Упраўленне адукацыі Фрунзенскага раёна Мінска абавязала адміністрацыю беларускамоўнай гімназіі № 4 унесьці папраўкі ў статут і гэткім чынам вызначыць адзінай мовай навучання і выхавання ў гімназіі беларускую мову. Дырэктар гімназіі сцвярджае, што беларуская мова са школы нікуды і не сыходзіла і сапраўды з’яўляецца мовай навучання і выхавання.
Да 15 красавіка кіраўніцтва гімназіі абавязалі звярнуцца ў Камітэт адукацыі Мінгарвыканкама з хадайніцтвам аб унясенні карэкціваў у статут. Зараз у статуце гімназіі ў адным пункце запісана, што асноўнай мовай выхавання і адукацыі з’яўляецца руская і беларуская, а ў іншым — толькі беларуская. Бацькі гэтым фактам былі незадаволены, звярнуліся на гэты конт да дырэктара і не толькі. Яны настойвалі, што летась дакумент без папярэдняга інфармавання быў зменены, у выніку чаго разам з беларускай мовай навучаньня і выхаваньня была ўведзеная руская.
Адзначым, што менавіта ў гімназіі № 4 вучыцца сын скульптара Генадзя Лойкі, які раніцай 21 лютага каля ганка гімназіі разгарнуў плакат са словамі: “Віншую з Днём роднай мовы. Гімназія № 4 была апошняй з беларускай мовай навучаньня”. Прысутным пры гэтым журналістам Лойка заявіў, што ў Беларусі адбываецца русіфікацыя адукацыі. У якасці прыкладу ён прывёў як раз той факт, што ў статут гімназіі № 4 былі ўнесены змены, якія дазваляюць выкладаць на рускай мове.
Скульптара затрымалі. 21 лютага суд Фрунзенскага раёна прызнаў Лойку вінаватым у правядзенні несанкцыянаванага пікета (артыкул 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях) і прыгаварыў да пяці сутак арышту за акцыю ў падтрымку беларускамоўнай адукацыі. 5 сакавіка Мінскі гарадскі суд пакінуў прыгавор без змяненняў.
Цяпер, здаецца, адбылося тое, чаго хацеў Лойка і іншыя бацькі.
Ці задаволеныя вы рашэннем Камітэта адукацыі, запыталіся Naviny.by у Генадзя Лойкі. “Часткова, — адказаў ён. — Мы хацелі зразумець, чаму з’явіліся змены ў статуце, хто вінаваты ў гэтым. Нам, як бачыце, адказалі толькі, што памылка выпраўляецца. Акрамя таго, мы ставілі пытанне крыху шырэй, бо лічым, што беларуская мова павінна быць асноўнай у выхаванні, вядзенні дакументацыі, ва ўсіх відах камунікацый ў гімназіі. Пакуль гэтага няма. Я лічу, што нам трэба змагацца за як мага больш шырокае выкарыстанне беларускай мовы. Неабходна юрыдычнае тлумачэнне, што ёсць беларускамоўная і рускамоўная адукацыя. Без гэтага настаўнікі па сутнасці маюць права не выкладаць па-беларуску. Яны выбіраюць рускую як адну з дзяржаўных моў і выкладаюць”.
Між тым дырэктар гімназіі № 4 Юрый Бандарэнка тлумачыць: статут гімназіі змяняўся не дзеля таго, каб неяк прынізіць статус беларускай мовы, а ў сувязі з уступленнем у дзеянне Кодэкса аб адукацыі: “Статуты розных устаноў адукацыі — не толькі чацвертай гімназіі — прыводзіліся ў адпаведнасць з прынятым Кодэксам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Такім чынам, кажа дырэктар, пасля ліста ўпраўлення адукацыі Фрунзенскага раёна статут “трошкі прывялі ў адпаведнасць”. Гэта азначае, што ў статуце запішуць: “асноўнай мовай навучання і выхавання з’яўляецца беларуская”.
Юрый Бандарэнка падкрэсліў, што з выкладаннем на беларускай мове ў гімназіі няма ніякіх праблем: “Я ўжо 15 гадоў працую ў гімназіі на пасадзе дырэктара. У беларускай нацыянальнай гімназіі ўсё робіцца для захавання беларускай мовы. Для гэтага ёсць усё: і ўрокі, і падручнікі, і паперы, і дакументы, і нарады, і адукацыйная прастора. У нас усе прадметы выкладаюцца на беларускай мове, у нас няма ніводнага падручніка на рускай мове. На беларускай мове ў нас ідзе не толькі навучанне, але і выхаванне“.
Пра бацькоў, якія звярталіся ў розныя інстанцыі наконт статуса беларускай мовы ў гімназіі, Юрый Бандарэнка сказаў, што гэта “апазіцыйныя бацькі, яны самі не ведаюць, чаго хочуць”.
Генадзь Лойка згодзен, что ў гімназіі ўрокі вядуцца на беларускай мове, аднак настойвае, што вельмі цяжка “і дырэктару, і нам праверыць, колькі ўрокаў, бо, напрыклад, бацькі могуць прыйсці толькі на адкрыты ўрок”.
Па словах Лойкі, у гімназіі былі выпадкі, калі на некаторыя заняткі на замену (калі асноўная настаўніца была на курсах павышэння кваліфікацыі) прыходзіла настаўніца, якая беларускай мовай наогул не валодала. Лойка лічыць, што каб не ўмяшаліся бацькі, наступны пасля дзеючага дырэктара “адназначна зрабіў бы са школы рускамоўную гімназію”. Адным з пацверджанняў гэтаму Лойка лічыць той факт, што ўсё часцей адміністрацыя школы выкарыстоўвае ў яе дачыненні назву “не беларускамоўная, а беларуская школа, што ёсць тэндэнцыя, а не агаворка”.
“І ўсё ж такі школа ў нас добрая, сапраўды беларускамоўная, — кажа Лойка. — Але ёсць недахопы. Калі мы іх пераадолеем і захаваем яе як сапраўдную беларускамоўную гімназію, гэта будзе падтрымка для ўсёй краіны. У школе бліскучы ламінат, прыгожае асяроддзе. Менавіта ў такім асяродку і трэба развіваць беларускамоўную адукацыю. І гэта будзе прыкладам на ўсю краіну. Мы паднялі шум, і гэта, спадзяемся, захавае беларускамоўнасць гімназіі”.