"Блішчаў метал на фоне тканага ўзору". 21.by

"Блішчаў метал на фоне тканага ўзору"

23.10.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ці задумваліся вы калі-небудзь аб прызначэнні самавараў? Вядома, па адказ у кішэню не палезеце. Толькі на ваша "каб гарбату піць" чалавек дасведчаны адразу запярэчыць, папросіць удакладніць — як і дзе. Усё проста: прызначэнне самавара залежыць ад яго тыпу.

Той пузаценькі, які нам добра вядомы, а дакладней, самавар-шар, лічыцца салонным. Мець яго ў сваім інтэр'еры раней маглі сабе дазволіць толькі заможныя гаспадары, якія любілі збірацца за кубкам гарбаты, каб абмеркаваць навіны, папляткарыць.

Іншая справа — самавар-цыліндр. Такі тып самавараў быў прадметам царскага стала. Аднак з цягам часу ён пачаў трапляцца і ў інтэр'еры сярэднестатыстычнага жыхара. Для прасцякоў, вядома, гэта была раскоша.

Самай вялікай ёмістасці былі так званыя сямейныя самавары. Сем'і ў тыя часы былі вялікімі. Таму такія самавары былі разлічаны на тое, каб гарбаты хапіла на ўсіх, прычым заварыўшы кіпень адзін раз.

Самавар-павук знешне сапраўды павукападобны. Яго аб'ём параўнальна невялікі. А ўсё таму, што такі самавар бралі з сабой у дарогу. Устойлівыя "ногі" на ім якраз для таго, каб было зручна паставіць яго ці на століку ў цягніку, ці на посцілку на пікніку.

Вельмі цікавы тып — самавар-груша, ці самавар-дуля. Невялікі па аб'ёме, ён таксама быў атрыбутам заможных людзей.

Самавар-чарка мае два падтыпы: "чарка гладкасценная" і "чарка з гранню" — залежыць ад дэкаратыўнага афармлення. Прызначэнне такога самавара ўніверсальнае.

Дасведчаным у самаварах чалавекам я стала літаральна нядаўна. Дакладней, пасля таго, як наведала выставу Лідскага гісторыка-мастацкага музея "Блішчаў метал на фоне тканага ўзору". Гэта сумесны праект  музея і прыватнага калекцыянера Андрэя Фішбайна. На ёй прадстаўлены работы ручнога ткацтва народных умельцаў Лідчыны 40-90-х гадоў ХХ стагоддзя і калекцыя металічнага посуду канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.

— Гэта не выпадковы выбар калекцыянера і прапанаваная яму форма супрацоўніцтва, — зазначыла старшы навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Таццяна НІКІФАРАВА (на фота). — Андрэй Фішбайн вельмі даўні сябар музея, з якім мы падтрымліваем партнёрскія сувязі. Мы лічым яго нават калегам, нягледзячы на тое, што гэты чалавек вельмі далёкі ад музейнай справы. Ён сур'ёзны калекцыянер, які не толькі збірае пэўныя рэчы ці прадметы, але і займаецца іх даследаваннем. Не памылюся, калі назаву яго сапраўдным патрыётам матэрыяльнай культуры горада: шматлікія каштоўныя рэчы, якія трапляюць да калекцыянера, ён прадае музею за зусім сімвалічныя грошы. Прычым з умовай, каб гэтыя прадметы не пакідалі межы рэгіёна, бо яны — частка нашай культуры. Самае галоўнае, на думку калекцыянера, не проста сабраць цікавую калекцыю, а дакрануцца да нейкай часткі мінулага.

Вярнуся да самавараў. У тыя часы гэты посуд быў па кішэні толькі людзям заможным. Ужо ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя з металаў горшай якасці і без мастацкага аздаблення пачалі выпускаць самавары, якія маглі набыць сабе і простыя людзі. На выставе, праўда, такіх няма. Тут прадстаўлены ўзоры самых шыкоўных самавараў. Адны імёны вытворцаў нагадваюць пра іх каштоўнасць: браты Шамарыны, браты Баташавы, браты Варанцовы, Іван Казлоў.

— Вось вельмі цікавая калекцыя, — расказвае Таццяна Нікіфарава. — Гэта чайнікі!

— Якія шыкоўныя і прыгожыя!

— І ўзрост у іх такі значны, што, стоячы побач, ім можна аддаваць чэсць. Уявіце сабе: амаль усе чайнікі з гэтай калекцыі часоў Першай сусветнай вайны! Пра гэта нам стала вядома з пазнак, якія ёсць на кожным з іх. Цяжка ўявіць, што менавіта з такім чайнічкам салдаты на станцыях выбягалі па кіпень! Вядома, сёння яны ўсе адрэстаўраваныя. Аднак не думаю, што іх першапачатковы выгляд быў нашмат горшым.

— Тут некалькі тыпаў чайнікаў. Відаць, салдаты іх выкарыстоўвалі ў розных мэтах?

— Сапраўды! Мы бачым тут вялікі палкавы чайнік, разлічаны на цэлую роту ці нават батальён. З сярэдняга магла напіцца пэўная група людзей. Ёсць нават чайнік-кафейнік. Вядома, ужо не салдацкі. З яго, верагодна, пілі гарбату ці каву высокапастаўленыя асобы.

На зайздрасць любой сучаснай гаспадыні — калекцыя патэльняў. Самых розных. Для прыгатавання шматлікіх відаў страў. На іх хоць сёння вары, смаж, пячы, тушы...


А калекцыя прымусаў прадстаўлена экспанатамі розных краін-вытворцаў. Нямала калекцыянер пападарожнічаў па свеце! Затое сёння мы можам параўнаць нямецкія прымусы са шведскімі, рускія з канадскімі...

— Вельмі цікавая калекцыя газніц, — працягвае экскурсавод. — Праўда, не ўсе лямпы тут газавыя і не ўсе фабрычнай вытворчасці. Напрыклад, гэтая, якая ўзначальвае "парад", не што іншае, як самаробная бліндажная лямпа часоў Першай сусветнай вайны. Ёсць і яшчэ адзін унікальны экспанат — дакладная копія першай газніцы, вынайдзенай Ігнатам Лукасевічам. А гэтыя тры "прыгажуні" — беларускі гонар. Такія лямпы выпускалі ў Магілёве. Безумоўна, імі карысталіся толькі заможныя сем'і. Яны ўсе шкляныя. Прычым шкло, з якога яны зроблены, рознае: бясколернае, блакітнае.

Не была б паўнавартаснай калекцыя, каб не быў на ёй прадстаўлены і посуд утылітарнага прызначэння. Напрыклад, тазік і коўш — для мыцця. Начны гаршчок. І нават металічная грэлка, у якую налівалася гарачая вада.

Другая частка выставы — калекцыя посцілак і дываноў. Гэтыя экспанаты збіраліся супрацоўнікамі музея на працягу многіх гадоў. Таму калекцыя атрымалася вельмі змястоўнай і выразнай.

Самы стары дыван датуецца 1948 годам. Работа вельмі незвычайная: на дыване вытканы год, калі праца была завершана, а таксама ініцыялы ткачыхі — "М. С. Н.", якія, на жаль, расшыфраваць не ўдалося. Аднак, нягледзячы на гэта, якраз работы з такімі пазнакамі спецыялісты адносяць да ўнікальных і каштоўных. Цікава і тое, што тканыя дываны і посцілкі маюць "расшыфроўку". Напрыклад, сюжэт гэтай работы.

— Сорак восьмы год, толькі скончылася вайна. Вакол разруха, голад, неўладкаванасць, — тлумачыць супрацоўнік музея. — І ў той жа час у рабоце пераважае чырвоны колер, што сімвалізуе каханне. Чытаем арнамент: у цэнтры кампазіцыі прысутнічаюць ружы — таксама сімвал кахання; птушкі, вытканыя галоўкамі адна да адной, — сімвал узаемнасці; ромб — сімвал сям'і; так званы "багач" — багацце, дабрабыт. Плюс да гэтага ў сюжэце арнаменту "лётаюць" нават матылькі. 1948 год! А чалавек у сваёй працы гаворыць пра каханне, верыць у лепшае жыццё! Адзін гэты дыван — цэлае паданне! Таму важна разумець: людзі не ткалі сімволіку дзесьці далёка, за межамі краіны, яны адлюстроўвалі ў сваіх работах тыя эмоцыі і перажыванні, што адчувалі ў той момант.


Аўтары посцілак і дываноў вельмі розныя. Вядома, неаднолькавыя і іх творы. Для параўнання — работа, пазначаная як "Н. І. 1954 год". Калі ў папярэднім дыване сімволіка сведчыць пра зараджэнне кахання, то тут арнамент "распавядае" пра сям'ю, якая ўжо склалася. Эмацыйна спакойны зялёны колер — сімвал дабрабыту, дастатку. Вінаградная лаза азначае багацце. Зноў жа тэма кахання нікуды не сыходзіць, пра што нагадваюць вытканыя ружы. У цэнтры ўсё той жа ромб — сімвал сям'і.

На выставе можна ўбачыць нават шлюбную посцілку. Як вядома, раней дзяўчына, выходзячы замуж, збірала пасаг, у якім павінна было быць не менш за дзесяць посцілак і дываноў. Прыцягвае ўвагу маленькая посцілка — як аказалася, прыложкавы дзіцячы дыван. Як прызналася Таццяна Нікіфарава, падобны экспанат у сваёй музейнай практыцы яна сустрэла ўпершыню.

— На дыване адлюстравана рыжая лісічка. Можна зрабіць выснову, што гэта жанр анімалістычны, што ўвогуле вялікая рэдкасць! Мне ніколі не сустракаліся беларускія посцілкі і дываны з вытканымі жывёламі. Унікальная работа, датаваная 60-мі гадамі!

Посцілка, якая вельмі выразна адрозніваецца па сваім арнаменце ад іншых работ, адлюстроўвае сваё тэрытарыяльнае паходжанне. Гэты твор прадстаўляе рэгіён Панямонне, пра што сведчыць суцэльны ўзор, які сімвалізуе ваду. Сапраўды, калі глядзіш на посцілку, бачыш кругі вады, якія разыходзяцца.

У цэнтры выставы — экспазіцыйны комплекс "Ля самавара...". Адразу ўспамінаецца вядомая карціна мастака Барыса Кустодзіева "Купчыха за чаем". Стаяць два крэслы, стол, на якім — цэлы самаварны камплект, які ўдалося набыць калекцыянеру. Самавар, паднос, імбрычак, смятаннік і капельнік. Усе гэтыя прадметы зроблены ў Санкт-Пецярбургу ў 1909 годзе. Таксама на стале — усе тыя прадметы, якія сапраўды маглі быць у інтэр'еры чалавека вышэйшага саслоўя: талеркі, цукарніца, чаркі, падсвечнікі і нават люстэрка ў прыгожым абрамленні.

Вераніка КАНЮТА. Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ці задумваліся вы калі-небудзь аб прызначэнні самавараў? Вядома, па адказ у кішэню не палезеце. Толькі на ваша "каб гарбату піць" чалавек дасведчаны адразу...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика