Траццяк лiчыць беларусаў вартымi суперлiгi
Iрына ПРЫМАК
Шайбу, шайбу! Беларускiя хакеiсты ў наступным сезоне, як i прадстаўнiкi iншых краiн, будуць лiчыцца ў расiйскiм чэмпiянаце легiянерамi, а лiмiт на iншаземцаў будзе складаць тры чалавекi. Праўда, тэрмiну «легiянер», як высветлiлася, у рэгламенце не iснуе: замест яго выкарыстоўваецца «iгрок, якi не мае права выступаць за Расiю». Акрамя таго ў 2007-м адна з каманд нашай рэспублiкi будзе гуляць у вышэйшай лiзе расiйскага першынства. Менавiта аб гэтым дамовiлiся ўчора прэзiдэнт федэрацыi хакея Расii Уладзiслаў Траццяк i старшыня беларускай федэрацыi хакея Уладзiмiр Навумаў.— Нiякага сакрэту мы не рабiлi, — растлумачыў гэта рашэнне Уладзiслаў Аляксандравiч. — Перамовы аб супрацоўнiцтве вялiся яшчэ летам. Мяркую, што сваёй гульнёй на чэмпiянатах свету i стаўленнем да хакея ў вашай краiне з боку кiраўнiцтва рэспублiкi i балельшчыкаў беларусы заслужылi выступленне ў расiйскай суперлiзе, але мы вырашылi: дарогу ў самы моцны дывiзiён спачатку трэба пракласцi з вышэйшай лiгi. На пытанне, цi не супраць дадатковай канкурэнцыi расiйскiя хакеiсты, Траццяк падкрэслiў, што матчы ад удзелу беларусаў стануць толькi цiкавейшымi, таму наўрад цi нехта будзе супраць. На думку Уладзiмiра Навумава, удзел у вышэйшай лiзе нiяк не прынiзiць нашых iгракоў, а наадварот дапаможа праявiць сваё майстэрства: — Лiчу, што за год мы здолеем выйсцi ў суперлiгу, — запэўнiў старшыня федэрацыi. — Пакуль яшчэ невядома, якая канкрэтна каманда прадставiць Беларусь. На прыняцце рашэння ёсць паўгода. Адзначу, што гэты клуб працягне выступаць i ў нацыянальным першынстве. У ходзе сустрэчы Уладзiслаў Траццяк паведамiў, наколькi падрыхтавана Расiя прыняць чэмпiянат свету-2007 па хакею ў Маскве i Мыцiшчах. Высветлiлася: хутка з’явiцца арэна на Хадынцы, а ўмовы ў Мыцiшчах, дзе будзе гуляць беларуская зборная, вельмi добрыя. «Зараз нам важна, як нiколi, правесцi турнiр на высокiм узроўнi, — заўважыў Уладзiслаў Аляксандравiч, — бо толькi так мы можам атрымаць зiмовую Алiмпiяду ў Сочы-2014».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларускiя хакеiсты ў наступным сезоне, як i прадстаўнiкi iншых краiн, будуць лiчыцца ў расiйскiм чэмпiянаце легiянерамi, а лiмiт на iншаземцаў будзе |
|