МАЎКЛІВАЯ ГУЛЬНЯ
МАЎКЛІВАЯ ГУЛЬНЯ
Писатель — о поэте Янка Купала для нас — не только народный поэт, он пророк, наш духовный стяг. Писатель, лауреат Государственной премии Беларуси Владимир Липский адресует юным читателям свою книгу «Янкаў вянок». Эта книга — живые уроки Купаловой мудрости, безграничной любви к нашей милой Беларуси. Она интересна родителям, учителям, студентам, школьникам — всем, кто хочет своей душой постичь душу гения. Предлагаем нашим читателям отрывок из нее. Якуб Колас у адным з пісьмаў сваёй жонцы прызнаўся: “Работы няма, а час праходзіць. Вольныя ж мінуты часта запаўняюцца шахматамі. Але Янка часцей абыграе мяне...” Гэта было ў санаторыі, дзе разам адпачывалі Янка Купала і Якуб Колас. Два паэты-волаты, як два духоўныя браты, усюды былі неразлучнымі: у паездках, на сустрэчах з чытачамі, на розных урачыстасцях. Бачыліся амаль кожны дзень. Іх спатканні часцяком адбываліся ў Купалавай хаце, каля Свіслачы. І тады сябры садзіліся за шахматны столік. Кожны з іх выводзіў на поле бою сваё войска. Пачыналася маўклівае змаганне, бывала, аж да рання. Каб зразумець душэўны стан шахматнага іграка Янкі Купалы, каб далучыцца да яго пачуццяў і думак, трэба ўсё-такі ведаць старажытную, мудрую гульню. Яна даўным-даўно зарадзілася ў Індыі і стала любімым заняткам ва ўсіх народаў свету. Гэта гульня развівае памяць, лагічнае мысленне, выхоўвае ўсідчывасць, працалюбства і волю да перамогі. Янка Купала меў своеасаблівыя шахматы. У спецыяльны столік з чырвонага дрэва была ўмайстравана шахматная дошка з мармуровымі квадратамі. Усе 64 клетачкі белага і чырвона-карычневага колеру складалі поле бою шахматыстаў. У кожнага ваяра — сваё войска. Шахматныя фігуры Янкі Купалы былі адліты з металу. Мелі жоўты і чорны колеры. Калі хто не ведае, нагадаю: у баявы шахматны атрад “жоўтых і чорных” уваходзіла па шаснаццаць ігравых фігур. Сярод іх — кароль. Яго трэба ўсімі сіламі абараняць, бо калі акружаць чужынцы і аб’явяць яму “мат”, то гэта і будзе паражэнне. І не толькі для караля, а і для таго іграка, які кіраваў усім войскам. За караля на шахматным полі ваююць ферзь, два кані, дзве ладдзі, два сланы і восем пешак. Яны маюць сваё зыходнае месца. Кожны па-своему ходзіць, нападае, абараняецца. Іх віртуознасць поўнасцю залежыць ад чалавека-іграка. Як і ў лялечным тэатры. Поспех героя залежыць ад таленту артыста-лялечніка. Сядзіць Янка Купала за шахматным столікам і думае думу. Твар сур’ёзны, вочы засяроджаныя. Трэба трымаць вока і на сваіх фігурах і на чужых. Даводзіцца не толькі наступаць сваім войскам, але аналізаваць хады праціўніка, умець разгадваць яго блізкія і далёкія планы. А шахматных камбінацый безліч. Іх усіх, відаць, ніколі не вывучаць чэмпіёны свету, не тое што звычайныя ігракі. Маўклівая шахматная гульня вельмі падабалася Янку Купалу. Мне здаецца, яна нагадвала яму само жыццё. У кожнага з нас — свая барацьба, сваё змаганне. Трэба ўмець абараніць свайго ўнутранага караля, сваё “я”, асабістае сумленне, свой гонар. А для гэтага важна мець жаданне і натхненне, надзею і веру, цярпенне і мужнасць. Усё гэта выхоўваў у сабе Янка Купала і ў шахматнай гульні, і ў вірлівым жыцці. Пасля таго душэўнага надлому, які адбыўся з ім з-за незаслужана нанесеных крыўд, абвінавачванняў, Янка Купала стаў яшчэ больш маўклівым, задуменным, негаваркім. Думкі глыбока таіў у самім сабе. Паэт Максім Лужанін прыгадваў, як аднойчы добра памаўчалі з Іванам Дамінікавічам. Ён завітаў да народнага паэта, паздароўкаліся і пачалі разам маўчаць. У канцы сустрэчы Янка Купала сказаў свайму маладому сябру: — Дзякуй, што памаўчаў са мною. Удвух і маўчаць лягчэй. Хоць і не гаворыш, а ўсё ж як быццам раішся... Купалава маўчанне за шахматнай дошкай, яго маўклівасць за пісьмовым сталом, на прагулках з кіёчкам азначалі на самай справе бурлівую працу думкі, кіпучую дзейнасць розуму. Маўклівасць паэта ўрэшце вылівалася ў новыя радкі, строфы, вершы. І тады ўсе яго чытачы-прыхільнікі даведваліся, пра што думаў і клапаціўся прарок. За два гады пасля надлому, у 1931—1932 гадах, Янка Купала абнародаваў усяго некалькі вершаў. Амаль усе яны маюць адрасныя прысвячэнні: маладым паэтам, вялікаму Кастрычніку, тапельцу ў Вісле, ударніку, Арміі Чырвонай, акадэміку, аўтару першай Беларускай граматыкі для школ Браніславу Тарашкевічу. У гэты няпросты для творчасці час Янка Купала напісаў новыя вершы для дзяцей. Ён бываў у школах, у дзіцячых садках. Дзеці часта гасцявалі ў Купалавай хаце. Іх прыводзіла са сваёй працы выхавальніца Уладзіслава Францаўна. Яны, бывала, і самі прыбягалі да добрых і шчодрых людзей — цёткі Уладзі і дзядзькі Янкі... Адзін з вершаў таго часу прысвечаны Якубу Коласу, народнаму паэту Беларусі. Янка Купала быццам самому сабе зычыць свайму вернаму сябру: Жыві, мілы Колас, Многа летаў, зімаў З ясным сонцам побач На зямлі радзімай. Хочацца верыць, што сяброўскае пажаданне нарадзілася менавіта за шахматнай дошкай. У хвіліны маўклівага роздуму. Пад час той шчаслівай гульнёвай партыі, калі пераможцаў не было. Два заўзятыя ігракі, відаць, пагадзіліся на нічыю. Ніхто нікога, ні ў чым не пераіграў, не перамог... Уладзімір ЛІПСКІ |
|