Цэнтр – паняцце адноснае. Для нас як жыхароў Шумілінскага раёна цэнтр, вядома, – у Шуміліне. Калі браць адносна любога мегаполіса, то наш з вамі райцэнтр рэзка губляе гэту прывабную характарыстыку і набывае прыкметы проста нейкай глухмені. А вось маленькая аддаленая вёсачка, з чым яе ні параўноўвай, хоць з райцэнтрам, хоць з Нью-Ёркам, застаецца такой у любым выпадку.
Дык вось, раённыя ўлады (вядома, што мегаполісам да нашых вёсак у пяць двароў справы няма) ставяць перад сабой задачу зрабіць так, каб чалавек не адчуваў сябе абдзеленым, забытым і пакінутым, у якім бы аддаленым кутку раёна ён ні пражываў. Каб меў усе магчымыя даброты сучаснага жыцця, жыў з камфортам. Для таго і ладзяцца дні работы з насельніцтвам па сельсаветах, каб ужо раз на год, але дакладна ў вёску завітаў не толькі, напрыклад, сацыяльны работнік і пажарны інспектар, але і прадстаўнікі іншых службаў. Так было і ў гэты раз у час правядзення дня работы з насельніцтвам у Лаўжанскім сельсавеце.
З вёскі Будобаль 16 мая распачала работу група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ірынай Новікавай. Вяскоўцы сустракалі гасцей на падворку Ніны Іосіфаўны Ганушчанкі. Узорным, трэба заўважыць, падворку. Тут табе і бягоніі з пеларгоніямі, і туі з бэзам, і “чароўны” калодзеж з помпай. Так што прыгажосць, парадак і камфорт – гэта хутчэй прыкмета канкрэтнай асобы, а не геаграфічная прывілея.
Будобальцы з цікавасцю слухалі і актыўна ўдзельнічалі ў гутарцы, па-вясковаму, нязмушана і жыва. Вось, напрыклад, прызыў старшага інспектара РАНС Аляксея Лявонава азбестацэментныя коміны замяніць ці хаця б абкласці цэглай спачатку ўспрынялі з насцярожанасцю. Маўляў, жывем так усё жыццё, і ўсё нармальна, ніхто не згарэў, навошта лішнія турботы. Але калі інспектар патлумачыў, што гэтыя трубы пры награванні трэскаюцца і абвальваюцца на дах, і што такіх выпадкаў можа прывесці безліч, вяскоўцы задумаліся і сталі высвятляць падрабязнасці, планаваць работы па ўдасканаленні комінаў. Асабліва калі выратавальнік стаў прыводзіць статыстыку па пажарах.
У сваю чаргу, вяскоўцы папрасілі паспрыяць устаноўцы ў вёсцы кантэйнераў для збору цвёрдых бытавых адыходаў. Перашкод гэтаму не ўбачыла ні старшыня Лаўжанскага сельсавета Святлана Паўлаўна Кійко, ні Ірына Мікалаеўна. І справы той – заключыць дагавор з ЖКГ. А вось Пётр Філімонавіч Храпавіцкі, якога наведалі дома, азадачыў гасцей цэлым спісам пытанняў. Павітаўшыся з усімі за руку, пацікавіўшыся справамі, паўспамінаўшы былое жыццё, мужчына ўзяўся пералічваць клопаты вёскі. Сярод іх – абкос прыдарожных палос і высечка кустоўя на паваротах; прэтэнзіі да дарожнікаў, якія, абкошваючы абочыны, робяць гэта не на ўвесь захоп касілкі, а толькі, хіба, на паўметра; яміны на дарозе, што замінаюць праезду. Усе пытанні група палічыла слушнымі і запісала для выканання адпаведнымі службамі.
Наступная сустрэча адбылася на МТФ “Мясаедава”. Старшыня райсавета адзначыла, што ля гэтай фермы кветак на клумбах, бадай, болей, чым ля іншага адміністрацыйнага будынка. Новы ўчастковы інспектар міліцыі Павел Трафімаў палічыў сваім доўгам папярэдзіць работнікаў фермы не толькі пра неабходнасць берагчы сваё жыццё і маёмасць, але і пра недапушчэнне знаходжання на рабочым месцы ў нецвярозым стане. Так, на гэтай канкрэтнай ферме работніцы нічога такога сабе не дазваляюць, але ж ні для каго не сакрэт, што жанчыны ў гэтай прафесіі сваімі паводзінамі могуць паставіць пад пагрозу ўвесь рабочы працэс.
У Мясаедаве ж наведалі пенсіянера, які вядзе асацыяльны лад жыцця, што ў канчатковым выпадку можа прывесці да пажару. З ім, вядома, сур’ёзна пагаварылі і пажарны, і ўчастковы, і на пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку ў сельсавет адразу ж запрасілі.
Шмат людзей сабралася на вясковы сход і ў Мазурыне. Дарэчы, абураліся, што фатаграфуюць іх журналісты, фатаграфуюць на такіх сходах, а фота ў газеце ўсё няма. Калі ласка, фота па заяўках. Тут, як і на іншых сустрэчах, выступала загадчыца аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ТЦСАН Наталля Юрчанкова з прэзентацыяй сацыяльных паслуг, якія забяспечвае цэнтр, расказвала пра магчымасць атрымаць матэрыяльную падтрымку для розных катэгорый грамадзян. Начальнік землеўпарадкавальнай службы раёна Зоя Гарэленкова ў Год роднай зямлі заклікала людзей да асабліва адказных адносін да сваіх падворкаў і тэрыторый вакол. У іншым выпадку абяцала адміністрацыйныя меры ўздзеяння.
Едучы ў Цаўі, Ірына Новікава чакала ад жыхароў прывычных нараканняў на закрыццё магазіна ў вёсцы. Але вяскоўцы, якія сабраліся на сход на аўтобусным прыпынку, наадварот аказаліся вельмі задаволеныя гандлёвым абслугоўваннем: мы такога смачнага хлеба, батонаў, каўбас тут ніколі не бачылі. Асартымент вялікі, усё свежае, чэкі выдаюць, хвалілі людзі аўталаўку Бешанковіцкага райспажыўтаварыства. У Цаўях узнялі пытанне па баршчэўніку і па дарогах, разбітых транспартам прыватніка, які займаецца нарыхтоўкай лесу.
Падворныя абходы вёсак у Лаўжанскім сельсавеце прайшлі. Наперадзе – правядзенне выязных прыёмаў і дзень прафілактыкі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Выязныя прыёмы ў Лаўжанскім сельсавеце
22 мая з 9.00 да 10.00 у рамках Дня работы з насельніцтвам у Лаўжанскім сельсавеце пройдуць выязныя асабістыя прыёмы грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб кіраўніцтвам райвыканкама.
БЫКАЎ Алег Пятровіч, намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях будаўніцтва – в. Добрына (будынак сельскай бібліятэкі);
ШАЛАХАВА Ірына Іванаўна, намеснік старшыні па сацыяльных пытаннях – а.-г. Мікіціха (адміністрацыйны будынак сельвыканкама);
БЕЛАГАЛОЎ Сяргей Дзмітрыевіч, кіраўнік спраў райвыканкама – в. Пабеда (будынак Пабедскай сельскай бібліятэкі).
Надрукавана ў №38 ад 18.05.2018 г.
Вялі гаворку па-вясковаму нязмушана і жыва Цэнтр – паняцце адноснае. Для нас як жыхароў Шумілінскага раёна цэнтр, вядома, – у Шуміліне. Калі браць адносна любога...