Сямёрка золатам
17.08.2009
—
Новости Спорта
|
Беларускiя спартсмены выйгралi сем залатых медалёў на чэмпiянаце свету па веславаннi на байдарках i каноэ, якi прайшоў у Канадзе. 16 жнiўня экiпаж канаiстаў у складзе братоў Андрэя i Аляксандра Багдановiчаў, Дзмiтрыя Рабчанкi i Аляксандра Валчэцкага стаў лепшым на 200 метраў, пераадолеўшы дыстанцыю за 34,147 сек i апярэдзiўшы расiйскую каманду на 0,352 сек. На двухсотцы перамагла i байдарка-чацвёрка (Раман Петрушэнка, Вадзiм Махнёў, Аляксей Абалмасаў i Артур Лiтвiнчук), вынiк якой — 30,412 сек. У той жа дзень беларускiя весляры выйгралi яшчэ тры "золаты". Двойчы перамагла байдарка-двойка Петрушэнкi i Махнёва (на фота) — на 500 i 200 метраў. А ў спаборнiцтвах каноэ-адзiночак на 500 метраў пераможцам стаў Дзянiс Гаража. Напярэдаднi, 15 жнiўня, стаў паспяховым для нашых чацвёрак на дыстанцыях 1000 метраў. "Золата" ў актыве канаiстаў Дзянiса Гаража, Дзмiтрыя Рабчанкi, Дзмiтрыя Вайцiшкiна i Аляксандра Валчэцкага, а таксама ўсё тых жа байдарачнiкаў Петрушэнкi, Махнёва, Абалмасава i Лiтвiнчука. Беларуская каманда заняла 2-е месца ў медальным залiку адразу пасля зборнай Германіі, у якой таксама 7 залатых медалёў, 8 сярэбраных і 3 бронзавыя. Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка павiншаваў беларускiх спартсменаў з залатымi медалямi i пажадаў iм новых высокiх дасягненняў. I зноў у адрыў Чэмпiён Беларусi барысаўскi БАТЭ павялiчыў адрыў ад праследавальнiкаў да 12 ачкоў, абгуляўшы дома з лiкам 1:0 ФК "Мiнск". Дзякуючы гасцявой перамозе над магiлёўскiм "Дняпром" з лiкам 2:1 на другое месца выйшаў гродзенскi "Нёман". Вынiкi астатнiх матчаў 15 тура: "Дынама" (Мн) — "Смаргонь" 1:1; "Тарпеда" — "Гранiт" 1:3; "Нафтан" — МТЗ-РIПА 2:1; "Шахцёр" — "Дынама" (Бр) 1:1; "Вiцебск" — "Гомель" 1:0. Становiшча камандаў у чэмпiянаце: БАТЭ — 37 ачкоў, "Нёман" — 25, "Нафтан" — 25, "Тарпеда" — 25, "Дынама" (Мн) — 24, "Днепр" — 23, "Шахцёр" — 22, "Дынама" (Бр) — 21, "Менск" — 19, "Гомель" — 18, "Вiцебск" — 16, "Гранiт" — 16, МТЗ-РIПА — 15, "Смаргонь" — 7 ачкоў. Берлiн безмедалёвы Вiцэ-чэмпiёнка пекiнскай Алiмпiяды-2008 беларуска Наталля Мiхневiч з вынiкам 19,66 метра 16 жнiўня заняла толькi 4-е месца ў штурханнi ядра на чэмпiянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Берлiне. Сярод мужчын у гэтым жа вiдзе праграмы Павел Лыжын, устанавiўшы асабiсты рэкорд (20,98), заняў 6-е месца, а чэмпiён свету-2003 i бронзавы прызёр Алiмпiяды-2008 Андрэй Мiхневiч апынуўся адразу за суайчыннiкам з вынiкам 20,74. У кiданнi кап'я сярод жанчын Марына Новiк не здолела пераадолець квалiфiкацыйны бар'ер, у сваёй лепшай спробе паказаўшы 56,44 метра, у спартыўнай хадзе на 20 кiламетраў Сняжана Юрчанка паказала 15-ы вынiк, у трайным скачку Дзмiтрый Дэцук паказаў усяго 16,58, таксама не пераадолеўшы квалiфiкацыйны бар'ер. Рэкордны Болт Там жа ў Берлiне на закуску арганiзатары пакiнулi гучна анансаванае вiдовiшча: Усэйн Болт супраць Тайсана Гэя ў фiнале стаметроўкi. У вынiку гледачы ўбачылi фенаменальны забег, у якiм Болт зноў абнавiў свой сусветны рэкорд, устанавiўшы яго на адзнацы 9,58, а Гэй здавольваўся новым рэкордам ЗША — 9,71. Мiрны прайграў былому партнёру У Манрэалi завяршыўся мiжнародны турнiр з прызавым фондам у 3 млн долараў. У фiнале парнага разраду беларус Максiм Мiрны i iзраiльцянiн Андзi Рам прайгралi iндыйска-багамскаму дуэту Махеш Бупацi — Марк Ноулз (4:6, 3:6). Жаночы бокс стане алiмпiйскiм У Алiмпiйскiх гульнях у Лондане ў 2012 годзе змогуць удзельнiчаць жанчыны-баксёры — такое рашэнне прыняло кiраўнiцтва Мiжнароднага алiмпiйскага камiтэта. Жанчыны будуць спаборнiчаць у трох вагавых катэгорыях, пры гэтым будуць адмененыя спаборнiцтвы ў адной вагавай катэгорыi ў мужчын. Алiмпiйскiм вiдам спорту ў 2016 годзе, як чакаецца, стане i гольф — пасля 112-гадовага перапынку. |