Беларускі музычны андэграўнд 1960-1970-х вяртаецца
На працягу студзеня 2008 году ў эфір “Радыё Unistar” будзе выходзіць цыкл перадач, прысвечаных музыцы невядомых ці паўзабытых калектываў...
Радыёпраграма «Новая зямля» рыхтуе калядны падарунак для сваіх слухачоў. У студзені 2008 году ў эфір упершыню выйдзе цыкл перадач, прысвечаных беларускаму музычнаму андэграўнду 1960-70-х гадоў. Як паведаміў «Беларускім навінам» аўтар праекту Віктар Сямашка, праграма ставіць мэтай знаёмства з «забытай Атлантыдай», страчаным элементам у гісторыі айчыннай музыкі, вялізным колам невядомых ці паўзабытых музыкаў і калектываў: «Алгарытмы», «2+2», «Блікі», «Орты», «Пінгвіны», «Грыфы», «Дойліды», «Funny Foxes», «Арганаўты», «Спадкаемцы», «Эльфы», «Залатыя Яблыкі Сонца», «Шпакі» ды інш. «Хто б мог здагадацца, што на менскіх танцпляцоўках тады жыўцом гралі не толькі песні «The Doors», «The Rolling Stones», «The Animals», Джымі Хэндрыкса і Карласа Сантаны, але й уласныя кампазіцыі таго ж кірунку?» — кажа Віктар Сямашка. А на месцы цяперашняга Палаца Рэспублікі ў Мінску тады збіраліся бітнікі ды хіпі. Менавіта ў беларускай сталіцы, упершыню ў СССР, прайшоў першы Фэст біт-ансамбляў, і некаторыя запісы цудам дайшлі да нашых дзён. Падчас падрыхтоўкі цыкла «Андэрграўнд 1960-1970-х» быў узняты шэраг прыватных архіваў, стары аўдыёматэрыял прайшоў сур’ёзную рэстаўрацыю. Частка твораў была рэканструявана. Віктар Сямашка расказвае пра болей за 13 гадзін інтэрв’ю з непасрэднымі ўдзельнікамі падзеяў. У прыватнасці, з Яўгенам Канавалавым, Аляксандрам Сільвановічам, Уладзімерам Кандрусевічам, айцом Ігарам (Карастылёвым), Вольгай Аліпавай, Уладзімерам Спірыдовічам ды іншымі неафіцыйнымі героямі таго часу. Праграму «Новая зямля» можна будзе пачуць шточацвер а 21-ай гадзіне на “Радыё Unistar”: Мінск — 99,5 FM, Берасьце — 102,3 FM. Першы выпуск з цыкла «Андэрграўнд 1960-1970-х» выйдзе 3 студзеня. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На працягу студзеня 2008 году ў эфір “Радыё Unistar” будзе выходзіць цыкл перадач, прысвечаных музыцы невядомых ці паўзабытых калектываў...
|
|