Хатнія лакальныя сеткі абрэжуць па загадзе
"Еўрарадыё" здабыла дакумент-загад па знiшчэннi самавольных камп"ютарных сетак у Мiнску. Ён падiсаны дырэктарам МТIСу Бычковым i гендырэктарам "Мiнскай гарадской жыллёвай гаспадаркi" Васiльевым. У дакуменце распiсаныя дзеяннi спецыяльных камiсiй на год наперад. У плане дзеянняў прапiсана i афармленне пратаколаў аб адмiнiстрацыйных парушэннях на адмiнiстратараў сетак. Мы пагутарылi з галоўным iнжынерам МТIСу Уладзiмiрам Папко. Ён распавёў "Еўрарадыё" пра тое, хто ўваходзiць у новыя камiсii, пра тое, чаму, на яго думку, за сеткi "ўзялiся", i пра сваё стаўленне да новага прыказу.
Камiсiя па сетках будзе складацца з прадстаўнiкоў чатырох арганiзацый. Уладзiмiр Папко: "Туды ўваходзiць ЖРЭА - уладальнiк дома, РАУС - сiлавая структура, падатковая - кантралёр незаконных грошай, "Белтэлекам" - сувязiсты, i МТIС. У кожным раёне павiнен быць свой прадстаўнiк ЖРЭА i па прадстаўнiку з РАУС, падатковай, "Белтэлекаму" i нас. Але адказнае за ўсё ЖРЭА". Уладзiмiр Папко пацвердзiў "Еўрарадыё", што легальных сетак у Мiнску практычна няма. Уладзiмiр Папко: "Хiба што некалькi штук. Напрыклад, "Дзелавая сетка" будуе сетку, у iх яна легальная". Новая камiсiя збiраецца не толькi рэзаць драты сетак, але i прыцягваць да адказнасцi iх адмiнiстратараў, калi тыя не падпарадкоўваюцца iх патрабаванням. Першая задача для камiсii - знiшчыць сеткi. У. П. : Прыярытэтнае - знайсцi сеткi i знiшчыць. ERB: Але яны ж вельмi лёгка ўзнаўляюцца. У. П. : Для гэтага ёсць падатковая - знайсцi адмiнiстратара i яго пакараць, i не будзе каму ўзнаўляць. ERB:А хiба можна даказаць, што нейкi чалавек - адмiнiстратар? У. П. : Канешне. ERB: Зразумела. Ну, а ўзамен будуць жа прапаноўваць нешта iншае, легальнае? У. П. : Канешне. "Белтэлекам", можа, пачне будаваць сеткi. Ёсць "дзелавая сетка" i ўсё астатняе - гэта ўсё "атожылкi" "Белтэлекаму". "Байфлай", якi цяпер iснуе, гэта ж таксама сетка. Тэарэтычна, адмiнiстратар сеткi можа яе ўзаконiць. Адкрыць IП i сабраць безлiч дакументаў. Але, здаецца, толькi тэарэтычна. Уладзiмiр Папко: "У нас не забаронена. У нас нават можна сваю АТС будаваць. Але пакуль не здаралася, каб нехта пабудаваў. Ну вы ж разумееце: сядзiць, таксама, як мы, арганiзацыя, якая з"яўляецца натуральным манапалiстам. I вы хочаце ўлезцi ў яго манаполiю. Усе вагары ў яго. Як вы думаеце, улезеце? Вось так жа i з сеткамi". На пытанне Еўрарадыё, чаму за сеткi ўзялiся так сур'ёзна, Уладзiмiр Папко адказаў даволi канкрэтна. Уладзiмiр Папко: "Патрэбныя падатковыя паступленнi, я так гэта разумею. Там круцiцца дастаткова шмат ужо грошай, гэта не сакрэт. Гэтыя грошы iдуць "мiма касы". Галоўны iнжынер кажа, што, магчыма, ён прыйдзе i ў свой дом i абрэжа там драты лакальнай сеткi. - Уладзiмiр Мiхайлавiч, а ў вас ёсць сетка? - Я на "Байфлае". - А ў вашым доме? - Напэўна, ёсць. I, калi быць правiльным, то так - я ў сваiм доме мушу першым выразаць яе. (усмiхаецца) Але абсалютнай веры ў тое, што новы загад i новыя меры дадуць вынiкi, Уладзiмiр Папко не мае. Хаця б таму, што абрэзаць драты бывае часам складаней, чым узнавiць iх. Уладзiмiр Папко: "Я лiчу, калi шчыра, што гэта мёртванароджаны загад. Для такога камiсiя гэтая, напрыклад, мусiць быць вельмi добра тэхнiчна падкаваная. Паспрабуйце адчынiць шчыток у сваiм доме i там разабрацца. Вы пачнеце рэзаць драты, як бы вы не парэзалi чагосьцi легальнага! Там лiфт, дамафон Ёсць дамы, дзе мы пабудавалi, напрыклад, сiстэму перадачы даных улiку рэсурсаў - гэта цепланосьбiты, электраносьбiты I там таксама мноства дратоў. I гледзячы на iх, не зразумела, што куды iдзе. Нават я са сваёй адукацыяй адразу не адрозню адразу ўсё гэта. Я лiчу, што ўсё зацiхне i атрымацца тое ж, што са спадарожнiкавымi талеркамi". З iншага боку, калi Мiнгарвыканкам стварыў такую камiсiю i распiсаў на год напрерад, што ёй рабiць, ён будзе чакаць вынiкаў i справаздач. Магчыма, графы "прымусовы дэмантаж" i "афармленне пратакола аб адмiнiстрацыйным парушэннi" не застануцца пустымi. Кацярына Буланава Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Еўрарадыё" здабыла дакумент-загад па знiшчэннi самавольных камп"ютарных сетак у Мiнску. |
|