«Шэры воўк» дзяцей не напужае
«Шэры воўк» дзяцей не напужае
Калi дарослыя перастануць наступаць на адны i тыя ж граблi? Леташнi чэрвень выдаўся халодным i дажджлiвым. Пра гэта многiя проста ўжо не памятаюць. А вось вiцябчанка Таццяна Варвашэвiч i дагэтуль не можа супакоiцца. З той нагоды, што яе дзесяцiгадовы сын Анатолiй у сярэдзiне чэрвеня выехаў на адпачынак у дзiцячы аздараўленчы лагер рэспублiканскага унiтарнага вытворчага прадпрыемства “Вiцязь”, больш вядомага на бытавым узроўнi як тэлевiзiйны завод. Адпачынак быў сапсаваны з-за непрадбачанай хваробы хлопчыка — вострага захворвання вуха. У самiм аздараўленчым лагеры першая дапамога не была аказана. Дарэчы, тым часам у сувязi з халодным дажджлiвым надвор’ем з рознымi прастудамi ў медпункт пры лагеры звярталася многа дзяцей. З другога боку, аздараўленчы лагер не бальнiца i нават не санаторый. Сюды едуць не на лячэнне, а менавiта на аздараўленне. Мiнулагоднi Загад Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь “Аб медыцынскiм забеспячэннi летняга аздараўлення дзяцей i падлеткаў” лячэння ў аздараўленчых лагерах не прадугледжваў. Рэкамендавалася толькi аказанне неадкладнай медыцынскай дапамогi. Свая логiка ў тым ёсць: не ствараць жа яшчэ пры лагерах аздараўлення i адпачынку палiклiнiкi i бальнiцы. Iншая справа, што самi ўмовы пражывання, быту i адпачынку павiнны адпавядаць такiм патрабаванням, каб, жартам кажучы, да дзяцей i падлеткаў нi адна зараза не прычапiлася. А вось скаргi Таццяны Варвашэвiч у розныя iнстанцыi напоўнены крыўдай i гневам. На яе думку, дзецi хварэлi таму, што ў спальных карпусах аздараўленчага лагера ноччу яны накрывалiся толькi адной коўдрай. Якраз у сярэдзiне чэрвеня ў памяшканнях было сыра, холадна i няўтульна. I медпункт аздараўленчай установы быў не ў стане аказаць самую элементарную дапамогу з-за адсутнасцi медпрэпаратаў. Такая пазiцыя мацi. А як ставяцца да яе прэтэнзiй i нараканняў у розных структурах мясцовай улады? Спецыяльная камiсiя гарвыканкома арганiзавала праверку фактаў з выездам у аздараўленчы лагер “Вiцязь”. Частка з iх пацвердзiлася. Кiраўнiцтву лагера ўказана на неабходнасць больш тактоўных i ўважлiвых адносiн да дзяцей. Па лiнii ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкома таксама выказаны канкрэтныя заўвагi i рэкамендацыi. У прыватнасцi, неабходна выканаць мерапрыемствы па паляпшэннi якасцi гарачай вады, часткова замянiць старую мягкую мэблю, iншы iнвентар. Нельга лiчыць абгрунтаваным i тое, што частка дзяцей i падлеткаў рознага ўзросту размяшчалiся ў адных пакоях. Лепш, вядома, калi разам жывуць i адпачываюць аднагодкi. Шкада, што ў цэлым карысная i даступная для ўсiх слаёў грамадства форма летняга аздараўлення дзяцей i падлеткаў часам псуецца, як кажуць, лыжкай дзёгцю. Азмрочаным аказаўся настрой не толькi хлопчыка Анатолiя i яго бацькоў. А колькi непатрэбнай афiцыйнай перапiскi, праверак з боку гарадскiх i абласных iнстанцый! Траiм выхавальнiкам атрада № 8 не прадоўжылi кантракт для работы ў другую змену. За дапушчаныя недахопы начальнiк лагера першай змены дэпрэмiраваны на 90 працэнтаў. Урачу першай змены таксама не прадоўжылi тэрмiн працы ў летнiм лагеры... Дзеля справядлiвасцi скажу: у аздараўленчым лагеры “Вiцязь” шмат рабiлася i робiцца па паляпшэннi работы. Затраты прадпрыемства на яго падрыхтоўку да сёлетняга сезона склалi 138 мiльёнаў рублёў. З’явiлася шмат новай мэблi, кухоннага посуду, кантэйнераў для збору адходаў i смецця. Праведзены капiтальны рамонт кацельнi, пажарная ахова драўляных канструкцый карпусоў. Ачышчана i добраўпарадкавана тэрыторыя самога лагера i пляжа. Урэшце, галоўнай фiгурай i галоўным героем летняга аздараўлення застаецца маленькi грамадзянiн. Той самы, якi так любiць казку пра Чырвоную Шапачку i Шэрага Ваўка. У светлым падарожжы ў казачную краiну дзяцiнства нiшто не павiнна азмрочваць адпачынак дзяцей i падлеткаў. Яшчэ ў пачатку вясны загадчык Вiцебскага рэгiянальнага аддзела па аздараўленнi i санаторна-курортным лячэннi насельнiцтва Сяргей Чарнабабiн на нарадзе ў гарвыканкоме выказаў шэраг слушных заўваг i прапаноў па падрыхтоўцы дзiцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона. На асобым кантролi – два дзесятка такiх устаноў, якiя размяшчаюцца за горадам, на ўлоннi прыроды. I будзе прыемна, калi нiякi “шэры воўк” не сапсуе здароўе i настрой тысячам “чырвоных шапачак”, якiя пачынаюць летняе падарожжа ў краiну казак i светлых цудаў. Аб гэтым мы будзем iнфармаваць чытачоў... Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
|
|