Выбары ў ЗША: з паршывай авечкі...
06.11.2012
—
Новости Общества
|
У нас. У Беларусі спорт — не толькі справа дзяржаўная, але і важны індыкатар палітычнай сітуацыі. Пасля Алімпійскага сходу, які стаў адной з самых жорсткіх нарад на вышэйшым узроўні за апошні час, Прэзідэнт Беларусі прызначыў новае кіраўніцтва спартыўнай галіны. Новыя прызначэнцы — міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, памочнік Прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і турызму Максім Рыжанкоў і першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Ігар Рачкоўскі — людзі не новыя ў прэзідэнцкай камандзе. Але пры гэтым дастаткова маладыя. "Настаў час новага пакалення палітыкаў ва ўсіх сферах і па ўсіх кірунках", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паказальна і тое, што двое (Аляксандр Шамко і Ігар Рачкоўскі) — людзі ў пагонах, генералы. Сілавыя структуры па-ранейшаму застаюцца адной з галоўных крыніц рэкруціравання ўпраўленцаў рознага ўзроўню. І гэта не дзіўна, бо вайсковая дысцыпліна, рашучасць, тое, што называюць "ваеннай косткай", — якасці, вельмі запатрабаваныя ў дзяржаўным апараце. Дарэчы, на высокія пасады не прызначаны ніводны выхадзец непасрэдна з самога Міністэрства спорту ці арганізацый, яму падпарадкаваных. Гэта, безумоўна, сведчыць, аб пэўным недаверы да іх. Пра гэта шчыра і адкрыта казаў Прэзідэнт і на Алімпійскім сходзе, і падчас пасяджэння Выканкама НАК. Таму кадравыя змены ў гэтай сферы, хутчэй за ўсё, працягнуцца. І адбудзецца гэта ў бліжэйшы час, бо да зімовай Алімпіяды ў Сочы і чэмпіянату свету па хакеі, які будзе прымаць Беларусь, застаецца ўжо менш за паўтара годы. І часу на разварушванне, як прынята казаць у такіх выпадках, не застаецца. Вакол нас. Першы аўторак лістапада высакоснага года — традыцыйны, нязменны дзень прэзідэнцкіх выбараў у ЗША. Амерыканцы вызначаюцца з тым, якіх выбаршчыкаў — ад рэспубліканцаў ці дэмакратаў — накіраваць на агульны федэральны сход, дзе потым і будзе вызначана асоба кіраўніка самай магутнай краіны свету. Безумоўна, выбары ў Злучаных Штатах — самая галоўная палітычная навіна гэтых дзён і ўсяго палітычнага сезона. Але што для Беларусі будзе азначаць, калі прэзідэнтам стане Міт Ромні альбо выбаршчыкі вырашаць працягнуць уладны мандат Барака Абамы? Адносіны паміж нашымі краінамі далёка не самыя лепшыя. ЗША ініцыявалі ўвядзенне санкцый супраць Беларусі. Дыпламатычныя місіі абедзвюх дзяржаў у Мінску і Вашынгтоне працуюць не ў поўным складзе. Злучаныя Штаты, не ўтойваючыся, спансіруюць тыя сілы, якія ставяць сваёй мэтай звяржэнне канстытуцыйнага ладу ў Беларусі. Дык ці адбудуцца нейкія змены? У амерыканскай палітыцы ёсць пэўная своеасаблівасць. Звычайна рэспубліканцы ўяўляюцца "ястрабамі", а ад дэмакратаў чакаюць больш міралюбівай палітыкі. На справе ж аказваецца, што і дэмакраты ўцягваюцца ў агрэсіўныя і кровапралітныя войны: Кенэдзі і Джонсан у В'етнаме, Клінтан у Югаславіі. Не стаў выключэннем і Барак Абама. Ён хоць і Нобелеўскі лаўрэат міру, але актыўна падтрымаў "рэвалюцыйную хвалю" на Блізкім Усходзе, працягнуў вайну ў Афганістане. На жаль, не прыходзіцца чакаць ад яго адміністрацыі паляпшэння пазіцыі і ў дачыненні да Беларусі. Галоўная прычына — нашы добрыя адносіны з Расіяй і Кітаем. Здавалася, нічога добрага не нясе нам і выбранне Міта Ромні. Ён ніколі асобна не ўзгадваў нашу краіну, але ў лагеры рэспубліканцаў дастаткова праціўнікаў Беларусі. Прыгадаць хаця б былога кандыдата ў прэзідэнты Джона Макейна. Аднак менавіта перамога Ромні, як гэта ні парадаксальна, была б на руку Беларусі. Рэспубліканскі кандыдат не саромеецца адкрытых антырасійскіх і антыкітайскіх заяў. Больш за тое, у адной з прамоў ён абвясціў Расію "ворагам № 1" для ЗША. Гэта значыць, што ў выпадку яго перамогі пагроза з боку новай вашынгтонскай адміністрацыі была б агульнай і для Беларусі, і для нашых бліжэйшых саюзнікаў. Таму, у якасці адказу, можна чакаць як павялічэння хуткасці інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы, так і ўзмацнення падтрымкі беларускай пазіцыі на міжнароднай арэне з боку Масквы і Пекіна. Асабіста я лічу, што, хутчэй за ўсё, пераможа Абама. Але калі б прэзідэнтам стаў яго сапернік, для нас гэта было б больш спрыяльна. Як той казаў, з паршывай авечкі хоць воўны жмут. З гісторыі. 4 лістапада ў Расіі святкуюць Дзень нацыянальнага адзінства. Гэта дзяржаўнае свята, закліканае замяніць у афіцыйным календары Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, сыходзіць каранямі да часоў Вялікай Смуты, калі Руская дзяржава стаяла на краі бездані. І якраз 4 лістапада (22 кастрычніка па старым стылі), 400 гадоў таму, народнае апалчэнне пад кіраўніцтвам Кузьмы Мініна і Дзмітрыя Пажарскага ўварвалася ў Кітай-горад, чым паклала пачатак вызваленню Масквы і ўсёй Расіі. І вось што дзіўна: ва ўсю гэтую гісторыю некаторыя "даследчыкі" спрабуюць уцягнуць Беларусь. Справа ў тым, што асноўным ворагам рускіх апалчэнцаў былі войскі Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзілі і беларускія землі. А абложаным гарнізонам ў Маскве камандавалі Ян Пётр Сапега і Ян Караль Хадкевіч, дзяржаўныя і вайсковыя дзеячы Вялікага княства Літоўскага. У сучаснай публіцыстыцы ўсё часцей можна сустрэць такія пасажы, як "беларуска-польска-літоўская інтэрвенцыя ў Маскве" альбо "беларуская авантура". Наўрад ці такая трактоўка тых падзей мае сапраўдны гістарычны фундамент. Ужо тады, у пачатку ХVІІ стагоддзя, паланізацыя ў ВКЛ дасягнула такіх памераў, што казаць пра нейкіх "беларускіх магнатаў" магчыма толькі ўмоўна. У гістарычных дакументах мы знаходзім больш згадак пра адзіны "палітычны шляхецкі народ польскі", які складаўся з дзвюх частак: каранежаў (падданых Кароны Польскай) і ліцвінаў (жыхароў ВКЛ). Ды і не за Беларусь змагаліся жаўнеры і шляхціцы ў Маскве, а за сапраўды авантурыстычны план караля Сігізмунда ІІІ Вазы пасадзіць на рускі прастол свайго сына Уладзіслава. Дык навошта нам, беларусам, цягнуць у сваю нацыянальную гісторыю гэты далёка не самы яскравы і прыгожы фрагмент? Тым больш, што гарнізон пад камандаваннем Сапегі і Хадкевіча "праславіўся" жудасным рабаваннем насельніцтва, а таксама канібалізмам падчас аблогі. Хіба на такіх прыкладах трэба выхоўваць новыя пакаленні беларусаў? А нашых суседзяў — расіян можна толькі павіншаваць са святам. У 1612 годзе яны здолелі зрабіць тое, што ў 1794 аказалася не пад сілу Касцюшку, Агінскаму ды Ясінскаму — уратаваць уласную дзяржаву ад іншаземнага заваявання і знікнення з палітычнай карты свету. gіgіn@bеltа.bу Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Акцэнты тыдня з Вадзімам ГІГІНЫМ
|
|