Шык і бляск "Лістапада" атрымаўся непаўнавартасным з-за дажджу. Але ў кіназалах павінна быць вельмі горача.
03.11.2012
—
Новости Общества
|
Учора ў Мінску стартаваў ХІХ Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад", які сёлета ззяе замежнымі "кіназоркамі", як ніколі. Шмат з іх прайшло ўчора па чырвоным дыванку каля Палаца Рэспублікі пад праліўным беларускім восеньскім дажджом. Адразу акунуліся ў атмасферу праліўнога беларускага "Лістапада". Гэтым разам іх абяцаюць 160 з 43 краін свету. Усё багацце і амбітнасць дзевятнаццатага фестывалю, як звычайна, вырашылі прадэманстраваць не толькі конкурснымі і пазаконкурснымі праграмамі, але і непасрэдна адкрыццём фэсту. Ужо за адно тое, што фільм Сяргея Лазніцы "У тумане" паводле Васіля Быкава стаў фільмам адкрыцця, беларусы, відаць, неверагодна ўдзячныя "Лістападу". Паглядзець доўгачаканую стужку на вялікім экране (пасля фэсту "У тумане" трапіць у айчынны кінапракат, не хвалюйцеся тыя, хто не паспеў паглядзець фільм учора!) дарагога каштуе. Але і чырвоны дыванок перад Палацам Рэспублікі з нагоды адкрыцця галоўнага кінафоруму краіны, які пераўвасабляецца і здзіўляе з кожным разам усё больш і больш, не мог пакінуць абыякавым прысутных. Тут можна было пабачыць сапраўдных сусветных славутасцяў. Якія, дарэчы, з 2 па 9 лістапада будуць якраз блукаць па вуліцах Мінска, наведваць кінапаказы і даваць майстар-класы. Не прапусціце! Так, па чырвоным дыванку прайшлі вядомыя беларускія дзеячы тэатра і кіно Генадзь Гарбук, Вера Палякова (<І>на фота ), Анатоль Голуб, Вадзім Галыгін і іншыя; старшыня журы гульнявога кіно, вядомы расійскі рэжысёр Андрэй Звягінцаў, беларускія акцёры і вядучыя сёлетняй цырымоніі адкрыцця Кацярына Стрыжэнава і Сяргей Кацьер, вядомы расійскі кінарэжысёр Карэн Шахназараў, акцёр тэатра і кіно Эмануіл Вітарган, казахская актрыса і спявачка Лінда Нігматуліна, эпатажны расійскі акцёр, рэжысёр і прадзюсар Гоша Куцэнка. Ён жа здзівіў прысутных выступленнем свайго музычнага гурта "ГК". Беларускаму акцёру тэатра і кіно Ігару Сігову апантана апладзіравалі бабулькі — відавочна, заўсёдніцы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Сціпла прайшоў па чырвоным дыванку, ушчэнт мокрым ад несупыннага дажджу, літовец Шарунас Бартас. Цырымонія адкрыцця праходзіла ў вялікай зале Палаца Рэспублікі. На галоўнай канцэртнай пляцоўцы краіны, як яе звычайна называюць, урачыстыя цырымоніі кінафестывалю ладзяцца з 2001 года. Рэжысёрам цырымоній адкрыцця і закрыцця "Лістапада" стала Вераніка Янушэўская-Алтушац, якая займалася стварэннем праграмы ўрачыстых цырымоній і ў мінулым годзе. Кожны дзень у рамках "Лістапада-2012" будуць паказваць у сярэднім 30 кінастужак! Так што кінаманам прыйдзецца нялёгка: паспрабуй яшчэ паспець паглядзець усё, што адзначыў для сябе! Кошт квіткоў на паказы вагаецца ад 10 да 40 тыс. руб., у залежнасці ад фільма, часу і кінатэатра. Старшыня журы дакументальнага кіно, рэжысёр Галіна Адамовіч, мяркуе, што звычка хадзіць на "Лістапад" паступова выпрацуецца ў беларусаў. Варта толькі прывыкнуць да новага фармату, канцэпцыі, узроўню фестывалю і няпростых для разумення і ўспрымання, але вельмі цікавых фільмаў. Андрэй Звягінцаў у мінулым годзе атрымаў галоўны прыз "Лістапада" за стужку "Алена". Сёлета напярэдадні адкрыцця фэсту рэжысёр прызнаўся, што яму вельмі прыемна зноў прыехаць у Мінск. Але самае цікавае, што Звягінцаў паспеў нагледзець на поўначы Беларусі месца для здымак сваёй новай стужкі. Здымкі плануе пачаць у жніўні-верасні 2013 года. Пра што будзе фільм, рэжысёр пакуль не прызнаецца, бо лічыць гэта здрадай задуме. Але ўдакладняе, што, хутчэй за ўсё, гэта будзе сучасная драма. Такім чынам, магчыма, Беларусь будзе задзейнічана ў кінапраекце замежнага аўтара. Пра супрадукцыю пакуль ніхто не гаворыць. Але хто ведае?.. Конкурсныя карціны ХІХ кінафестывалю будуць змагацца за тры галоўныя прызы: "золата", "серабро" і "бронзу" "Лістапада". Традыцыйна будзе ўзнагароджаны і фільм, які абяруць уласна кінагледачы. Падрабязней пра цырымонію адкрыцця і свецкія плёткі, фільм Сяргея Лазніцы "У тумане" і фестывальныя будні чытайце ў аўторак. Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора ў Мінску стартаваў ХІХ Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад", які сёлета ззяе замежнымі "кіназоркамі", як ніколі. Шмат з іх прайшло ўчора па...
|
|