Вяртанне да дыялогу?. 21.by

Вяртанне да дыялогу?

16.04.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У нас. Спачатку былі прадчуванні. Потым чуткі. З'явіліся прагнозы. Само сабой, не абышлося без недаверу. Нарэшце, цяпер можна ўпэўнена казаць: гэта так — Беларусь і Еўрапейскі саюз вярнуліся на шлях дыялогу.

Глядзіце самі. На мінулым тыдні першы намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына наведала Брусель. Міністр Уладзімір Макей сустрэўся ў Віцебску са сваім латвійскім калегам Эдгарсам Рынкявічсам. Мінск наведаў дырэктар Савета Еўропы па палітычных пытаннях Аляксандр Гесэль. Нават група беларускіх апазіцыянераў у складзе Мілінкевіча, Някляева і Янукевіча выступіла з заклікам да ЕС стварыць умовы, каб было "больш Еўропы для Беларусі і беларусаў".

Пры гэтым у беларускай афіцыйнай пазіцыі амаль нічога не змянілася. Нават у перыяды самага вострага супрацьстаяння з Захадам Аляксандр Лукашэнка ніколі не адмаўляўся ад шматвектарнай знешняй палітыкі. Іншая справа, што заходнія партнёры не хацелі чуць голас з Мінска, заставаліся ў палоне ўласных стэрэатыпаў.

Адкуль жа такая паспешлівасць двухбаковых кантактаў?

Вельмі паказальныя паводзіны Мілінкевіча і яго бліжэйшых палітычных сатэлітаў. Лідар "Руху за свабоду" з'яўляецца, бадай што, самым набліжаным да кіруючых колаў ЕС з усіх мясцовых апазіцыянераў. Без дазволу з Бруселя ён не прадпрымае ніякіх крокаў, не робіць ніводнай важнай заявы. Таму яго "раптоўная" ініцыятыва не такая ўжо і нечаканая.

Рашэнне пачаць дыялог было прынята кіраўніцтвам ЕС. І вось чаму. Галоўная прычына — як заўжды Расія. Ірацыянальны, заснаваны на нейкіх падсвядомых інстынктах страх перад вялікім усходнім суседам адыгрывае сваю ролю. Пасля ўвядзення Захадам санкцый супраць Беларусі расійска-беларускія адносіны сталі развівацца вельмі інтэнсіўна, а ў інтэграцыйных справах дасягнуты значны прагрэс.

Акрамя таго, цяпер, праз два з паловай гады пасля прэзідэнцкіх выбараў, стала відавочна, што ніякіх эфектыўных рычагоў уздзеяння на Беларусь у Еўрасаюза папросту няма. Іх шырока разрэкламаваныя санкцыі аказаліся неэфектыўнымі.

І ўсё ж чакаць такога ж хуткага, як прыходзілі навіны на мінулым тыдні, збліжэння паміж Мінскам і заходнімі сталіцамі не даводзіцца. Абодва бакі не давяраюць адзін аднаму Яны не гатовы ісці на вялікія саступкі. Ды і пазіцыя Масквы будзе мець сваё значэнне. Аднак ужо зараз відавочна: у нашых адносінах перагорнута чарговая старонка, настае час пісаць новую.

Вакол нас. Так і падбівае ўжыць які-небудзь штамп кшталту "ў Карэі адчуваецца подых вайны". Але справа якраз у тым, што не адчуваецца. Праўда, словы гучаць вельмі грозныя, разгортваюцца ракеты, у мора выходзяць баявыя караблі... А палітыкі і журналісты пры гэтым амаль што ўсміхаюцца.

У апошні час у мяне з'явілася новае хобі — глядзець ролікі з паўночнакарэйскага тэлебачання. Не ведаю, пра што кажуць дыктары, але выглядаюць яны вельмі выразна. Кожнае слова прамаўляюць з адпаведнай інтанацыяй. І гэта пэўным чынам адлюстроўвае палітычную манеру афіцыйнага Пхеньяна. Незалежна ад таго, які з Кімаў займае вышэйшую пасаду ў КНДР, іх вызначае пафасная рыторыка, дэманстрацыя ўласнай значнасці і пазіцыя, якая хутчэй адпавядае звышдзяржаве, чым параўнальна невялікай краіне з не самым лепшым эканамічным становішчам.

Усе эксперты сыходзяцца на тым, што малады Кім Чэн Ым ініцыяваў новы віток напружанасці на Карэйскім паўвостраве, каб прадэманстраваць унутры ўласнай дзяржавы сваю моц і ўплыў, даказаць, што ён варты спадчыны сваіх бацькі і дзеда. Дарэчы, улічваючы закрытасць КНДР, тым больш яе палітычнага алімпа, не зусім вядома, наколькі малодшы Кім рэальна кантралюе ўладу. Магчыма, за яго спінай рашэнні прымае нейкі сінкліт. У якасці шэрых кардыналаў звычайна называюць цётку лідара Паўночнай Карэі Кім Гён Хі і яе мужа Чан Сон Тхэка.

Адной з прычын агрэсіўнай пазіцыі КНДР можа быць і жаданне атрымаць дадатковыя гарантыі знешняй бяспекі.

У любым выпадку наўрад ці трэба чакаць новай вялікай вайны на Далёкім Усходзе. Максімум, што можа адбыцца, — гэта выпрабаванне паўночнымі карэйцамі нечага, што нагадвае ядзерную бомбу, ці запуск чарговай ракеты.

З гісторыі. 14 красавіка 1432 года ў Ашмянах вялікім князем Літоўскім быў абвешчаны Жыгімонт Кейстутавіч, бадай што самы непапулярны валадар ва ўсёй гісторыі ВКЛ. І адна з самых змрочных постацяў у нашай мінуўшчыне.

Родны брат Вітаўта, ён, здавалася, не меў ніякіх шанцаў на віленскі прастол і спакойна княжыў сабе ў Старадубе. Паводле ўмоў Гарадзельскай уніі 1413 года пасля смерці Вітаўта, які не меў сыноў, Вялікае Княства павінна было адысці да польскага караля і найвышэйшага ўладара ВКЛ Ягайлы. Аднак рускія і літоўскія князі і баярства не пажадалі выконваць гэтыя ўмовы і выбралі вялікім князем Свідрыгайлу, старога ворага як Вітаўта, так і Ягайлы, якому ён даводзіўся родным братам.

Гэтыя ўнутрысямейныя спрэчкі паміж Гедзімінавічамі мелі і агульнадзяржаўны кантэкст. Выбранне Свідрыгайлы азначала разрыў васальнай залежнасці ВКЛ ад Польшчы і аднаўленне правоў праваслаўнага насельніцтва.

Ягайла не змог з гэтым змірыцца і арганізаваў змову, у выніку якой Свідрыгайлу выгналі з Вільні, а Жыгімонт, якому было ўжо за 60, раптоўна зрабіўся вялікім князем. Свідрыгайла збег у Полацк і абвясціў сябе вялікім князем Рускім. Пачалася доўгая грамадзянская вайна.

Жыгімонт амаль поўнасцю абапіраўся на падтрымку польскіх войскаў, пасланых Ягайлам. Але не толькі. Ён абвясціў пра ўраўнаванне ў правах праваслаўных з католікамі. У выніку частка знаці і гараджан адышла ад Свідрыгайлы. А ў 1435 годзе войскі Жыгімонта атрымалі вырашальную перамогу пад Вількамірам.

І тут адбылося тое, што часта здараецца ў гісторыі. Стаўшы пераможцам, Жыгімонт забыўся на свае абяцанні. Ён заснаваў у Вялікім Княстве інквізіцыю, арыштаваў сваіх шматлікіх ворагаў, рэальных і прыдуманых ім самім. Сярод іх былі прадстаўнікі такіх славутых родаў, як Алелькавічы. Кажуць, вялікі князь настолькі не давяраў людзям, што яго ахоўвала прыручаная мядзведзіца. Гэта і каштавала яму жыцця. 20 сакавіка 1440 года змоўшчыкі прабраліся ў Троцкі замак, і адзін з іх — Аляксандр Чартарыйскі — паскробся ў дзверы княжацкіх пакояў, як тое звычайна рабіла мядзведзіца. Жыгімонт адчыніў — і быў забіты.

Пра жыццё, якое пражыў Жыгімонт Кейстутавіч, звычайна кажуць "шэкспіраўскі сюжэт". І калі шукаць яму аналаг сярод герояў вялікага драматурга, то больш за ўсё падабенства можна знайсці з Рычардам ІІІ, вам не здаецца?

gіgіn@bеltа.bу

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Акцэнты тыдня з Вадзімам Гігіным
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика