Як нашыя прадкі рыхтаваліся да Каляд і варажылі на іх. 21.by

Як нашыя прадкі рыхтаваліся да Каляд і варажылі на іх

06.01.2015 07:20 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Новы год і Раство Хрыстова — самыя любімыя святы беларусаў. Мы ўпрыгожваем ёлкі, рыхтуем падарункі і даруем адзін аднаму абразы і крыўды. Як нашы продкі рыхтаваліся да Каляд, узгадвае "СБ Беларусь сегодня".


Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

Каляды — адно з самых папулярных свят у беларусаў, адзначалася ад Куцці да Шчадраца або Вадохрышча. Па хатах хадзілі калядоў-шчыкі, спявалі калядкі — адмысловыя песні, яны вадзілі з сабой Казу або Мядзведзя — пераапранутых людзей, якія разыгрывалі прадстаўленне ля кожнага двара, атрымліваючы за гэта розныя пачастункі і дробныя грошы. Гаспадары не скупіліся: адорвалі грашыма, пірагамі, хатняй каўбасой. Верылася, што наступны год аддасць сто разоў. На стол падавалі адмысловыя калядныя стравы, незамужнія дзяўчаты варажылі на будучыню і нарачонага.

На Шчадрэц выбіралі самую прыгожую дзяўчыну — шчодру, убіралі яе ў вянок, стужкі і на чале з ёй хадзілі па вёсцы, дзяўчаты спявалі шчадроўкі — тыя ж калядкі, але звернутыя да гаспадароў, велічальныя па характары, з прыпевам-рэфрэнам "шчодры вечар, добры вечар". На Шчадрэц абавязкова пякліся бліны. Першы з іх, толькі што з печы, брала дзяўчына і бегла з ім пад вокны хаты, дзе звычайна збіралася шмат дзяцей. Яна слухала, ці не крыкне хто на дзіця, і калі так, то ў гэтым годзе яна замуж не пойдзе. Варажылі таксама і іншымі спосабамі: за вароты, напрыклад, кідалі боцік з левай нагі — куды ён глядзіць, там і нарачоны жыве. Дзве іголкі націралі салам і апускалі ў кубак з вадой. Калі яны патонуць — дрэнна, калі сыдуцца разам — чакае хуткае замужжа. Па абодва бакі люстэрка ставілі дзве свечкі, паміж імі — шклянку з вадой, куды клалі пярсцёнак. Хто з'явіцца ў люстэрку, той і будзе жаніхом. Дзяўчына брала з вогнішча, не гледзячы, палена. Якім яно акажацца, такім і жаніх будзе. Палена з шурпатай карой — непрыгожы, з сучкамі — з вялікай сям'і, крывое — вырадак, гладкае — прыгожы сабой.

Варажылі на воску, растопліваючы яго і ўліваючы ў кубак з халоднай вадой. Выводзілі каня з хлева праз аглоблю: калі конь зачэпіць яе нагамі, муж будзе злосным, калі пераскочыць — ціхім і добрым. Налівалі вады ў чарку, апускалі пярсцёнкі і выстаўлялі на ганак ўвечары. Перад сном глядзелі: колькі грудкоў у замёрзлай вадзе — столькі народзіцца сыноў, колькі ямак — столькі дачок. Клалі пад падушку на калядную ноч грабеньчык. У сне мог з'явіцца жаніх. Пад абрус клалі сена, салому, пасля вячэры стукалі па абрусе рукамі — "малацілі". Затым выцягвалі па саломінцы і па яе даўжыні меркавалі, якім вырасце лён, па колькасці знойдзеных зярнят — якім будзе ўраджай.

Самая галоўная палеская варажба ў Каляды — на куццю. Набіраючы першую лыжку куцці, дзяўчына загортвала лыжку ў штаны бацькі ці брата і клала пад падушку. Цэлы вечар яна не павінна была ні з кім гаварыць, і тады ў сне ўбачыць будучага мужа. У шчодрыя вечары, з 25 снежня па 6 студзеня (па старым стылі), нельга было шыць, прасці.


Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

Вось якая легенда існуе, запісаная на Гродзеншчыне. Адна дзяўчына была настолькі ахвотная да працы, што перастала прытрымлівацца святых вечароў. І вось прала яна аднойчы ледзь не да поўначы. Раптам чуе, нехта стукнуў у акно. Яна пытаецца:

— Хто там?

Голас адказвае:

— Я прынёс табе, дзяўчына, працу. Глядзі, каб за сённяшнюю ноч напрала дванаццаць верацёнаў.

Спалохалася дзяўчына. Валасы дуба ўсталі — жах!

А голас зноў:

— Спяшайся, сядай і прадзі, калі не будзе гатова сённяшняй ноччу работа, то на іншую ноч падрыхтуй сабе магілу.


Усё сціхла. Дзяўчына, ні жывая ні мёртвая, перахрысцілася тры разы і асцярожна выйшла на ганак — нікога няма. Толькі ляжыць куча лёну. Узяла яна яго, прынесла ў хату і думае: "Што ж я цяпер, бедная, рабіць буду? Воля Божая, трэба прасці".

Вырашыла яна схітраваць: абматала кудзелю лёнам, а зверху напрала нітак у два рады і такім чынам зрабіла ўсе дванаццаць верацёнаў. А тым часам развіднела, дома ўсе прачнуліся.

Маці кажа:

— Ты што, цэлую ноч прала? А адкуль кудзеля ўзялася?

Маўчыць дзяўчына, нікому нічога не кажа. Вынесла пражу ў кладоўку, вынесла і лён, што застаўся, — калі яго ў справу пусціць, то прасці трэба будзе дванаццаць дзён і вечароў, не менш. І легла спаць. Устала позна ўвечары, памалілася Богу і пайшла ў кладоўку паглядзець на працу сваю. А там няма нічога. Вярнулася ў хату. І тут зноў голас пачуўся:

— Ну, шчасце тваё, што працу выканала, а то прыйшла б табе пагібель, што шчодрых вечароў не шануеш. А калі яшчэ будзеш прасці, я ў тры разы больш прынясу.

Спалохалася дзяўчына, але ўсё ж рашылася зірнуць у акно. Ноч была месячнай, і ўбачыла яна, як стары з доўгай белай барадой панёс на плячах дванаццаць верацёнаў. Упала дзяўчына на падлогу і два тыдні хварэла, трызніла. Ледзь-ледзь выратавалі...
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каляды - адно з самых папулярных свят у беларусаў, адзначалася ад Куцці да Шчадраца або Вадохрышча.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика