Пераможца парнага "Ралан Гарос" Максім Мірны: "У Парыжы не бывае "зліўных" матчаў". 21.by

Пераможца парнага "Ралан Гарос" Максім Мірны: "У Парыжы не бывае "зліўных" матчаў"

16.06.2011 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Яшчэ зусім нядаўна Максім Мірны быў зоркай беларускага спорту першай велічыні — перамогі ў Кубку Дэвіса і высокі рэйтынг на турнірах. Але спартыўны век кароткі — на змену поспехам Максіма прыйшлі гучныя перамогі іншых атлетаў, і Мірнага ўсё часцей запісвалі ў разрад ветэранаў. На мінулым тыдні Максім прымусіў узгадаць пра сябе: ён выйграў турнір Вялікага шлема — "Ралан Гарос" — у парным разрадзе разам з канадцам Даніэлам Нестарам. Гэта 39-ты парны тытул у яго кар'еры. Усяго ж Мірны мае 5 перамог на турнірах Вялікага шлема, 3 з іх — у Парыжы. Прыехаўшы ў Мінск, Максім расказаў чаму так і не адсвяткаваў перамогу ў сталіцы Францыі, чаму ён зайздросціць звычайным людзям і гатовы памяняцца з імі месцамі, і прызнаўся, што нават у крызіс не пашкадаваў, што ўклаў грошы ў беларускі бізнэс. Максім не шкадаваў сябе і расказваў, расказваў... А пасля гутаркі, калі Мікалай Мірны ўбачыў мокрую ад поту кашулю сына і не ўтрымаўся: "Ну, ты, Макс, быццам бы турнір згуляў".

— Максім, як адсвяткавалі перамогу?

— Ніяк яшчэ. Магчыма, у жніўні знойдзем час арганізаваць пампезнае святкаванне. Гуляць мы скончылі ў дзевяць вечара, а цягнік у Лондан адыходзіў у шэсць раніцы. Трэба было рыхтавацца да наступнага турніру ў Вялікабрытаніі.

— Вы прызвычаіліся да перамог, а як успрыняў перамогу ваш партнёр Даніэл?

— Што значыць, я прызвычаіўся? Ён прызвычаіўся яшчэ больш. У мяне 39 парных тытулаў, а ў яго — 72! Ён зараз самы тытулаваны гулец ІTP-тура. Мы з Даніэлам партнёры толькі на корце, таму прафесійна павіншавалі адзін аднаго. Калі б сябравалі па-за кортам, магчыма, больш аб'ёмна адсвяткавалі б. Хоць гэта важны этап у нашым жыцці. Здараецца, што людзі гуляюць 5-6 гадоў разам і не могуць выйграць Вялікі шлем. А мы пасля 6 месяцаў партнёрства пераадолелі гэты бар'ер.

— Для вас лепш сябраваць з партнёрам?

— Калі можна дасягнуць таго, што сапраўды сябруеш па-за кортам, то гэта будзе толькі на руку партнёрству і на выніку адаб'ецца так, як гэта мы бачым у братоў Браянаў.

— Максім, атрымліваецца, што французскія корты для вас шчаслівыя...

— Хочацца вярнуцца ў далёкі 91-ы год, калі адбылася мая першая паездка за мяжу ў складзе зборнай СССР. У камандзе 14-гадовых тэнісістаў я паехаў у горад Тарк на поўдні Францыі. Я паказаў самы лепшы вынік сярод членаў нашай каманды, дабраўшыся да чвэрцьфіналу. Тыя ўспаміны дзяцінства, якія звязаны з гэтым турнірам, мяне агортваюць падчас выступлення ў Парыжы. Увогуле на турнірах у Францыі ў мяне 7 перамог. Я заўсёды з азартам імкнуся вучыць французскую мову. Але ў мяне на гэта не хапае часу, і я "стопаруся" пасля кожнага чарговага параграфа. Але не страчваю надзеі пазнаць французскую лепш.

— Ваша перамога стала магчымай яшчэ і таму, што браты Браяны загадзя вылецелі...

— Мы не надта засмуціліся, што яны вылецелі. Выпадкова ў фінал ніхто не трапляе. На "Ралан Гарос" кожныя 2-3 гады выскоквае такая вось каманда, складзеная з добрых адзіночных гульцоў. Магчыма, таму, што гэта Парыж, прычым у тую пару года, калі ўсё квітнее навокал, таму не бывае там "зліўных" матчаў, якія сустракаюцца ў халодным асеннім Шанхаі, калі адзіночнікі, прайграўшы ў адзіночным разрадзе, спяшаюцца з'ехаць куды-небудзь у Еўропу і рыхтавацца да заканчэння сезона. У Парыжы ўсе абставіны спрыяльныя для таго, каб выступаць. Прычым на кортах "Ралан Гароса" такое пакрыццё, што можна тупа стаяць у абодвух ззаду і перамагаць. Гэтая пара, з якой мы сышліся ў фінале, у такую тактыку слепа верыла і, безумоўна, уяўляла сябе чарговымі чэмпіёнамі. Узрадаваўшыся, што Браяны прайгралі ў паўфінале, мы адразу ўздрыгнулі, бо не хацелі быць чарговай сенсацыяй у руках гэтых навічкоў на парным туры.

— Як вы выбіраеце партнёраў? Збоку здаецца, што вы можаце перамагаць у пары з любым тэнісістам?

— Гэта зусім не так. У 2008-м я выступаў з Джэмі Мюрэем, братам знакамітага Эндзі Мюрэя. Мы выдатна сябравалі, але выйграць нам удалося толькі на адным шэранькім турніры. І толькі тое, што мы Браянаў у фінале абыгралі, было нашым гонарам 2008 года. Ва ўсіх астатніх выпадках мы саступалі ва ўзроўні. Уступаючы ў партнёрства, ты аналізуеш: не мы абодва занадта непаваротлівыя ці наадварот; у нас самыя лепшыя рукі, ногі, мы ўсіх дагонім і пераможам.

— Здараецца, што ў выбары партнёра не сыходзіцеся ў меркаваннях з бацькам?

— Здаралася, і не раз. І на мой жаль, я вынікам не мог даказаць сваю правату. Былі выпадкі, калі бацькі не было на турнірах, і я прымаў рашэнні сам, і атрымлівалася, што яго флюіды спрацоўвалі на мой няпоспех.

— Вашы дзеці авалодалі ракеткай?

— Зараз яны з задавальненнем займаюцца два разы на тыдзень у нашым цэнтры ў Малінаўцы. Там выдатныя трэнеры, і мне падабаецца, як яны ставяцца да дзяцей. Калі мы жывём у Фларыдзе, то сумуем па нашых зімовых традыцыях. Непадалёк ад дома ёсць закрыты каток для падрыхтоўкі хакеістаў і фігурыстаў, дзеці і там займаюцца фігурным катаннем. Ад школы яны ездзяць на ўсходнія адзінаборствы. Такое агульнае развіццё, каб пасля яны маглі самастойна зрабіць выбар.

— Максім, ваш бізнэс у Беларусі павялічваецца: кавярня, тэнісны цэнтр, будаўнічая кампанія. Гэта значыць, што вашу будучыню вы звязваеце з вяртаннем у Мінск? Не пашкадавалі ў перыяд крызісу, што ўклалі грошы?

— Ніколькі не пашкадаваў. Не бывае крызісу бясконцага — чорная паласа змяняецца белай. Я таксама, маючы свае прадпрыемствы, імкнуся балансаваць, каб выжыць у гэты цяжкі перыяд. Але не сумняваюся, што ўсё пройдзе, проста трэба набрацца цярпення. Мы ж не афрыканскія плямёны, а нармальныя адукаваныя людзі, і ўсё ў нас павінна быць добра. А што да вяртання, то я і не з'язджаў. Проста апошнія 20 гадоў я вельмі актыўна раз'язджаю па свеце ў межах свайго турнірнага графіка. У мяне былі думкі развіваць штосьці пасля актыўнай спартыўнай кар'еры. З часам мы абраслі такімі актывамі ў выглядзе спартцэнтраў і рэстаранаў, каб пасля спорту было чым заняцца. Мне гэта прыносіць задавальненне, прычым мая сям'я вельмі дапамагае, асабліва бацька. Хочацца верыць, што я змагу зрабіць гэты пераход ад спартсмена да нармальнага чалавека, які займаецца іншай працай, прачынаецца ў адзін і той жа час кожную раніцу і ідзе спаць у адзін і той жа час. Калі прасачыць мой сённяшні тыднёвы графік, ён падаўся б вам дзікім, і вы б па-іншаму паглядзелі на жыццё прафесійнага спартсмена.

— Цікава, што там дзікага...

— Такія, рэчы, як харчаванне і сон, цалкам пераварочваюцца з ног на галаву. На турніры ў Квінсе на мінулым тыдні мы сядзелі на корце ад 8 да 10 гадзін проста ў чаканні выхаду. Адпаведна, калі ты выходзіш на корт, ты павінен быць гатовым лепш, чым супернік. Таму ты трэніруешся разы чатыры на дзень, есці пры гэтым не можаш, бо не ведаеш, праз 20 хвілін гуляць ці праз 2 гадзіны. Харчуешся арэшкамі ці семкамі, каб падтрымліваць узровень энергіі. Выходзіш, размінаешся, а потым зноў ідзе дождж... Ведаючы пра такія дні, ты, як хакеіст, прыходзіш з вялікім рукзаком з рэчамі, бо прыходзіцца 4 разы памыцца ў душы і пераапрануцца. Калі такі дзень заканчваецца і ўдалося згуляць, трэба дзесьці хутчэй павячэраць, каб назаўтра неяк устаць на ногі. Забягаеш па дарозе дадому, купляеш піццу ці сасіскі з сокам. Кладзешся спаць, а ў галаве пракручваецца карціна прайшоўшага дня. А калі прайграў — то гэта круціцца аж да раніцы. У сем раніцы звоніць будзільнік, усё трэба пачынаць нанава, а ты разумееш, што галава трохвугольная і перад табой стаяць новыя задачы. А патэлефанаваў дадому, там свае праблемы... Тыдзень за тыднем гэта накопліваецца. Прыходзіцца пераехаць з Масквы ў Шанхай, вярнуцца, а там туман, а там вулкан і вылет адмянілі... У нейкай ступені я зайздрошчу звычайным людзям. Давайце памяняемся ненадоўга?

— Наперадзе ў вас Уімблдон, падзяліцеся планамі на гэты турнір.

— Я намеціў трэніроўку на пятніцу ў Лондане, хачу зноў адчуць гэтую слізкую траву, некалькі разоў упасці, спадзяюся, што паспяхова, без траўмаў. Спадзяюся атрымаць позні старт, каб патрэніравацца 4-5 дзён і максімальна падрыхтавацца. А што датычыць выніку, то вельмі важна прайсці першы круг. Гэта і перадстартавае хваляванне, і самы лепшы час абыграць лідара, які не адчуў турнірнага духу і не разыграўся. Ну, а далей — куды коні вывезуць.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыехаўшы ў Мінск, Максім расказаў чаму так і не адсвяткаваў перамогу ў сталіцы Францыі, чаму ён зайздросціць звычайным людзям і гатовы памяняцца з імі месцамі, і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика