Ні шчасця, ні грошай. 21.by

Ні шчасця, ні грошай

16.04.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нефармат

Паэт Міхась Рудкоўскі напісаў некалі такія радкі: "Пагавораць усе, пашкадуюць, ды забудуць усе пакрысе..." Гэта аб тым, што чакае чалавека пасля яго адыходу ў іншы свет. Вось і пра Барыса Беразоўскага не столькі пашкадавалі, колькі пагаварылі, калі прыйшла вестка з Лондана, і пачалі забываць. А мяне найбольш уразіла падрабязнасць, што цела яго праляжала ноч і амаль паўдня ў ванным пакоі, пакуль не знайшоў ахоўнік. Ну зусім як у міліцэйскіх зводках пра сацыяльна нядобранадзейных або адзінокіх састарэлых бедных людзей: бывае, памрэ чалавек, і пакуль яго хто знойдзе...

Барыс Абрамавіч варочаў мільярдамі, мяняў імя, прозвішча, краіны, палітычныя і іншыя сімпатыі, жанчын, прыхільнікаў, правільней сказаць, купляў перамены за грошы, а вось не знайшлося ніводнай жывой душы ў апошні час, не было побач таго, хто мог бы сказаць хоць слова. Значыць, не ўсё купіш за грошы.

Беразоўскага ведалі на абодвух паўшар'ях. А ён, як у той песні, не гнуўся пад зменлівы свет, наадварот, гнуў яго пад сябе. І ўжо неістотна, што было на самой справе, а што прыдумалі з напісанага пра яго. Праўда, асноўныя вехі біяграфіі збеглага алігарха ведалі ўсе. Як ведалі і яго ўчынкі. Ну, напрыклад, ён выкупляў палонных расійскіх вайскоўцаў у чачэнскіх баевікоў. Ён даў грошы на пошукі здымачнай групы Сяргея Бадрова, калі яе накрыла лавіна ў Кармадонскай цясніне. Некаторыя і тады казалі, што гэта не дабрачынны парыў душы, а амбіцыі ўсемагутнасці і валадарства: "іншыя ж паказваюць на неба, маўляў, на ўсё воля Яго, а я лічу, на ўсё воля мая. Захачу і выкуплю, выратую, падарую жыццё". Можа, яго і згубіла вера ў сваю абранасць і ўсемагутнасць. Як некалі магутны "Тытанік", які быў аб'яўлены верхам дасканаласці суднабудавання. Аказалася, на любога тытана знойдзецца падводная крыга. Пісалі, што БАБ выношвае планы палітычнага перавароту ў Расіі і ўсталявання канстытуцыйнай манархіі, ды нечакана алігарх страціў большасць грошай, і справа з пераваротам зацягнулася, а потым адклалася канчаткова. А скончылася ўсё недарэчнай "крыгай" — шалікам, якім, паводле адной версіі, задушылі, а паводле другой, задушыўся сам адзін з найбагацейшых (гэта ўжо як англійскай паліцыі захочацца, так і будзе). Вось нават тут — праўдзіва назваць прычыну смерці — не яго ўжо воля, а воля зусім іншых людзей.

Шмат гадоў таму давялося чытаць у "Известиях" гутарку з былым афіцэрам міліцыі, які ўзначальваў вядомае ў Савецкім Саюзе падраздзяленне (БХСС) аднаго з паўднёвых гарадоў. Ён расказваў, як у 70-я гады яны затрымалі малодшага навуковага супрацоўніка з Масквы, што прадаваў пакрывалы і гардзіны, купленыя ў маскоўскім ГУМе. Вядома ж, прадаваў удвая даражэй. Тады гэта падпадала пад артыкул "за спекуляцыю". Але ж няўдачлівы спекулянт так жаласліва расказваў пра малую зарплату, непрацуючую жонку з малым дзіцем, што аператыўнікі пашкадавалі яго і справу не завялі. Тады яму пашчасціла. Потым, у 90-я, калі імя алігарха-пачаткоўца пачало грымець, а міліцыя безнадзейна адставала ў тэхнічным аснашчэнні ад злачынцаў, тыя вартавыя парадку напісалі ліст Беразоўскаму: напомнілі пра сябе, папрасілі машыну для аддзела. Ён на той ліст нават не адказаў. Такая была яго воля. А каб пасадзілі тады, разважалі міліцыянеры, магчыма, жыццё аднаго з найбагацейшых склалася б неяк інакш. Хаця далёка не факт. Можа, турма загартавала б яшчэ большую прагу да ўлады і грошай. Бо невядома, ці зразумеў ён у апошнюю хвіліну простую рэч: чалавек не можа ўсё, часам чалавек не можа нічога. Мабыць, гэта ўдзел нямногіх — браць прыклад з рымскага імператара Дыёкла, які ўвайшоў у гісторыю сваёй фразай: "Калі б вы ведалі, якую капусту я вырасціў у Спліце, вы б не пыталі, чаму я не хачу вярнуцца да спраў".

...Спыніцца нельга, а грошы прапалі, планы не ўдалося ажыццявіць, значыць, шчасця няма. І ў гэтым, вось дзіва, адукаваны багаты інтэлектуал Беразоўскі зраўняўся з нікому не вядомым былым рабочым ляхавіцкага завода, які і застаўся б невядомым, каб не трапіў у крымінальныя зводкі. Пакуль працаваў на заводзе, жыў бедна, але ж неяк карміў сям'ю. Калі стаў ездзіць на заробкі, грошай стала больш, узніклі спрэчкі з-за іх з таварышам (і Беразоўскі судзіўся з Абрамовічам). У выніку былы рабочы спаліў дом і маёмасць свайго апанента, сеў у турму і да смерці будзе выплачваць доўг па судзе. А мог бы, крыху зарабіўшы, вярнуцца на свой завод і жыць спакойна. Няма сумнення, што былое жыццё яму бачыцца з калоніі строгага рэжыму сапраўдным шчасцем.

Упэўнена, што ёсць багатыя і шчаслівыя людзі. Проста мне не пашанцавала іх сустрэць. Тыя, каго я знаю, поўныя турбот, комплексаў і пастаяннай боязі за ўсё. Аднаго такога з пэўнай нацяжкай можна назваць местачковым алігархам. Дваццаць гадоў таму ён шырока ўсміхаўся пры сустрэчах, цяпер жа твар стаў засяроджаны, напружаны, нібы нацягнуты, гаворыць толькі пра цяжкасці і праблемы сучаснага свету. Якое тут шчасце!

Дык у чым жа яно? У кожнага, несумненна, свой адказ, але, можа, крышачку і ў тым, што, калі ты памрэш, знайшоўся б хоць адзін чалавек, які шчыра пашкадуе аб гэтым.

Святлана ЯСКЕВІЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паэт Міхась Рудкоўскі напісаў некалі такія радкі: "Пагавораць усе, пашкадуюць, ды забудуць усе пакрысе..." Гэта аб тым, што чакае чалавека пасля яго адыходу ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика