Гарачая вада. 21.by

Гарачая вада

04.05.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Простыя рэчы Сяргея Рублеўскага

  Самая гарачая вада, як усім вядома, — кіпень (або "кіпет", калі ўжываць мову маіх лепельскіх аднавяскоўцаў). А трохі прыгрэтую ваду ў нас называюць "летняй", ці "прылечанай". Але хто з утомленых, змурзачаных пыльнай працай сялян будзе мыцца летняй вадой — яна ж скоціцца са спіны, як глыжок снегу з гурбіны.

У калгаснай лазні мы змешвалі ваду: кіпет разбаўлялі халадзёнкай — зачэрпвалі яго з металічнай бочкі карцом, а тады — ваду са студні, якая загадзя наношаная стаяла ў такой жа ёмістай бочцы. Мы, хлапчукі, тым часам апускалі ў тазікі далонькі ды, шавелячы пальцамі, мацалі, якой стала вада — ці не надта яшчэ гарачая. То з аднаго кутка лазні, то з другога чутны былі галасы: "Тата, падлі яшчэ халадзёначкі, апякае руку…", "Горача, пячэ — не памякчэла…". Вядома ж, дзіцячая скура далікатная.

Каторы бацька спрабаваў ваду ўслед за сынам і, каб не песціць мальца, сумна прамаўляў: "Не выдумляй, нармальная…".

У той дзень у калгасную лазню мяне ўпершыню ўзяў з сабой бацька, а не маці. Незаўважна наступіў той узрост, калі хлапчук пачынае звяртаць увагу на розніцу паміж людскімі целамі, як пясклёнак прабіваючы дзюбкай цікаўнасці спавівальны покрыў матчынай любасці.

Далучэнне да мужчынскай грамады было своеасаблівым святам, якое хоць і не ўсведамлялася, але ўсё ж злёгку казытала таямнічым прадчуваннем будучыні.

Я з павольнай, як вечаровы ветрык, і таму амаль незаўважнай радасцю назіраў за паводзінамі даўно знаёмых дзядзькаў і мальцаў. Усе яны, да аднаго, здаваліся мне раднёй.

Адбітак уціснулі ў сэрцаМужчынскі лазневы тлум у той зорны вечар запомніўся мне нячутым дагэтуль пакрэктваннем, воклічамі ды самачыннай венікавай лупцоўкай на гарачай паліцы. Адлупцаваў мяне злёгку (здавалася, гладзячы) духмяным бярозавым венічкам і бацька — праўда, не на самым узвышку, а на першай яго прыступцы. А тады пачаў наліваць у тазік ваду… Я сядзеў на лаўцы, азіраўся наўкруг ды чакаў, калі, у чарговы раз злазячы з верхняй паліцы, сусед Арцёмавіч (а яго толькі так і называлі ў вёсцы) прамовіць свае дзіўныя словы: "Шоўкаў венік!" Я ледзь стрымліваў памкненне памацаць яго, каб пераканацца, што венік і сапраўды дзівосным чынам робіцца шоўкавым.

Доўжылі свае бясконцыя перазовы венікі, булькацела вада, грымотна перасоўваліся па падлозе тазікі, не сціхала рознагалосая гамана… "Як гэта хораша і весела мыцца з мужчынамі…" — думаў я і стараў- ся хоць у чым-небудзь быць як усе, падобным на дарослых ці хаця б на старэйшых сябрукоў. І калі бацька паставіў на падлогу каля лавы тазік з вадой, я тут жа, як мальцы, апусціў у яе руку…

Тут я павінен набраць поўныя грудзі паветра, каб нанова перадаць, хоць цяпер ужо шчасліва (менавіта!) помнае, але на той момант жахлівае здарэнне. Бацька не паспеў уліць у кіпень і паўкарца халадзёнкі, як я апусціў у ваду руку, прытым грабануў далонькай, як драўлянай лапатачкай, якой гаспадыні перамешваюць ягады, калі вараць варэнне. І рука мая ўвобміг і сапраўды здзервянела і патрапіла пад пілу болю.

Я выхапіў яе з пякучай гарачыні, ускочыў на ногі і зароў непазнавальна моцным голасам. А калі боль працяў руку да касцей, дык і яшчэ грамчэй — так, што, здавалася, заглушыў усе гукі ў свеце.

Упужаныя дарослыя і мальцы ўсё адно як закамянелі, абступіўшы мяне з усіх бакоў, а разгублены, спалатнелы бацька падхапіў на рукі, пачаў аглядаць апёк, хукаць на яго ды суцяшаць мяне, як толькі ўмеў. А потым, нібы апамятаўшыся, таропка вынес у прымыйнік, усцянуў на абвялыя рукі-ногі вопратку, укруціў у коўдру і подбегам панёс да хаты… Балазе, яна ад лазні стаяла непадалёк.

Дзіўна, што з гадамі памяць мая пра той прыкры выпадак не слабее, а, наадварот, набывае толькі большую глыбіню і свечкавае святло. Яна прырастае прыемнымі асацыяцыямі і робіцца шчаслівай акрасай жыцця.

Як сёння тое было: помню частае бацькава дыханне над вухам, ягоны суцяшальны шэпт… Прыгаломшаны болем, я ўсё ж знаходзіў сілу, каб з бацькавых рук аглядаць ваколіцу, луг, на якім і ў вечаровым мораку добра быў бачны бацькаў след на роснай траве. Я сядзеў на бацькавай руцэ, як на цёплай жэрдцы плота і, нягледзячы на боль, хацеў заставацца на ёй як мага даўжэй. А можа, гэта цяпер, пасля доўгіх гадоў прырашчэння памяці так хочацца?.. Хто ведае.

Так альбо інакш, але душа мая, як губка, паглынала кожную драбніцу бацькавага клопату і пяшчоты, нібыта я, няўцямны, прадчуваў, што такім мне трэба запомніць бацьку на ўсё жыццё.

А што тычыцца мамы, дык яе паводзіны пры ўсіх воплесках рук і войканні былі больш звыклымі, а таму менш запамінальнымі. Матуля праз якую хвілінку пасля таго, як мы ўвайшлі ў хату, пачала завіхацца ў пошуках паратунку: загрукала дзверцамі шкапкоў, дастаючы алей, гусіны тлушч, а потым таропка, нібы загойванне залежала ад аднаго імгнення, пачала шукаць у шуфлядах марлю ці якую тоненькую анучку… Калі яна ўсё прыладзіла і пачала, цалуючы, аглядаць маю руку, я і сам утаропіўся позіркам у пачырванелую кісць — і жахнуўся: вялізны пухір на ёй наліўся вадкасцю настолькі, што да яго было боязна дакрануцца. Здавалася, дастаткова аднаго дотыку — і тоненькая скура парвецца, а я ўвесь, да апошняй грамулькі, разам з невядомай вадкасцю праз дзірачку выцяку долу… А між тым пальчыку так свярбела пакратаць…

Але асмеліўся я гэта зрабіць толькі праз пару дзён, калі стараннямі мамы боль трохі аслабіў свае ціскі. Да майго шлюбнага вяселля было яшчэ вельмі далёка.

***

Месяцы праз тры я, махаючы свежым венікам, ужо бадзёра крочыў поплеч з бацькам у лазню. У добрым гуморы, з радасцю на душы ад прадчування маючай адбыцца сустрэчы са сваёй мужчынскай грамадой. Праўда, каля ганка лазні, дзе тоўпіліся дарослыя і мальцы-падшыванцы, я ўцяў галаву ў плечы і нібы пасля якой незабыўнай правіны сарамліва апусціў долу вочы. Але сябрукі прывітальна падбадзёрылі мяне, а мужчыны непрыкметна расступіліся, вызваляючы сцяжынку.

Падбадзёраны такой сустрэчай, у лазні я ўсё ж заставаўся асцярожна-абачлівым: моўчкі сядзеў на лаўцы ў чаканні, пакуль бацька налье ў тазік ваду, а потым пытаўся, ці не гарачая яна, хаваючы за спінай сваю апечаную руку. А бацька, у сваю чаргу, пачаў спачатку наліваць у тазік халадзёнку, а потым ужо кіпет.


Справаводства вялося з уласцівай захопнікам педантычнасцю.

Прайшло не так шмат часу, як бацька падараваў мне шчаслівую магчымасць канчаткова акрыяць пасля прыкрага выпадку. Як і другія бацькі сваім зусім маленькім і трохі ўзросшым сынам, ён дазволіў пацерці яму намыленым "шоўкавым" венікам — бо мачалак не любіў — спіну. А вясковыя ж хлопчыкі, як толькі пачыналі хадзіць з бацькамі ў лазню, мусіць, па таямнічым алгарытме душы ва ўсім стараліся дагадзіць ім — напрыклад, увобміг зразумець патрэбу татулькі і падаць мыла ці венік, ці кварту вады, каб наталіць смагу, ці яшчэ чым услужыць… Можна сказаць, хацелася ўслужыць бацьку, як Богу! Толькі тады, натуральна, нам у галаву не прыходзіла такое параўнанне.

Проста мы, малыя сялянскія сыночкі, намыленым венікам ці мачалкай, сцяўшы зубкі, колькі было моцы, шаравалі бацькавы спіны, каб дагадзіўшы, пачуць ухвальнае: "Малайчына, дужэеш, хутка ў поле з сабой вазьму…". А на крыўднае: "Досыць, чую, задыхаўся ўжо, адпачні…", — стараліся не звяртаць увагі, шаравалі спіны яшчэ і яшчэ, бо ведалі, што бацькам гэта падабаецца. А сілу, як заўсёды гэта бывае, надавала радасць.

А яшчэ мы, жаўтароцікі, з радасцю вывучалі бацькавы целы. Крый Божа, не падумайце, што з якіх фрэйдаўскіх узрухаў. Мы аглядалі і падлічвалі меціны вайны — куды патрапіла куля і дзе яна на ўсё жыццё пакінула свой след, дзе прашыў скуру востры снарадны асколак…

Цяпер здаецца, што мы толькі дзеля таго разглядвалі бацькоўскія раненні, каб выхваляцца адзін перад адным. Назаўтра пасля лазні ў нашай гаманкой чародцы толькі і чуваць было: "А ў майго таты такі шнар вялікі на спіне, і глыбокі…". "І ў майго глыбокі, яшчэ глыбейшы". "А майму ногі было перабіла…". "А ў майго тры меціны! Столькі разоў быў паранены…". "А ў майго аж пяць!" "Брэшаш, быць не можа…". "Вось прыгледзься наступным разам! Сам ты брэшаш…".

Мой дзядзька Цімох, які адзіны на той час у нашай вёсцы меў матацыкл і якому я таксама з вялікай ахвотай, як і бацьку, шараваў спіну, не меў аніякіх знакаў вайны на сваім целе.

Мне было нават крыўдна, што такі чалавек не мае звыклых прыкмет геройства. Да таго ж любы сэрцу дзядзечка меў даволі прыкрую для мяне лазневую звычку, якую я на той час аніяк не мог патлумачыць. Ён заўсёды мыўся вельмі гарачай вадой. Спаласкваючы ў ёй мачалку, я нават асцерагаўся апускаць у вядро сваю незабыўна апечаную руку. Так, я не памыліўся — менавіта ў вядро: ніякіх тазікаў Цімох не прызнаваў. Бывала, каторы з мужчын клапатліва прапаноўваў: "Цімка, вазьмі ты тазік, зручней жа. Вунь на лаўцы вольны стаіць…" І чуў у адказ адно і тое ж: "Дзякую, даражэнькі, для мяне вядро зручнейшае". У рэшце рэшт, да яго перасталі звяртацца з такімі прапановамі.

Толькі з узростам я зразумеў паходжанне звычкі свайго дзядзькі мыцца гарачай вадой.

У 1944 годзе яго, шаснаццацігадовага юнака, і дзеда Юстына падчас Ушацкай блакады ўзялі ў палон фашысты. Было гэта на самым пачатку мая. Палон — дарога ў Германію — лагер. А ў лагеры ведама ж якое мыццё! Заўсёды похапкам, з пануканнем — скоціцца з цела вада і куды твой шлях пасля гэтага мыцця паверне — нават Богу невядома.

Праз колькі месяцаў дзядзьку Цімоху і дзеду Юстыну немцы зрабілі "палёгку" — аддалі іх у парабкі баўэру, рабіць звыклую сялянскую справу. Але нанач у тэрмін трэба было вяртацца ў лагер, зноў трываць побытавыя ўмовы для рабоў — перабівацца з гнілога на мёрзлае ды мыцца, калі выпадала, гарачай, як вытрываць, вадой, каб вошы не заелі… Якія табе тазікі, якая змена вадзіцы… Напоўніў вядзерка ды памыўся адзін раз. Так і ўкаранілася звычка на ўсё жыццё.

І вось цяпер, калі я ў лазні напускаю ў тазік ваду, дык міжволі згадваю дзядзьку Цімафея Юстынавіча, асабліва тады, калі вада звыш меры гарачая. Іншым разам такой я яе раблю наўмысна, каб не слабела памяць аб родным чалавеку

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Самая гарачая вада, як усім вядома, — кіпень (або "кіпет", калі ўжываць мову маіх лепельскіх аднавяскоўцаў). А трохі прыгрэтую ваду ў нас называюць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика