Выпрабаванне Люксембургам
07.06.2011
—
Новости Спорта
|
Сёння наша зборная згуляе супраць аўтсайдара групы Сёння ўвечары на стадыёне "Дынама" зноў вялікі футбол. Пасля нічыйнага выніку з Францыяй, у двух матчах з якой наша каманда ўзяла чатыры ачкі, нас чакае Люксембург. На першы погляд, усё вельмі проста — аўтсайдар групы D, які ў сваім актыве пасля шасці гульняў мае 1 ачко. Складанае пачынаецца, калі ўзгадаць нашы асабістыя сустрэчы з гэтым супернікам. Усе мы памятаем гэтую футбольную аплявуху падчас першых трэнерскіх эксперыментаў Бернда Штанге — пройгрыш у Гомелі 0:1 13 кастрычніка 2007 года ў матчы да Еўра-2008. А ў гэтым адборачным цыкле нулявая нічыя з гэтай камандай на выездзе, якой толькі мы і падарылі ачко. У чым складанасць гульні супраць Люксембурга, мы пацікавіліся ў Бернда Штанге. — Усе ў Еўропе ведаюць, што зборная Люксембурга гуляе з чатырма абаронцамі, перад якімі ланцугом стаіць яшчэ пяць гульцоў. Такая эшаланіраваная абарона: дзевяць гульцоў сканцэнтравана ў штрафной. Яны не імкнуцца дамінаваць ці самі гуляць у футбол. У лепшым выпадку стараюцца дасягнуць выніку праз стандарты. У першым матчы супраць Люксембурга мы дамінавалі — у нас 80 адсоткаў валодання мячом. Потым чырвоную картку атрымаў Карніленка. Мы пастараліся ўдзесяцёх выйграць, аднак не змаглі. Цяпер у нас час для рэваншу. Як гуляць супраць Люксембурга, Бернд таксама ведае: — З такім супернікам трэба быць цярплівым і мець добрыя нервы. Я немец, і вы ведаеце нямецкі менталітэт: мы людзі цярплівыя. Немцы забівалі Францыі і на 90-й хвіліне. Каманда павінна несці ўпэўненасць у сабе, і мы выйграем. Праўда, з такой абаронай, як у каманды Люксембурга, аднаго цярпення недастаткова. Патрэбны яшчэ і нападаючыя, каб яе прайсці. Ці рызыкне Бернд згуляць з двума нападаючымі? — З Люксембургам трэба гуляць, магчыма, не з двума, а з чатырма нападаючымі. Мы не павінны даваць прасторы суперніку. Аднак трэба і яшчэ штосьці памятаць. Наш нападаючы Андрэй Варанкоў прайшоў складаны чэмпіянат Украіны, адгуляў 90 хвілін з Францыяй, зараз згуляе з Люксембургам, а 11 чэрвеня пачынаецца моладзевы чэмпіянат Еўропы. Мы не павінны знішчыць Андрэя, трэба і гульцам даваць паўзы. Нападаючы Андрэй Варанкоў быў дэбютантам зборнай на тым злашчасным матчы ў Гомелі, прайграным Люксембургу. Мы спыталі ў Андрэя пра ўражанні і папрасілі ахарактарызаваць суперніка: — Я тады дэбютаваў у камандзе, спадзяваўся на станоўчы вынік. Але пазітыўных эмоцый не атрымаў. Я быў расстроены і незадаволены, доўга раздумваў, чаму так усё атрымалася. Зараз хочацца даказаць, што гэта была выпадковасць. Цяжка ахарактарызаваць Люксембург. Яны найперш у мяне выклікаюць асацыяцыі з абаронай, а не з сілай. Але ёсць да іх павага. Наша каманда рыхтавалася да матчу ўсе выхадныя: у суботу і нядзелю гульцы трэніраваліся, праўда, мелі і вольны час для таго, каб адысці ад спраў футбольных у коле сям'і і сяброў. У панядзелак камандзе прадэманстравалі відэанарэзку гульняў Люксембурга і ўказалі на моцныя і слабыя бакі суперніка. Напрыканцы Бернд Штанге ўзгадаў прыемную для сябе статыстыку сустрэч з Францыяй: — У якасці нацыянальнага трэнера я гуляў супраць Францыі 6 разоў. Адну гульню прайграў, тройчы выйграў, і дзве нічые. Але нас больш цікавіла статыстыка з Люксембургам: — Таксама пазітыўная. Здаецца, 2 перамогі, 1 нічыя, 1 паражэнне — збольшага пазітыўная, — не жадаючы ўзгадваць пра непрыемнае, коратка адказаў Бернд. Яшчэ адзін фактар, які можа згуляць не на карысць нашай каманды сёння ўвечары — паўпустыя трыбуны. Калі на матчы з Францыяй было прададзена толькі білетаў 29,5 тысячы, а з улікам запрашэнняў атрымалася больш за 30 тысяч балельшчыкаў, то з Люксембургам усё не так аптымістычна. Нягледзячы на тое, што білеты ўдвая таннейшыя, чым на зборную Францыі, ці пажадаюць нашы заўзятары ісці на матч з аўтсайдарам групы? Бернд Штанге таксама адзначыў ролю балельшчыкаў: — У матчы з Францыяй былі цяжкія фазы ў гульні. Але гледачы апладзіравалі камандзе, нават калі мяч выбівалі на трыбуны. Дзякуючы заўзятарам з дабаўленых 2 хвілін мы згулялі толькі 1.45 — так свісталі гледачы. На матч з Люксембургам я адкрыў бы стадыён для вольнага ўваходу, а тыя, хто набыў білеты, змаглі б па іх прайсці на Боснію. Але я павінен быць сканцэнтраваны на футболе, маркетынг — не мая справа... Нам жа застаецца перажываць за сваіх і верыць: пасля зорнай зборнай Францыі не перайграць Люксембург мы проста не можам. Становішча ў групе D: Францыя — 13 ачкоў (6 матчаў, розніца мячоў 9-2), Беларусь — 9 (6; 4-2), Румынія — 8 (6; 8-6), Албанія — 8 (5; 4-4), Боснія і Герцагавіна — 7 (5; 6-7), Люксембург — 1 (6; 1-11). Алена АЎЧЫННІКАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння наша зборная згуляе супраць аўтсайдара групы Сёння ўвечары на стадыёне "Дынама" зноў вялікі футбол. Пасля нічыйнага выніку з Францыяй, у двух матчах з... |
|