Майстэрства быць маладым і таленавітым. 21.by

Майстэрства быць маладым і таленавітым

07.05.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Магілёве прайшоў конкурс прафесійнага майстэрства сярод моладзі па рабочых спецыяльнасцях. Яго мэта — падтрымка здольных маладых людзей.

Арганізатары конкурсу — Магілёўскае абласное аб'яднанне прафсаюзаў і аддзел па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама. Яго правялі ўжо ў шосты раз: папулярнасць расце, колькасць удзельнікаў павялічылася ўтрая. Больш стала і намінацый, таму што, у адпаведнасці з попытам рынку працы, да токараў і фрэзероўшчыкаў далучыліся слесары-інструменталісты, электразваршчыкі і кранаўшчыкі.

Сёлета на Магілёўскім заводзе "Строммашына" спаборнічала ў прафесійным майстэрстве больш за паўсотні працаўнікоў з дваццаці прадпрыемстваў рэгіёна. Узрост удзельнікаў — да 31 года. Ім выпала прадэманстраваць свае тэарэтычныя веды і ўменне выкарыстаць на практыцы.

Конкурс — гэта магчымасць не проста паказаць, на што ты здатны, і паспаборнічаць з калегамі, але і зрабіць наступны крок у прафесійным развіцці, павялічыць свой працоўны разрад і, адпаведна, заробак. Цяпер высокакваліфікаваны рабочы можа атрымліваць штомесячны заробак (у сярэднім) ад 4 да 6 мільёнаў рублёў. Акрамя гэтага, пераможцам уручаюць і каштоўныя падарункі — дарагую бытавую тэхніку.

Пераможцамі конкурсу сталі 15 чалавек, якія занялі прызавыя месцы ў пяці намінацыях. Яшчэ пяць чалавек атрымалі заахвочвальныя прызы. Быў адзначаны і самі малады ўдзельнік конкурсу, яму толькі 21 год. Яўген Рыжкоў — фрэзероўшчык таварыства "Магілёўхімвалакно".

— Я люблю сваю працу, і яна мне падабаецца, — сказала машыніст крана Магілёўскага завода "Строммашына" Святлана Барысевіч, якая стала пераможцам. — Можа, для кагосьці гэта не вельмі прэстыжна — працаваць на заводзе, ды яшчэ на кране, тым больш для дзяўчыны. Але мне падабаецца, гэта якраз маё.

У іншых намінацыях першыя месцы занялі токар завода "Строммашына" Аляксандр Гарбуноў, фрэзероўшчык таварыства "Белшына" Сяргей Супранаў, слесар-інструменталіст завода "Электрарухавік" Міхаіл Новікаў, электразваршчык "Строммашыны" Вячаслаў Афанасьеў.

Сёлетні конкурс прыцягнуў увагу магілёўскай грамадскасці яшчэ і ў сувязі з пасланнем Прэзідэнта, дзе ідэя абнаўлення была прызнана стрыжнявой для Беларусі, а стаўка на моладзь стала адной з асноўных задач на перспектыву. Якраз маладыя і высокапрафесійныя рабочыя прадпрыемстваў — гэта людзі, якіх, безумоўна, варта падтрымліваць.

— Я лічу слушнай гэтую ідэю: моладзь — наша будучае, — пераканана намеснік старшыні абласнога аб'яднання прафсаюзаў Вольга Петрашова. — Гэта рэсурс нашага грамадства, і ад яго мабілізацыі залежыць перспектыва і дабрабыт. Як звычайна кажуць: "Што сёння выдаткуем — тое заўтра і атрымаем". І наш конкурс прафесійнага майстэрства для маладых працаўнікоў — гэта яшчэ і прыступкі кар'ернага росту. Працоўныя калектывы ганарацца іх поспехамі. З такімі людзьмі ў прадпрыемстваў ёсць добрая будучыня.

Ідэю конкурсу падтрымлівае і памочнік Прэзідэнта, галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў.

— У нас сёння назіраецца дэфіцыт працоўных прафесій, — пракаментаваў Генадзь Міхайлавіч. — Напрыклад, на Асіповіцкім вагонабудаўнічым заводзе не хапае каля 90 зваршчыкаў. Падобныя сітуацыі з недахопам людзей і на іншых прадпрыемствах, аднак размова ідзе пра высокакваліфікаваныя працоўныя кадры. Трэба шукаць здольную моладзь, выхоўваюць у яе любоў да працы і прафесіі, павышаць яе прэстыж.

Генадзя Лаўранкова ўразіла, што ў конкурсе бралі ўдзел зусім маладыя людзі, якія ўжо маюць досыць высокі працоўны разрад.

— Адзін з пераможцаў, токар, які завочна вучыцца ў вышэйшай навучальнай установе і працуе, сказаў, што хоча быць галоўным інжынерам на заводзе, і я такія амбіцыі цалкам падтрымліваю, — сказаў памочнік Прэзідэнта. — Улады павінны падтрымліваць конкурс прафесійнага майстэрства і развіваць яго. На мой погляд, яго маладыя пераможцы павінны браць удзел у днях адчыненых дзвярэй у навучальных установах, дзе можна атрымаць працоўную прафесію. Калі такі чалавек пад'едзе на сваім аўтамабілі, ды яшчэ ўпэўнена раскажа, якія грошы ён зарабляе сваім майстэрствам, то гэта і будзе лепшай рэкламай установы.

Што датычыцца падтрымкі моладзі і яе маштабнага прыцягнення да дзяржаўнага будаўніцтва як нацыянальнага праекта для абнаўлення Беларусі, то Генадзь Лаўранкоў сказаў:

— Устаноўкі ёсць, трэба не размаўляць, а дзейнічаць. Нам трэба думаць, як рэалізаваць ідэю, і рабіць сваю справу — кожнаму на сваім працоўным месцы.

Ілона Іванова

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Магілёве прайшоў конкурс прафесійнага майстэрства сярод моладзі па рабочых спецыяльнасцях. Яго мэта — падтрымка здольных маладых людзей.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика