Гісторыя пра Ціхана
07.08.2012
—
Новости Спорта
|
Радзіма Ціхана вітала, але з Лондана ён вярнуўся без медаля. Нас заўжды вучылі, што Алімпіяда — свята жыцця і спартыўнай волі чалавека. Пад адным алімпійскім дахам знойдзецца месца і чэмпіёнам, і менш удачлівым атлетам. Аднак галоўнае для ўсіх — выступіць, пазмагацца за ўзнагароды, адчуць смак алімпійскіх спаборніцтваў.На жаль, сярод алімпійцаў ёсць тыя, каго загадзя просяць пакінуць Лондан. Сітуацыя з эпатажным швейцарскім футбалістам Мішэлем Марганэлі заслугоўвае асуджэння. Спартсмен так пакрыўдзіўся на паражэнне сваёй зборнай ад Паўднёвай Карэі, што ва ўласным твітары абразіў азіятаў. Зразумела, Марганэлі кіраваўся крыўдай і эмоцыямі, але падобныя паводзіны, мякка кажучы, некарэктныя, ім ёсць адно пакаранне — квіток на радзіму. Як яшчэ вучыць людзей адказваць за свае ўчынкі? Сітуацыя з адлічэннем вядомага беларускага малатабойца, трохразовага чэмпіёна свету Івана Ціхана з іншай сістэмы каардынат. Выпадак нечаканы, крыўдны для многіх балельшчыкаў, карані якога сягаюць у далёкі 2004 год... Усё вырашыла Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі (ІААФ). Ціхана адлічылі пасля нядаўняга паўторнага даследавання (вынік быў станоўчым) яго проб, узятых на Алімпіядзе ў Афінах і на хельсінкскім чэмпіянаце свету-2005. Цяпер допінг-пробы захоўваюцца на працягу 8 гадоў і могуць пераправярацца ў любы момант. Сам Іван пра вынік даследавання даведаўся яшчэ ў ліпені, але ўсё роўна вырашыў ехаць на галоўныя старты чатырохгоддзя. — Так, я ведаў, што проба "А" была станоўчай. Але па правілах яны маглі дазволіць выступіць на Алімпіядзе. Я на гэта спадзяваўся, але вырашылі інакш, — кажа Іван, якога ў аэрапорце "Мінск-2" разам з іншымі сустракаў карэспандэнт "Звязды". Ціхан сапраўды спадзяваўся на паўторны цуд, але яго не адбылося. Чатыры гады таму нібы з-за допінгу Івана і Вадзіма Дзевятоўскага пакінулі без бронзавага і сярэбранага медалёў Алімпіяды ў Пекіне. Толькі праз суд, неймаверную працу беларускі бок здолеў даказаць — у працы антыдопінгавай службы дапушчаны парушэнні, якія маглі паўплываць на вынікі аналізаў. Узнагароды нашым волатам вярнулі, міжнародную федэрацыю тады перамаглі, але крыўда, рэваншысцкія настроі чыноўнікаў ад спорту праявіліся менавіта перад лонданскімі стартамі. Чаму пра вынікі даследавання паведамілі не загадзя, а за некалькі тыдняў да пачатку? Здаецца, зрабіць гэта было няцяжка і, магчыма, спартсмену змяніць рашэнне было б прасцей. Але стрэмка глыбока засела. Дзейнічалі яны сапраўды вынаходліва, жорстка і проста не даравалі той нахабнасці Ціхану, які нават у суд звярнуўся, каб адстаяць свае правы. Гісторыя пра Івана — прыклад барацьбы чалавека з сістэмай у выглядзе ІААФ, якая ў чарговы раз даказала, у каго ёсць скіпетр і дзяржава, а хто ў пралёце. — Рабіць пэўныя рэзкія заявы, нешта казаць зараз наогул не мае сэнсу, — на пытанне пра чарговую барацьбу за правы кажа Ціхан. — Я не люблю мянціць языком проста так. Калі нешта рабіць — трэба рабіць. Безумоўна, імпэт чыноўнікаў крыху здзіўляе, але рашэнне нашых трэнераў — таксама. Аб пробе Івана стала вядома яшчэ ў ліпені. Далейшае рашэнне ІААФ можна было спрагназаваць. І яго адлёт у Лондан — сапраўдная рызыка. Рызыка, якая аказалася неапраўданай. Тарас ШЧЫРЫ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нас заўжды вучылі, што Алімпіяда — свята жыцця і спартыўнай волі чалавека. На жаль, сярод алімпійцаў ёсць тыя, каго загадзя просяць пакінуць Лондан.
|
|