Ах, як хочацца вярнуцца...
20.10.2012
—
Новости Общества
|
Дзякуючы папулярнай песні ў выкананні Анжэлікі Варум, якая стала "гімнам" не менш папулярнай праграмы "Гарадок", адным з самых вядомых беларускіх гарадоў стаў менавіта Гарадок Віцебскай вобласці. Хоць у самім Гарадку ніхто не лічыць, што менавіта іх гарадок натхніў аўтараў шлягера. Чым сустрэў Гарадок Прыемна здзівіла, што ў Гарадку не афішуюць свае праблемы. Толькі і чуў ад мясцовых жыхароў, што ўсё ў іх добра. На гербе Гарадка — леў. Герб, дарэчы, вядомы з ХVІ стагоддзя. Леў, сімвал мужнасці і храбрасці тутэйшых воінаў, на фоне залацістага поля... Кінулася ў вочы, што ўсе гарадскія фантаны не працавалі — "адключылі на прафілактыку". Хацеў убачыць славутую гарадоцкую крыніцу, каб напіцца, ды тутэйшыя не параілі. Паводле іх слоў, яна ператварылася ў "бруднае месца". Пацвярджэннем былі адпаведныя фота, якія мне паказалі на мабільным тэлефоне. Жыхары Гарадка патлумачылі, што мясцовыя камунальнікі, вядома, маглі б навесці парадак, як, напрыклад, зрабілі гэта ў парку, дзе любяць адпачываць мамы з дзецьмі. Ды, паводле іх слоў, крыніца "не была замацавана за сістэмай ЖКГ". Падчас экскурсіі па гарадку Гарадку (прабачце за таўталогію), назіраў, як рабочыя старанна ствараюць пешаходную зону. На жаль, у райцэнтры захавалася мала будынкаў дарэвалюцыйнага часу, але ж парачка ёсць. Напрыклад, аптэка, пабудаваная ў 1906 годзе. Ці былая паштовая станцыя, пабудаваная ў ХІХ стагоддзі... Пакуль хадзіў па пешаходнай вуліцы, кінулася ў вочы мясцовая "Дошка ганьбы" ў чаканні партрэтаў "герояў", якія не хочуць спраўна плаціць за камунальныя паслугі. Дарэчы, ці маюць рацыю тыя, хто гэта прыдумаў: выставіць дошку ў самым цэнтры горада? Як той казаў, ёсць пытанне. Не ў сярэднія ж вякі жывём. Было б, напэўна, цікавей тут прачытаць пра вядомых выхадцаў з Гарадка, убачыць турыстычныя схемы. А так... Калі ласка — Вася, Пеця, Коля (з прозвішчамі), якія не плацяць за электрычнасць, ваду і гэтак далей. І сарафаны-"вілачкі" У Гарадоцкім раённым Доме рамёстваў і фальклору здзівіліся нечаканаму візіту карэспандэнта. Але ж паказаць тое, што ствараюць майстры, не адмовіліся. Слова "фальклор" у назве ўстановы падкрэслівае асаблівасць гэтага дома. У штаце ёсць спецыяльны метадыст, які займаецца менавіта фальклорам. У Доме працуюць 12 гурткоў: ёсць і па ганчарстве, і па ткацтве паясоў... Славуты гарадоцкі пояс у свой час быў вядомы не меней за слуцкі. Больш шырокія вітыя паясы насілі мужчыны, вузкія — жанчыны і дзеці. Майстрыха Наталля Леанідаўна Юшкова аднавіла тэхніку вырабу пояса па старадаўнім узоры. Арыгіналы былі знойдзены падчас экспедыцыі па вёсках. Марына Леанідаўна Гушча аднавіла ажурнае ткацтва, якое нарадзілася менавіта ў Гарадоцкім раёне. Цікава, што пра майстроў з Гарадка ведаюць не толькі ў блізкім замежжы, але і ў далёкай Венесуэле. Там пабывала адна з майстрых у складзе беларускай дэлегацыі. На жаль, працуюць людзі з залатымі рукамі не ў самых лепшых умовах. Дом рамёстваў размешчаны ў будынку, пабудаваным у дарэвалюцыйны час. Як расказала маці адной з дзяўчынак, якія наведваюць гурток, тут няма ні каналізацыі, ні водаправода, ні цэнтралізаванага ацяплення. Саграваюць памяшканні ў халады старыя печы. І толькі адна з іх працуе нармальна. Дзецям як у такіх умовах займацца? Каб рукі памыць пасля, напрыклад, лепкі трэба пачакаць, пакуль з калодзежа прынясуць вады. Ваду падагрэюць — тады дадуць памыцца. У памяшканнях зімой холадна... Паглядзеў на экспанаты. Ёсць вырабы, выкананыя з дапамогай тэхнікі так званага спіральнага пляцення — даўно забыты від рамяства. Аднавіла яго Людміла Генадзьеўна Гаравая. Шмат тут твораў ганчарства і касцюмаў. Цікава, дарэчы, што кожны супрацоўнік дома рамёстваў вышыў сабе строй, некаторыя і не па адным. Дарэчы, калі ў суседняй Расіі (а Гарадоцкі раён з ёю на мяжы) жанчыны калісьці насілі сарафаны, беларускія прыгажуні — саяны, аналаг сарафанаў. Насілі ў беларускім памежжы і сарафаны-"вілачкі" (вілачка — адмысловая маленькая спінка сарафана). Майстры з Гарадка апранулі некалькі творчых калектываў, не толькі тутэйшых, але і расонскі, віцебскі... Прадстаўлены ў доме рамёстваў насамрэч унікальныя творы ткацтва "на ніту" (калі выкарыстоўваюцца пры ткацтве толькі рукі майстра і ніткі), а таксама вышыўка па сетцы. На сцяне аднаго з пакояў ёсць фотаздымкі майстроў, якія пайшлі ўжо з жыцця. Людзі пра іх памятаюць. П'яная сажалка і панскі "халадзільнік" У Гарадоцкім раённым краязнаўчым музеі расказалі, што ў турыстычным сэнсе прыезджых можа зацікавіць не сам Гарадок, а больш раён. Супрацоўнікі музея распрацавалі некалькі турыстычных маршрутаў. Сам музей быў створаны ў 1976-м. Да 1995-га працаваў у аднапавярховым невялічкім будынку. Цікава, што знаходзіцца ён у былым будынку суда. Адразу перад музеем — валуны, на якіх замацаваныя памятныя дошкі, прысвечаныя Канстанціну Вераніцыну, вядомаму як аўтар паэмы "Тарас на Парнасе". Ён нарадзіўся ў вёсцы Астраўляны. Дошкі з'явіліся толькі ў 2001 годзе. Летам, дарэчы, у Гарадку праводзяць тэматычны фэст, прысвечаны аўтару і паэме. Падводзяць вынікі конкурсаў паэтаў і празаікаў. Ды і самі Астраўляны — месца правядзення цікавых мерапрыемстваў, у тым ліку і прэзентацый традыцыйных беларускіх страў. У музеі ёсць экспазіцыі этнаграфіі і народных рамёстваў. Турыстам раскажуць, як жылі ў краі ў ХІХ—пачатку ХХ стагоддзяў. Сярод іншых экспанатаў — пазваночнік маманта. Нават у Віцебску такога няма. Што яшчэ ўразіла: на першым паверсе ля ўвахода стаіць дарэвалюцыйны клавішны інструмент, на якім, бывае, гасцям дазваляюць пайграць. У Гарадку пакажуць і ўзгор'е, з якога пачынаўся горад, і вуліцу Зялёную, дзе знаходзілася гарадзішча (там ёсць чатыры курганы (археолагі ўсё збіраюцца іх "раскрыць". —Аўт.). У тых жа Астраўлянах захаваліся сцены будынка былой панскай лядоўні, дзе захоўвалі прадукты. На жаль, былую панскую стайню цяпер не ўбачыш. А ўсё таму, што некалькі гадоў таму яе разабралі на цэглу. Турыстам на тэрыторыі турбазы, што на возеры Лосвіда, пакажуць падмурак панскага дома. Захаваліся і тры падземныя хады, якія вялі ў бок возера, у суседнюю вёску... Ёсць дубы, якія пасадзілі па загадзе пана — яны растуць паўкругам вакол паляны, самаму старому аж 650 гадоў. Чатыры чалавекі ледзь абдымуць гэтае дрэва. Побач крынічка. Самае дзіўнае, што на паляне да нашых дзён не вырасла ніякага пустазелля. Толькі трава. Мяркуецца, што зямлю нейкім чынам апрацавалі. У вёсцы Стайкі музейныя работнікі раскажуць пра паноў Бондаравых — яны пабудавалі завод у Стайках, які працаваў да 1990-х. там выраблялі спірт. Непадалёку пры панах выкапалі сажалку, якую людзі назвалі П'янай, бо адтуль бралі ваду для патрэб завода. Вёска Езярышча вядомая як самае халоднае месца на Віцебшчыне. Раскажуць экскурсаводы і пра мясцовае былое замчышча. Летам цікава будзе падысці да возера — самага вялікага па плошчы ў раёне з усіх 163-х азёр. Тут на астравах у заказніку гняздуюцца больш за 60 відаў птушак. Многія занесены ў Чырвоную кнігу. Паціху развіваюць музейныя работнікі экскурсійную справу. Шкада толькі, што ў аддзеле культуры няма вялікага аўтобуса — толькі мікрааўтобус. Таму ўзнікаюць праблемы: на чым вазіць па раёне так званых пешых турыстаў, якія прыехалі не на экскурсійным аўтобусе? Прыязджайце ў Гарадок, у мясцовую глыбінку... Ціхі, мілы Гарадок. Я ўпэўнены, вам захочацца сюды яшчэ вярнуцца. Аляксандр ПУКШАНСКІ. Гарадок — Віцебск Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзякуючы папулярнай песні ў выкананні Анжэлікі Варум, якая стала "гімнам" не менш папулярнай праграмы "Гарадок", адным з самых вядомых беларускіх гарадоў...
|
|