Зямельныя ўчасткі, чэкі "Маёмасць", афармленне спадчыны і прыватызацыя
20.10.2012
—
Новости Общества
|
Усе гэтыя тэмы былі ўзняты падчас "прамой лініі" ў рэдакцыі нашага выдання з удзелам старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Георгія Іванавіча Кузняцова. Нашымі чытачамі было зададзена больш за 40 пытанняў. Прапануем адказы на самыя актуальныя з іх. — Мая сям'я жыве ў двухпакаёвай кватэры ў якасці наймальнікаў. У народзе ходзяць розныя чуткі аб такім жыллі. Адкажыце, ці хутка будзе даражэць прыватызацыя кватэр і зямельных участкаў? Алена Мікалаеўна,г. Мінск. — Падзелім ваша пытанне на дзве часткі. Што тычыцца кватэр. Гэта пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовых выканкамаў. Таму аб кошце прыватызацыі кватэр вам лепш звярнуцца па тлумачэнні ў адміністрацыю вашага раёна ў жыллёвы аддзел. Падыходы да перадачы ва ўласнасць зямельных участкаў, якія тычацца аплаты, мяняцца не будуць. Плата за такую прыватызацыю зямлі ажыццяўляецца ў памеры кадастравага кошту ці ў памеры, які вызначаецца на падставе кадастравага кошту зямельнага ўчастка. Для шматдзетных сем'яў зямельныя ўчасткі перадаюцца ў прыватную ўласнасць без аплаты ў тых выпадках, калі такія сем'і маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. У асобных выпадках кошт прыватызацыі зямельных участкаў можа складаць да 50 працэнтаў ад кадастравага кошту гэтай зямлі. Гэта так, але... Нагадаю, што кадастравы кошт зямельных участкаў у пэўных рэгіёнах пераглядаецца прыкладна раз у 5 гадоў. А вось пры гэтай пераацэнцы будзе адпаведна мяняцца і кадастравы кошт саміх участкаў і цана выкупу іх у прыватную ўласнасць. Так, пасля пераацэнкі пэўныя ліквідныя землі па кадастравай ацэнцы стануць каштаваць значна даражэй. У гэтым выпадку трэба спачатку высветліць, ці неабходна вам набыццё зямельнага ўчастку менавіта ў прыватную ўласнасць. Пасля вырашэння гэтага пытання вам неабходна звярнуцца ў мясцовую землеўпарадкавальную службу, дзе ўдакладніць аб магчымай пераацэнцы ці аб канкрэтных лічбах кадастравага кошту зямлі. — Як я зразумела, пакуль не плануецца павялічваць кошт прыватызацыі зямлі? — Змяненне падыходаў пры выкупе зямлі ва ўласнасць не плануецца. А вось пераацэнка кадастравага кошту зямельнага масіву ў вашым месцы можа быць. Пераацэнка ажыццяўляецца па заказе адпаведнага выканкама. '— На якіх умовах і калі можна будзе атрымаць зямельны ўчастак пад індывідуальнае будаўніцтва ў межах гарадоў-спадарожнікаў нашай сталіцы? Алег Лапацін,г. Мінск. — Вакол горада Мінска выканкамам пастаўлена задача падбіраць свабодныя зямельныя масівы, якія будуць прыгодныя для індывідуальнага будаўніцтва. Аднак... Трэба разумець, што той жа Мінскі раён небезразмерны. Тая колькасць асоб з патрэбай у паляпшэнні жыллёвых умоў, якая стаіць у чарзе на атрыманне зямельных участкаў, сведчыць аб тым, што попыт на зямлю ў прысталічным рэгіёне даволі істотны. Вам трэба спачатку дакладна вызначыцца з пытаннем, у якім канкрэтна месцы хочаце мець зямельны ўчастак. Пасля гэтага ваш алгарытм дзеянняў будзе наступным. Калі вы маеце патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, то трэба звярнуцца ў адпаведны сельвыканкам для пастаноўкі на зямельную чаргу. Ёсць пастанова ўрада № 1781, якая вызначае адзіныя падыходы пастаноўкі на ўлік. Гэта першы варыянт вырашэння вашага пытання. Можна пайсці і іншым шляхам. На сайтах выканкамаў і на сайце Дзяржкаммаёмасці акумулюецца інфармацыя аб аўкцыёнах па продажы зямельных участкаў прыватным асобам. Там існуе даволі вялікі выбар зямельных участкаў, якія прапануюцца на продаж. Па гэтым варыянце набыць зямельныя ўчасткі можна значна хутчэй. Таму, калі ў вас ёсць свабодныя грошы, лепш ісці па гэтым шляху. — А ці будзе вакол гэтых гарадоў-спадарожнікаў зроблена інжынерная інфраструктура? — Так, мясцовыя выканкамы павінны забяспечыць раёны індывідуальнай забудовы адпаведнай інжынернай інфраструктурай. Разам з тым, бываюць выпадкі, калі з гэтым не ўсё так добра. Удакладняць гэтае пытанне лепш непасрэдна на месцы. Адно магу сказаць упэўнена, што да заканчэння будаўніцтва аб'ектаў індывідуальнага сектара ўся неабходная магістральная інфраструктура (дарогі, падключэнне электрычнасці і г.д.) павінна быць падведзена. '— Добры дзень. Наша сям'я ў 2010 годзе ўступіла ў кааператыў, каб будаваць сабе кватэру. Амаль адначасова нам, як чаргавікам, прапанавалі атрымаць зямельны ўчастак пад індывідуальнае будаўніцтва. Дакументы на зямлю намі былі аформлены і накіраваны 3 студзеня 2011 года ў мясцовы сельсавет. Рашэння аб выдзяленні нам зямельнага ўчастка так і не было, бо... Пачаў дзейнічаць указ кіраўніка дзяржавы аб тым, што, калі будуеш кватэру, то зямельны ўчастак ужо атрымаць будзе нельга. Аднак у сельсавеце па нашай справе рашэння так і няма. Мясцовыя спецыялісты цалкам не разабраліся ў нашай сітуацыі... Спадарыня Алеся, Мінскі раён, п. Багатырова. — Сітуацыя цалкам зразумелая. Вам, як асобам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, дзяржава дае на выбар два шляхі вырашэння жыллёвай праблемы. Калі вы пачалі будаваць кватэру ў шматкватэрным доме, то прапанаваць вашай сям'і яшчэ і зямельны ўчастак пад індывідуальнае будаўніцтва ўжо нельга. Пра гэта канкрэтна гаворыцца ва Указе Прэзідэнта Беларусі № 565. Таму мясцовы выканкам павінен прыняць канчатковае рашэнне па вашай справе, а не зацягваць яе больш чым на год. Каб усё ж вырашыць гэтую праблему, я параю вам звярнуцца з запытам у раённы выканкам. Так будзе хутчэй. '— Задам пытанне ад маёй мамы. У нас у Гомельскай вобласці ад бабулі засталася хата ў вёсцы. Мы туды наведваемся 1—2 разы ў год. Дом не лепшы, але месца цудоўнае, бо гэта ж Петрыкаўскі раён. Што нам зараз рабіць, каб дом з участкам не забрала мясцовая ўлада, бо мы там не жывём? Аляксей Бяляеў, г. Мінск. — А вы гэты дом у спадчыну афармлялі ўжо? Ён зараз ужо зарэгістраваны ў агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі? Зямельны ўчастак аформлены? — Дакладна не ведаю. Мабыць, аформлены. — У першую чаргу вы павінны разабрацца з гэтым. Спадчыннікам неабходна на працягу шасці месяцаў звярнуцца ў натарыяльную кантору і прыняць спадчыну. Пасля гэтага натарыяльная кантора выдае пасведчанне аб праве на спадчыну. З гэтым пасведчаннем, калі дом не быў аформлены бабуляй, неабходна звярнуцца ў сельскі Савет для афармлення дакументаў на зямельны ўчастак і на дом. Калі ўсё гэта зрабіць і ў спадчыннікаў ёсць дакументы і на зямельны ўчастак, і на дом, то далей вам лепш падаць заяву ў мясцовы сельсавет, каб абазначыць прыналежнасць такой нерухомасці менавіта вам. У гэтай заяве неабходна ўдакладніць, што дом і зямельны ўчастак вы будзеце выкарыстоўваць і далей. У гэтым выпадку пытанняў да гэтай нерухомасці з боку мясцовых улад не будзе. Калі падобных дакументаў на дом і ўчастак няма, то трэба пачынаць з натарыуса. Неабходна ўдакладніць, ці адкрыта яшчэ спадчынная справа, што з тэрмінамі на яе афармленне і г.д. Зараз у сельскай мясцовасці існуе спрошчаны парадак афармлення спадчынных правоў на такія домікі і зямельныя ўчасткі. — Але мы там даволі рэдка бываем... — Гэта не з'яўляецца падставай для таго, каб адбіраць у вас домік і зямельны ўчастак. Галоўнае, каб усё было аформлена, самі аб'екты выкарыстоўваліся і плаціліся падаткі. Каб участак і дом былі ў нармальным стане — вось тады праблем не будзе. '— У мяне пытанне аб прыватызацыйных чэках "Маёмасць". Ці магчыма гэтыя паперкі абмяняць на акцыі нейкіх прадпрыемстваў? Ці можна іх зараз прадаць? Сяргей Каваленка, г. Брэст. — Чэкі "Маёмасць" можна абмяняць на акцыі акцыянерных таварыстваў. Вам трэба звярнуцца ў Беларусбанк. Там існуюць пералікі акцыянерных таварыстваў, акцыі якіх магчыма абмяняць на прыватызацыйныя чэкі. Такія пералікі пастаянна абнаўляюцца. Тэрмін дзеяння чэкавай прыватызацыі вызначаны заканадаўствам да 1 ліпеня 2013 года. Магчыма, што гэты тэрмін будзе яшчэ падоўжаны. — У мяне ёсць яшчэ адно пытанне. Яно такое... глабальнае. Шмат гавораць пра прыватызацыю з удзелам насельніцтва, аднак... Ці плануецца прыватызацыя сапраўды буйных знакавых прадпрыемстваў? У гэтым выпадку ці будзе магчыма набываць акцыі і простым людзям, напрыклад, акцыі "Беларускалія" за чэкі "Маёмасць"? — Як толькі будзе прынята адпаведнае рашэнне па канкрэтным буйным прадпрыемстве, то адразу насельніцтва аб гэтым праінфармуюць. Мерапрыемствы па продажы акцый кшталту народнага ІРО, як гэта было зроблена на Мінскім заводзе пеністых він, плануюцца і ў далейшым. Галоўныя падыходы пры прыватызацыі буйных прадпрыемстваў у нашай краіне вызначаны. Неабходна шукаць інвестараў, новых эфектыўных уласнікаў. '— Добры дзень, Георгій Іванавіч. Мы шматдзетная сям'я. У нас у Мінску ёсць уласная двухпакаёвая кватэра. Памяшканне невялікае, таму стаім у чарзе асоб з патрэбай у паляпшэнні жыллёвых умоў. Ці маем мы магчымасць атрымаць зямельны ўчастак непасрэдна ў сталіцы або ў прыгарадзе для будаўніцтва свайго дома? Куды нам трэба звяртацца і колькі гэта будзе каштаваць? Таццяна Глінская, г. Мінск. — Такое права ў вас ёсць. Каб атрымаць зямельны ўчастак у сталіцы, вам трэба звяртацца ў мясцовую адміністрацыю гарвыканкама. Па Мінскім раёне — у той сельскі савет, дзе вы жадаеце атрымаць участак. Гэта так, але... Трэба ўлічваць той факт, што ў Мінску існуе павялічаны попыт на зямельныя ўчасткі, а свабодных зямель тут амаль не засталося. Вас запішуць у дзеючую чаргу па зямельных участках, дзе неабходна будзе чакаць свайго часу. Магчыма, што і даволі доўга. Наконт таго, дорага ці танна гэта. Шматдзетным сем'ям зямельныя ўчасткі выдзяляюцца без аплаты. Заплаціць неабходна будзе толькі за афармленне дакументаў па стварэнні землеўпарадкавальнай справы і за ажыццяўленне дзяржаўнай рэгістрацыі гэтага аб'екта нерухомасці. — Ёсць яшчэ дадатковае пытанне. У майго сваяка ўласная кватэра ў Баранавічах. Цяпер ён жыве за Мінскай кальцавой дарогай у інтэрнаце. Зарэгістраваны там ужо тры гады. Ці мае права мой сваяк атрымаць зямельны ўчастак у Мінскім раёне пад будаўніцтва індывідуальнага жылля? — Ваш сваяк мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, калі ўлічваць і кватэру ў Баранавічах? — Не. Там кватэра вялікая. — У Мінскім раёне зямельныя ўчасткі могуць атрымліваць без аўкцыёнаў толькі тыя сем'і, якія стаяць у чарзе асоб з патрэбай у паляпшэнні жыллёвых умоў. Усе астатнія катэгорыі насельніцтва павінны набываць зямельныя ўчасткі толькі на адпаведных аўкцыёнах або на другасным рынку зямлі. Інфармацыя аб аўкцыёнах размешчана на адпаведных сайтах выканкамаў. Добры сайт ёсць у Мінскім раёне. Шмат інфармацыі існуе на афіцыйным сайце Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. Там існуе адзіная база, дзе акумулюецца ўся інфармацыя аб зямельных аўкцыёнах (адрас правядзення, час і ўмовы). '— Я звяртаюся да вас па даручэнні індывідуальных забудоўшчыкаў на тэрыторыі Чысцінскага сельскага Савета. Нам тры гады таму далі зямельныя ўчасткі для будаўніцтва індывідуальнага жылля. Ці павінен наш сельсавет ажыццяўляць добраўпарадкаванне гэтых тэрыторый (неабходна правесці электрычнасць, пракласці дарогу да ўчасткаў, пракласці лініі водазабеспячэння і каналізацыі)? Нам сёлета ў маі неабходна здаваць індывідуальныя дамы ў эксплуатацыю, бо людзі бралі ў банках буйныя крэдыты... Наталля Юрчанка, пасёлак Чысць Маладзечанскага раёна. — Так. Ваш выканкам абавязаны забяспечыць гэты зямельны масіў неабходнай магістральнай інфраструктурай. Такую інфраструктуру неабходна правесці ў тэрмін да здачы ў эксплуатацыю жылых дамоў на гэтых зямельных участках. Гэтыя абавязкі выканкамаў прапісаны ва Указе Прэзідэнта Беларусі № 72, які тычыцца менавіта інфраструктуры. Таму ад мясцовых улад вы можаце патрабаваць выкананне гэтых нормаў. — Мы ўжо звярталіся са сваімі праблемамі ў мясцовы сельсавет, а пасля — і да раённых спецыялістаў у Маладзечна. Там нам паабяцалі правесці сёлета толькі водазабеспячэнне. А што будзе з электрычнасцю? Кажуць, што ў раёна на гэта няма грошай... — Тады вам трэба звяртацца са скаргай у аблвыканкам. Грошы на інфраструктуру павінны быць запланаваны. — А ці магчыма такую заяву ў аблвыканкам накіраваць па электроннай пошце? — Вы маеце рацыю. На сайце кожнага дзяржаўнага органа існуе прыёмная. Туды можна накіраваць ваш калектыўны зварот ад забудоўшчыкаў. Чыноўнікі абавязкова павінны рэагаваць і на такія заявы грамадзян. Падрыхтаваў Сяргей КУРКАЧ. (Заканчэнне будзе.) Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Усе гэтыя тэмы былі ўзняты падчас "прамой лініі" ў рэдакцыі нашага выдання з удзелам старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Георгія Іванавіча... |
|