Аляксандр Лукашэнка: "Усе вострыя праблемы ў эканоміцы Беларусі павінны быць эфектыўна вырашаны на працягу чэрвеня". 21.by

Аляксандр Лукашэнка: "Усе вострыя праблемы ў эканоміцы Беларусі павінны быць эфектыўна вырашаны на працягу чэрвеня"

28.05.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Усе актуальныя праблемы ў эканоміцы Беларусі павінны быць эфектыўна вырашаны на працягу чэрвеня. Такую задачу паставіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 мая перад урадам і Нацыянальным банкам на нарадзе, прысвечанай актуальным пытанням эканомікі, у прыватнасці цяперашняй сітуацыі на спажывецкім і валютным рынку, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Улічваючы важнасць і актуальнасць абмяркоўваемай тэмы, на мерапрыемства былі запрошаны вышэйшыя службовыя асобы краіны, члены Урада, губернатары, кіраўнікі некалькіх банкаў.

Прэзідэнт дакладна абазначыў мэту нарады: не кадравыя чысткі эканамічнага штаба краіны, а недапушчэнне паўтарэння ў далейшым існуючай на сёння эканамічнай сітуацыі і выпрацоўка мер дапамогі людзям і падтрымкі вытворчасці.

Адкрываючы нараду, Аляксандр Лукашэнка нагадаў Ураду і Нацыянальнаму банку аб першараднай задачы, на вырашэнні якой неабходна сканцэнтраваць усе сілы і сродкі — за самы кароткі тэрмін у цесным узаемадзеянні ліквідаваць дыспрапорцыі, накопленыя апошнія гады, і забяспечыць дынамічнае збалансаванае развіццё эканомікі.

У пачатку нарады Прэзідэнт прывёў звесткі закрытага даследавання па грамадскай думцы ў краіне. Згодна з маніторынгам за два апошнія месяцы колькасць грамадзян, упэўненых у заўтрашнім дні, знізілася і складае прыкладна 45 працэнтаў (два месяцы таму іх было 65 працэнтаў). Адпаведна павысілася колькасць грамадзян, няўпэўненых у сваёй будучыні. Знізіўся ўзровень задаволенасці жыццём. Сёння аб тым, што іх у той або іншай меры задавольвае жыццё, заяўляюць каля 60 працэнтаў грамадзян (было амаль 70 працэнтаў).Павялічылася колькасць грамадзян, якія адзначылі пагаршэнне свайго становішча — прыкладна на 8-10 працэнтаў. З сакавіка 2011 года больш як удвая павялічылася колькасць грамадзян, якія адзначаюць пагаршэнне сацыяльна-эканамічнага становішча ў краіне.

Асноўная прычына неспакою грамадзян — рэзкі рост цэн. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэтаму паказчыку ў два разы ўступае нават тэрарызм, які па вядомых прычынах стаў актуальны ў нашай краіне. "Гэта значыць тэрарысты і тэрарызм народ непакоіць менш у два разы, чым рост цэн", — канстатаваў Прэзідэнт.

20 працэнтаў грамадзян непакоіць зніжэнне зарплаты. Такая колькасць людзей занепакоена тым, што няма магчымасці купіць валюту. Аб стаўленні да ўлады — "хто вінаваты ў пагаршэнні вашага жыцця?" — найбольшая колькасць грамадзян, прыкладна 25 працэнтаў, адказала: вінаваты мы самі. "Дзіўна. Дзіўна для беларусаў, што чвэрць насельніцтва лічыць, што яны самі вінаваты", — сказаў Прэзідэнт. На працэнт менш людзей (24 працэнты) лічаць, што вінаваты сусветны фінансавы крызіс. Прыкладна 20 працэнтаў абвінавачваюць Урад і мясцовыя органы улады, 10 працэнтаў — Прэзідэнта краіны.

"Калі гаварыць пра персаналіі, то абвінавачанні, перш за ўсё, накіраваны супраць Нацыянальнага банка і асабіста кіраўніка Нацыянальнага банка за дзеянні або бяздзейнасць, якія прывялі да гэтай сітуацыі", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Радуе тое, што калі ў людзей запыталі пра акцыі пратэсту, толькі 3-5 працэнтаў гатовы пратэставаць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Я як Прэзідэнт, як вы разумееце, не магу не рэагаваць не толькі на вынікі гэтага закрытага даследавання, але і на тую сітуацыю, якая складваецца на валютным і спажывецкім рынку ў гэтым выпадку", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Аднак, паводле яго слоў, больш за ўсё яго непакоіць іншае: "Калі мы не будзем дзейнічаць хаця б так, як вы некалі мне дакладвалі і мы вызначаліся, то мы будзем спараджаць яшчэ большыя праблемы".

Прэзідэнт працытаваў некаторыя публікацыі, што з'яўляліся апошнім часам у сродках масавай інфармацыі. "Возьмем самыя ашалелыя — расійскія сродкі масавай інфармацыі. У прыватнасці, мяне папракаюць за тое, што я тэрмінова пакінуў краіну і збег. Маецца на ўвазе камандзіроўка ў Казахстан. Яны нават забылі, што такія камандзіроўкі плануюцца за год. Гэта па-першае. А па-другое, куды ні бяжы, усё роўна ў краіну сваю вернешся", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Абвінавачваюць і Мясніковіча, і Пракаповіча, што сядзяць, як мышы пад венікам, — дадаў Прэзідэнт. — Лічаць, колькі мы страцілі ў эканоміцы ў выніку дэвальвацыі. Папракаюць нас, што мы, напэўна, Расію зноў будзем шантажыраваць. Не ведаю толькі, якія ў нас рычагі, каб шантажыраваць вялікую краіну", — сказаў Прэзідэнт. Сярод абвінавачанняў, што гучаць у адрас кіраўніцтва краіны, Аляксандр Лукашэнка назваў і павышэнне зарплаты ў канцы мінулага года.

"Ну і вывад. Лукашэнка павіншаваў Саакашвілі з Днём незалежнасці. Але я не толькі Саакашвілі, але і брацкі грузінскі народ павіншаваў з Днём незалежнасці. І вывад — на абодвух абрушылася рэвалюцыйная хваля, якая разваліла міфы, што выбудоўваліся гадамі, і мы аказаліся "братамі па лёсу", — адзначыў Прэзідэнт.

"Найбольш істэрыі ў расійскіх сродках масавай інфармацыі. Я назіраў і за нашымі, перш за ўсё іншаземнымі, якія тут дзякуючы Адміністрацыі Прэзідэнта сталі пануючымі сродкамі масавай інфармацыі, і за замежнымі. На другім месцы — нашы, якія выдаюцца тут. Я іх не называю, каб не ствараць ім рэйтынг, але зрабіце ўсё, каб гэтыя СМІ больш не прысутнічалі на нашай тэрыторыі", — сказаў Прэзідэнт. "І не таму, што мы ім хочам закрыць рот. Не. Але я яшчэ раз падкрэсліваю, я за імі ўважліва назіраў, увесь ажыятаж пачынаўся адтуль", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт паабяцаў адправіць Урад у адстаўку, калі ён не забяспечыць стабільнасць у краіне.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што задача была пастаўлена перад Урадам і Нацбанкам — ліквідаваць дыспрапорцыі, якія накапіліся апошнія гады, і забяспечыць дынамічнае збалансаванае развіццё эканомікі.

Паводле слоў Прэзідэнта, у гэтай сітуацыі асабліва насцярожвае той факт, што і Урад, і Нацбанк спрабуюць адмаўляць відавочнае і замаскіраваць нейкімі валавымі паказчыкамі — ВУП, надоі, прыбаўленні ў вазе, пасевы і ўраджайнасць — тыя негатыўныя тэндэнцыі, якія складваюцца. "Чытаеш, і быццам бы душа павінна радавацца: і тэмпы ВУП, і прагнозныя паказчыкі, і стабільная сітуацыя на рынку працы, гэта значыць, беспрацоўя няма, і прынятыя меры ў знешнегандлёвай дзейнасці, і выкананне асноўных напрамкаў, грашова-крэдытная палітыка і гэтак далей — усё нібыта нармальна. А прачытаў за подпісам Лузгіна справаздачу Нацыянальнага банка... Слухайце, трэба, напэўна, узнагароджваць людзей", — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што даўно звяртаў увагу на рэнтабельнасць работы прадпрыемстваў і прыбытак. "А потым ужо: колькі вы надаілі, прыбавілі ў вазе і пасеялі? Няўжо вы гэтага не чуеце?! Дык вось, калі гаварыць аб эфектыўнасці — плакаць хочацца", — сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, апераджальнымі тэмпамі па-ранейшаму расце імпарт тавараў. Інфляцыя б'е рэкорды мінулых гадоў. Няма валюты. У абменных пунктах, прынамсі. "Але гэта не самае галоўнае, што ў абменных пунктах няма валюты. Я, праўда, не чуў, але мне далажылі, цытуючы Надзею Ермакову, якая з сарказмам запытала: "Людзі добрыя, а вам навошта валюта? У нас за беларускія рублі купляюць у магазіне, апранаюцца ў магазіне і гэтак далей, і да таго падобнае". Гавораць: "На час водпускаў". У Егіпет захацелася? Ну, дык ідзіце і пазычце, або купіце, па колькі ў вас там прадаюць сёння на чорным рынку валюту, ідзіце і купіце, і едзьце ў Егіпет. Чаго вы да мяне звяртаецеся па валюту, каб паехаць у Егіпет?! Гэта ўжо занадта, верх нахабнасці", — сказаў Прэзідэнт.

"Або соль і воцат, на якія быў ажыятажны попыт — патрэбна была валюта, каб купіць гэта? Не, хапала беларускіх рублёў", — дадаў кіраўнік дзяржавы. Ажыятаж на спажывецкім рынку, з якім не заўсёды ўдавалася спраўляцца: то соль знікне, то цукар, то яшчэ нейкія тавары, нават айчыннай вытворчасці — гэта ўсё ўжо сёння не так, але гэта ж было, калі хапалі ўсё. У Брэсце ў Сумара соль развезлі, потым гэта "зараза" дайшла да Мінска. З Мінска пачалася тэндэнцыя скупкі цукру і запалак. Але калі ўжо воцат пачалі скупляць — я паклікаў адказных людзей і пытаюся: "Слухайце, у нас гарэлка ў магазінах ёсць? — "Ёсць". — "Ажыятажу няма?" — "Не". — "Дык навошта тады воцат скупляюць?" Я ўжо грэшным чынам падумаў: народ пачаў воцат піць ад расстройства", — расказаў кіраўнік дзяржавы.

"І, разумеце, увесь жа ажыятаж — ад халадзільнікаў, тэлевізараў, ЗВЧ-печаў, прасаў да цукру, солі і іншага — на тыя тавары, якія мы вырабляем! Ну, проста залішне вырабляем!", — падкрэсліў Прэзідэнт. "І правільна народ кажа: самі вінаваты, што стварылі гэты ажыятаж", — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што папярэджваў усіх: будзе ажыятажны попыт — пачнуць скакаць цэны: на валюту — гэта таксама тавар, на цукар, на воцат і ўсё іншае. "Якая неабходнасць звозіць соль з магазінаў і хаваць пад ложак або ў гаражах?! Якая неабходнасць?! У нас два радовішчы солі, і мы гэта паказалі па тэлебачанні. Мы сёння ўвесь свет забяспечваем гэтай соллю, — адзначыў Прэзідэнт. — І колькі чалавеку трэба гэтай солі ў дзень. Не, пачалі хапаць гэту соль... Навошта? Хоць бы ўжо малочныя прадукты скуплялі, таму што малако няма куды падзець — цяпер у 2 разы павялічыліся надоі малака. Расія нават просіць ужо не пастаўляць, цэны пачынаюць у Расіі падаць, але гэта іх справа. Дык малочныя прадукты і малако чамусьці не скупляюць".

