Прадпрымальнiкаў «падпiтаюць» фiнансава. Але на конкурснай аснове
Барыс ПРАКОПЧЫК
МАЛЫ БIЗНЭС Гродзенскiм абласным Саветам дэпутатаў зацверджана Праграма дзяржаўнай падтрымкi малога прадпрымальнiцтва ў рэгiёне на сёлетнi год. Мэта — далейшае фармiраванне спрыяльных умоў для ўстойлiвага развiцця малога бiзнэсу на аснове ўдасканалення формаў i метадаў дзяржаўнай падтрымкi гэтага сектара эканомiкi. Ставiцца задача павялiчыць колькасць суб’ектаў малога прадпрымальнiцтва ў вобласцi да 2300 арганiзацый (56 тысяч чалавек), а долю малога бiзнэсу ў агульным аб’ёме падатковых паступленняў у бюджэт — да 13—14 працэнтаў.На фiнансаванне праграмы прадугледжана накiраваць 448,4 мiльёна рублёў з бюджэту вобласцi i са сродкаў абласной установы фiнансавай падтрымкi прадпрымальнiкаў. Пры гэтым галоўным накiрункам з’яўляецца фiнансава-крэдытная дапамога малому бiзнэсу — шляхам частковай кампенсацыi расходаў па выплаце працэнтаў за карыстанне банкаўскiмi крэдытамi, лiзiнгавых плацяжоў, удзелу ў выстаўках-кiрмашах. Плюс фiнансаванне на льготных умовах iнвестыцыйных праектаў суб’ектаў малога прадпрымальнiцтва, у тым лiку накiраваных на выпуск экспартнай i iмпартазамяшчальнай прадукцыi, развiццё ўязнога турызму i звязанай з iм iнфраструктуры, аказанне паслуг у сельскай мясцовасцi. Сярод прыярытэтных задач праграмы — павышэнне квалiфiкацыi i перападрыхтоўка кадраў для прадпрымальнiцтва, падтрымка дзейнасцi iнфраструктуры малога бiзнэсу — цэнтраў, iнкубатараў. Iм дапамогуць у аснашчэннi аргтэхнiкай, кампенсуюць затраты на набыццё i распрацоўку праграмнага забеспячэння, базы даных i iх абнаўленне. Цэнтры падтрымкi малога прадпрымальнiцтва сёлета запланавана арганiзаваць у Гродне i Ваўкавыску. Партнёрскiя адносiны памiж органамi дзяржаўнага кiравання i арганiзацыямi прадпрымальнiкаў будуць наладжвацца шляхам сумеснага ўдзелу ў канферэнцыях, семiнарах, круглых сталах, а таксама ў падрыхтоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў па пытаннях прадпрымальнiцкай дзейнасцi. Такiм чынам, разуменне важнасцi падтрымкi малога бiзнэсу ў мясцовай улады ёсць. Але як на практыцы? Наколькi спрыяльныя ўмовы для доступу суб’ектаў малога прадпрымальнiцтва да той жа фiнансавай дапамогi i яе вяртання? Данута БIБIКАВА, намеснiк начальнiка аддзела прадпрымальнiцтва камiтэта эканомiкi Гродзенскага аблвыканкама: — У рамках рэалiзацыi Праграмы дзяржаўнай падтрымкi малога прадпрымальнiцтва на 2006 год абласная ўстанова фiнансавай падтрымкi прадпрымальнiкаў на конкурснай аснове аказвае фiнансавую падтрымку суб’ектам малога прадпрымальнiцтва, зарэгiстраваным на тэрыторыi г. Гродна i Гродзенскай вобласцi. Фiнансавая дапамога выдаецца ў беларускiх рублях на набыццё асноўных фондаў (усе вiды абсталявання, будынкi, спецтранспарт) у сферы аказання паслуг, вытворчасцi, гандлю i стварэння новых рабочых месцаў. Максiмальны памер крэдыту — 30 мiльёнаў рублёў. Аднак калi будзе нейкi цiкавы, важны для рэгiёна праект, то можа разглядацца i значна большая сума. Абласная ўстанова фiнансавай падтрымкi прадпрымальнiкаў таксама аказвае кансультацыйныя паслугi па падрыхтоўцы пакета дакументаў для атрымання фiнансавай падтрымкi. (Звяртацца па адрасу: г. Гродна, вул. Горкага, 49/425, тэл. 8(0152) 74-22-27, 74-55-98). Усё гэта рэальна, але пры ўмове, што ў пачынаючага прадпрымальнiка ёсць цiкавая iдэя. Трэба скласцi элементарны бiзнэс-план, у якiм указаць, што будзе прапанавана ўзамен на фiнансавую падтрымку. Гэты бiзнэс-план прадастаўляецца нам, мы яго разглядаем на пасяджэннi праўлення пад кiраўнiцтвам старшынi камiтэта эканомiкi Iрэны Самарынай. Перавагу атрымлiваюць праекты, звязаныя з iмпартазамяшчэннем, экспартаарыентаванымi таварамi, аказаннем паслуг, стварэннем новых рабочых месцаў, у тым лiку ў сельскай мясцовасцi. Прыярытэтнае значэнне надаецца агратурызму — аб’яўлены конкурс на лепшы праект у гэтай даволi перспектыўнай, але яшчэ слаба развiтой сферы дзейнасцi. Таццяна ЧЫСЦЯКОВА, iндывiдуальны прадпрымальнiк, вёска Грандзiчы Гродзенскага раёна: — На першым этапе, калi твой бiзнэс толькi пачынаецца i ўласных фiнансаў не хапае, дзяржаўная падтрымка — гэта, канешне, добра. Асабiста мне яна дапамагла рэалiзаваць iдэю вырошчвання грыбоў — вешанкi. За гэтыя сродкi купiла самае неабходнае абсталяванне — упаковачны апарат, без якога расфасоўка займала б разоў у дзесяць больш часу, халадзiльную шафу, якая дазволiла значна палепшыць умовы захаванасцi прадукцыi, а таксама кацёл для абагрэву памяшканняў, паколькi без цяпла грыбы расцi не могуць. Мы два гады ўпарта «змагалiся» з магазiнамi, каб нашу прадукцыю ацанiлi, i цяпер яна карыстаецца някепскiм попытам, аб’ёмы рэалiзацыi павялiчылiся разы ў тры. Скажам, унiверсам «Брэст» двойчы на тыдзень бярэ па 22—25 кiлаграмаў вешанкi, тады як раней — толькi 5—10 кiлаграмаў. У цэлым жа гандлёвым прадпрыемствам абласнога цэнтра штомесяц можам прапанаваць каля тоны грыбоў. I гэта не мяжа, паколькi збiраемся павялiчыць аб’ёмы вытворчасцi. Такiм чынам, ёсць рэальная карысць ад дзяржаўнай фiнансавай падтрымкi. Праўда, умовы яе вяртання, лiчу, павiнны быць для пачынаючых прадпрымальнiкаў больш спрыяльнымi. Ад чалавека, якi толькi разгортвае свой бiзнэс, патрабуюцца вялiзныя затраты, прыбытак ён атрымлiвае не так хутка i таму разлiчыцца з дзяржаўнай пазыкай за год-паўтара вельмi цяжка. На маю думку, тэрмiн яе вяртання павiнен быць больш працяглым.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гродзенскiм абласным Саветам дэпутатаў зацверджана Праграма дзяржаўнай падтрымкi малога прадпрымальнiцтва ў рэгiёне на сёлетнi год |
|