Малыя чыгуначныя алiмпiйскiя гульнi
Iлона IВАНОВА
У Магiлёўскiм аддзяленнi Беларускай чыгункi надаецца вялiкая ўвага здароваму ладу жыцця. У абласным цэнтры, Крычаве i ў Асiповiчах, дзе ёсць вялiкiя чыгуначныя вузлы, працуюць фiзкультурна-аздараўленчыя камбiнаты. Самы буйны з iх — магiлёўскi комплекс «Лакаматыў», якi штогод наведвае 120 тысяч чалавек, з якiх трэць — работнiкi чыгункi.
Задача камбiнатаў — прыцягваць чыгуначнiкаў да спартыўнага жыцця. Людзей, якiя жадаюць браць удзел у спартыўных спаборнiцтвах, шмат. — Калi спачатку мы стваралi спартыўныя каманды, было неяк цяжкавата, — прызнаецца намеснiк начальнiка Магiлёўскага аддзялення чыгункi Мiкалай Тарасевiч. — Людзi не вельмi разумелi, навошта ўвогуле патрэбна спартакiяда. Цяпер жа прачнуўся спартыўны азарт. Кожнае прадпрыемства чыгункi выстаўляе не толькi каманду ў гульневым вiдзе спорту, але i каманду балельшчыкаў у дадатак. Кожны iмкнецца ўвайсцi ў каманду, трэнiравацца, выйграваць i, канешне, атрымлiваць заахвочваннi. Пасля спаборнiцтваў каманды i ўдзельнiкi атрымлiваюць не толькi кубкi i падарункi ў выглядзе спартыўных прыладаў, але i грошы. За мiнулы год была прэмiявана амаль сотня работнiкаў магiлёўскай чыгункi на суму больш за 8 мiльёнаў рублёў. Начальства бачыць у спартыўных гульнях вялiкую карысць: чым больш людзi займаюцца спортам, тым больш адцягваецца iх увага ад тытуню, алкаголю i пераядання. З 13,5 тысячы работнiкаў Магiлёўскага аддзялення чыгункi прыкладна чвэрць бярэ ўдзел у спартакiядах. Прычым актыўная моладзь, ахвочая да спорту, ёсць не толькi ў Магiлёве i iншых гарадах. Кiраўнiцтва iмкнецца сабраць у каманды людзей з лiнiй, з сельскай мясцовасцi, дзе няма чым заняцца пасля працы i дзе часта бавяць вольны час «у кампанii» са спiртнымi напоямi. Тут спортам хочуць пазбавiць шкодных звычак. Калi чалавек, напрыклад, захапляецца лыжамi, то ў яго не хопiць здароўя i часу курыць ды пiць. Бо спартакiяда на чыгунцы доўжыцца не некалькi дзён, а круглы год, i асобныя турнiры займаюць некалькi тыдняў. Найбольш папулярныя ў чыгуначнiкаў футбол, валейбол, лыжныя гонкi, спартыўнае арыентаване, стральба. Дарэчы, на чыгунцы право- дзяць рабочую спартакiяду, а таксама i спаборнiцтвы сярод кiраўнiкоў. Яны выклiкаюць шмат iнтарэсу. Тэнiс, плаванне, стральба, лыжы — у такiх вiдах спорту кiраўнiкi абараняюць гонар свайго прадпрыемства i аддзялення чыгункi. Паводле традыцыi, турнiры па мiнi-футболу чыгуначнiкi праводзяць у Крычаве, а лыжныя гонкi — у Асiповiчах. — I паспеем яшчэ пабегаць на лыжах! — усмiхаецца Мiкалай Тарасевiч. — Зiма, як гавораць, толькi пачалася. Так што ўсё наперадзе. У спорткамбiнаце «Лакаматыў» залiваюць каток: прыйшлi маразы, а з iмi — час хакея i масавага катання. Зiмой таксама папулярныя басейн i гульнi ў зале. Камбiнату ўжо 30 гадоў, але ўвесь час да яго прыбудоўваюць нешта новае: нядаўна тут з’явiлiся крыты манеж для гульнявых вiдаў спорту i тэнiсныя корты са штучным травяным пакрыццём. Сцены «Лакаматыва» ўвешаныя стэндамi з фотаздымкамi розных спаборнiцтваў, таксама ёсць дошка вынiкаў спартакiяды. Толькi што падвялi вынiкi за мiнулы год: пераможцы i арганiзатары атрымаюць прэмii да 5 базавых велiчынь. — Мы тут працу пачалi задоўга да кампанii за здаровы лад жыцця, — гаворыць дырэктар «Лакаматыва» Валерый Палаўчэня. — У нас iншая праблема: не як людзей прыцягнуць, а як умясцiць усiх, хто жадае займацца фiзкультурай i спортам. Людзi самi зразумелi, што лепш быць здаровым, чым хворым. I плюс прэстыж прадпрыемства: калi работнiкi разам з кiраўнiкамi гуляюць i перажываюць за сваiх. Я гэта называю Малымi чыгуначнымi алiмпiйскiмi гульнямi — падчас iх на трыбунах, як кажуць, яблыку няма куды ўпасцi. Кожныя субота i нядзеля — гэта днi адпачынку чыгуначнiкаў у спорткамбiнаце «Лакаматыў». Работнiкi чыгункi карыстаюцца яго паслугамi бясплатна. Гэта замацавана ў калектыўнай дамове. За некаторыя вiды спорту, праўда, даводзiцца плацiць прафкамам iх прадпрыемстваў, бо плаванне, рытмiка, тэнiс — гэта платныя паслугi. Пенсiянеры чыгункi бясплатна займаюцца аздараўленчай гiмнастыкай. Найбольшай папулярнасцю ў публiкi карыстаюцца гульнi жаночых каманд. Прыгожыя жанчыны, шмат эмоцый — добрае вiдовiшча. Шмат народу збiраецца i на лыжныя гонкi: але тут маладыя часта прайграюць старэйшаму пакаленню. Вiдаць, людзi папярэдняга пакалення больш вынослiвыя i дбаюць пра сваё здароўе. У перспектыве, лiчыць Валерый Палаўчэня, трэба развiваць спартыўную базу — i не ў цэнтры, а ў калектывах. Каб шараговы чыгуначнiк пасля змены мог заняцца сабой. Так ужо робiцца ў некаторых падраздзяленнях: бiльярдны i тэнiсны сталы, зала для агульнай фiзiчнай падрыхтоўкi i аднаўлення пасля працы. Фiзiчна здаровы чалавек працуе лепш — у правiльнасцi гэтай высновы ўжо не трэба нiкога пераконваць. А ў чыгуначнiкаў праца нялёгкая: i ў снег, i ў дождж, i ў гразь цягнiкi ходзяць, перавозяць людзей i грузы. Таму кiраўнiцтва чыгункi ставiць задачу: не вялiкi спорт, а здаровы чалавек.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Магiлёўскiм аддзяленнi Беларускай чыгункi надаецца вялiкая ўвага здароваму ладу жыцця. У абласным цэнтры, Крычаве i ў Асiповiчах, дзе ёсць вялiкiя ч
|
|