Расплата за даброты цывiлiзацыi
Надзея НIКАЛАЕВА
...жыхары мегаполiсаў рызыкуюць здароўем на кожным кроку
Жыццё ў вялiкiм горадзе, безумоўна, мае шмат пераваг: працаўладкавацца тут лягчэй, атрымаць якасную адукацыю i квалiфiкаваную медыцынскую дапамогу прасцей, а месцаў для баўлення часу ў горадзе — колькi заўгодна. Але за ўсе даброты цывiлiзацыi даводзiцца плацiць уласным здароўем: суседства з прамысловымi аб’ектамi, неверагодная колькасць аўтамабiльнага транспарту, гарадскi шум робяць пражыванне ў мегаполiсах малакамфортным для чалавека, невыпадкова на Захадзе заможныя людзi iмкнуцца будаваць сабе жыллё пераважна па-за гарадскiмi межамi, у так званых «зялёных зонах». Прэстыжнасць жылля i цэны на яго ў многiх развiтых краiнах свету напрамую залежаць ад экалагiчнай чысцiнi тэрыторыi i... прысутнасцi там фактараў рызыкi для здароўя. ВОРАГ НУМАР АДЗIН — «ЗНОШАНЫЯ» АЎТАМАБIЛI Прасторавае размеркаванне забруджвання ў горадзе залежыць ад мноства прычын: гэта i канцэнтрацыя прамысловасцi, i тапаграфiчныя асаблiвасцi мясцовасцi, i мiкраклiматычныя ўмовы. На сёння выкiдваюць у атмасферу забруджвальныя рэчывы 1400 прадпрыемстваў i арганiзацый, размешчаных на тэрыторыi сталiцы. Аднак асноўнай крынiцай забруджвання паветранага басейна застаюцца ў Мiнску выкiды аўтатранспарту: летась на долю аўтатранспарту прыйшлося каля 83 працэнтаў сумарных выкiдаў. Разам з адпрацаванымi газамi аўтатранспарту ў атмасферу трапляюць да 200 разнастайных хiмiчных спалучэнняў, у тым лiку бензол, фармальдэгiд, фенол, аксiд вугляроду, дыяксiд азоту, дыяксiд серы i г.д. Асноўныя месцы забруджвання размешчаны ўздоўж аўтамагiстраляў з iнтэнсiўным рухам транспарту, асаблiва ў тых пунктах, дзе па ўмовах дарожнага руху змяняецца рэжым работы рухавiкоў аўтатранспартных сродкаў — каля святлафораў, на прыпынках грамадскага транспарту, на скрыжаваннях дарог i паваротах. Увогуле ў Мiнску зона павышанага забруджвання паветранага басейна фармiруецца ў паўднёва-ўсходняй i цэнтральнай частцы горада, што абумоўлена яе магутным прамысловым патэнцыялам (там функцыянуюць аўтамабiльны, трактарны заводы, ТЭЦ-2, ТЭЦ-3 i г.д.), ружай ветраў, асаблiвасцямi рэльефу (для сталiцы характэрны ўхiл мясцовасцi ў бок паўднёвага ўсходу), вялiкай iнтэнсiўнасцю аўтатранспарту i сiстэматычным узнiкненнем у цэнтры горада «вострава цеплынi». Становiшча ўскладняецца яшчэ i тым, што ў Мiнску з-за радыяльна-кальцавога размяшчэння вулiц узнiкаюць праблемы з цыркуляцыяй паветра. Улiчваючы актыўныя тэмпы аўтамабiлiзацыi мiнчан, няцяжка прадказаць, што калi гарадскiмi ўладамi не будуць прымацца належныя меры, то ў недалёкай будучынi Мiнск, як i Рым, i многiя iншыя еўрапейскiя сталiцы можа быць аб’яўлены зонай экалагiчнага бедства. Тым больш што аўтамабiлiзацыя беларусаў мае свае нацыянальныя адметнасцi: пераважная большасць набываемых нашымi грамадзянамi аўто маюць вельмi вялiкiя тэрмiны эксплуатацыi. На карце Мiнска можна знайсцi сёння дастаткова зон, якiя забудоўвалiся, мякка кажучы, не зусiм прадумана. Адзiн з самых красамоўных прыкладаў — гэта Нямiга, дзе быў узведзены буйны жыллёвы i гандлёвы комплекс, а вось пра аўтастаянкi для аўтатранспарту праекцiроўшчыкi не паклапацiлiся. На пласкасных аўтастаянках месцаў для ўсiх не хапае, i аўтамабiлi стаяць у чарзе з працуючым рухавiком цi «наразаюць» кругi, чакаючы, пакуль вызвалiцца месца. Спецыялiсты сцвярджаюць, што ў людзей, якiя аказалiся заложнiкамi гэтай сiтуацыi, вельмi высокiя ўзроўнi рызыкi, тым больш што пры працяглым уздзеяннi на арганiзм канцэрагенныя спалучэннi ўяўляюць сур’ёзную пагрозу нават калi iх утрыманне ў паветры адпавядае нарматыўным велiчыням. Iдэя будаўнiцтва шматузроўневага паркiнгу на Нямiзе была ўспрынята мiнчанамi ў штыкi. Аднак, паводле меркавання спецыялiстаў Мiнскага гарадскога цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii (МГЦГЭ), iншага спосабу палепшыць там лакальную экалагiчную сiтуацыю не iснавала i не iснуе. Урачы-гiгiенiсты i эколагi разглядалi некалькi варыянтаў будаўнiцтва паркiнгу (на працягу дзевяцi месяцаў адбiралiся ўзоры паветра i рабiлiся разлiкi па рассейванню шкодных рэчываў). Паводле iх меркавання, гэта той выпадак, калi паляпшэннем можна лiчыць нават нязначнае знiжэнне рызыкi пры iстотным павышэннi якасцi сацыяльнай iнфраструктуры ў гэтай гарадской зоне. Прывакзальная плошча раней таксама ўяўляла сабой лакальную зону экалагiчнага бедства. Аднак пасля яе рэканструкцыi i правiльнай арганiзацыi аўтамабiльнага руху сiтуацыя змянiлася там у лепшы бок. Ёсць яшчэ адна акалiчнасць, якая бянтэжыць мiнчан — гэта павелiчэнне ў горадзе колькасцi аўтазаправак. Здаецца, што яны растуць, як грыбы пасля летняга дажджу. Але спецыялiсты МГЦГЭ бачаць у гэтай сiтуацыi свае плюсы. Дастаткова прыгадаць савецкiя часы, калi для таго каб заправiць свой аўтамабiль, трэба было праехаць праз увесь горад. А калi аўтазаправачная станцыя размяшчаецца з улiкам санiтарных нормаў i магчымага ўздзеяння на прылеглыя да яе жыллёвыя кварталы, i аўтамабiлi не затрымлiваюцца там больш за 5—10 хвiлiн, нiякай небяспекi для насельнiцтва яна не ўяўляе. ЯК ВЫРАТАВАЦЦА АД ШУМУ? Калi пра «якасць» паветра ў раёне свайго пражывання мiнчане могуць толькi здагадвацца, то не заўважаць вакол сябе шум — вельмi праблематычна. Для прыкладу, падчас вымярэнняў у мiкрараёне Лошыца, якi знаходзiцца ў непасрэднай блiзкасцi ад аэрапорта «Мiнск-1» шуму ад самалётаў, было ўстаноўлена, што шум перавышае там дапушчальныя значэннi на 20 дБА. Цi варта здзiўляцца, што пацукi, як правiла, не селяцца паблiзу ад аэрапортаў... Паводле вынiкаў, праведзеных летась спецыялiстамi МГЦГЭ даследаванняў, перавышэнне дапушчальных узроўняў шуму ад вулiчна-дарожнай сеткi было зафiксавана ў 40 кантрольных пунктах на сталiчных магiстралях з 43 даследаваных. Найбольш неспрыяльныя па шумавому забруджванню ў Мiнску — вулiцы Арлоўская, Уральская, Маскоўская, Даўгабродская, Я. Коласа, Аранская, Сурганава, В. Харужай, праспекты