Хачу ўбачыць яе прыгожай
Наталля КАРПЕНКА
Адкрыты форум Кожны раз, набiраючы тэлефонны нумар старшынi таго цi iншага сельскага (пасялковага) Савета, адчуваю некаторую няёмкасць: усё ж даводзiцца адрываць чалавека ад праблем, якiх на гэтай пасадзе, як гаворыцца, возам не павязеш. Аднак — за што асобная падзяка нашым старшыням — нават пры дэфіцыце часу нiхто з iх нiколi не адмаўляецца гаварыць пра набалелае. I гэта правiльна. Бо дадатак «Местное самоуправление» якраз i быў створаны для таго, каб вызначыць, узняць на паверхню ўсе «болевыя кропкi» мясцовай улады, кожнага яе звяна. Так што нашы стасункi, якiя завязалiся амаль год назад, спадзяюся, будуць працягвацца. Чакайце званкоў з рэдакцыi i, канешне ж, тэлефануйце самi.Марыя АЛЯХНОВIЧ, старшыня Корабаўскага сельскага Савета дэпутатаў Глыбоцкага раёна: — На дадзены момант больш за ўсё непакоiць наяўнасць пустуючага жылля. I хоць заканадаўчая база ў гэтым накiрунку паступова напрацоўваецца, але пытаннi застаюцца. Улiчваючы тое, што мы знаходзiмся паблiзу ад мяжы з Лiтвой i Латвiяй, дастаткова шмат людзей падалося туды на жыхарства. Сваю «нерухомасць» яны тут аформiлi, але не выкарыстоўваюць. А ўздзейнiчаць на такiх гаспадароў мы проста не маем магчымасцi — гэта замежныя грамадзяне, з якiмi цяжка наладжваць сувязь i падтрымлiваць кантакты... Вось i атрымлiваецца, што дамы пустуюць, участкi зараслi пустазеллем, а перадаць iх у карыстанне iншым уладальнiкам без наяўнасцi гаспадароў мы не маем права. Выйсце, канешне, шукаем. Удакладняем адрасную базу ўсiх, хто ад’ехаў, знаходзiм iх знаёмых, папярэджваем суседзяў, каб паведамлялi ў сельвыканкам, калi нехта з гаспадароў-замежнiкаў прыедзе пагасцяваць... Дарэчы, апошнiя пачалi вельмi актыўна скарыстоўваць магчымасць адкрыцця шматразовых вiз для наведвання, асаблiва ў выпадках, калi тут пахаваны родныя. Стараемся наладжваць з людзьмi кантакты, каб вырашаць праблему пустуючых дамоў больш эфектыўна. На тэрыторыi сельсавета ёсць i ўвогуле неаформленыя будынкi, якiя не маюць уладальнiкаў. Як правiла, гэтыя дамы належалi адзiнокiм састарэлым людзям, якiя памерлi. Каб паставiць гэтыя будынкi на баланс сельскага Савета, неабходна прайсцi праз пэўную працэдуру афармлення, заплацiць грошы. А далей або вырашаць пытанне аб перадачы дома iншаму ўладальнiку (ведаючы, што стан дадзенага жылля нецiкавы для пакупнiка), або пакiдаць у сябе на балансе, зноў шукаць сродкi — на капiтальную рэканструкцыю або рамонт. А такiх грошай у сельскага Савета няма... Аляксей СКАРАХОДАЎ, старшыня Сiдараўскага сельскага Савета дэпутатаў Краснапольскага раёна: — У нас праблема з водаправоднымi сеткамi, з калонкамi... Усё старое, усё ламаецца. Асаблiва часта здаралiся паломкi зiмой, падчас моцных маразоў. У такiх выпадках выручалi — трэба аддаць iм належнае — раённыя жыллёва-камунальныя службы. Але ж у адным месцы пачыняць — у iншым «прарвецца». Гэту праблему неабходна вырашаць у комплексе, а не ад выпадку да выпадку, мяняць сеткi. Тады i ў людзей будзе менш нараканняў... Праблемнымi з’яўляюцца i пад’язныя дарогi да могiлак, на што таксама неаднойчы скардзiлiся людзi. Усё, што можна было зрабiць у межах выдзеленых сродкаў, мы зрабiлi, але гэта можна назваць дробязным, касметычным рамонтам. Тым часам стан дарог патрабуе сур’ёзнай работы. Сёлета адна з iх нарэшце ўвайшла ў план дарожнага рамонтна-будаўнiчага ўпраўлення. На рамонт другой будуць выдзелены (паводле слоў намеснiка старшынi аблвыканкама) дадатковыя сродкi, i да канца года яе таксама павiнны давесцi да ладу. Ад сельскага Савета, на жаль, тут мала што залежыць, хiба што больш актыўна патрабаваць, стукаць у дзверы. Напрыклад, сёлета на добраўпарадкаванне нам запланавана каля 5 млн рублёў, з якiх 3 мiльёны 700 тысяч пойдзе на разлiкi за асвятленне. Застанецца такая «сума», з якой не вельмi развернешся... А пражывае на тэрыторыi сельсавета 1498 чалавек. У кожнага — свае пытаннi. Рамонт толькi аднаго калодзежа абыходзiцца нам у суму ад 50 да 100 тысяч рублёў... Васiль ВАЎРУШЭВIЧ, старшыня Гвозднiцкага сельскага Савета дэпутатаў Маларыцкага раёна: — Асноўная «болевая кропка» — гэта наша школа, якая знаходзiцца на балансе раённага аддзела адукацыi. Па стандарту на аднаго вучня неабходна 8 кв.м агульнай плошчы, а ў нас гэты паказчык у два разы меншы. Школа перагружаная, больш за 100 вучняў займаюцца ў дзве змены. Класы маленькiя, цесныя. Сам будынак стары, драўляны. Пашыраць плошчы, рабiць нейкiя прыбудовы не мае сэнсу. Нам патрэбна новая школа. Пытанне неабходна «закрыць» да 2008 года, калi згодна з планам у нас павiнен з’явiцца аграгарадок... Як збiраемся вырашаць праблему? На тэрыторыi сельсавета ёсць пустуючы 8-кватэрны будынак, жыхары якога раз’ехалiся па ўласных дамах. Думаем яго рэканструяваць, спортзалу прыбудаваць. Зараз будынак перадаецца з баланса СВК на баланс раённага аддзела адукацыi. Ёсць праблема i з вольным часам для моладзi — бо Дом культуры з пачатку 90-х знаходзiцца ў стадыi будаўнiцтва. I зрабiць застаецца, здавалася б, не шмат — аддзелачныя работы. Але наўрад цi наш СВК здолее закончыць iх у патрэбны тэрмiн. Плануем перадаць будынак у распараджэнне раённага аддзела культуры — магчыма, так лягчэй будзе атрымаць неабходныя грошы на завяршэнне работ... У прынцыпе, Дом культуры ўжо функцыянуе, адкрыта танцавальная зала, дзе праводзяцца дыскатэкi. Але яна не абаграваецца... Калi будаўнiчыя работы завершацца, тут будуць яшчэ глядзельная зала i бiблiятэка. Тэрэса ГЕРАСIМОВIЧ, старшыня Гродзiцкага сельскага Савета дэпутатаў Ашмянскага раёна: — Вялiкiя праблемы ўзнiклi ў нас зiмой, калi з-за завеяў былi моцна замецены дарогi, аўталаўкi не маглi даехаць да вёсак. Вырашалi пытанне з дапамогай СВК iмя Кляцкова i раённага дарожнага ўпраўлення. Дзякуй Богу, няма ў нас праблем нi з медыцынскiм, нi з бытавым абслугоўваннем. А вось навядзенне парадку па-ранейшаму застаецца актуальным пытаннем. Канешне, нельга параўноўваць сённяшнiя адносiны да парадку з тымi, што iснавалi раней, калi людзей прымушалi наводзiць чысцiню на прысядзiбным участку ледзь цi не з-пад палкi. Цяпер жа многiя стараюцца зрабiць свой падворак не проста прыгожым, а лепшым, чым у суседа. Мы, канешне, асвойваем грошы, якiя выдзяляюцца на добраўпарадкаванне, але iх вельмi мала. Таму i вырашыць усе пытаннi, якiя ўзнiкаюць, напрыклад, з рамонтам вясковых вулiц, немагчыма. Хоць бы агароджы аднавiць, чым i займаемся ў першую чаргу. Яшчэ на балансе сельскага Савета знаходзiцца дзiцячы садок з запаўняльнасцю... пад 200 працэнтаў, што не адпавядае санiтарным нормам. Будаўнiцтва новага садка мы не пацягнем. Значыць, трэба пашыраць тыя плошчы, якiя ёсць. Наконт гэтага я ўжо раiлася са старшынёй райвыканкама — вырашылi заказаць праектна-каштарысную дакументацыю, каб пашырыць будынак садка. Канешне, сёлета мы гэту праблему не вырашым, а вось за два гады, думаю, з будаўнiцтвам справiмся. Толькi адзiн бок гэтай праблемы мяне радуе — вялiкая колькасць дзяцей. Значыць, жыццё ў Гродзях працягваецца. Кацярына ЗЯЗЕТКА, старшыня Вербавiцкага сельскага Савета дэпутатаў Нараўлянскага раёна: — Наблiжаецца дваццацiгоддзе самай трагiчнай для сучаснай Беларусi падзеi — Чарнобыльскай катастрофы. Але я лiчу, што нашы раёны заўсёды, а не толькi ў сувязi з пэўнай датай, павiнны быць зонай павышанай увагi... Не ведаю, калi мы — ды i Брагiн, i Хойнiкi — выйдзем з крызiсу. У 86-м людзi атрымалi стрэс, з якiм да сённяшняга дня не могуць справiцца. Калi 27 красавiка пачалi эвакуiраваць насельнiцтва i вывозiць жывёлу — гэта было падобна на вайну... У нашай вёсцы пражывала 900 жыхароў, засталося 268. Але настрой у iх — як бы гэта назваць? — падобны да апатыi. Не хочуць будавацца, не хочуць упрыгожваць сваё жыццё. Лiчаныя людзi пабудавалi хлявы, павецi... Так, мы захавалi 2 школы — сярэднюю i базавую, мы захавалi ўсе ФАПы, усе клубы. У нас няма закiнутасцi i запусцення. Але... толькi ў адным Канатопе неабходна знесцi 67 дамоў, якiя ўжо немагчыма адрамантаваць. У нашых Вербавiчах пад знос пойдзе 40 дамоў. На адзiн жылы дом прыпадае пяць пустуючых. Знос аднаго дома каштуе каля мiльёна рублёў. Зараз у нас на рахунку знаходзiцца крыху больш за 3,5 мiльёна рублёў. Думаю, да гадавiны атрымаем яшчэ мiльёнаў 10—15: iх хопiць на розныя дробныя справы, напрыклад, абсталяванне калодзежаў. Канешне, нам надаецца шмат увагi, але так званым чарнобыльскiм раёнам яе трэба ўдвая-ўтрая болей — каб мясцовыя жыхары адчулi сябе сапраўды абароненымi. Таго, што робiцца сёння для нас, было б дастаткова для звычайных раёнаў, а для нашых — на жаль, недастаткова. Самае вялiкае маё жаданне — калi-небудзь убачыць сваю вёску прыгожай i ўтульнай, каб людзi даражылi яе цяплом i каб усе праблемы адышлi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны раз, набiраючы тэлефонны нумар старшынi таго цi iншага сельскага (пасялковага) Савета, адчуваю некаторую няёмкасць: усё ж даводзiцца адрываць ча |
|