Амаль сяброўскі візіт. 21.by

Амаль сяброўскі візіт

16.03.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У нас. Міжнародная палітыка ўварвалася ў размеранае жыццё Беларусі. Мінск наведаў прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч. І гэта быў візіт з пэўнай інтрыгай.

Справа ў тым, што Рэспубліка Сербія афіцыйна далучылася да санкцый, якія Еўрапейскі саюз увёў у дачыненні да Беларусі. Здавалася б, афіцыйны Белград павінен ісці ў рэчышчы гэтай палітыкі. Але сустрэча Таміслава Нікаліча і Аляксандра Лукашэнкі была вельмі цёплай і шчырай. Сербскі прэзідэнт нават узнагародзіў свайго беларускага калегу ордэнам. Чаму?

Ніколіч — незвычайны палітык для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Ён не падобны на тых дзеячаў, якіх паліттэхнолагі з ЕС вымуштравалі на свой капыл і якія правяць зараз баль у рэгіёне. Сербскі лідар сапраўдны патрыёт сваёй краіны. Яго карані — у Радыкальнай партыі, чый заснавальнік і галоўны ідэолаг Ваіслаў Шэшэль зараз знаходзіцца ў гаагскай турме па сфабрыкаваным абвінавачванні. Сам Нікаліч не хавае сваіх сімпатый да Расіі і Беларусі. Увогуле, усе сербы добра памятаюць мужны крок Аляксандра Лукашэнкі, які ў 1999 годзе пад натаўскімі бамбардзіроўкамі наведаў Белград. Такія ўчынкі назаўжды застаюцца ў гісторыі.

Але Нікаліч вымушаны выводзіць сваю краіну з пасляваеннага ліхалецця. Расія ніякіх канкрэтных праектаў Сербіі не прапаноўвае. Таму застаецца адзіны шлях — у ЕС. Гэта цяжкі выбар для сербаў, бо ўсе ведаюць цану — адмова ад Косава, духоўнага цэнтра сербскага народа. Нікаліч знаходзіцца ў вельмі неспрыяльных палітычных умовах.

І яго афіцыйны візіт у Мінск — адказнае і вельмі годнае рашэнне. Не варта патрабаваць ад сербскага кіраўніка адразу раставіць усе кропкі над "і" ў складаных адносінах Беларусі і ЕС. Дастаткова яго слоў пра тое, што яму сорамна за некаторыя дзеянні сваіх папярэднікаў.

Важна, што візіт быў напоўнены канкрэтным зместам. Сербскі бізнэс разглядае Беларусь як добрую пляцоўку для інвестыцый. "Маяк Мінска", адзін з будаўнічых праектаў нашай сталіцы, стане наяўным сведчаннем сербскай прысутнасці ў Беларусі. Госці выказалі зацікаўленасць і ў пастаўках беларускай прадукцыі ў Сербію.

А калі эканоміка запрацуе напоўніцу, то за ёй пацягнецца і палітыка. Гэта закон жыцця.

Вакол нас. У сераду над Ватыканам падняўся белы дым. Каталіцкі свет мае новага папу. Ім стаў 76-гадовы аргенцінец італьянскага паходжання Хорхе Марыа Берголья, які абраў для пантыфікату сабе імя Францішак.

І тут узнікае першае цікавае пытанне: чаму менавіта Францішак? Я маю на ўвазе не паходжанне гэтага імя (тут усё зразумела — у гонар славутага святога з Асізі), а напісанне. Як вядома, у беларускай мове існуе дзве формы: Францыск і Францішак. Прычым два самыя вядомыя ўладальнікі такога імя ў нашай гісторыі пішуцца па-рознаму. Скарына ў большасці даведнікаў, энцыклапедый і навуковых тэкстаў называецца Францыскам. А вось Багушэвіч ужо Францішкам. Тое, што Касцёл выбраў менавіта такі варыянт, вельмі паказальна.

Другое пытанне: а ці наведае новы папа Беларусь? Тут усё будзе залежаць ад таго, якой стратэгіі ў адносінах з праваслаўнай Царквой будзе прытрымлівацца Францішак — Яна Паўла ІІ альбо Бенедыкта ХVІ. Адносіны паміж Касцёлам і Царквой вельмі складаныя і абцяжараныя шматлікімі ўзаемнымі прэтэнзіямі. Руская Праваслаўная Царква выступае рэзка супраць візітаў Папы Рымскага ў тыя краіны, дзе большасць насельніцтва складаюць праваслаўныя пад амафорам Патрыярха Маскоўскага. Беларусь з'яўляецца менавіта такой краінай. Яна Паўла ІІ гэта не спыняла (напрыклад, ён наведаў Украіну), і зараз ужо нават цяжка патлумачыць, чаму ён не завітаў у Беларусь. Бенедыкт ХVІ прытрымліваўся больш асцярожнай палітыкі. Нягледзячы на афіцыйнае запрашэнне ад беларускай дзяржавы, мінулы папа не збіраўся сюды прыязджаць. Бенедыкта ХVІ увогуле можна назваць самым лаяльным да праваслаўя з усіх апошніх рымскіх пантыфікаў.

Прынамсі, хутка чакаць такога візіту, які несумненна будзе суправаджацца абвастрэннем адносін паміж Касцёлам і Царквой, не даводзіцца. У Ватыкана ўласных праблем болей чым дастаткова. Адрачэнне Бенедыкта ХVІ — яскравае таму пацверджанне.

З гісторыі. Цікава і неяк незвычайна, калі падзеі, што памятаеш сам, становяцца гісторыяй. Так адбылося з рэферэндумам 17 сакавіка 1991 года.

На яго было вынесена пяць пытанняў, але асноўны сэнс быў наступным: захоўваць як адзіную дзяржаву Савецкі Саюз ці не? Здавалася, што рашэнне павінна стаць лёсавызначальным. Да таго часу СССР ужо развальваўся на вачах. На Каўказе палыхнуў Нагорны Карабах, адбыліся сутыкненні ў Баку і Тбілісі. Пра сваю незалежнасць заявілі прыбалтыйскія рэспублікі. І там справа таксама дайшла да крыві. Незалежніцкія настроі набіралі моц ва Украіне і ў Малдавіі. Вызначылася і магістральнае супрацьстаянне: саюзнага цэнтра на чале з Міхаілам Гарбачовым і кіраўніцтва РСФСР, лідарам якога быў старшыня Вярхоўнага Савета Расіі Барыс Ельцын.

У гэтых умовах саюзны Вярхоўны Савет 16 студзеня прыняў пастанову аб правядзенні рэферэндуму. Аднак рэалізаваць гэтае рашэнне на ўсёй тэрыторыі СССР аказалася нялёгкай справай. Улады Эстоніі, Латвіі, Літвы, Малдавіі, Грузіі і Арменіі фактычна байкатавалі рэферэндум.

Тым не менш ён адбыўся. Усяго ў ім прыняло ўдзел 148 з паловай мільёна грамадзян СССР (79,5%), з іх за захаванне абноўленай адзінай дзяржавы выказалася 76,43%. У БССР вынікі былі яшчэ больш пераканаўчыя: на выбарчыя ўчасткі прыйшло 83,3% грамадзян, з іх за Саюз прагаласавала 82,7%

Але палітыкі фактычна праігнаравалі волю жыхароў Савецкага Саюза. Праз некалькі месяцаў такая дзяржава знікла з карты свету. Ды і простыя людзі з цяжкасцю арыентаваліся ў падзеях, якія мяняліся з калейдаскапічнай хуткасцю. Украінцы, што яшчэ ў сакавіку выказваліся за захаванне СССР, ужо ў снежні галасавалі за поўную незалежнасць.

Магчыма, вынікі рэферендуму нічога не далі і гэта быў проста гістарычны кур'ёз? Не. Рашучая воля большасці савецкіх гармадзян стала моцным маральна-псіхалагічным фактарам. Менавіта на гэтую волю абапіраўся беларускі Прэзідэнт, выбраны ў 1994 годзе, калі распачынаў новую хвалю інтэграцыі на прасторах былога СССР. Можна нават сказаць, што і Саюзная дзяржава Расіі і Беларусі, і Мытны саюз, і Адзіная эканамічная прастора бяруць свой пачатак якраз у сакавіку 1991 года.

gіgіn@bеltа.bу

іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нас. Міжнародная палітыка ўварвалася ў размеранае жыццё Беларусі. Мінск наведаў прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч. І гэта быў візіт з пэўнай інтрыгай.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика