Вясна будзе!. 21.by

Вясна будзе!

06.04.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калега прыйшоў на працу і расказаў, як яго трохгадовы сын не хацеў ісці ў садок. З ранку капрызіў, плакаў, тупаў нагамі — карацей, даводзіў бацькоў, як мог. Маці ўгаворвала, супакойвала, а потым, нарэшце, спытала: "Ну чаму ты сёння так дрэнна сябе паводзіш?" "Таму што вясна не наступае", — выдаў выпускнік ясельнай групы. Вось так, у кожнага свае рахункі да вясны.

Дзяўчына, якой варажбітка прадказала, што каханы вернецца вясной, як толькі сыдзе снег, гатова той снег шуфлем зганяць з усяго горада. І гэта не казка. На мяжы Еўрасаюза жыве сучасная паненка з вышэйшай адукацыяй і... з гіпертрафіраванай здольнасцю верыць усялякім прымхам. У другой палове снежня яна хадзіла са шклянымі вачыма, на поўным сур'ёзе развітвалася з роднымі і знаёмымі ў чаканні канца свету. Канец свету, як вядома, быў адкладзены ў рабочым парадку. Але яе асабістае эмацыянальнае напружанне было павінна знайсці нейкае выйсце, і юная асоба моцна пасварылася са сваім хлопцам. Вядома, цяпер шкадуе аб гэтым. Але шкадуе ў сваім стылі. Замест таго, каб вырашыць праблему самастойна, па прывычцы пацягнулася да чарадзейкі-экстрасэнса. І трэба ж было той ляпнуць пра снег і вясну! Можна, вядома, пасмяяцца з гэтай гісторыі. Не да смеху толькі маці дзяўчыны, якая таксама чакае вясны.

Што і казаць, вясна паводзіць сябе нібы капрызная какетка: толькі на небе пакажацца сонейка, парадуе, пакіне надзею — і зноў холад, слата, шэрасць. А людзі пакутуюць ад дэпрэсіі, абвастрэння хвароб і няўмення чакаць і спадзявацца. Ды гэта ўсё нашы гарадскія капрызы. Вяскоўцы заклапочаны спазненнем палявых работ і думаюць, як потым хутчэй справіцца з сяўбой. Працаваць давядзецца ад цямна да цямна. Палешукі ў поймах Гарыні і Прыпяці ратуюць свае пабудовы і жыўнасць. Гэта сапраўды страшна, калі вакол вада, і невядома, як яна будзе паводзіць сябе далей. Але жыхары Палесся ў гэтым сэнсе могуць быць пэўным узорам для ўсіх. Яны не панікуюць, не мітусяцца — яны чакаюць. Як чакалі іх дзяды і прадзеды. Праз некалькі дзён вада спадзе, і ўсё стане як трэба. Гэта значыць, надыдзе вясна!..

Для нас, разбэшчаных ранніх цяплом апошніх гадоў, непрывычная і некамфортная цяперашняя запозненасць. А можа, такім чынам прырода вучыць цярпенню і надзеі? Чым больш доўгім будзе чаканне, тым радасней стане вясна з яе цяплом, святлом, першацветамі. Важна ўсведамляць, што ўсё можа змяніцца вельмі хутка. Пра непазбежнасць змен, пра тое, што няма нічога пастаяннага, падумалася падчас апошняй камандзіроўкі, калі мы набывалі ў ангарах, дзе яшчэ паўтара—два дзясяцігоддзі ляжалі ракеты сярэдняй далёкасці. Ангары будавалі з жалезабетону, здавалася, на стагоддзі. Каб сказаў хто тым генералам, якія кіравалі праектам, што праз колькі часу іх засакрэчаны ваенны аб'ект стане ўсяго толькі складам для бульбы, не паверылі б, палічылі б за вар'ята, а то і за правакатара. А вось жа ляжыць бульба. І прывабная маладая жанчына са стыльным манікюрам, якая загадвае цяпер усёй гэтай гаспадаркай, заўважае: аказваецца, пастаянная тэмпература ў два градусы, аптымальная для ракет, спрыяе добраму захоўванню бульбы. Вось найлепшая ілюстрацыя магчымасці перамен: агародніна замест смертаноснай зброі. Таму навязлівы мокры снег 4 красавіка, які перашкаджаў пісаць і з-за якога былі мокрымі лісткі ў блакноце, не здаваўся такім фатальным. Так, звычайна ў гэты час лес пад Маларытай ужо сінее духмянымі пралескамі ўперамешку з белымі плямамі кураслепу. І цяпер будзе, толькі трошкі пазней.

Аднойчы 7 сакавіка я ўдзельнічала ў нарыхтоўцы бярозавага соку, калі ўсе ўжо святкавалі жаночы дзень. Праўда, цяпер спецыфічны працоўны дэсант бачыцца ці не самым рамантычным спосабам адзначыць свята — выпіць кавы, зваранай на бярозавіку. Ды тое было ў мінулым жыцці. Цяпер, мабыць, і пакаштаваць вясновага напою не давядзецца: у лес ехаць не выпадае, каб купіць, а лянівыя нарыхтоўшчыкі не прадаюць у нас свежы сок на рынку, як робяць іх калегі ў сталіцы. Але, магчыма, усё яшчэ зменіцца. Бо вясна прыйдзе!

Святлана ЯСКЕВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калега прыйшоў на працу і расказаў, як яго трохгадовы сын не хацеў ісці ў садок. З ранку капрызіў, плакаў, тупаў нагамі — карацей, даводзіў бацькоў, як мог. Маці...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика