IНТЭЛЕКТУАЛЬНА-ХУТКАСНЫ АДПАЧЫНАК
Анастасія КАРАЦЕЕВА.
У дзяцiнстве мы гулялiся з машынкамi. Яны былi маленькiмi, аднак вельмi падобнымi да сапраўдных. Але мы сталеем, расцём. З намi растуць i машынкi, i запатрабаваннi да гульняў.
Пачатак чымсьцi падобны да казкi. Жылi-былi Крыс, Гары i Нео. Сабралiся яны аднойчы разам i вырашылi прыдумаць гульню для аўтааматараў. Але гульню не звычайную, а iнтэлектуальную... Так пачаў iснаванне «Closed Racing Club» — клуб спартыўнага арыентавання ў горадзе. Спартыўнае арыентаванне... Што гэта? Гэта iнтэлектуальныя гульнi для дарослых. Сiстэма тая ж, што i ў «пешаходных» праектах «Схватка», «Night City». Ёсць месца старту, дзе рэгiструюцца ўсе ўдзельнiкi. Яны атрымлiваюць першае заданне, выканаўшы якое трэба знайсцi нейкае месца на карце. Калi экiпаж (вадзiцель i штурманы) знаходзiць гэты пункт на карце, прыязджае туды i атрымлiвае новае заданне, каб дабрацца да наступнага кантрольнага пункта. Калi каманда не здагадалася, куды трэба ехаць, прыкладна праз паўгадзiны яна атрымлiвае падказку. Каб такога не здарылася, трэба хутка прымаць рашэнне i добра ведаць Мiнск. — Насамрэч прабег адной гульнi атрымлiваецца недзе 50 кiламетраў, — патлумачыў мне Павел, удзельнiк гульняў, а зараз — арганiзатар заезду. — Звычайна трэба знайсцi 5—6 пунктаў, потым фiнiш. Сорак—пяцьдзесят экiпажаў — сярэдняя колькасць удзельнiкаў на кожным заездзе. Першыя прыходзяць на фiнiш праз дзве—тры гадзiны. Стартуем раз на два тыднi, за год атрымлiвецца 23—24 гульнi, адна з якiх, пад канец сезона, камандная (у каманду збiраюцца некалькi экiпажаў). Страт даецца звычайна ўвечары. Калi святлафоры «мiргаюць жоўтым», няма трафiку, вулiцы амаль пустыя — мала машын, мала пешаходаў. Пытанне: чым жа клуб «Closed Racing» адрознiваецца ад гуртка аматараў хуткасцi? Дэвiз клуба — «Ездзi з розумам». Гэта значыць, на першае месца ставiцца не лiчба на спiдометры, а правiльнае рашэнне задання i добрае веданне горада. — Можна вытрымлiваць хуткасны рэжым горада (70—80 км/г) i прыходзiць першым, —— упэўнiў мяне Павел. — Чым хутчэй каманда знойдзе разгадку, тым больш шанцаў выйграць. Таму звычайна не iграе нiякай ролi, якой маркi аўтамабiль. Канешне, бывае, што пасля гульнi яго трэба крыху падрамантаваць, але нiчога страшнага не здараецца. Клуб iснуе ўжо пяты сезон, а аварыя была толькi адна. Сезон пачынаецца ў канцы лiстапада—снежнi. Кожны заезд мае сваю тэматыку. У залежнасцi ад тэматыкi рыхтуюцца заданнi: рэбусы (нават бываюць звычайныя дзiцячыя), фотазаданнi (але на здымку павiнны быць добрыя арыенцiры), легенды (блытаныя маршруты, якiя можна разгадаць i адразу праехаць да патрэбнага месца), звычайныя шыфры i апiсаннi... Пытанне: i навошта гэта ўсё дарослым людзям? Павел адказаў проста: — Гэта iнтэлектуальны адпачынак i магчымасць самавыразiцца. Аднак акрамя маральнага задавальнення экiпаж-пераможца атрымлiвае i матэрыяльную ўзнагароду. Перад пачаткам гульнi кожная каманда павiнна здаць арганiзатарам пэўную суму. Гэтыя грошы пакрываюць расходы на арганiзацыю заезду i ўваходзяць у прызавы фонд. — Мы не камерцыйная структура, зарабiць на гульнях нельга. I ўзнагароды пераможцам сiмвалiчныя, а не каштоўныя. Звычайна медалi, кубкi... Залежыць ад арганiзатараў, ад iх фантазii, — усмiхнуўся Павел. Ёсць экiпажы, якiя збiраюцца толькi адзiн раз. Яны вырашаюць, што гэта iм не цiкава i больш не ўдзельнiчаюць. Ёсць экiпажы, якiя не прапускаюць нiводнага старту. Сярэднi ўзрост удзельнiкаў прыкладна 25 гадоў. Але ёсць невялiкая колькасць i зусiм маладых (20 гадоў) i тых, каму за трыццаць i нават за сорак. Пераважная колькасць удзельнiкаў працуе ў iнтэлектуальнай сферы. Чаму менавiта аўтамабiль? Гэта не сезонны транспарт. Таму гульнi праводзяцца i ў мароз, i калi спякота. Таксама не страшны пасажыру ў аўто нi дождж, нi снег — заезд з-за надвор’я не адменiцца. Ды i пешшу гульня можа зацягнуцца да ранiцы. Калi ёсць аўтамабiль, навошта яго марынаваць у гаражы? Нягледзячы на сваю назву («closed» з англiйскай мовы «зачынены»), клуб прымае ўсiх жадаючых. Аднак ёсць i свае правiлы. Добры тэхнiчны стан аўтамабiля, наяўнасць неабходных дакументаў у вадзiцеля — умовы абавязковыя. Бо ў дзяцiнстве разбiтую машынку можна было склеiць цi выкiнуць у сметнiцу. Але мы сталеем, расцём. I ў дарослых гульнях, нават iнтэлектуальных, у сметнiцу пойдуць ужо не цацачныя грошы. Каментарый Жанны ТРОЙНА, кiраўнiка Аддзела прапаганды i агiтацыi УДАI г. Мiнска: — Хуткасны рэжым у населеным пункце складае 60 км/г. Аднак ёсць знакi, якiя абмяжоўваюць хуткасць яшчэ больш iстотна — да 40—20 км/г (на мастах, каля школ, дзiцячых садкоў). Знакi, якiя абмяжоўваюць хуткасць, ноччу не адмяняюцца. Сутыкненняў з прадстаўнiкамi гэта клуба («Closed Racing Club») не было, больш хвалююць звычайныя стрыт-рэйсеры. Але ўсё роўна дарогi ў горадзе — гэта не месца для гульняў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У дзяцiнстве мы гулялiся з машынкамi. Яны былi маленькiмi, аднак вельмi падобнымi да сапраўдных. Але мы сталеем, расцём. З намi растуць i машынкi, i з
|
|