакладней — сваё стварэнне. І, напэўна, сам здзіўляецца, як паспеў столькі за жыццё? А мне здаецца, што нейкага страшнага сакрэту тут няма. Проста гэта быў апантаны чалавек. Ведаеце, напэўна, так бывае, што нейкая справа займае ўсе вашы думкі, вы забываецеся на ежу, піццё, адпачынак. Вы разумееце, што калі вы гэтага не зробіце, то не зможаце спакойна жыць. Мне, напрыклад, такое пачуццё знаёмае. Відаць, у такіх людзей, як Пётр І, гэтая апантанасць — вызначальная. Іначай як можна растлумачыць, што чалавек, які стварае такую прыгажосць, закатаваў свайго сына, што быццам выступаў супраць бацькі, падбухтораны нязгоднымі баярамі, а насамрэч ён проста не хацеў пераймаць царства. Кажуць, што самадзержац быў вельмі неўраўнаважанага нораву. А супакоіць яго магла толькі каханая жонка. У той дзень, калі Пётр прыйшоў да сына, жонкі побач не аказалася... Вось так — адзін і той жа чалавек стварае цэлы горад як твор мастацтва і забівае блізкіх...

Заходзіш — і дух займае, як на вышыні

У Кранштаце, горадзе марской славы, які знаходзіцца на востраве Фінскага заліва Котлін, ёсць найвыбітнейшы архітэктурны твор. Купал Марскога сабора свяціцеля Мікалая Цудатворцы добра відаць з мора, як маяк. Пабудавалі сабор у 1913 годзе (а пачалі будоўлю яшчэ ў 1902-м). Затое за 11 гадоў быў узведзены найпрыгажэйшы сабор, які мне ў мае 22 гады даводзілася бачыць. Для таго, каб вы зразумелі веліч гэтага збудавання, дам параўнанне: вышыня сабора разам з крыжом — 70,5 метра, а вышыня Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — 73,6 метра. Аднак нават такая вышыня ўражвае не столькі, колькі ўнутранае аздабленне храма. Пакуль што там працягваецца рэстаўрацыя, а цэнтральны ўваход зачынены. Даводзіцца заходзіць з левага боку. Спачатку ты нічога асаблівага не бачыш, а праз некалькі крокаў збочваеш направа — і над табой вялізны купал, размаляваны прыгожымі фрэскамі. У гэты момант дух займае, як калі апынешся на ўскрайку высокага абрыву. Зноў-такі цяжка гэта ўсё перадаць словамі. Лепш пабачыць самому. Будзеце там — не палянуйцеся зайсці.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, фота аўтара.

г. Санкт-Пецярбург — г. Пецяргоф — г. Кранштат.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ёсць на беразе Нявы маленькі каменны дамок. Гэта "скрыня", якая захоўвае ад разбурэння адзінае драўлянае збудаванне ХVІІІ стагоддзя, што захавалася ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика