"Тое, што адбылося 95 гадоў таму, адыграла каласальную ролю ў лёсе ўсяго свету"
06.11.2012
—
Новости Общества
|
7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ці варта, на ваш погляд, гэтая дата таго, каб яе памятаць і адзначаць штогод? Анатоль НОВІКАЎ, старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў: — 7 лістапада — гэта наша гісторыя. А гістарычныя падзеі, якія паслужылі для развіцця нашай Айчыны, грэх было б не адзначаць. Некаторыя схільныя бачыць у Кастрычніку 1917 года толькі адмоўнае. Але той, хто ведае гісторыю, не стане аспрэчваць, што ў выніку рэвалюцыі Расія абнавілася, і толькі абноўленая яна магла вытрымаць грамадзянскую вайну і перамагчы ў Другой сусветнай. Не трэба лаяць мінулае. Для ветэранаў з Кастрычніцкай рэвалюцыяй звязана большая частка іх лёсу, і яны згадваюць пра яе з пачуццём гонару за сябе, сваю працу і сваю вялікую краіну. Гэта — свята. Не буду крытыкаваць суседзяў, якія адмянілі 7 лістапада дзяржаўнае свята і замест гэтага адзначаюць 4-га Дзень народнага адзінства. Гэта — іх справа. Але падзеі 1917 года для тых, хто зараз жыве, значна бліжэй, чым падзеі 1612 года. Кастрычніцкая рэвалюцыя адбілася на жыцці кожнага з нас. Не было б Савецкага Саюза, не было б і тых умоў для адукацыі і развіцця, якія атрымалі ўсе мы. Я, напрыклад, з простай сям'і, і без таго, што дала рэвалюцыя, напэўна, ніколі б не стаў генералам. Лічу, што Беларусь правільна робіць, святкуючы гэту дату. Сяргей РАСАДЗІН, прафесар, доктар гістарычных навук: — Гэта складанае і няпростае пытанне. На яго цяжка даць адназначны адказ. Хутчэй, "так", чым "не". Як бы ні спрабавалі, зыходзячы з прымітыўнай местачковасці, аддзяліць беларусаў ад рускіх, супрацьпаставіць гісторыю Беларусі гісторыі Расіі, нічога з гэтага не атрымліваецца. Дзень народнага адзінства, які адзначаецца ў Расіі, ён і для нас мае значэнне. Вызваленне Масквы ад палякаў! Як ні круці, менавіта 7 лістапада па новым стылі (або 25 кастрычніка па старым) Масква была вызвалена ад ганебных супастатаў, якія спярша прапаноўвалі князю Пажарскаму здацца ў палон, а потым у яго ж малілі аб літасці, бо масквічы былі на іх вельмі злыя. Кажуць, калі супадзенняў больш за два, то гэта ўжо не выпадковасць. Тое, што адбылося 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 года ў Петраградзе — дзяржаўнай сталіцы Расійскай імперыі, некаторыя нашы гісторыкі спрабуюць звесці да ўзроўню палацавага перавароту. Але ж не атрымліваецца. Адбыліся глабальныя рэвалюцыйныя змены грамадскіх адносін і, перш за ўсё, адносін уласнасці. Палацавы пераварот, любы, не мае такіх наступстваў. Ці да дабра гэта было? Адказ на гэтае пытанне залежыць ад абранага крытэрыю. У параўнанні з неалітычнай рэвалюцыяй веліч Кастрычніцкай меркне. Саступае яна і прамысловай рэвалюцыі, якая адкрыла шлях да індустрыяльнага грамадства, або навукова-тэхнічнай, якая стварыла інфармацыйнае грамадства. Тым не менш, тое, што адбылося тут 95 гадоў таму, адыграла каласальную ролю ў лёсе ўсяго свету. Магчыма, мы яшчэ не ў стане аб'ектыўна гэта ацаніць, бо надта яшчэ свежыя і баляць раны. Надта мала часу мінула. Ролю Кастрычніцкай рэвалюцыі нельга прынізіць яшчэ і таму, што наступствы яе дагэтуль выклікаюць гарачыя спрэчкі. Чэрчыль казаў пра тое, што карабель Расіі затануў каля ўвахода ў гавань: маўляў, каб не рэвалюцыя, Расія праз 9 месяцаў падпісала ў складзе Антанты ў якасці дзяржавы — пераможцы Версальскую дамову, захавала свае тэрытарыяльныя інтарэсы... Але вядома, што ў гісторыі няма ўмоўнага ладу. Узнікае праклятае рускае пытанне, на якое няма простага адказу: "Хто вінаваты?". Ленін, які ўзначаліў рэвалюцыю? Або Мікалай І, які цудоўна разумеў, што трэба адмяняць прыгоннае права, інакш рэвалюцыя непазбежна? Або Мікалай ІІ, які не даваў Сталыпіну праводзіць зямельную рэформу, неабходнасць якой таксама была відавочная? Не справа гісторыка — выносіць прысуды, якія характарызуюцца як неадкладная сіла. Ёсць яшчэ адзін момант. Нашы дзяды за ідэі рэвалюцыі аддавалі свае жыцці. І мы не можам пляваць на іх магілы, інакш ператворымся ў жывёл. Калі Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі для іх свята — значыць, гэта свята і для мяне. Ігар КАТЛЯРОЎ, дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар, доктар сацыялагічных навук: — Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя — найважнейшая падзея ў жыцці не толькі краін, якія ўваходзілі ў Савецкі Саюз, але і ў жыцці ўсяго свету. Быў зменены кірунак руху чалавецтва. Калі б не было Кастрычніцкай рэвалюцыі, невядома, у якім стане зараз знаходзілася б чалавецтва. Да ўлады прыйшоў працоўны клас, была зменена ўся сістэма грамадскіх адносін, Расія, якая ўвязла ў вайне, заключыла мір... Нават ЗША ў часы Вялікай дэпрэсіі скапіравалі ўсё, што адбывалася ў той час у Савецкай Расіі... Шмат іншых прыкладаў кажа пра тое, што Кастрычніцкая рэвалюцыя — гэта падзея, якую трэба адзначаць. Вельмі шкада, што некаторыя пра гэта забылі. Ужо зараз прадстаўнікі маладога пакалення, якія разумеюць каштоўнасць ідэй Вялікага Кастрычніка, пачынаюць займаць вядучае месца ў палітычным жыцці Украіны і Расіі. Спадзяюся, што і нашы камуністы будуць весці актыўную працу па выхаванні маладых у традыцыях і маральных ідэалах Кастрычніцкай рэвалюцыі. У Беларусі шмат чаго добрага захавалася з часоў Савецкага Саюза, у тым ліку і гэтае свята. Арсеній СІВІЦКІ, магістрант факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ — На мой погляд, тыя святы, якія дзеляць грамадства на часткі і супрацьпастаўляюць іх, лепш з календара выключаць. А да такіх якраз адносіцца свята Кастрычніцкай рэвалюцыі: для адных гэта нацыянальная катастрофа, якая прывяла да грамадзянскай вайны і ўсталявання ў Расіі таталітарнай сістэмы кіравання, а разам з тым, да гібелі Расійскай імперыі; для іншых — найвялікшая прагрэсіўная падзея ў гісторыі чалавецтва, якая дазволіла "выратавацца" ад капіталізму і пазбавіць Расію ад феадальных перажыткаў. Гэтак, напрыклад, у свой час зрабілі ў Расіі са святам Кастрычніцкай рэвалюцыі, адносна святкавання якога ў расійскім грамадстве па сённяшні дзень няма адзінага погляду. 16 снежня 2004 г. Дзяржаўнай Думай Расійскай Федэрацыі было ўведзена новае свята — Дзень народнага адзінства, а дзяржаўны выхадны дзень быў перанесены з 7 лістапада на 4-е. Асноўнай прычынай пераносу, па меркаванні шматлікіх грамадскіх аналітыкаў, стала жаданне цалкам зняць асацыяцыі з гадавінай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі (7 лістапада 1917 г.). Выбар менавіта гэтай даты быў пракаментаваны ў тлумачальнай запісцы да праекта адпаведнага закона: "4 лістапада 1612 г. ваяры народнага апалчэння пад кіраўніцтвам Кузьмы Мініна і Дзмітрыя Пажарскага штурмам узялі Кітай-горад, вызваліўшы Маскву ад польскіх інтэрвентаў і прадэманстраваўшы ўзор гераізму і згуртаванасці ўсяго народа незалежна ад паходжання, веравызнання і становішча ў грамадстве". Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ці варта, на ваш погляд, гэтая дата таго, каб яе памятаць і адзначаць штогод?
|
|