Прытыцкага, Дзяржынскага i Партызанскi праспект. Сёння часткова праблема аўтатранспартнага шуму вырашаецца з дапамогай пераразмеркавання аўтатранспартнага патоку, вываду грузавога аўтатранспарту на кальцавую аўтадарогу i абнаўлення парка грамадскага пасажырскага транспарту. У мiнулым годзе ўдалося некалькi зменшыць шумавую нагрузку на праспекце Незалежнасцi, што палепшыла акустычную сiтуацыю на цэнтральнай гарадской аўтамагiстралi. СОТАВАЯ СУВЯЗЬ: ШКОДА ЦI КАРЫСЦЬ? Калi аналiзаваць характар зваротаў мiнчан у гарадскую санэпiдслужбу, то няцяжка прыйсцi да высновы, што гараджан сур’ёзна непакоiць суседства з антэнамi сотавай сувязi. Магчыма, многiм будзе цiкава даведацца, што на будынку Мiнскага гарадскога цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii таксама ўстаноўлена антэна, але нiхто з яе работнiкаў не панiкуе. Яшчэ да пачатку будаўнiцтва месца ўстаноўкi базавай станцыi абавязкова ўзгадняецца ў тэрытарыяльных органах дзяржаўнага санiтарнага нагляду. Распрацоўваецца будаўнiчы праект, у якiм абавязкова ўказваюцца тэхнiчныя характарыстыкi станцыi: магутнасць, частата выпраменьвання i дыяграма накiрунку выпраменьвання. Пасля завяршэння будаўнiцтва праводзяцца пусканаладачныя работы i вымярэннi, на падставе якiх выдаецца санiтарны пашпарт — дакумент, якi пацвярджае бяспечнасць выкарыстання аб’екта i ўстанаўлiвае абмежавальныя зоны забудовы i санiтарнай аховы. Электрамагнiтны фон вакол усiх рэтранслятараў пастаянна кантралюецца санiтарнай службай. Паверхневая шчыльнасць патоку магутнасцi правяраецца з дапамогай спецыяльнай апаратуры: у 90 працэнтах выпадкаў выпраменьванне ад базавых станцый ўвогуле не фiксуецца прыборам, паколькi яно ў дзесяткi разоў нiжэйшае за прынятыя ва ўсiм свеце стандарты (у Беларусi дапушчальная норма электрамагнiтнага выпраменьвання складае ўсяго 10 мiкрават на кв.см). За ўсе гады работы ў Мiнску базавых станцый пакуль што не было зафiксавана нiводнага адхiлення ад санiтарных нормаў. Спецыялiсты сцвярджаюць, што менш за ўсё падстаў для хвалявання за сваё здароўе ў людзей, у якiх базавая станцыя ўстаноўлена непасрэдна над галавой, паколькi яны знаходзяцца ў так званай «мёртвай зоне»: выпраменьванне распаўсюджваецца толькi ўбок, а вертыкальна ўверх цi ўнiз антэны практычна не выпраменьваюць. Небяспечная зона знаходзiцца на адным гарызантальным узроўнi з базавай станцыяй i не перавышае 30 метраў. Выпраменьванне змяншаецца прапарцыянальна квадрату адлегласцi (калi адлегласць ад крынiцы выпраменьвання павялiчваецца ўдвая, магутнасць выпраменьвання змяншаецца ў 4 разы i г.д.). Чым вышэй размешчана антэна, тым менш яе магчымае ўздзеянне на чалавека. Для забеспячэння патрэбнай вышынi аператары часта ўстанаўлiваюць спецыяльныя мачты. Пры гэтым антэны выкарыстоўваюцца толькi накiраваныя, якiя адпраўляюць сiгналы ў пэўным напрамку, якi ўзгадняўся яшчэ на стадыi праекта.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...жыхары мегаполiсаў рызыкуюць здароўем на кожным кроку
|
|