Падводныя камянi цэнтралiзаванага тэсцiравання...
Надзея НIКАЛАЕВА
...на думку расiйскiх спецыялiстаў, больш-менш аб’ектыўны тэст па матэматыцы павiнен уключаць 180 заданняў
Вiдаць па ўсiм, нам яшчэ доўга прыйдзецца чакаць часоў, калi прыёмная кампанiя ў Беларусi зменiцца карэнным чынам i ўступныя iспыты ў ВНУ заменiць механiчнае залiчэнне — так, як гэта адбываецца ў многiх еўрапейскiх краiнах, дзе прэтэндэнтаў на навучанне адбiрае i «сартуе» аўтаматызаваная сiстэма, у залежнасцi ад набраных iмi на знешнiм тэсцiраваннi балаў. У найбольшай ступенi да гэтай мадэлi правядзення прыёмнай кампанii наблiзiлiся ў нашай краiне медыцынскiя ВНУ, якiя праводзяць залiчэнне толькi на падставе вынiкаў цэнтралiзаванага тэсцiравання. Усе ж астатнiя беларускiя ВНУ пакуль не спяшаюцца цалкам перакласцi паўнамоцтвы па адбору прэтэндэнтаў на навучанне ў вышэйшай школе на знешнiх экзаменатараў, прыводзячы самыя розныя аргументы. Адны сцвярджаюць, што тэсты не дазваляюць ацанiць лагiчнае цi творчае мысленне маладога чалавека; другiя ўказваюць на недасканаласць зместу тэставых заданняў; трэцiя лiчаць, што нiхто не зможа вырашыць задачу прафесiянальнага адбору лепш за членаў прыёмнай камiсii, якiя непасрэдна кантактуюць з абiтурыентам. Але многiя сыходзяцца ў меркаваннi, што паступiць у ВНУ стала значна цяжэй, чым потым у ёй вучыцца. Магчыма таму, што колькасць прэтэндэнтаў на навучанне ў нашай краiне значна пераўзыходзiць фiзiчныя магчымасцi ВНУ. Конкурсы сёння iснуюць нават пры залiчэннi на платную форму навучання. Нядаўна ў Мiнску пры падтрымцы ЮНЕСКО прайшла мiжнародная навуковая канферэнцыя «Сучаснае тэсцiраванне: пытаннi i шляхi развiцця», дзе сваiм вопытам з беларусамi дзялiлiся iх калегi з Расii, Лiтвы, Галандыi, Польшчы, Малдовы, Украiны, Германii. Мала хто ведае, што тэсцiраванню падвяргалiся чыноўнiкi яшчэ ў Старажытным Кiтаi. Прэтэндэнт на залiчэнне на дзяржаўную службу павiнен быў валодаць навыкамi i ўменнямi, якiя б даказвалi, што ён варты гэтай пасады. Фактычна гэта былi першыя вопыты таго, што ў сучасным свеце называецца «тэстамi дасягненняў». Сапраўдную рэвалюцыю ў тэсталогii здзейснiў у 1905 годзе французскi псiхолаг Альфрэд Бiне, стварыўшы так званую шкалу Бiне-Сiмона, якая складалася з 30 заданняў цi тэстаў, размешчаных у парадку ўзрастання цяжкасцi: яны павiнны былi ацэньваць здольнасцi да разумення i разважання, якiя, па меркаванню Бiне, з’яўлялiся асноўнымi кампанентамi iнтэлекту. Пераводы i адаптацыя тэстаў Бiне з’явiлiся пазней у многiх краiнах свету. Сапраўдны тэставы бум пачаўся ў 20-х гадах. Тэсцiраванне на IQ стала для ЗША i заходнiх краiн такiм жа звычайным, як, напрыклад, кантрольная работа ў школе. Не абмiнуў тэставы бум i савецкую Расiю, дзе была створана цэлая сетка лабараторый, якiя не толькi праводзiлi атэстацыю, але i рабiлi спробы ранняй дыягностыкi прафесiйнай арыентацыi навучэнцаў. Кропку ж на тэсцiраваннi паставiла ў 1936 годзе пастанова ЦК камунiстычнай партыi «О педологических извращениях в системе Наркомпроса», i больш за 50 гадоў любое згадванне пра тэсты было ў Савецкiм Сюзе пад забаронай. Мiж iншым Захад, дзе традыцыi тэсцiравання не перарывалiся, пайшоў далёка наперад i адмовiўся ад шэрагу тэрмiнаў, якiя выклiкалi ў савецкiх партыйных чыноўнiкаў падазрэнне. Многiя тэсты, якiя ў 20-я гады не вельмi карэктна называлiся тэстамi iнтэлекту, з цягам часу сталi называцца «тэстамi здольнасцяў да навучання». Высветлiлася, што яны зусiм не вымяраюць чалавечы iнтэлект, а проста ацэньваюць камбiнацыю здольнасцяў, неабходных для паспяховай вучобы. Да таго ж высокi iнтэлектуальны каэфiцыент зусiм не з’яўляецца гарантам паспяховай кар’еры — формула прафесiйнага поспеху куды больш залежыць ад асабiстых якасцяў чалавека. У Расii адраджэнне тэсцiравання супала ў пачатку 90-х гадоў з падзеннем прэстыжу вышэйшай адукацыi. I цэнтралiзаванае тэсцiраванне, як адна з перспектыўных формаў здачы ўступных iспытаў, знайшло падтрымку на дзяржаўным узроўнi. Згодна з указам мiнiстэрства адукацыi РФ, ВНУ было рэкамендавана залiчваць абiтурыентам у якасцi ўступнага iспыту вынiкi цэнтралiзаванага тэсцiравання, а выпускнiкам прадастаўлялася права заяўляць свае сертыфiкаты ў школе, дзе яны залiчвалiся замест выпускнога экзамена. У 2000 годзе колькасць выкананых чалавека-тэстаў перавысiла мiльён. I ў тым жа 2000 годзе ўпершыню была агучана iдэя аб неабходнасцi ўвядзення ў Расiйскай Федэрацыi адзiнага нацыянальнага экзамена, якi стаў пазней называцца ЕГУ. Менавiта тэхналогiя цэнтралiзаванага тэсцiравання, няхай i крыху мадэрнiзаваная, была пакладзена ў аснову адзiнага дзяржаўнага экзамена ў Расii. З 2001 года колькасць суб’ектаў Федэрацыi, якiя добраахвотна ўдзельнiчаюць у эксперыменце па ўкараненню ЕГУ, павялiчылася з 5 да 78 — сёлета. На сённяшнi дзень расiйскiя рэгiёны самастойна прымаюць рашэнне аб тым, па якiх дысцыплiнах удзел у ЕГУ будзе для выпускнiкоў абавязковым, а якiя дысцыплiны абiтурыенты змогуць выбiраць. Дамiнуюць пакуль што руская мова i матэматыка (98 працэнтаў усiх чалавека-тэстаў). — Безумоўна, паколькi вынiкi адзiнага дзяржаўнага экзамена адчыняюць дзверы ў ВНУ, перад намi стаiць надзвычай складаная задача па забеспячэнню захавання канфiдэнцыяльнасцi iнфармацыi экзамена, — расказвае дырэктар Федэральнага цэнтра тэсцiравання Уладзiмiр Хлебнiкаў. — Асаблiва з улiкам адлегласцяў расiйскiх тэрыторый i колькасцi ўдзельнiкаў ЕГУ. Сёлета, напрыклад, удзел у ЕГУ ўзялi 850 тысяч чалавек, а колькасць чалавека-тэстаў склала 1 млн 600 тысяч. Мы знаёмiлiся з вопытам сваiх калег па былому Саюзу i ведаем, што ў многiх краiнах для забеспячэння захаванасцi iнфармацыi прыцягваюцца сiлы нацыянальнай бяспекi (у Беларусi дастаўкай тэставых матэрыялаў у пункты правядзення ЦТ i назад, у Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў, займаецца дзяржаўная фельд’егерская служба. — Н.Н.). Нам для гэтага спатрэбiлася б 10 дывiзiй ФСБ, што абсалютна нерэальна. Для таго, каб папярэдзiць магчымае ўмяшанне ў працэс праверкi тэставых работ, усе тры бланкi, што выдаюцца ўдзельнiкам ЕГУ, шыфруюцца штрых-кодамi. Канкрэтная «жывая» iнфармцыя аб удзельнiку ЕГУ ўносiцца толькi ў вобласць рэгiстрацыi. Другi бланк не змяшчае нiякай апазнавальнай iнфармацыi аб сваiм гаспадару, якi мае магчымасць толькi пакiнуць там свой подпiс, каб можна было яго апазнаць, на выпадак узнiкнення канфлiктнай сiтуацыi. А на трэцiм бланку забараняецца пакiдаць нават подпiс. У яго ўносяцца адказы ў разгорнутай форме — гэта можа быць, напрыклад, невялiкае сачыненне-эсэ (заданнi вобласцi С у Беларусi не практыкуюцца. — Н.Н.). Менавiта гэта частка тэста ЕГУ падлягае праверцы спецыяльна падрыхтаванымi экспертамi. Вобласць С правяраюць два эксперты, i калi iх меркаваннi разыходзяцца, у якасцi «рэферы» прызначаецца трэцi незалежны эксперт. Гэта найбольш працаёмкая i дарагая частка тэстаў ЕГУ. Пасля заканчэння экзамена бланкi адпраўляюцца ў трох розных напрамках. Сканiруюцца яны ў рэгiянальных цэнтрах тэсцiравання, пасля чаго iх электронныя выявы адпраўляюцца ў Маскву, у Цэнтр тэсцiравання Мiнiстэрства адукацыi. Толькi там па штрых-кодах можна зноў аб’яднаць ўсе тры бланкi ў адзiн пакет, а ў рэгiёнах з поўным правам можна адмовiць i мэру, i губернатару, калi тыя пажадаюць ўмяшацца ў працэс — маўляў, нiчым не можам дапамагчы, бо ўся iнфармацыя закадзiраваная. I ўсё ж такi ў Расii не спяшаюцца iдэалiзаваць новую форму знешняй праверкi. — Тэсцiраванне — гэта вымярэнне дасягненняў дзяцей i, як любое вымярэнне, яно мае пэўныя пагрэшнасцi (ад пагрэшнасцяў не застрахаваныя нават тэхнiчныя прыборы). Наколькi iстотна гэта пагрэшнасць адрознiваецца ад пагрэшнасцяў iншых, традыцыйных спосабаў кантролю ведаў, з’яўляецца зараз прадметам для нашага вывучэння, — тлумачыць свае сумненнi Уладзiмiр Хлебнiкаў.— Напрыклад, для забеспячэння аб’ектыўнасцi тэст па матэматыцы павiнен змяшчаць, па нашых падлiках, не менш чым 180 заданняў, што проста фiзiчна немагчыма. Атрымлiваецца, што мы спрабуем сёння стварыць адну таблетку ад усiх хвароб: iмкнёмся аб’яднаць у тэсце i лёгкiя заданнi, i заданнi сярэдняй цяжкасцi, уводзiм таксама некалькi заданняў алiмпiяднага ўзроўню, таму што галоўная мэта нашага тэста — адбор абiтурыентаў у ВНУ, а не ацэнка ступенi засваення вучэбнай праграмы. Для вынiковай атэстацыi ён не вельмi падыходзiць. Напрыклад, па матэматыцы колькасць нездавальняючых адзнак у розных рэгiёнах вагаецца ад 20 да 40 працэнтаў, што выклiкае негатыўную рэакцыю ў грамадстве. Магчыма, трэба падумаць пра магчымасць неаднаразовага тэсцiравання, узяўшы за ўзор амерыканскi вопыт, цi падзялiць тэст на некалькi частак (па 25—30 заданняў), бо аднаразовая акцыя (я маю на ўвазе не толькi тэсцiраванне, але i кантрольную работу цi вусны адказ) не дазваляюць атрымаць надзейную i аб’ектыўную ацэнку ведаў навучэнца. Чым меншы аб’ём прапанаванага тэста, тым меншая i яго дакладнасць. Вiдаць па ўсiм, гэта зразумелi i ў Польшчы. Там на змену ранейшаму выпускному экзамену на атэстат сталасцi прыйшоў матуральны экзамен. Усе, хто жадае навучацца далей у ВНУ, павiнны мець на руках матуральнае пасведчанне. Матуральны экзамен па некаторых прадметах складаецца з дзвюх частак. Першую (вусную) частку ацэньвае ў красавiку школьная прадметная камiсiя. Пры гэтым абавязкова прысутнiчаюць адзiн знешнi экзаменатар i яшчэ адзiн настаўнiк з iншай школы. Выпускнiк можа выбраць, на якiм узроўнi ён будзе здаваць прадмет — на базавым цi пашыраным. Але той, хто выбiрае пашыраны ўзровень, абавязкова павiнен здаць i базавы. Экзаменацыйныя заданнi прыходзяць з акружной экзаменацыйнай камiсii. Пiсьмовая частка экзамена здаецца ў маi таксама ў школе, але ацэньваецца ўжо знешняй экзаменацыйнай камiсiяй. Праводзiцца цэнтралiзавана, у адзiн i той жа час, i кожны ўдзельнiк атрымлiвае свой пакет са сваiм кодам. Адкрытыя тэставыя заданнi правярае група экзаменатараў у выхадныя днi, хоць, па прызнанню старшага эксперта Цэнтральнай экзаменацыйнай камiсii Людмiлы Стопiньска, яны могуць толькi марыць пра двух i тым больш трох незалежных экспертаў, што задзейнiчаны на праверцы тэставых работ у Расii. Вынiкi экзамена не пераводзяцца ў школьныя адзнакi, а ацэньваюцца ў працэнтных суадносiнах ад колькасцi выкананых заданняў. Польская i замежная мова з’яўляюцца абавязковымi дысцыплiнамi, а вось трэцi прадмет выпускнiк выбiрае сам, у залежнасцi ад профiлю будучай прафесii. Дадаткова на матуральных экзаменах можна выбраць да трох прадметаў. Памiж беларускiмi i польскiмi ВНУ iснуе адна прынцыповая рознiца: вышэйшыя навучальныя ўстановы ў нашых суседзяў аўтаномныя, i кожная з iх устанаўлiвае свае правiлы прыёму. У пачатку кожнага навучальнага года факультэты вызначаюць, па якiх прадметах абiтурыенты павiнны мець матуральнае пасведчанне i на якiм ўзроўнi валодання дысцыплiнай. Скажам, для паступлення на факультэт еўрапейскiх навук Познаньскага унiверсiтэта трэба здаць польскую мову на пашыраным узроўнi, матэматыку — на базавым, першую замежную мову — на пашыраным i другую замежную мову — на базавым узроўнi. Плюс прайсцi ўнутрывузаўскi тэст. ВНУ дазволена праводзiць свае iспыты толькi па тых дысцыплiнах, якiя не вынесены на матуру. Гэта можа быць тэст творчых здольнасцяў, тэст па псiхалогii цi што-небудзь iншае. Сiстэма знешняй ацэнкi дзейнiчае ў Польшчы з 2002 года, аднак першы паўнавартасны матуральны экзамен прайшоў толькi сёлета. Галоўнымi пры вызначэннi зместу будучага экзамена з’яўляюцца стандарты экзаменацыйных патрабаванняў, якiя вызначаюцца Цэнтральнай экзаменацыйнай камiсiяй. Стандарты вызначаюцца на двух узроўнях — базавым i пашыраным. Сумесна з акружнымi экзаменацыйнымi камiсiямi па кожнай дысцыплiне матуральнага экзамена рыхтуюцца зборнiкi-iнфарматары, дзе змяшчаюцца патрабаваннi стандартаў, структура будучага экзамена, матэрыялы, якiя iлюструюць будучы экзамен (пробныя заданнi i прыклады iх вырашэння з мадэлямi адказаў) i крытэрыi ацэнкi. Гэта iнфармацыя даступная абсалютна ўсiм: i педагогам, i выпускнiкам. Больш таго, такi зборнiк павiнен выйсцi за два гады да правядзення экзамена, i ў тым выпадку, калi ўся iнфармацыя, што датычыцца будучага экзамена не будзе абнародавана, правядзенне экзамена будзе немагчымым. Для прыкладу, калi па вынiках 2005 года будзе прынята рашэнне што-небудзь змянiць у правядзеннi экзамена, новаўвядзеннi змогуць быць рэалiзаваныя не раней чым у 2008 годзе. Багаты вопыт па правядзенню тэсцiравання назапашаны ў Лiтве. Экзамены сталасцi здаюцца ў гэтай краiне пасля заканчэння 12-га класа. Экзамены бываюць двух тыпаў — школьныя i дзяржаўныя. Для паступлення ў ВНУ трэба здаць дзяржаўны экзамен, якi праводзiцца цэнтралiзавана ў спецыялiзаваных цэнтрах тэсцiравання i ацэньваецца па 100-бальнай шкале. Усяго для атэстата сталасцi патрабуецца здаць чатыры дысцыплiны: абавязковым з’яўляецца толькi iспыт па лiтоўскай мове. Далей, у залежнасцi ад уласнага рэйтынгу, абiтурыент або трапляе ў абраную ВНУ, або павiнен падумаць пра iншую (свае дакументы абiтурыент здае у пункт прыёму блiжэй да дому). У перспектыве лiтоўцы жадаюць перайсцi ад двух тыпаў экзаменаў на двухступеньчатую сiстэму (правяраць базавы i павышаны ўзровень валодання экзаменацыйнай дысцыплiнай). (Заканчэнне будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...на думку расiйскiх спецыялiстаў, больш-менш аб’ектыўны тэст па матэматыцы павiнен уключаць 180 заданняў |
|