Што забівае сэкс?. 21.by

Што забівае сэкс?

12.10.2010 10:57 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Што забівае сэкс?

Што парушае сэксуальную гармонію і што здольна яе аднавіць? Расказвае доктар-сэксолаг Мінскага абласнога псіханеўралагічнага дыспансэра Дзмітрый Капусцін.

— Дзмітрый Зіноўевіч, чаму на пачатку адносінаў усё бывае такім патэнцыйна аптымістычным, а праз нейкі час — ні аптымізму, ні патэнцыі? Навошта мы ўступаем у шлюб, калі ён забівае ўсё самае цікавае дашлюбнае?

— Гэта пытанне нумар адзін — матывацыя пры ўступленні ў шлюб. Сэксуальныя дысгармоніі ва многім закладваюцца менавіта ў момант стварэння шлюбнага саюза. Пры абмеркаванні праблемы дысгармоніі ў сэксе я пытаюся ў пацыентак, чаму яны выйшлі замуж менавіта за гэтага чалавека, чым ён уразіў? У адказ звычайна чую: зацяжарала, узрост падышоў, сябры раілі або яшчэ лепш — а больш не было прэтэндэнтаў, дзякуй, што гэты прапанаваў.

Другі важны момант. Калі жанчына апісвае вартасці, якія ёй падабаліся ў партнёры, — гэта звычайна досыць сціплы пералік, а калі размова заходзіць аб тым, што ёй хацелася б змяніць у сваім мужчыне, дык гэты спіс можа быць у разы даўжэйшым. Шэраг жанчын ідуць у шлюб з думкай, што зробяць з каменя алмаз. Гэта вельмі вялікая памылка.

Трэці момант. Нават калі жанчына бачыць у сваім партнёры шэраг станоўчых момантаў — не п’е, не курыць, добра зарабляе, ёсць перспектывы росту, любіць і г.д., яна можа забывацца паставіць перад сабой яшчэ адно важкае пытанне: а што асабіста я адчуваю ў дачыненні да гэтага мужчыны? Платанічнае пачуццё абавязкова нараджаецца з пасылу «мне з ім цікава», «мне хочацца яго ўбачыць». Але праз нейкі час павінна з’явіцца і патрэба ў ласках, дотыку. Жанчына павінна жадаць абдымкаў, марыць аб пацалунках… Абуджэнне эратычнага лібіда сведчыць аб тым, што нешта можа атрымацца. Вось яна, аснова для шлюбу.

— А выпрабоўваць партнёра ў сэксе да шлюбу трэба?

— Гэта зусім не гарантыя будучай гармоніі. Нейкія сур’ёзныя паталогіі сустракаюцца ўсё ж такі рэдка. Таму што там правяраць?! Хоць большасць разважае прыкладна так: давай паспрабуем, ці спадабаецца… Дарэчы, мужчыны, якія знаёмяцца на сайтах, на першым спатканні разглядваюць жанчын як тавар. Маўляў, ну-ка, пакруціся… Ага, добра, пайшлі да мяне, пакажаш, на што ты здольная: спадабаецца — можа, будзем сустракацца. Што характэрна, 6–7 дзяўчат з дзесяці ідуць не раздумваючы…

— Мне здаецца, якімі б правільнымі ні былі матывацыі і выпрабаванні да шлюбу, сэксуальная дысгармонія можа заявіць аб сабе літаральна ў самым пачатку сумеснага жыцця…

— Бо пачалася звычайная прыцірка, якая доўжыцца ў сярэднім на працягу года. Калі за гэты час пара не разбягаецца, значыць, партнёраў нешта трымае, і, зноў жа, ёсць падставы разлічваць на нейкую трываласць саюза ў будучым.

У сямейным жыцці бакі высвятляюць для сябе шэраг новых нюансаў аб партнёры. У мяне быў такі выпадак. Пацыентка сем гадоў пражыла ў грамадзянскім шлюбе. Партнёр настаяў на тым, каб яны стварылі сям’ю. Праз месяц пасля роспісу яна зацяжарала, а праз чатыры прыйшла да мяне з праблемай: хачу развесціся! Як жа так? — пытаюся. «Толькі цяпер, калі я зацяжарала, зразумела, што ён… ідыёт!».

Уступаючы ў шлюбныя адносіны, мы, па-першае, нечага адзін ад аднаго чакаем, а, па-другое, часам самі нават не ведаем, якой будзе наша рэакцыя на тое, што мы будзем адкрываць у нашым партнёры. Усё ж такі жыць разам пачалі абсалютна розныя людзі — з рознымі ўстаноўкамі, розным выхаваннем, розным сэксуальным вопытам. З двух асобных сцэнарыяў трэба напісаць адзін, агульны. Кожнаму пры гэтым ад нечага давядзецца адмовіцца, а штосьці дадаць…

Вось вам сітуацыя. Муж прыходзіць да жонкі з прапановай: усе кажуць, што вось гэта нічога, — давай паспрабуем… Яна: не хачу, гэта цяжка, брыдка і г.д. Ён, вядома, можа сказаць: ладна, давай па-стандартнаму, як раней. Але ж для яго гэта «прапанова» можа быць важнай. І калі так, то думка, якая зарадзілася, нікуды не знікне. Жонцы застаецца думаць, як хутка і з кім муж захоча рэалізаваць сваю фантазію… Наогул мудрая жанчына ведае: манатоннасць забівае цікаўнасць. З аднаго боку, сэксуальнае жыццё трэба проста падтрымліваць, яно павінна быць рэгулярным, стабільным, з другога, — толькі не аднастайным. Бывае ж так: жонка прыгажуня, разумніца, а ён знайшоў сабе на баку штосьці шэранькае. Навакольныя здзіўляюцца: ну, не дурань? Але ж гэта шэранькае — нешта новае. Без элементу навізны мужчынская сэксуальнасць затухае.

— Было б зразумела, калі б гэтае затуханне пачыналася гадоў праз дваццаць сумеснага жыцця, але ж, наколькі я разумею, манатоннасці трэба пазбягаць з першых шлюбных дзён?

— Як ні крыўдна гэта вымаўляць, затуханне сэксуальнай функцыі ў мужчын пачынаецца дзесьці пасля 25–27 гадоў, а пасля 40 гадоў мы цвёрдым крокам ідзём «з кірмашу».

Французы ў прынцыпе кажуць, што да 30–32 гадоў мужчына галоўны ў сэксе, задае мелодыю. Жанчына ж падладжваецца. Праўда, калі ён пры гэтым не прыслухоўваецца да таго, як адгукаецца яго мелодыя ў партнёрцы, то гэта, зноў жа — дысгармонія.

Пасля 30–35 гадоў мужчына яшчэ можа нейкі час «плыць па цячэнні», але мудрая жанчына павінна перахапіць ініцыятыву і павесці мужа за сабой — пачаць спакушаць яго бялізнай, касметыкай, харчаваннем, паводзінамі… Павінна быць пастаянна новай, але пры гэтым добра разумець, што яму трэба. Калі для мужчыны сэкс важны, а жонка гэта ігнаруе, то пасля 40 гадоў мужа павядзе за сабой іншая жанчына.

— Для жанчыны сэкс можа быць настолькі важным як для мужчыны?

— Ад жанчыны, для якой сэкс выходзіць на першае месца, збяжыць любы мужчына. Ён будзе занепакоены адным пытаннем: а раптам я не змагу? У маёй практыцы былі рэдкія выпадкі, калі такія жонкі прыходзілі з мужамі і скардзіліся, маўляў, я яму і паказваю, і расказваю… Доктар, ну скажыце ж вы яму! А той муж сядзіць і думае: во трапіў…

— А што мужчыну вымушае ўзяць шлюб?

— Для моцнага полу сэкс — нармальная матывацыя. У прынцыпе, для мужчыны сэкс павінен стаяць не далей за 2–3 месца ў спісе 6–7 асноўных прычын жадання быць разам з жанчынай. За выключэннем ранняга юнацтва, калі сэкс адназначна займае першае месца. Калі мужчына жэніцца на добрай чэкавай кніжцы, значыць, будуць праблемы. Сэкс для мужчыны ўсё роўна важны, а ад колькасці грошай, заробленых партнёркай, ніводзін не здольны ўзбудзіцца.

— Што ж патрэбна моцнаму полу?

— Эратычны аб’ект. За 11 секунд ён аглядае спераду грудзі, талію, клубы, ногі, твар, ззаду — талію і ягадзіцы, пасля чаго становіцца зразумелым, ці заслугоўвае аб’ект далейшай увагі.

Знешнасць для мужчыны з’яўляецца вядучай у сэксе. Моцны пол падкі на цела. Але ж, на вялікі жаль, гэта цела не кладзецца ў ложак па першым патрабаванні! Таму ёсць два варыянты: аблізнуцца і сказаць сабе «не надта і хацелася» або «куды мне — лысаму ды з маёй патэнцыяй…». Або думаць, як заваяваць…

Чым больш упэўнены ў сабе мужчына, чым больш ён цэніць сябе, чым больш прывабна выглядае, чым больш перамог над жанчынамі ён атрымаў, тым лягчэй яму даецца практыка заваявання. Але, на жаль, такія, як правіла, ужо не спыняюцца. Рэдкі прыгажун-«разведчык» усведамляе, што яму пашанцавала з жонкай і пачынае ігнараваць бясконцую колькасць іншых целаў. Каб спыніцца, патрэбныя неверагодныя маральныя ўстаноўкі, трэба, каб станавілася брыдка ад думкі, што прылегчы вось з гэтай дзяўчынай не праблема, бо гэта — цела, а дома — не толькі цела, але і Асоба…

Між іншым, многія жонкі дарэмна крыўдзяцца на мужоў, якія разглядваюць іншых жанчын, адзначаюць, у каго лепшыя ягадзіцы. Мужчыну можа цалкам задавальняць тое, што ў яго ёсць, але заплюшчыць вочы ён не ў стане.

— Цудоўная падстава для дысгармоніі…

— Так, падстаў для дысгармоніі — безліч. Тут не можа быць ніякіх агульных залатых рэцэптаў і правілаў. Пахіснуць сэксуальную гармонію можа любая акалічнасць. І не абавязкова гэта будзе здрада… Дапусцім, муж добра зарабляў, і раптам пачаў прыносіць менш. Часам нават цяжка дакладна сказаць, што першаснае: праблемы з сэксам выліліся ў праблемы з фінансамі ці наадварот?

І для мужчыны, і для жанчыны могуць быць важнымі нюансы, не звязаныя напрамую з сэксам. Напрыклад, партнёр перастаў сачыць за сабой, захварэў, падвёў сяброў… Гэта паўплывае на сэксуальныя адносіны партнёркі? Можа, вельмі моцна, а можа, гэта скажацца праз некалькі гадоў. Адзін пацыент гаварыў, што ўсё жыццё шукаў ідэал — 90-60-90, з-за чаго жаніўся толькі ў 30 гадоў. Глядзеў на выбранніцу і сам сабе зайздросціў. Хто куды бег пасля работы, а ён дадому. Прычым сапраўды пашанцавала: не толькі цела выдатнае, але і чалавек аказаўся добры. Аднак пасля нараджэння другога дзіцяці адбыўся нейкі збой у арганізме, і 90-60-90 ператварыліся ў 136 кг. А ён візуаліст, сэкс стаў практычна немагчымым. Аднойчы жонка яму сказала: знайдзі сабе жанчыну, маўляў, каб ты не пасталеў заўчасна. Разумная жанчына: ведала, што мужчына, які не эякулюе, хутчэй сталее. Гадоў дзесяць пасля такога дазволу ён нават думаць не хацеў пра здраду. Потым выпадкова пазнаёміўся з маладой дзяўчынай. Сувязь працягвалася два гады. Палюбоўніцы было далёка да жонкі. Акрамя таго, яму стала цяжка ўсведамляць, што ад яго чакаюць толькі сэксу… Словам, сям’я захавалася. Калі мы гаворым пра гармонію, то маем на ўвазе давер. Як бы ні паступіў наш партнёр па шлюбе, мы павінны падтрымаць яго.

— Значыць, праблемы пачынаюцца тады, калі няма даверу?

— Давер — паняцце шырокае. Прасцей сказаць, важна, ці задаволеныя мы тым, што маем. Скажам, існуе паняцце палавой канстытуцыі. Яна вызначае патрэбу і здольнасць здзяйсняць палавыя акты. У аднаго гэта можа быць раз у 2–3 гадзіны, а ў іншага — раз у 3–5 дзён. І тут немагчымая ніякая карэкцыя, бо адразу ж узнікне незадаволенасць, а значыць, і дысгармонія. Патрэбная адпаведнасць.

— Гэту адпаведнасць можна як-небудзь разгледзець яшчэ да сэксу?

— Тут ёсць прамая сувязь з тэмпераментам. Калі мы не падыходзім адно аднаму па тэмпераменце, то ёсць высокая верагоднасць, што і ў сэксуальным сэнсе мы не дасягнем узаемаразумення.

— Мужчыны кажуць: пасля трэцяй чаркі ўсе жанчыны — прыгажуні (падыходзяць, значыць, для сэксу). Аднак жанчыны нечага падобнага пра мужчын сказаць не могуць… Малавата мужчын, цікавых з сэксуальнага пункта гледжання…

— Важную ролю ў фарміраванні мужчыны іграе бацька. А ў нашых сем’ях, як вядома, татаў часцяком няма побач. Выхаванне ж хлопчыка без бацькі або з бацькам, не здольным паказаць добры прыклад мужчынскіх паводзінаў, пагражае трансфармацыяй палавой ролі. Такі мужчына будзе або агрэсіўным, або падатлівым, не здольным узяць на сябе адказнасць, а значыць, не стане актыўным «разведчыкам». Гэтым мужчынам, дарэчы, дастаюцца актыўныя жанчыны. Пры гарманічным раскладзе даганяць самку, прымаць рашэнне павінен самец. Слабы самец ні за кім не ганяецца. Яго даганяе актыўная самка. Аднойчы моцным самкам хочацца адпачыць і перакласці груз на плечы мужчыны. Але ж не тут было.

— Пячатка ў пашпарце, здаецца, усё ўскладняе. А, можа, у так званым грамадзянскім шлюбе дысгармоній менш?

— У прынцыпе, менш. Сужыцельства дазваляе выпрабаваць псіхалагічную і сэксуальную сумяшчальнасць, у такой сітуацыі прасцей разысціся. Сапраўды, такім чынам пара дамаўляецца, што будзе жыць разам, пакуль абодвух усё задавальняе. Калі што, можна бяскроўна развітацца на наступны дзень. А шлюб — гэта ўкладанні ў агульны кацёл, і нярэдка пры гэтым аказваецца, што развітацца фактычна немагчыма. Адна пацыентка неяк скардзілася на мужа: і п’е, і гуляе, і на ганарэю захварэў. Я прапаную выйсце: разысціся. Яна: дык у мяне ж ні кватэры, ні працы, ні грошай…

Нягледзячы на вялікую колькасць разводаў, шлюб усё роўна застаецца досыць трывалай формай суіснавання двух людзей. Пры заключэнні шлюбу мы тым самым даём адно аднаму зразумець, што хочам быць разам і, калі што, — прытромся. Паскандалім, але памірымся.

Падзяліцца навіной: 
Звязда
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гутарка з сэксолагам Дзмітрыем Капусціным.

Комментарии


 
 
 


Архив (Новости Культуры)

21.by в социальных сетях


Яндекс.Метрика