Ен знітаваны з памяццю быліннай
13.08.2011
—
Новости Культуры
|
Да 75-годдзя з дня нараджэння Пятра Захарава Пётр Сяргеевіч Захараў нарадзіўся 5 жніўня 1936 года ў вёсцы Карпавічы Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. У 1958 годзе скончыў Віцебскае мастацка-графічнае вучылішча і быў накіраваны ў Мазыр. З 1960 года – загадчык мастацка-пастановачнай часткі Мазырскага народнага тэатра, а затым – галоўны мастак тэатра-студыі – "Верасень" і драматычнага тэатра імя І.Мележа. З 1975 года – мастак Гомельскага камбіната "Мастацтва" мастацкага фонду Беларусі. Лаўрэат усесаюзных фестываляў самадзейнага мастацтва (1967, "Раскіданае гняздо" Я.Купалы, залаты медаль) і 2-га – народнай творчасці (1986-1987, "Паўлінка" Я.Купалы). Лаўрэат агляду 1983-1985 гг. ("Трыбунал" А.Макаёнка), Міжнародных фестываляў "Рампа дружбы" ў 1976 г. ("Талін", "Трыбунал" А.Макаёнка), у 1986 (г. Вільяндзі, Эстонія, "Люцікі-кветачкі" Г. Марчука, Гран-пры). Удзельнік мастацкіх выставак з 1965 года. Узнагароджаны медалём "За за-слугі ў выяўленчым мастацтве (2001). Член Саюза мастакоў Беларусі з 1980 года. Пятро Сяргеевіч – карэнны паляшук. Змалку быў прывязаны да працы. Яго ўражлівая душа на полі ў гарачы час жніва і на лузе ў час касавіцы шукала і знаходзіла тое таямнічае ўлонне прыгажосці, якое потым успыхнула палымянай зоркай таленту. Хлопчык вельмі любіў старую дуброву каля вёскі. Яму здавалася, што векавыя дубы магутнымі кронамі дакранаюцца да зорак. Ён гладзіў іх шурпатую кару, залазіў на верхавіну, уяўляў сябе птушкай, волатам, звонка спяваў. Відаць, голас гэтага ўражлівага дзіцяці быў пачуты там, на нябёсах. Яго малюнкі захаплялі настаўнікаў, аднавяскоўцаў. Пасля заканчэння Віцебскага мастацка-графічнага вучылішча юнак едзе ў Мазыр і працуе некалькі месяцаў настаўнікам у Калінкавічах. Пасля службы ў арміі вяртаецца ў Мазыр і назаўжды звязвае свой лёс з тэатрам. Ён не толькі мастак-дэкаратар, загадчык пастановачнай часткі, але і артыст, самабытны выканаўца. Яго проста прымусілі паверыць у неабходнасці паяднання гэтых місій. Янка Купала. Яго "Раскіданае гняздо". Як беражліва выношваў мастак у сваім сэрцы думу аб афармленні гэтага шэдэўра беларускай і сусветнай літаратуры! У гэтым творы ўвасоблены найлепшыя рысы беларуса, глыбінны філасафізм беларускай душы. Спецыфіку мастацкіх пошукаў Пятра Сяргеевіча вельмі трапна характарызуе Міхась Яўхімавіч Колас у артыкуле "Мастак народнага тэатра" ("Камуніст Палесся", 1 мая 1971 г.) "Работа мастака – бясконцы пошук. Вылучаючы законы сцэны, Пятро Захараў шукаў новыя прыёмы афармлення спектакляў, іншы раз кідаючыся ад жывапісу да канструкцыі. Пройдзе многа дзён, пакуль з'явяцца новыя накіды. Паступова яны павялічваюцца, ясней вырысоўваюцца контуры задуманага і ўрэшце работа гатова", – адзначае рэжысёр. У Маскве на сцэне Крамлёўскага тэатра работа мастака была ацэнена залатым медалём і дыпломам лаўрэата. Акрамя таго, у час абмеркавання спектакля была адзначана цяга Пятра Захарава да выключнай праўдзівасці, сімвалічнасці, творчай самабытнасці. Па каліву, па крупінцы збіраў мастак залацінкі нацыянальнага каларыту ў афармленні "Раскіданага гнязда". На сцэне рэшткі напалову разбуранай сялянскай хаты. Белая печ з чорным комінам. Побач з печчу ложак, над якім створана нешта накшталт саламянай страхі – часовага паратунку ад дажджу і ветру. Так выглядае левая палова сцэны. Печ – сімвал цяпла і ўпарадкаванасці ў вясковай хаце – не выконвае сваёй місіі. Бо хата па загаду паноў разбурана. Парушаны кругазварот жыцця, карані роду, нацыі, народа. З правага боку сцэны – кола ад сялянскага воза. Выгнаннікі застаюцца сам-насам з бядой, паміж зямлёй і небам. Кола ад лёсу жыццёвага адвалілася. Здавалася б, як усё проста, геніальна проста! А за гэтай прастатой кіпучая праца розуму мастака, бяссонныя ночы, бясконцы пошук. Захараў у "Раскіданым гняздзе" скрупулёзна працуе не толькі над дэкаратыўным афармленнем, але не менш пільную ўвагу надае касцюму акцёра. Астральны колер беларусаў – белы і чырвоны. Мастак не раз'ядноўвае гэтую спакон веку ўсталяваную ў этнічнай культуры народа каляровую гаму: ён толькі ашчадна, беражліва дапаўняе яе чорным і шэрым, суровымі фарбамі смутку. Высока ацаніў афармленне спектакля "Раскіданае гняздо" доктар мастацтвазнаўства Уладзімір Іванавіч Няфёд у артыкуле "Шлях да майстэрства" ("Звязда", 17 сакавіка 1967 г.): "Спектакль у лепшым сэнсе слова ансамблевы. Удалося дэкарацыйнае афармленне (мастак П.Захараў). У афармленні, як і ва ўсім спектаклі, захавана мера верагоднасці і тэатральнай выразнасці. Глядзіш спектакль і думаеш: малайцы, мазыране!" Амаль адначасова з "Раскіданым гняздом" ішла руплівая праца над пастаноўкай казкі С.Міхалкова "Зайка-зазнайка", а затым "Двух клёнаў" Я.Шварца. Рукамі і сэрцам мастака была створана такая дэкарацыя, якая пералівалася, зіхацела, абу-джала дзіцячую фантазію, стварала атмасферу таямнічасці, загадкавасці, сапраўднай казачнасці. У казцы "Зайка-зазнайка" мне даручылі ролю Лісы. Пятро Сяргеевіч паказаў эскізы касцюмаў. Ліса ўжо ў першапачатковым плане была своеасаблівай. У яе знешнім вобліку паядноўвалася эфектная грацыёзнасць модніцы ў пальчатках з сялянскай спаднічкай, пушыстай рыжай хусцінкай, завязанай па-вясковаму. І грым для Лісы Захараў прыдумаў адмысловы: вельмі яркі румянец і пульхныя, ярка нафарбаваныя вусны, якія зверху выходзілі за межы ліній, абазначаных прыродай, і нечым нагадвалі вусны паненак пачатку мінулага стагоддзя. Задума мастака была трапнай і вынаходлівай. Лісіца не толькі модніца, прыгажуня, але і сквапная, хітрая, непрадказальная драпежніца. У адзіным рытме працаваў калектыў тэатра над стварэннем спектакляў "Партызаны" К.Крапівы, "Людзі на балоце" І.Мележа, "Паўлінка" Я.Купалы, дзе былі заняты каля 30-40 артыстаў. Сярод аформленых Захаравым спектакляў не менш значныя "Брама неўміручасці" К.Крапівы, "Трыбунал" А.Макаёнка, "Краіна Айгуль" М.Карыма, "Адкуль грэх" А.Петрашкевіча, "Люцікі-кветачкі" Г.Марчука і іншыя. Пятро Сяргеевіч не толькі выконваў абавязкі мастака. Яго залатыя рукі здатны на ўсё. Не хапае грошай на дарагія стройматэрыялы і касцюмы. З нейкіх, здавалася б, зусім не прыдатных для ўжытку рэчаў на сцэне ўзнікала галерэя дэкаратыўных элементаў, якая ўрастала каранямі ў глебу мастацкага твора. Жыццёвы вопыт, неадольная прага да спазнання айчыннай і сусветнай культуры дапамагаюць Пятру Сяргеевічу здабыць тое рацыянальнае зерне ў афармленні спектакля, якое надасць магутны імпульс, самабытнае рашэнне ўсёй сцэнічнай пастаноўцы. Адна з лепшых прац мастака – афармленне спектакля "Людзі на балоце" паводле аднайменнага рамана І.Мележа. Ён і тут застаўся верным абранаму з даўніх часоў мастацкаму прынцыпу – лаканізм, спалучэнне суровай рэалістычнасці і сімволікі, якія не толькі адцянялі б структуру спектакля, але і дапамаглі б глыбей адчуць сутнасць нацыянальнага светапогляду, гістарычную перспектыву, менталітэт беларусаў-палешукоў. На першым плане – памост, дарога ў вялікі свет, па якой праходзяць куранёўцы. Гэта дарога жыцця, радасці і пакуты, створаная іх нястомнай працай, марамі, расчараваннямі і горыччу. Памост крыху нахілены. Ён нагадвае раскрытую кнігу, а, магчыма, чалавечую далонь, на якой размешчаны лініі лёсу людзей на балоце, нашых дзядоў і прадзедаў. На гэтай далоні паводле задумы рэжысёра Коласа і мастака Захарава кіпіць жыццё палешукоў: праходзяць сходы, будуецца грэбля, адбываецца першае спатканне Ганны і Васіля, нешчаслівае вяселле Ганны і Яўхіма, прыход маслакоўцаў, арышт Васіля. Трагічны воблік Ганны пасля пахавання дзіцяці падаецца ў новым дэкаратыўным рашэнні. На сцэне зацямненне. Збоку высвечваецца крыж. Цень ад крыжа стварае ўражанне, што дзеянне адбываецца на могілках. Пахілены крыж – сімвал пакутніцкай долі беларусаў. Ён нахіліўся, але не ўпаў. Пахілены крыж нагадвае трагічны час сталінскіх рэпрэсій, рэвалюцыйных бур, калі здымалі і скідвалі са званіц крыжы, калі вынішчалі спрадвечныя народныя святыні. Аб гэтым яскрава сведчыць воблік Міканора, які на вачах у бацькоў здымае ў хаце абразы. Дэкарацыі ў "Люціках-кветачках" Г.Марчука адпавядаюць камедыйнай сітуацыі, створанай аўтарам п'есы. У цэнтры сцэны – рознакаляровая саматканая дзяружка-шырма з ласкутнай аплікацыяй. Зала пацяшаецца, калі гэтая аплікацыя, самаробныя круглыя коўрыкі з абрэзкаў, якія звычайна кладуць пад ногі, ператвараюцца ў шчыты для абароны. Сусудзі Кузьма Знайдзён і Якаў Лятун у час сваркі з пагрозай трасуць імі перад носам адзін у другога, падскокваюць, як пеўні. Імправізацыйная рэпрыза, завостраны мімічны дуэт набывае яшчэ большы камедыйны рэзананс з-за таго, што Лятун А.Лазарэўскага амаль напалову меншы па фактуры за Знайдзёна М.Коласа. І ад гэтай аказіі гледачы ў захапленні. Гумар, вясёлы смех гаспадараць на сцэне і ў зале. "Пастаноўка "Люцікаў-кветачак" вызначаецца добрым, цікава задуманым і выкананым афармленнем. Мастак П.Захараў лаканічна, з улікам спецыфікі народнага тэатра, стварыў запамінальны вобраз спектакля з яго настроем шчырасці і вясёлым рытмам", – пісаў у артыкуле "Палескі вадэвіль" драматург Уладзімір Міхайлавіч Іскрык (ЛіМ, 12 ліпеня 1974 г.). Аўтар артыкула аналізуе "добра, з густам пастаўлены спектакль", выразнасць мізансцэн і падкрэслівае, што "ніводная дэталь афармлення, ніводнае слова не губляецца марна". Летам 1986 года ў эстонскім горадзе Вільяндзі на Міжнародным фестывалі "Рампа дружбы" гэты спектакль атрымаў Гран-пры. Асобнай увагі заслугоўвае цыкл жывапісных палотнаў, створаных П.Захаравым – майстрам жывапісу. "Ад яго карцін атрымліваеш радасць, надзею, веру". Так назвала свой артыкул, прысвечаны Пятру Сяргеевічу, загадчыца філіялам Нацыянальнага мастацкага музея Тамара Рыгораўна Анісімава ("Жыццё Палесся", 20.01.1998 г.). "Цікава, што майстэрства мастака-дэкаратара тут не перашкаджае, наадварот, яно прыходзіць на дапамогу. Умела арганізоўваецца прастора карцін. Само палатно ўспрымаецца як катэгорыя вобразная, сцэнічна завершаная, прычым, не застыўшая, а энергічная і рухомая. У гэтых творах ён, як правіла, адыходзіць ад канкрэтнага пейзажу, болей мысліць, фантазіруе, даводзячы задуманае да высокага эпічнага гучання". Нельга не пагадзіцца з вопытным мастацтвазнаўцам і з тым, што ў мастацкай палітры Захарава арганічна ўзаемадзейнічаюць эпічнасць і тонкі пранікнёны лірызм. Мазырскія пейзажы П.Захарава ўражваюць сваёй праўдзівасцю, паэтычнасцю, дасканаласцю фарбаў, філасафічнасцю. Адчуваецца, што ён як творца знаходзіцца ў штодзённым пошуку. Праца яго акрыляе, надае жыватворную духоўную сілу, спакой і ўпэўненасць. Палескім водарам акрылена яго душа. З якой пяшчотай малюе Пятро Захараў нашу раку – каралеву Палесся Прыпяць! На першым плане аднайменнай карціны – абрывісты цёмны бераг з белымі пасмамі снегу. Тры адзінокія дрэвы пільна ўглядаюцца ўдалячынь. На вадзе ільдзіны, падобныя на кветкі. Дзесьці з-за цёмных хмар выглянула сонейка, пацалавала іх халодныя пялёсткі, і яны засвяціліся, адплываючы ад крыгі ў нейкім дзівосным, адчайным танцы. А за ракой – залаты плёс. На небе стоўп святла, які нагадвае айсберг. Рака здаецца велічнай, бяздоннай, як вечнасць. Карціна "Апошні рэйс" вельмі блізкая па духу да папярэдняй. На першым плане – заснежаная зямля, на высокім беразе Прыпяці чатыры вяночкі дробнай расліннасці. Пяць маладых таполяў. Іх галіны, працягнутыя ўвышыню, нібы ў малітве да нябёсаў, яшчэ дыхаюць восеньскім жыватворным агнём. Крыгі наязджаюць адна на адну. Прыпяць у прадчуванні зімовага сну. Белы вэлюм ахінае яе, расце на вачах, зіхаціць, пераліваецца, запаўняе сабой усю прастору. Неба ў снежных хмарах. Засталася яшчэ чыстая палоска цёмна-шэрай вады, па якой плыве белы параход, развітальна ўглядаючыся ў раку. Кусты вербалозу яшчэ з ружовым адценнем, але ўжо гатовы прыняць ад зімы белы пуховы ўбор, чакаюць яе. Ад карціны вее шырынёй, свабодай, змірэннем. Каля карціны "Мой родны кут" Пётр Сяргеевіч успамінае дзяцінства: "Гэта маё Палессе, старыя дубровы, волаты-дубы. Бывала, ускарабкаюся на алешыну, прывяжуся, каб не ўпасці, дудку зраблю, іграю да стомы. Засну. Прачнуся – коні ў аўсе. Бацька працаваў конюхам у калгасе, дзед быў знакамітым бондарам". Паляшук, які ўвабраў водар роднай зямлі, высокаадукаваны прафесіянал, выдатны мастак-дэкаратар і майстар пейзажу. Інтэлігент, інтэлектуал са сваім адметным поглядам на жыццё. Чалавек-глыба, чалавек з нястрымным тэмпераментам творцы. Такі ў маім уяўленні Пётр Сяргеевіч Захараў. Галіна ДАШКЕВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пятро Сяргеевіч – карэнны паляшук. Змалку быў прывязаны да працы. Яго ўражлівая душа на полі ў гарачы час жніва і на лузе ў час касавіцы шукала і знаходзіла тое... |
|