Якую экалагічную праблему вы лічыце найбольш важнай?
27.04.2013
—
Новости Общества
|
Наталля ЖЫВАЛЕЎСКАЯ, прэс-сакратар Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС:
— Для выратавальнікаў важна зніжэнне колькасці пажараў у экасістэмах. Акрамя экалагічнай небяспекі, павялічваецца выкід у атмасферу шкодных рэчываў, гінуць насякомыя, жывёла, ствараецца рэальная пагроза здароўю, жыццю і маёмасці людзей. Да таго ж тушэнне лясных і тарфяных пажараў патрабуе вялікіх чалавечых і тэхнічных рэсурсаў. Нягледзячы на тое, што з насельніцтвам праводзяцца гутаркі, шырокая растлумачальная работа праз сродкі масавай інфармацыі, праблема застаецца. Сёння моладзь выбірае здароўе і бяспеку. Так бы мовіць, "у трэндзе" тыя, хто робіць стаўку на спорт і актыўны лад жыцця. Усе хочуць жыць у экалагічна чыстым свеце. Таму мы ўскладаем вялікія надзеі на падрастаючае пакаленне, якое ў сілах паўплываць на свядомасць кожнага і ў цэлым змяніць стаўленне да навакольнага асяроддзя ў лепшы бок. Вольга ЯНЧУРЭВІЧ, намеснік дэкана па навуковай рабоце факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат біялагічных навук:— Захаванне рэдкіх відаў жывёл на гарадскіх тэрыторыях. Захаваць біяразнастайнасць — адна з глабальных праблем сучаснасці, і найбольш востра яна стаіць на ўрбанізаваных, г.з. гарадскіх тэрыторыях, дзе антрапагеннае ўздзеянне (чалавека) максімальнае па сваёй сіле. Буйныя гарады Еўропы адрозніваюцца тым, што найбольшая іх плошча пакрыта асфальтам і "жывыя аазісы" застаюцца толькі ў выглядзе невялікіх паркавых зон. Гарады Беларусі маюць даволі вялікі працэнт азелянення, што дазволіла жывёлам іх у належнай ступені асвоіць. Дзіўна і тое, што да цяперашняга часу на гарадскіх тэрыторыях сустракаюцца рэдкія віды жывёл. Напрыклад, у Гродне адзначаны месцы пражывання такіх рэдкіх відаў, як пустальга звычайная, грабеньчаты трытон, чаротавая жаба і некаторых іншых. І сёння наша задача ў тым, каб захаваць гэтых жывёл і стварыць ім спрыяльныя ўмовы існавання па-суседску з чалавекам. Іяланта РАМАНОВІЧ, каардынатар Гродзенскага Орхускага цэнтра:— Пэўна, найбольш важным у вырашэнні экалагічных праблем з'яўляецца забеспячэнне доступу грамадскасці да экалагічнай інфармацыі — поўнай, дакладнай і своечасовай. Толькі тады грамадскасць будзе эфектыўна ўдзельнічаць у працэсе прыняцця экалагічна значных рашэнняў. Менавіта ў гэтым кірунку і працуе першы ў краіне рэгіянальны Орхускі цэнтр, які створаны ў Гродне. Адна з яго задач — садзейнічанне ў экалагічнай асвеце і распаўсюджванні інфармацыі аб стане навакольнага асяроддзя, мерах па яго ахове, а таксама правах грамадскасці згодна з Орхускай канвенцыяй. У Орхускім цэнтры дапамогуць пры падрыхтоўцы зваротаў для атрымання экалагічнай інфармацыі, патлумачаць нарматыўныя прававыя акты па пытаннях навакольнага асяроддзя. Напрыклад, былі звароты гродзенцаў наконт выдалення зялёных насаджэнняў. Мы прааналізавалі закадаўчую базу і патлумачылі людзям парадак іх удзелу ў прыняцці адпаведных рашэнняў. Падрыхтаваў Барыс ПРАКОПЧЫК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Для выратавальнікаў важна зніжэнне колькасці пажараў у экасістэмах. Акрамя экалагічнай небяспекі, павялічваецца выкід у атмасферу шкодных рэчываў, гінуць...
|
|