Хто паправiць школе дах?МЯСЦОВЫ ЧАС На тэрыторыi Першамайскага сельскага Савета Дрыбiнскага раёна Магiлёўскай вобласцi дзецям ёсць чым сябе заняць у вольны час, а дарослыя могуць разлiчваць хiба на ўласныя... хобi. Можна сказаць, што вольны час — гэта пра гарадскiх «лайдакоў», а вясковым жыхарам не да забаў. Але ж шкада, дый няправiльна гэта неяк.Дзецi могуць у час, вольны ад асноўнага свайго занятку — вучобы — наведваць, напрыклад, школьныя спартыўныя секцыi, цэнтр дзiцячага школьнага мастацтва, дзе ёсць класы баяна i акардэона, фартэпiяна, нарэшце, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А вось для iх бацькоў цi «адзiночак», якiя дажываюць свой век асобна ад дзяцей i ўнукаў-гараджан, культурна-спартыўных заняткаў нестае. Кажуць, гадоў пяць таму спявалi яшчэ тут — душэўна, з ахвотай! Пэўна, i цяпер не адмовiлiся б аматары ад прапановы сабрацца разам на спеўнай вечарыне. Дык жа завадатара няма! Дзякуй Богу, вясна прыйшла: не павiнна даць рады смутку ды адзiноце. Раптам хтось актыўны, рухавы прыедзе сюды на «пастаяннае месца»... Зацягнуць «дзеўкi» тады што-небудзь для сардэчнай бадзёрасцi i душэўнай раўнавагi... Па праўдзе, прыязджае сюды няшмат «навасёлаў». Летась на тэрыторыi сельсавета пабудавана пяць «прэзiдэнцкiх» домiкаў i на сёлета запланавана ўзвядзенне такой жа колькасцi. Усё для новаспечаных спецыялiстаў па размеркаванню. На жаль, новыя домiкi засяляюцца не так хутка, як нараджаюцца пустыя. Тыя, што зусiм у дрэнным стане, разбiраюцца на дровы, прыстойныя — прадаюцца. На тэрыторыi Першамайскага сельсавета — 13 вёсак, 855 падворкаў. Больш за палову жыхароў — пенсiянеры, дзецi i ўнукi якiх часцяком жывуць у гарадах. Пакуль старыя здатныя на самадапамогу, пакуль здароўе дазваляе, застаюцца ў сваiх «немаладых» будынках. Але некаторыя аднойчы па сваёй волi цi па волi сваiх дзяцей перабiраюцца ў дом-iнтэрнат. У Першамайскiм такога няма, затое ёсць у суседнiм сельсавеце. Адзiнокiмi могуць быць i маладыя мацi. Тутэйшыя ведаюць пра 18-гадовую матулю чацвярых дзяцей. Бацька вялiкай сям’i невядомы. Кватэру — далi. Добра, што маладая i энергiчная дырэктар сярэдняй школы, што ў Трылесiне, Людмiла Гушча разумее, наколькi актуальнай для навучальнай установы стала задача бачыць кожнае дзiця паасобку, «каб вучнi з неўладкаваных сем’яў праходзiлi карэкцыйную работу». «Як мацi i дырэктар» Людмiла Гушча iмкнецца дасягнуць максiмуму — каб вучням было камфортна i каб вучнi гэтыя навучылiся берагчы тое, што маюць. А берагчы ёсць што. На дошцы гонару, прынамсi, — не настаўнiкi, а дзецi, актыўныя, выдатныя i, напэўна, беражлiвыя. Iншаму выразнаму, велiзарнаму стэнду «Планета школьных спраў» можа пазайздросцiць любая навучальная ўстанова. Размясцiлiся на аформленай па-сучаснаму «планеце» краiна дзiцячых i маладзёжных арганiзацый, краiны iдэалагiчная, бацькоўская, суботняя, навiн, здаровага ладу жыцця, экалагiчная i краiна вучэбных спраў. Адна з краiн атрымала працяг у размешчанай, зразумела, за сценамi будынка школы, экалагiчнай сцежцы, якую самi дзецi рэгулярна ўладкоўваюць, а таксама ў экацэнтры — кабiнеце, для якога чучалы птушак спансiравалi бацькi, а маштабны фотастэнд быў створаны на грошы, выручаныя са здадзенай дзецьмi макулатуры i ПЭТ-тары. Дарэчы, не так даўно школа ўстанавiла нават своеасаблiвы рэкорд па збору ПЭТ-бутэлек — 635 кiлаграмаў здалi! Людмiла Гушча — малайчына, канешне. Школа — не тая ўстанова, якая здольная перайсцi на самаразлiк, аднак калi ёсць спосаб зарабiць капейку, значыць, варта варушыцца. На жаль, ПЭТ-бутэлькамi не «закрыеш» больш iстотныя патрэбы. У камп’ютарны клас гасцей звычайна не запрашаюць: што карыснага i пазнавальнага ў разглядваннi «старажытных» камп’ютараў?.. Актавая зала — проста «зона стыхiйнага бедства». Ад моманту ўзвядзення школьнага будынка (на пачатку 90-х), прызначанага перш-наперш для дзяцей 420 перасяленцаў з Краснаполля, Чэрыкава, Слаўгарада, нiякага фiнансавання яму больш не перападала. А дах, мiж iншым, пачаў падцякаць. Столь i сцены ў правым «крыле» будынка на другiм паверсе i непасрэдна ў актавай зале касметычным рамонтам ужо не ўратаваць. Зараз школу наведваюць 220 дзяцей. Iх бацькi працуюць, галоўным чынам, у саўгасе «Першамайскi», таму аб самым распаўсюджаным спосабе вырашэння школьных праблем — бацькоўскiм кашальку — гаварыць не даводзiцца. Дый адна справа — для экацэнтра чучала набыць, а другая — дах перакрыць. Цi, скажам, басейн «размарозiць». Яго будаўнiцтва застыла фактычна на iдэйнай стадыi, хоць актуальнасць i мэтазгоднасць плавання для тутэйшых дзяцей вiдавочная. Людмiла Гушча не здаецца: мяркуе, што раённыя ўлады дапамогуць вырашыць праблемы адну за адной. А пакуль робiць тое, што самой пад сiлу — клапоцiцца аб забеспячэннi ўсiх вучняў бясплатным гарачым харчаваннем, дыетычным цi варыятыўным, вiтае настаўнiкаў з Магiлёва, цесна супрацоўнiчае з Мсцiслаўскiм будаўнiчым каледжам. «У апошнiя гады адзначаецца змяншэнне колькасцi вучняў, але ў далейшым мы спадзяёмся на павелiчэнне», — кажа дырэктар. А залежыць гэта, напэўна, ад таго, цi вернуцца колiшнiя дрыбiнскiя выпускнiкi на малую радзiму пасля працягу вучобы ў малых ды вялiкiх гарадах. Асноўнымi месцамi працы застаюцца на тэрыторыi сельсавета саўгас, Магiлёўская псiханеўралагiчная бальнiца, ЖКГ, школа, ляснiцтва, дзiцячы садок ды амбулаторыя. Жыллё ёсць. З цэнтральным ацяпленнем. Падводзiцца першая чарга на газ. З сакавiка ў «Беларусбанку» можна ўзяць крэдыт пад 3 працэнты на 10 гадоў: газiфiкацыя — паслуга для жадаючых не танная, можа абысцiся ў 2 мiльёны рублёў. Уладальнiкам прыватных дамоў давядзецца раскашэлiцца больш iстотна. Не газам адным жывы чалавек, канешне... Эх, многае ёсць... Завадатара — песень, танцаў не хапае! Прыязджайце хто-небудзь, абудзiце тутэйшых ад зiмовага сну... Святлана БАРЫСЕНКА, Дрыбiнскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На тэрыторыi Першамайскага сельскага Савета Дрыбiнскага раёна Магiлёўскай вобласцi дзецям ёсць чым сябе заняць у вольны час |
|