Гарналыжны курорт "Сонечная даліна" у гэтым сезоне могуць не адкрыць?

25.01.2010 17:50 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мінскі гарналыжны цэнтр “Сонечная даліна” ўрачыста адчынілі яшчэ 22 лістапада мінулага года. Потым высветлілася, што не правялі сістэму, якая аснежвае схілы. Яе абяцалі запусціць у сярэдзіне студзеня, але дагэтуль нічога не запрацавала. 
 
"Зараз мантуецца сістэма аснежвання. З Італіі прыйшло абсталяванне - помпавая станцыя высокага ціску, ідзе мантаж, наладка, потым будуць выпрабаванні. І потым мы ўжо зможам рабіць снег і адкрываць схілы", - распавёў карэспандэнту Еўрарадыё галоўны інжынер цэнтра Віктар Лукша.

На сёння снег ёсць толькі на нізе гары. Пакуль не працуе сістэма аснежвання, наверсе яго і не будзе. Натуральны снег там не ляжыць доўга, яго зносіць ветрам. Каб запусціць снежную сістэму, трэба пратэставаць яе. Пакуль на вуліцы вялікі мароз. І калі звычайна на лыжных курортах чакаюць халадоў, то тут, у “Сонечнай даліне”, наадварот, чакаюць пацяплення. Бо запускаць першы раз сістэму можна пры плюсавай тэмпературы.

"Як толькі спадуць маразы і можна будзе правесці гідравыпрабаванні трубаправодаў. А іх нельга тэставаць у маразы. Трэба тэставаць пры плюсавай тэмпературы, хаця бы плюс 1 градус, каб яна прастаяла дзень-два", - кажа Віктар Лукша.

Такім чынам, каб сістэма запрацавала, трэба, каб спачатку пацяплела, а потым зноў пахаладала. Толькі пры такіх умовах удасца аснежыць трасы. Але ці пашанцуе так з надвор'ем, зразумела, ніхто не ведае. Таму пакуль невядома, ці з'явіцца штучны снег у “Сонечнай даліне” ў гэтым сезоне.

Тым часам спецыялісты тэстуюць канатную дарогу. Яе будавала расійская кампанія "Скадо" - дачыннае прадпрыемства нямецкай Doppelmayr. Праводзіць выпрабаванні прыехаў памочнік дырэктара па мантажы Аляксей Матвееў.

"У Беларусі першая канатная дарога была ў Лагойску, фірма “Трайпл” была ў нас заказчыкам, потым з'явіўся гарналыжны курорт "Сілічы". Гэта трэці гарналыжны цэнтр, які пры нашым удзеле ствараўся".

Нават калі з надвор'ем неверагодна пашанцуе, то да лютага не будзе працаваць пракат. Будынак абяцалі адкрыць да 25 снежня. Але і зараз ён выглядае нейкім зусім незавершаным. Тут яшчэ ідуць зварачныя працы. 

У новым будынку абяцаюць пракат лыж, сноўбордаў і канькоў, кавярню на 50 чалавек і вучэбныя класы з трэнажорамі “Гарнастай”. Цяпер яго ўжо абяцаюць закончыць у лютым. Дырэктар цэнтра Іван Трубачоў кажа, што падводзяць будаўнікі.

А пакуль наведвальнікам прапаноўваюць за 3 тысячы пакатацца на табагане - гэта рэйкавыя санкі. Або можна са сваімі лыжамі і санкамі. За выхадныя тут бывае каля тысячы чалавек. Аматары горных лыж з надзеяй прыязджаюць паглядзець на ўласныя вочы, у якім стане схілы, і сыходзяць расчараваныя. Анатоль рабіў першыя крокі на лыжах менавіта тут, калі гара была яшчэ маленькая. Кажа, што цяпер яе значна паднялі і навічкам тут будзе складана.

"Хацеў паглядзець, у якім стане. Абяцалі пасля Новага года ўвесці - не ўвялі. Хацеў паглядзець, што тут рэальна. Паглядзеў, што за гара. З нашым шчасцем, калі тут увядуць, пяць год снегу не будзе. А тут і зіма добрая, і снегу шмат, але нейкія складанасці ў хлопцаў".

У планах “Сонечнай даліны” - каток, цюбінг, а на вадаёме хочуць паставіць буер - парусную яхту, толькі на каньках.


 

 

 

 

 

 


 
 
 

РЕКЛАМА