ЛІРЫЧНАЯ ГАРКОТА СЛОВА
07.05.2013
—
Новости Общества
|
Мала хто з дзяцей любіць вершы пра вайну — надта далёкай здаецца яна маленькім чытачам. І вялікае шчасце і ўдача, калі са школьнай парты ў тваёй душы не знішчылі любоў да вершаванага радка праз дзяжурныя тэмы і словы… У нейкім плане мне пашанцавала — у той момант, калі ў школе прыйшоў час пісаць сачыненні "пра вайну", мне трапілася — чыста выпадкова! — адна з паэтычных кніжак Аляксея Русецкага. Здаецца, гэта быў першы выпадак, калі вершы ваеннай тэматыкі так драпнулі сэрца. Цяпер я ўжо не помню, якая канкрэтна кніжка мне трапілася, але помню тое, што ўразіла. Дакладнасць дэталяў, на якую здатныя толькі сапраўдныя ўдзельнікі падзей. Філасафічнасць, уменне асэнсаваць бачанае і прывязаць яго да сучаснасці… І вельмі нязвыклая ў вершах на гэтую тэму парадаксальнасць паэтычнага мыслення. Тое глыбокае падлеткавае ўражанне не выцвіла, не паблякла з часам. Таму я з задавальненнем адкрыла кнігу "На апошнім прыстанку" (2012), у якую ўвайшлі творы Аляксея Русецкага, напісаныя ім у апошнія гады жыцця. Аўтар сам склаў гэты зборнік, даў назву, але выдаць не паспеў. Гэта зрабілі яго нашчадкі, прычым зрабілі вельмі годна і густоўна. Па-першае, адзначу вокладку — з аднаго боку, здаецца, што гэта сучасны здымак нейкага ўтульнага цёмнага і самотнага парку, на лавачцы якога мог тварыць і сам пісьменнік, з другога, яна вельмі нагадвае сваёй стылістыкай — колерам, кампазіцыяй — тыя кнігі, што выходзілі ў 50—60‑я гады мінулага ўжо стагоддзя, скіроўваючы чытача ў настальгічным напрамку, да той эпохі, якая была найбольш блізкай самому паэту. Па-другое, уражваюць змешчаныя тут паэтычныя накіды і запісы з дзённіка. У кнізе яны вылучаны рукапісным шрыфтам, таму спачатку я іх проста не заўважыла, прымаючы за мастацкае аздабленне, а пасля ўжо спецыяльна чытала. У іх няма побыту, у іх няма старэчай лядашчасці… Яны выключным чынам адлюстроўваюць характэрны аўтару лірызм, іранічнае і разам з тым сур'ёзнае стаўленне да жыцця і ўсё тую ж парадаксальнасць мыслення, якая так запомнілася мне з юнацтва. Вось так, двума радкамі, піша паэт свой партрэт: "Валасы белыя, бровы белыя. Я падобны да фотанегатыва". Ці, у развагах пра экалагічныя праблемы, партрэт сучаснікаў: "Людзі — страшэнныя эгаісты, зоапаразіты зямлі". Ну і, безумоўна, не пакідаюць абыякавымі вершы Аляксея Русецкага. Застаючыся верным уласнай традыцыі пісаць толькі пра тое, што сапраўды перажыў ці перажывае, паэт шмат радкоў прысвяціў старасці, асэнсоўваючы новы для яго стан, новыя адчуванні. "Майго былога быццам не было…" — заўважае Русецкі ў вершы "Боль і клопат", які, у пэўным сэнсе, праграмны для ўсяго паэтычнага зборніка. Растанне з роднымі, любімымі, з сябрамі і равеснікамі. Растанне са звыклым і знаёмым ладам жыцця — у кнізе, дарэчы, шмат амаль публіцыстычных старонак, дзе апісваюцца бурлівыя 90‑я, з іх свабодалюбівым духам і бытавой разрухай. Развітанне з сіламі маладосці… Вось тое, што складае боль і клопат паэта, жыццё якога няўмольна каціцца долу... Аляксей Русецкі прайшоў доўгі жыццёвы шлях (1912—2000), таму тэма ўзросту гучыць у яго кнізе вельмі натуральна і шчыра. І менавіта гэтай праблеме прысвечана паэма "Насланнё", напісаная ў 1993 годзе. Абсалютна нечакана для мяне паэма аказалася фантастычнай — цалкам у духу тых бурапенных 1990‑х, якія аўтар не толькі заспеў, але і паспрабаваў асэнсаваць. Не хочацца пераказваць змест, каб не страцілася цікавасць патэнцыйных чытачоў, але паэма сапраўды ўражвае задумай, філасофскай задачай, яна незвычайная нават для творчасці самога аўтара, які, як я ўжо пісала, заўсёды быў схільны да парадаксальнага мыслення, дэманструючы рэдкі талент — ігнараваць пафас, выяўляючы вялікае праз дробнае, быццам бы другаснае. Паказальны ў гэтым плане верш "З Богам!", напісаны ў 1992 годзе. Калі праводзілі ў дарогу, На сумнай ростані даўней Казалі ціха: "Ну дык з Богам!.." Так жыць і трэба між людзей. Ды рушыў у сталёвых касках З тым словам чалавечы гнус: Мундзіры, паясы й на спражках Адзіным штампам: "Gоtt mіt uns". Агнём і жахам ям крывавых Рабіўся над людзьмі прымус, На ўсё апраўдвалася права Жалезным штампам: "Gоtt mіt uns". Так "новы" ладзіўся "парадак" Пад вык і стогн людскіх пакут, Якіх не сніў і Тарквемада, Свой "грэшны" чынячы прысуд. О, Божа, слаўлены маленнем, Вышэйшы ёсць — інакшы Бог: Душы асветленай Сумленне З трымценнем чуласці й трывог. Яму паслугай думка й рукі На ніве роднай, на сяўбе, Калі штодня няўтольна рупіць Рабіць дабро ўсім, як сабе. Цікава, што будучы адмысловым версіфікатарам, які дасканала валодае рыфмай, на схіле гадоў Аляксей Русецкі звяртаецца да верлібра — менавіта ў гэтай свабоднай форме напісаны неверагодна прыгожы і глыбокі верш "Волаты" — пра два дубы, якія, быццам знакі вечнасці, стаялі на жыццёвым шляху паэта, лучачы жыццё зямное і духоўнае, мінулае і вечнасць. Гэты верш-успамін адкрывае кнігу "На апошнім прыстанку". Менавіта радкамі з яго — ці не самага пранікнёнага і лірычнага — мне хочацца завяршыць згадкі пра гэтага мудрага паэта, чалавека, які пражыў годнае жыццё, не згубіўшы свежасць адчуванняў і смак слова. "О, як даўно шумела маладосць Двух патрыярхаў гэтых у дуброве! Яны цягнуліся да неба гонка, Як трубы-коміны цяпер паблізу, Каб дым пусціць высока. Мне бачныя адусюль дубы-асілкі. Яны мяне ўжо клічуць развітацца, Адчуўшы над сабой наканаванне. А мне да іх і не дайсці, І не даехаць…" Ганна КІСЛІЦЫНА Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мала хто з дзяцей любіць вершы пра вайну — надта далёкай здаецца яна маленькім чытачам. І вялікае шчасце і ўдача, калі са школьнай парты ў тваёй душы не знішчылі... |
|