Аляксандр Лукашэнка закрануў і інфармацыю, што з'явілася, аб нібыта рыхтуемай распрадажы ў Беларусі найбольш ліквідных аб'ектаў. Прэзідэнт заявіў, што гэтага не будзе. "У ажыятажным катле СМІ і некаторыя палітыкі з-за мяжы пачалі крычаць і таксама сталі ў чаргу: заўтра Лукашэнка пачынае прадаваць актывы найбольш ліквідных прадпрыемстваў. І нават сумы пачалі называць — $7,5 млрд", — сказаў Прэзідэнт.

"Я нават адзін актыў за такую цану не прадам", — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка зноў паўтарыў, што ў Беларусі не будзе масавай распрадажы дзяржмаёмасці. "Пажадана, каб у гэтай чарзе той, хто стаіць першы, крыкнуў апошняму: разыходзьцеся, продажу не будзе! Тым больш за бясцэнак, як гэта хтосьці хоча прыхапіць", — сказаў ён. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта "не належыць ні мне, ні вам". "Гэта народнае. І распрадажы не будзе", — дадаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гаворыць гэта ў тым ліку і ўраду, і Нацыянальнаму банку. "Калі яны разлічваюць, што заўтра мы нешта пачнём прадаваць і за кошт гэтага стабілізуем сітуацыю ў краіне — гэтага не будзе", — падкрэсліў беларускі лідар.

"Ніякай бандыцкай распрадажы краіны не будзе. Нічога — ні "Белкалій", ні МАЗ, ні БелАЗ, ні БМЗ, ні іншыя, хто хоча нешта купіць — ніхто нічога не купіць без майго ведама, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Ніякай чыноўніцкай і іншай прыватызацыі не будзе. Я аб гэтым сказаў яшчэ пасля выбараў".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб некаторых момантах таго, што адбывалася ў эканоміцы апошнія гады.

Гаворачы пра 2008-2009 гады, кіраўнік дзяржавы нагадаў, што сусветны фінансава-эканамічны крызіс спарадзіў рэзкі спад спажывецкага попыту ў свеце, а затым яшчэ больш маштабнае спыненне і банкруцтва сусветных кампаній. "Гэта адрозненне ад сённяшняга моманту. Тады нельга было прадаць тую прадукцыю, якую мы з вамі тут выраблялі, — ніхто не купляў", — сказаў Прэзідэнт.

"І ў гэты час, у сувязі з той палітыкай, якую мы праводзілі, я гэта гавару спецыяльна, каб вы разумелі, за што нас папракаюць сёння некаторыя "дамарослыя" і іншыя, у нас у гэты час усе заводы і фабрыкі і ўстановы працавалі, у тым ліку і на склад. Вы помніце гэту "вайну", якую мы вялі, і я ўсіх прымушаў: едзьце і прадавайце (Прэм'ер-міністра былога, былы Урад) і гэтак далей, і да таго падобнае. Паварочваліся, але вельмі марудна, як з-пад палкі. Людзі атрымлівалі заработную плату, пенсіянеры — пенсіі, дапамогі і гэтак далей", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нашы тавары не пускалі на традыцыйныя рынкі. "Вы помніце, калі Расія абмежавала выдачу крэдытаў для куплі беларускіх тавараў, калі нас выштурхнулі з дзяржзакупак і стварылі шэраг бар'ераў і мы вялі "вайну" фактычна з Расіяй, для таго каб яны знялі абмежаванні ў гандлі з нашымі таварамі. Але расіяне адкрыта сказалі: "Мы сваё прадаць не можам. Мы з бюджэту і рэзерваў, золатавалютных рэзерваў, выкідваем вялікія сродкі, таму, выбачайце, вашы тавары нам у Расіі не патрэбны", — сказаў Прэзідэнт.

Былі створаны лізінгавыя кампаніі, каб выратаваць эканоміку і хоць неяк крэдытаваць продажы беларускіх тавараў у Расіі. У той жа час, працуючы і на склад і не атрымліваючы той валюты, якая была патрэбна (цэны на спажывецкіх рынках упалі і ў Расіі, і ў іншых месцах, куды мы прадавалі тавары), а вытворчасць працавала як раней. "І ў гэты час мы трацілі вялікія сумы золатавалютных рэзерваў для таго, каб падтрымліваць курс нацыянальнай валюты і вытворчасці. У тым ліку і ажыццяўлялі эмісію. І Нацыянальны банк лічыў, што гэта нармальна, у нас і так нізкая грашовая маса ў параўнанні з Еўропай — давай будзем штампаваць грошы", — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.   Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што траціліся золатавалютныя рэзервы ў надзеі на тое, што выйшаўшы з крызісу, і запасы, і тое, то будзе зроблена ў крызіс, спатрэбіцца і ўсё будзе прададзена пасля. Гэтак і адбылося.

"Цяпер нам асобныя разумнікі ад буквара эканомікі пачынаюць гаварыць: трэба было не вырабляць, у тым ліку ў запас. Лічы — спыніць вытворчасць трэба было. Але не сказалі, што было б з людзьмі, хто карміў бы 10 млн беларусаў? Ці быў у нас іншы варыянт? У нас іншых варыянтаў не было, як працаваць у рэальным сектары эканомікі, сціснуўшы зубы вырабляць тавары для таго, каб людзі маглі хоць неяк сябе забяспечваць", — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што краіна тады не магла пайсці іншым шляхам. "Мы рабілі ўсё, каб абараніць людзей. Мы прадаўжалі сацыяльную палітыку, але страцілі пачуццё меры. Мы лічылі, што грошы бяруцца з паветра. Можна з паветра напампаваць грашовую масу ў краіну, і ўсё будзе нармальна. Вось тут пачуццё меры мы страцілі. А трэба было жыць па сродках. Прывёз валюту з-за мяжы ў час крызісу — траць. Вось табе крыху дапамогі, вось табе штуршок", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што была выратавана вёска, мадэрнізавана сельская гаспадарка, пабудавана і мадэрнізавана больш як 500 прадпрыемстваў, інвесціравалі вялікія сродкі ў ахову здароўя і выйшлі на ўзровень сусветных стандартаў, знялі вострую праблему жылля, усім жадаючым і здольным дапамаглі атрымаць вышэйшую адукацыю, будаваліся школы, дзіцячыя сады. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў школах і дзетсадах дзеці забяспечваюцца харчаваннем, праходзяць аздараўленне і не толькі ў летні перыяд.

"А цяпер адкажыце мне на пытанне: калі б мы не выратавалі вёску і не адрадзілі сельскую гаспадарку, што з намі было б цяпер? Нам есці не было б чаго! Дастаткова адказаць на гэта пытанне, каб "дамарослым" і іншым сказаць, што мы праводзілі, можа, з іх пункту гледжання і няправільную палітыку, але гэта адзіна магчымая тады была палітыка", — сказаў Прэзідэнт. "І заўважце: усё, што я пералічыў — гэта бясплатна для людзей, але за кошт бюджэту, у тым ліку і той эмісіі, якую ажыццяўляў Нацыянальны банк. Дык мы што, укралі або праелі гэтыя грошы? Не!" — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў гэтай сітуацыі няправільным было толькі тое, што дзяржава "захапілася, не разлічыла сваіх магчымасцяў, рэзерваў і сілы". "Мы своечасова не спыніліся. Па прынцыпе, што жыць трэба па сродках: у кішэні ёсць — будзеш жыць, няма ў кішэні — ніхто не пакладзе туды. Але і пры гэтым мы маглі б "праскочыць", — сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, дзяржава разлічвала на аднаўленне эканомікі ў 2010 годзе і паступовы рост попыту на беларускую прадукцыю. Так і адбылося. У 2010 годзе было атрымана прыкладна $3,5 млрд, упершыню ў гісторыі, ад продажу прадукцыі сельскай гаспадаркі.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што "яшчэ ў мінулым годзе на "Дажынках" у Лідзе сумленна сказаў людзям: пры спакойным рэжыме функцыянавання грамадства, работы беларускай эканомікі ў краіне хопіць усяго".

"Я ўжо тады рэагаваў на тое, што нам пачыналі падкідваць у печку, у вогнішча гэтыя дровы: вось мы вас нахілім, вось у вас будзе абвал і гэтак далей! Тады яшчэ і прычын гэтага абвалу не было. І я папярэдзіў усіх: жывіце спакойна, так, як жылі ў мінулым годзе, у сярэдзіне года, і мы спакойна выйдзем з гэтага крызісу, перажывём. І мы перажылі б гэта. Але адбылося дакладна ды наадварот", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што падскочылі цэны на нафту, прыродны газ, сыравіну, металы, іншую прадукцыю, якую краіна вымушана закупляць.

На думку Прэзідэнта, у гэты момант трэба было б, грунтуючыся на існуючых рэзервах, дзейнічаць акуратна. "Трэба было б прытаіцца, затаіцца і акуратна дзейнічаць. Не, гэта другая наша памылка. Мы шырока, наводмаш ішлі. Толькі не трэба папракаць нас у тым, што мы павысілі людзям зарплату. Абяцалі — павысілі. І гэта не самае вялікае зло, што мы павысілі людзям заработную плату. Хапала іншых прычын", — сказаў Прэзідэнт.

У той жа час кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў гэтым годзе экспарт вырас на 60 працэнтаў. "Такога яшчэ не было. Нам усё роўна не хапіла валюты. Нам не хапіла валюты для таго, каб пакрыць той дэфіцыт, розніцу, якая была паміж ростам цэн на тавары, якія мы купляем і прадаём. Чаму? Таму што цэны на нафту растуць скачкападобна. Лівію пачалі бамбіць — адразу ж на 20 працэнтаў цэны падскочылі. Яшчэ недзе зварухнуліся плюс спекуляцыйны попыт — $120 за бараль. Рэальны сектар так не можа прырастаць. І нам не хапіла валюты", — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

"І тут Нацыянальны банк схамянуўся разам з урадам: далей, калі мы будзем траціць так золатавалютныя рэзервы, падтрымліваючы эканомку і курс, мы можам апынуцца наогул голымі. І я забараніў Пракаповічу прадаваць не тое што залаты запас краіны, але і валюту, — нагадаў Прэзідэнт. — Ідзіце, — гавару, — на рынак разам з Мясніковічам, збірайце мільярды долараў, якія мы купляем, адпраўляйце на першачарговыя патрэбы, а Егіпет і адпачынкі пачакаюць, у Беларусі адпачнём. У Сочы ў нас ёсць санаторый, туды едзьце, хочаце, я з вамі паеду".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў гэтым годзе краіна мае цэны на прыродны газ вышэйшыя, чым у Германіі. "Дзякуй братам-расіянам за гэта. Сёння мы маем немалыя расходы і з купляй, з набыццём нафты. Нам абяцалі, што ў нас не будзе мытных пошлін пасля таго, як мы ратыфікуем усе дакументы па Мытным саюзе, аднак у нас мытная пошліна захавалася. Яна называецца па-іншаму, нейкая прэмія для кампаніі, але яна вышэйшая за 1/3 мытнай пошліны. Гэта нас ставіць у неаднолькавыя ўмовы з таваравытворцамі ў Расіі, Казахстане і ў іншых дзяржавах. У іх гэтага дабра хапае і па танных цэнах. Па нізкіх цэнах", — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на адрозненне цяперашняй сітуацыі ад той, якая была тры гады таму ў час сусветнага крызісу. Паводле яго слоў, гэта "ажыятажны попыт на беларускія тавары за межамі краіны".

"Я быў у Туркменістане, у Казахстане, я ведаю, што адбываецца ў Расіі — гэта традыцыйныя рынкі, у Венесуэле, іншых краінах. Толькі вязі прадукцыю, закупляюць. На некаторых беларускіх прадпрыемствах сёння чарга з замежных пакупнікоў на паўтара года наперад. Наколькі інфармаваны, БелАЗ у нас загружаны заказамі ўжо на будучы год поўнасцю, пад завязку", — адзначыў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым Аляксандра Лукашэнку насцярожвае толькі адно: "Калі такі попыт, чаму мы не знаходзім пляцоўкі, каб усё ў большай колькасці збіраць патрэбнай тэхнікі і прадаваць, прадаваць, прадаваць для таго, каб заняць рынкі. Мы прададзім сёння туды тэхніку — заўтра патрэбны туды будуць запасныя часткі".

Вяртаючыся да цяперашняй сітуацыі, Прэзідэнт адзначыў, што вельмі высокія сёння цэны на нафту, прыродны газ, металы і іншую сыравіну і камплектуючыя, якія Беларусь закупляе. "Мы, на жаль, сёння яшчэ больш купляем, чым прадаём. І гэта галоўнае пытанне нашай выжывальнасці", — падкрэсліў ён.

"У сувязі з гэтым Нацыянальны банк спыніў прадаваць валюту і ў той жа час трымаў яе на ўзроўні Br3,1 тыс. за $1, пераконваючы ці то мяне, ці то сябе ў тым, што гэта нармальна, з'явілася мноства курсаў", — канстатаваў Прэзідэнт.

Людзі, каб не абясцэніць свае зберажэнні, пачалі скупляць тавары працяглага карыстання: тэлевізары, халадзільнікі і гэтак далей.

Прэзідэнт лічыць, што людзей можна зразумець: калі прыйшоў час замяніць тэлевізар або іншую тэхніку або купіць новыя, насельніцтва стараецца гэта зрабіць як мага хутчэй, пакуль не абясцэніліся грошы. Аднак лагічнае пытанне: навошта скупляць тэхніку дзясяткамі. "Але навошта па дзесяць тэлевізараў і халадзільнікаў дамоў везці? Навошта вы гэта робіце? Вы ж пагаршаеце становішча", — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да насельніцтва.

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што сітуацыя ажыятажнага попыту была карысная для вытворцаў. "Не ведаю, чаму толькі ўрад наш завыў і вытворцы гэтых тавараў заплакалі. Працуй 28 гадзін у суткі, вырабляй тавары і вязі на прылавак. Гэта ж добра, асабліва для экспарцёраў. Але гэта мы яшчэ разбяромся", — сказаў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт звярнуўся да насельніцтва з просьбай перастаць ствараць ажыятажны попыт.

"Спыніце ў сваіх кватэрах, гаражах, падвалах ствараць склады. Калі ласка, не вывозьце тавар з магазінаў і складоў пад свае ложкі. Тым больш што таго, што вы вывозіце, у нас дастаткова — мы гэта вырабляем. Мы забяспечым столькі, колькі вам трэба на кожны дзень, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Трэба, напрыклад, 1 кг мяса — купіце, але не купляйце 10 кг. Не таму, што гэтага не хапае. Мы ж проста не паспеем завезці ў магазін у тры разы больш, чым было ўчора".

"Таму супакойцеся і купляйце па тых цэнах, якія ёсць. Яны і так ужо максімальныя. Ім ужо расці няма куды", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт задае лагічнае пытанне, чаму ўзнік такі ажыятаж на тавары, якіх дастаткова вырабляецца ў сваёй краіне і іх запасаў хопіць яшчэ на паўтара года, каб забяспечыць патрэбнасці насельніцтва.

"Пачалі скупляць цукар, соль, воцат, запалкі і іншае. Гэта больш чым дзіўна. Потым муку. Ну, тараканы завядуцца праз тры тыдні. Вы ж усё гэта выкінеце — усе свае крупы і муку. У нас няма праблем, у нас гэтага запасу хопіць на паўтара года", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, такім чынам чарговы раз у краіне ўзняліся цэны, стварылі праблемы ў гандлёвых сетках, звузіўся асартымент тавараў, у тым ліку айчынных.

"Хтосьці за кошт павышэння попыту пачаў нажывацца. Запішыце, запішыце гэта — для рэагавання. Нажывацца пачалі. Вам грошы трэба будзе ўзяць з тых, хто з народа садраў лішнюю капейку. І вы мне далажыце, як вы іх возьмеце і з каго", — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да кантралюючых органаў.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў час візіту ў Казахстан яму ўпершыню стала сорамна за частку людзей, якія спарадзілі гэты вялікі попыт. "Калі здарылася трагедыя ў метро, я зведаў гордасць за народ, які не раздумваючы кінуўся ў пекла, дзе мог быць другі, трэці выбух. Але як мне было сорамна за беларускі народ, калі я прыехаў у Казахстан і ў мяне ўсе пыталіся, што адбываецца ў Беларусі, чаму пустыя паліцы ў магазінах, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мне сорамна было ўпершыню за сваю шматгадовую прэзідэнцкую гісторыю за частку людзей, якія стварылі гэты ажыятаж. Бо нас успрымаюць як дзікуноў. А яны (СМІ) яшчэ спецыяльна гэта падкручваюць".

Звяртаючыся да Урада і Нацыянальнага банка, Прэзідэнт запатрабаваў устанаўлення адзінага курсу.

"Калі вы дакладна падлічылі цану валюты, тады забяспечвайце адзіны курс. Чаго вы чакаеце? Калі вы дакладна падлічылі, што Br5 тыс. за долар здыме спекуляцыйны попыт, забяспечвайце. Але кожны дзень павінна быць дынаміка. І калі гэтай дынамікі не будзе, вы першыя, Міхаіл Уладзіміравіч і Пётр Пятровіч, вы першымі пакладзяце партыйныя білеты, гаворачы на савецкай мове!", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду, губернатарам, міністрам на працягу тыдня забяспечыць поўны асартымент тавараў у гандлёвых сетках.

Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў спыніць рост цэн.

"Усякі рост цэн з сённяшняга дня павінен жорстка спыняцца", — падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, толькі з дазволу прэм'ер-міністра і губернатараў магчыма карэкціроўка цэн у бок павелічэння. "Але гэта трэба будзе гэтым васьмі чалавекам (прэм'ер-міністру, губернатарам і мэру Мінска) даказаць і атрымаць дазвол", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць, што сёння няма тых тавараў, на якія трэба ўзнімаць цэны.

Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў узмацніць кантроль за выкананнем працоўнай дысцыпліны.

"Камітэт дзяржкантролю, урад, губернатары надзяляюцца з сённяшняга дня ўсімі паўнамоцтвамі па вырашэнні праблем спажывецкага рынку, дысцыпліны і парадку на вытворчасці і ў краіне", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"І прашу да мяне не звяртацца са скаргамі, што Камітэт дзяржкантролю, міліцыя або органы ўлады, кантралюючы дысцыпліну працы, выконваючы даручэнні Прэзідэнта, некага засталі ў магазіне ў той час, калі ён павінен быць на будаўнічай пляцоўцы, на заводзе, на фабрыцы", — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. "Не чакайце ніякіх указанняў, выганяйце з работы адразу", — запатрабаваў Прэзідэнт.

"Заўтра пачнуць патрабаваць павышэння зарплаты. А з чаго яе павышаць, калі прадукцыйнасць працы не павышаецца", — дадаў кіраўнік дзяржавы. "Бедных трэба падтрымаць, слабых, студэнтаў. А ўсіх тых, хто можа працаваць, і працаваць больш і лепш — трэба прымусіць працаваць, тады і зарплата будзе павышацца. Работы сёння хапае ўсім", — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў першую чаргу на сваю працоўную дысцыпліну павінны звярнуць увагу самі чыноўнікі. "Усё пачынаецца з нас, з чыноўнікаў. У нас палавіна міністэрстваў на вуліцах у Мінску бадзяецца. Зловім — адразу мятлу ў рукі. Бо мы прыклад паказваем, як трэба працаваць і ставіцца да справы", — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў узяць на кантроль усіх, хто сабатуе рашэнні кіраўніцтва краіны. "Калі з сённяшняга дня прынята рашэнне аб тым, што нажывацца на праблемах нельга, а хтосьці гэта робіць, — прымяняйце любыя метады: адбірайце ліцэнзіі, садзіце ў турму", — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да прысутных на нарадзе, папярэдзіў, што "не прыйшоў сёння, каб сяго-таго адправіць на вуліцу з мятлой". "Але папярэджваю: не выканаеце маіх патрабаванняў — галовы паляцяць. Вы больш з мяне крызіснага кіраўніка рабіць не будзеце. Кожны сядзіць з партфелем — працуйце!" — падкрэсліў Прэзідэнт.

"Запомніце адно — спакойнага жыцця нам не дадуць. Мы гэта ведалі ў сярэдзіне мінулага года, нас папярэджвалі: мы вам пакажам у красавіку-маі, дзе камар козы пасе. Што і зрабілі. Пачалі з чутак, спарадзілі ажыятаж, сёння гэта проста рабіць пры Інтэрнэце і іншых "дэмакратычных" асновах пабудовы грамадства. Добра, што яшчэ ваяваць не пачалі, як гэта ў Лівіі, Егіпце, Тунісе, Іспаніі, Грэцыі і г.д.", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Дык прачніцеся і вазьміцеся за розум, калі хочаце жыць у спакойнай краіне", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, сёння відаць, хто нагнятае гэты ажыятаж і хоча прыхапіць усё лепшае, што ёсць у Беларусі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што краіна павінна разлічваць толькі на свае сілы. "Запомніце, мы павінны з любой сітуацыі выходзіць самі. Калі нам дапамогуць антыкрызісныя фонды — гэта будзе плюс, але разлічваць трэба на сябе", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён лічыць, што магчымасці для гэтага ёсць. "Пусціце ўсё ў ход: не хапае БелАЗаў — 28 гадзін у суткі працуйце, не хапае абутку — 30 гадзін у суткі працуйце, не хапае адзення — 50 гадзін працуйце, прыцягвайце людзей!" — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў цяпершняй сітуацыі не здымае віны ні з сябе, ні з усіх тых, хто прысутнічае на нарадзе. "Калі ўзнікла такая сітуацыя — мы павінны былі прадбачыць яе і прадухіліць. Прынамсі, змякчыць", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

"Я ўсіх вас папярэдзіў, што я наперадзе вас бегчы больш не буду. Я вам гэта сказаў пасля выбараў. Чаго вы чакаеце? Зноў бацька прыйдзе, бацька скажа. Не трэба. Я ваенны чалавек. Я павінен бачыць наперадзе сябе гэтыя рады і прымаць меры, калі яны радзеюць", — сказаў Прэзідэнт.

"Таму віна ляжыць на нас. Але не ў меншай ступені — сёння і на людзях, якія стварылі гэту сітуацыю", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час ён зноў нагадаў, што ўсё зробленае ў сацыяльнай сферы патрабавала тых рашэнняў.

"Але сёння сітуацыю, гэты пажар, які ўжо гаснуць пачаў, на жаль, не так, як нам хацелася, але пачаў, яго трэба дастойна пагасіць. І наступным крокам — прыняць меры па абароне насельніцтва. Мы выйдзем з гэтай сітуацыі. Мы атрымаем і дасягнем тых мэт, якія паставілі. Але толькі калі разам — і народ, і ўлада. Іншага не дадзена", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч далажыў кіраўніку дзяржавы аб планах урада ва ўмовах росту цэн: "Плануецца забяспечыць рост зарплат бюджэтнікаў пры дапамозе механізма індэксацыі. На гэтыя мэты ў бюджэце выдзелена больш як Br1 трлн за кошт іншых артыкулаў. Штомесячны аб'ём кампенсацыі кожнаму бюджэтніку дасягне Br128 тыс. у месяц да лістапада 2011 года. Гэта эквівалентна росту стаўкі першага разраду ў 1,27 раза".

"На прамысловых прадпрыемствах: мы правялі цэлую серыю кансультацый з кіраўнікамі, з міністрамі. Прымаюцца ўжо рашэнні аб павелічэнні заработнай платы на 10-15 працэнтаў. Работа ў гэтым напрамку міністэрствамі і дырэктарамі будзе прадоўжана", — адзначыў прэм'ер-міністр.

Ён паведаміў, што пасля павышэння з 1 чэрвеня працоўных пенсій урад прапануе таксама правесці іх пераразлік у жніўні і лістападзе, зыходзячы з фактычна існуючай сярэднямесячнай зарплаты работнікаў за другі і трэці квартал.

"У цэлым у чэрвені-ліпені будзе прадстаўлены пакет нарматыўна-прававых актаў па сацыяльных гарантыях грамадзянам і адраснай дапамозе", — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Што датычыцца кошту паслуг ЖКГ, прэм'ер-міністр адзначыў: "Па цэнах і тарыфах на паслугі ЖКГ прапануецца рухацца ва ўвязцы з ідэксацыяй зарплат, ростам пенсій, а таксама ўкараненнем сістэмы безнаяўных субсідый з бюджэту тым дамашнім гаспадаркам, у якіх расходы па гэтым артыкуле складаюць больш за 20 працэнтаў у горадзе і 15 працэнтаў у вёсцы".

"Скарачэнне другарадных і імпартаёмістых артыкулаў расходаў дзяржаўных сродкаў нараўне з валютнымі абмежаваннямі ў пэўнай ступені дало магчымасць пераламаць сітуацыю з ростам адмоўнага сальда ў знешнім гандлі. Па выніках чатырох месяцаў тэмпы росту імпарту і экспарту збліжаюцца. Зафіксаваны істотны прырост паступлення валютнай выручкі. За чатыры месяцы краіна зарабіла $12,8 млрд, што ў 1,6 раза больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года", — паведаміў Міхаіл Мясніковіч.

Разам з тым ён адзначыў: "Але пакуль нельга сцвярджаць, што тэндэнцыя набыла незваротны характар. Каб замацаваць гэтыя працэсы і знізіць адмоўнае сальда знешняга гандлю пры захаванні бягучага ўзроўню канчатковага спажывання дамашніх гаспадарак, неабходна аптымізаваць валавыя накапленні, інвестыцыі. Усё, што не звязана з інвестыцыямі ў машыны і абсталяванне, г.зн. з тым, што забяспечвае працэс узнаўлення і рост ВУП (а сёння гэта толькі трэць), будзем скарачаць. Урадам частка рашэнняў прынята ўжо".

Па пытанні жыллёвага будаўніцтва прэм'ер-міністр далажыў, што дзяржава выканае планавыя назначэнні. "Гарантаваныя аб'ёмы фінансавання жыллёвага будаўніцтва даведзены да рэгіёнаў. Сумарна — гэта Br7,1 трлн крэдытных рэсурсаў пад 4,1 млн кв.м у 2011 годзе. Дадатковыя аб'ёмы трэба будзе выконваць за кошт камерцыйных сродкаў і экспартных кантрактаў", — сказаў ён.

Паводле слоў старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пятра Пракаповіча, адна з галоўных задач — каб рост экспарту апярэджваў прырост імпарту на 15 працэнтаў і строга вытрымліваўся. "Пачынаць трэба з вытворчасці, з прадпрыемстваў, зменшыць там імпартную залежнасць. Мы шмат можам рабіць. Мы шмат можам вырашаць пытанняў. Што, мы не можам скараціць энергарэсурсы? Можам. Навука і тэхналогіі даюць магчымасць. Мы што, не можам за столькі гадоў вырашыць праблему пластмас? А ў нас жа краіна хімічная", — адзначыў ён.

"За месяц што здарылася ў эканоміцы для такой дэвальвацыі нацыянальнай валюты? Ды нічога, акрамя ажыятажнага попыту і спекуляцыі", — падкрэсліў Пётр Пракаповіч. Ён раскрытыкаваў рэальны сектар эканомікі за непаваротлівасць, празмерныя траты валюты, слабыя тэмпы нарошчвання экспарту.

У сваю чаргу старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон адзначыў: "Даволі шмат сустракаючыся ў рэгіёнах з рознымі людзьмі, хачу сказаць, што ўпэўненасць насельніцтва ў стабілізацыі сітуацыі не страчана".

"Сапраўды, у студзені-красавіку бягучага года эканоміка нашай краіны развівалася даволі высокімі тэмпамі. Разам з тым самая галоўная праблема, якая сёння існуе, звязаная з курсам беларускага рубля, на жаль, не вырашана, — адзначыў Аляксандр Якабсон. — Дысбаланс знешняга гандлю ў асноўным сфарміраваўся за кошт імпарту прамежкавых тавараў. Гэта амаль 90 працэнтаў у агульным аб'ёме адмоўнага сальда. У гэты час дэбіторская запазычанасць толькі за першы квартал бягучага года ўзрасла на $1 млрд і склала $4,5 млрд, а за чатыры месяцы будзе не меншая за $5 млрд. Гэта тавары, якія пастаўлены на экспарт, але грошы не вярнуліся".

"Зрабіце тры мільярды каб было, а не пяць", — адрэагаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Якабсон таксама звярнуў увагу на дэструктыўныя, дэстабілізуючыя дзеянні шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў, якія сеюць чуткі і паніку сярод людзей. "Тут трэба нешта рабіць!" — паскардзіўся старшыня КДК.

Чырвонай ніткай у прамоўцаў гучала тэма: "Жыць трэба па сродках".

"Ісціна адна — жыць можна толькі на тое, што ёсць у кішэні, што зароблена. Гэта і банкіры павінны разумець, усе гэта павінны разумець", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца будаўнічага комплексу, Аляксандр Лукашэнка выказаў сур'ёзную заклапочанасць фактамі павышэння цэн будаўніцтва па раней заключаных дагаворах: "Што мяне больш хвалюе, у два разы ж павысілі плату дольшчыкам за будаўніцтва жылля. Калі ўчора была $70 тыс. цана двухпакаёвай кватэры, то з іх ужо патрабуюць $150 тыс., або $100 тыс. Гэта непарадак". "І гэта ў Мінску. Мне старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька абяцаў: "Я сваіх прымушу, яны па старых цэнах, за кошт сваіх рэзерваў, але выканаюць гэтыя абавязацельствы". Выконвайце. Ужо як вы будзеце заключаць з іншымі з сённяшняга дня — гэта пытанне дзясятае. Але дагавор трэба выконваць, і не трэба напружваць людзей. Таму што яны кінуць гэтыя кватэры і ўсё жыццё будуць пакрыўджаны на нас, і правільна зробяць", — запатрабаваў Прэзідэнт.

Пры гэтым ён падкрэсліў: "Жорсткі павінен быць кантроль. Іншага не дадзена". "І да людзей, на вытворчасці, у магазіны — кожны дзень. Тыя, хто тут сядзіць, — перш за ўсё. Яны павінны бачыць, што адбываецца там. Вы павінны з людзьмі сустракацца яшчэ больш, чым перад выбарамі, і прасіць, і патрабаваць ад іх, наступальна трэба паводзіць сябе, не абараняцца", — адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама запатрабаваў навесці строгі парадак і забяспечыць жорсткі кантроль за расходаваннем сродкаў у сацыяльнай сферы, у прыватнасці ва ўстановах аховы здароўя.

"Узворваць, вырабляць і прадаваць. Рэгулюйце, рэгулюйце і рэгулюйце. Не адыходзьце ад гэтага. Гэта ідэалагічная, калі хочаце, дыверсія — тое, што нас штурхаюць у гэту вось свабоду, — там усё адрэгулюецца. А там нехта пусціў чутку, у інтэрнэце прайшло, і нас пачало ліхаманіць. Мы інтэрнэт не закрыем. Гэта яшчэ горш будзе. Вайна ідзе іншымі метадамі, і хто ў гэтай вайне пераможа, той застанецца жывы", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"У нас няма магчымасці дэмакратычна рэгуляваць, як гэта робіць Расія. У яе паўсвету рэсурсаў там сканцэнтравана. Ёй прасцей. Нам няма чаго на іх глядзець, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. — Нам і на амерыканцаў няма чаго глядзець. Ім калі не хапае — яны надрукуюць. У іх $15 трлн дзяржаўны доўг. Гэта за кошт усіх нас. Таму нам і на іх няма чаго глядзець. Нам трэба жыць сваім розумам і рабіць тое, што мы пакуль не развучыліся".

На заканчэнне кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад Урада і Нацыянальнага банка ў бліжэйшы час знайсці эфектыўнае вырашэнне праблем: "Чэрвень месяц — усе праблемы ў тым выглядзе, у якім яны сёння існуюць, павінны быць зняты. На паліцах павінна быць усё, што неабходна. Вызначайцеся, завозьце. Зрабіце так, каб пасля сённяшняй сустрэчы з вамі народ убачыў: так, сабраліся разам, на чале з Прэзідэнтам, уключылі яго ў гэтыя разборкі, але ёсць вынік".

Прэзідэнт таксама запатрабаваў у трохдзённы тэрмін навесці парадак у цэнаўтварэнні і з асартыментам тавараў на паліцах магазінаў.

Тыя кіраўнікі гандлёвых прадпрыемстваў, якія будуць неабгрунтавана ўздымаць цэны і нажывацца на сітуацыі, што склалася, будуць прыцягвацца да строгай адказнасці ад пазбаўлення ліцэнзій да крымінальных спраў. Кантроль за выкананнем гэтага даручэння ўскладзены на кіраўнікоў мясцовых органаў улады.

   

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Усе актуальныя праблемы ў эканоміцы Беларусі павінны быць эфектыўна вырашаны на працягу чэрвеня. Такую задачу паставіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика