Вось ужо 25 гадоў Крупскі гісторыка-краязнаўчы музей гасцінна расчыняе свае дзверы . 21.by

Вось ужо 25 гадоў Крупскі гісторыка-краязнаўчы музей гасцінна расчыняе свае дзверы

25.05.2020 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


За чвэрць стагоддзя яго наведвальнікамі стала вялікая колькасць людзей – крупчан, гасцей з блізкага і далёкага замежжа, падарожнікаў, вядомых людзей і афіцыйных асоб.

Сюды ідуць, каб адчуць подых гісторыі. Пярэдадзень юбілею – добрая нагода ўзгадаць яго ўласную гісторыю. А пачалася яна з ініцыятывы члена Саюза майстроў Рэспуб­лікі Беларусь Таццяны Якаўлеўны Белай. У той час яна працавала метадыстам у бібліятэцы, шмат чытала, у тым ліку і навуковай літаратуры, захаплялася гісторыяй. Хоць Крупшчына – не яе малая радзіма, але Таццяна Якаўлеўна з вялікай любоўю ставілася да яе і зрабіла шмат для захавання яе гісторыі.

26 мая 1995 года пачаў сваю дзейнасць гісторыка-краязнаўчы музей, які тады меў статус аматарскага. Першапачаткова для яго былі выдзелены памяшканні двух класаў у сярэдняй школе № 1 г. Крупкі. У аснову музейнага фонду ўвайшлі вырабы мясцовых умельцаў і майстроў, старадаўнія прадметы побыту.

Таццяна Якаўлеўна была апантаным і надзвычай камунікабельным чалавекам. І гэтыя якасці дазволілі ёй даволі хутка папаўняць музейны фонд. Уявіце сабе: музей адкрыўся 26 мая 1995 года, а 27 снежня таго ж года за дасягнутыя поспехі ў галіне музейнай дзейнасці, актыўную прапаганду беларускай народнай культуры рашэннем калегіі ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама яму прысвоена званне «народны».

Шмат чаго трэба было зрабіць аматарскаму музею, каб ператварыцца ў тую значную ўстанову, якую ўяўляе сёння.

Герой Савецкага Саюза Мікалай ЗАЙЦАЎ і дырэктар музея Таццяна БЕЛАЯ на ўрачыстасці з нагоды адкрыцця новага будынка.
Герой Савецкага Саюза Мікалай ЗАЙЦАЎ і дырэктар музея Таццяна БЕЛАЯ
на ўрачыстасці з нагоды адкрыцця новага будынка.

Дзякуючы намаганням дырэктара Таццяны Якаўлеўны Белай (узначальвала музей 12 гадоў) і яе паплечнікаў, падтрымцы раённага кіраўніцтва, дапамозе вялікай колькасці нераўнадушных людзей, 30 чэрвеня 2004 года, напярэдадні 60-годдзя вызвалення Крупскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Крупскі гісторыка-краязнаўчы музей адчыніў дзверы новага будынка і перайшоў у падпарадкаванне аддзела культуры райвыканкама. Гэта сапраўды была падзея. На ўрачыстасці прысутнічала шмат гасцей. Сярод іх – чалавек-легенда, Герой Савецкага Саюза Мікалай Якаўлевіч Зайцаў. Сімвалічна, што вуліца, на якой размясціўся музей, носіць яго імя. Адметна і тое, што першую экскурсію па зале «Археалогія» праводзіў кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела жалезнага веку Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім Іосіфавіч Шадыра.

Нагадаем, што экспазіцыя музея размяшчаецца ў шасці залах «Прырода і экалогія», «Этнаграфія», «Археалогія», «Паэты-землякі», «Вялікая Айчынная вайна», «Зоркі Крупшчыны».

– Дзякуючы энтузіязму, шматгадовай і карпатлівай працы, супрацоўнікі музея здолелі сабраць каштоўную калекцыю экспанатаў, – адзначае намеснік  начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Мельнік, якая і сама ў свой час некалькі гадоў узначальвала музей. – Музей стаў не проста скарбонкай народнай памяці, але і нагляднай формай атрымання ведаў, якія перадаюцца наведвальнікам праз экскурсаводаў і грунтуюцца на канкрэтных прадметах – экспанатах. Важнае значэнне мае і эмацыянальны настрой, з якім праводзяцца экскурсіі, што надае працэсу больш цікавасці і эфектыўнасці.

Ад самага адкрыцця і да сёння музей з’яўляецца запатрабаванай установай, і гэта вельмі добра. Ён размяшчаецца ўсяго ў пары хвілін хады ад цэнтра горада. Адразу прыцягвае позірк утульны музейны дворык, дзе можна пагуляць самастойна, а можна замовіць асобную экскурсію. Там размяшчаецца Алея Славы Герояў Крупшчыны, устаноўлены два культавыя камяні, скульптуры з дрэва, створаныя майстрамі-разьбярамі па дрэве з розных куткоў Беларусі падчас пленэра.

– У нашым музеі праходзяць тэматычныя экскурсіі, урачыстасці, народна-традыцыйныя і гульнё­выя мерапрыемствы, а маладыя ў дзень вяселля любяць тут фатаграфавацца, – расказвае дырэктар музея Тамара Бальбот. – У тэматычных залах ёсць сапраўды ўнікальныя экспанаты: старажытныя жаночыя ўпрыгожванні з бронзы і срэбра, знойдзеныя пры археалагічных раскопках на Выспе на возеры Сялява, трэніровачны касцюм і скафандр лётчыка-касманаўта Уладзіміра Кавалёнка і ўзоры касмічнага харчавання, герб Крупак, выкананы ў тэхніцы ручнога ткацтва «габелен», старадаўнія ручнікі, узоры беларускага касцюма 19 стагоддзя. Прыцягваюць погляд дыярамы «Бітва на мосце праз раку Бобр. 1944 год», «Выспянская гара на возеры Сялява», «Мой родны кут». Філіялам музея з'яўляецца Крупская мастацкая галерэя імя Б.В. Аракчэева, якая адкрылася ў 2005 годзе. З самага яе заснавання яна цесна супрацоўнічае з вядомай беларускай дынастыяй мастакоў Аракчэевых. Увогуле фонды музея і галерэі налічваюць больш за 12 тысяч экспанатаў. Штогод нас наведваюць больш за 11 тысяч чалавек. Ужо некалькі гадоў дзеці вывучаюць гісторыю роднага краю, яго традыцыі па праграме «Мой родны кут». А ў 2018 годзе пачала дзейнічаць мастацка-адукацыйная праграма «У гасцях у Маляваныча».

Сёння музей і мастацкая галерэя – сучасны культурны цэнтр, які ідзе ў нагу з часам. Іх супрацоўнікі  праводзяць анлайн-экскурсіі, актыўныя ў сацсетках. Напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі на Алеі Славы Герояў з’явіліся QR-коды, адсканіраваўшы якія, можна даведацца аб героях Крупшчыны.

Пра тое, якія ўражанні пакідаюць наш музей і галерэя, сведчаць запісы ў Кнізе водгукаў. Вось асобныя з іх: «Вялікі дзякуй работнікам музея за любоў да гісторыі свайго краю, да яго людзей», «Атрымаў велізарнае задавальненне, наведаўшы ваш музей! Даведаўся шмат новага аб сваёй малой радзіме», «Вялікі дзякуй за захаванне гісторыі раёна, памяці пра нашых продкаў і выдатных сучаснікаў», «Глыбокае ўражанне пакінулі экспанаты музея, выклікаюць пачуццё гонару нашы знакамітыя землякі, глыбокае хваляванне я адчуў, пабываўшы ў ваеннай зале. Поспехаў і росквіту Крупскаму музею».

Пажадаем і мы таго ж. Няхай і надалей музей захоўвае самабытныя традыцыі і гісторыю нашай Крупшчыны!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За чвэрць стагоддзя яго наведвальнікамі стала вялікая колькасць людзей – крупчан, гасцей з блізкага і далёкага замежжа, падарожнікаў, вядомых людзей і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика