21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Стэфан Эрыксан: У мяне такая жыццёвая пазіцыя: у якой краіне працую, мову той краіны і вывучаю

26.08.2009 08:46 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Кіраўнік аддзялення пасольства Швецыі ў Мінску Стэфан Эрыксан працуе ў Беларусі амаль два з паловай гады. Але за гэты час стаў адным з самых адметных дыпламатаў. Акрамя таго, што падчас імпрэз і сустрэч на розных узроўнях размаўляе па-беларуску, праяўляе яшчэ і вялікую зацікаўленасць да ўсяго, што адбываецца на Беларусі.

Даведка.
Стэфан Эрыксан нарадзіўся ў 1962 годзе. Скончыў Інстытут эканомікі і гандлю. Працаваў турыстычным гідам і кансультантам у Шведскім гандлёвым савеце. Затым перайшоў у Міністэрства замежных спраў Швецыі. Працаваў у дыпмісіях у Маскве, Брусэлі і Санкт-Пецярбурзе. З верасня 2005 года - кіраўнік аддзялення пасольства Швецыі ў Мінску.

- У снежні шведскі ўрад прыняў рашэнне адкрыць у Беларусі паўнавартаснае пасольства. Чаму гэта адбылося толькі цяпер? Як гэтая падзея паўплывае на міжбаковыя адносіны паміж краінамі?

- Насамрэч рашэнне было прынята вельмі даўно. Але ў Міністэрства замежных спраў Швецыі ўзніклі фінансавыя складанасці. Таму рашэнне не было рэалізавана. Да таго ж ужо пара прыйшла. Бо пасольства Беларусі ў Швецыі існуе ўжо амаль 10 гадоў. Калі будзе паўнавартаснае пасольства, то ў нас будзе больш магчымасцей для супрацоўніцтва. Да прыкладу, нам ужо не трэба будзе накіроўваць анкеты на візы ў Маскву.

- Ужо вырашана, хто ўзначаліць паўнавартаснае пасольства?

- Не, яшчэ не вырашана. Гэта пытанне да ўраду.

- Вы ў Беларусі працуеце ўжо амаль два з паловой гады. Што Вам падабаецца ў Беларусі, а што - не? Мабыць, ёсць у беларусаў нейкія незразумелыя для Вас рысы?

- Мне падабаецца працаваць у Беларусі, падабаюцца людзі, з якімі вельмі лёгка знайсці агульную мову. Паспяхова праходзяць нашы культурныя праекты. Зараз ідзе фестываль “Падарожжа Бергмана на ўсход”. 13 сакавіка пачнецца фотавыстава раслінаў "Гербарый кахання". У красавіку адбудзецца паказ дзіцячых фільмаў па матывах твораў Астрыд Ліндгрэн, будзе прадстаўлены параклад на беларускую мову яе кнігі “Пэпі Доўгая Панчоха”. Пасля пачнуцца Дні культуры Швецыі ў Беларусі. Падрабязнасці можна знайсці на сайце sweden.by.

Цяжка прызвычаіцца да нейкіх палітычных рэчаў. Напрыклад, чаму моладзь часта саджаюць у турмы па матывах, якія мне не зразумелыя.

- Ці лёгка прыстасаваліся да беларускага побыту?

- Для мяне няма вялікіх праблем з беларускім побытам. Я разумею, што жыву крыху ў больш прывілеяваных умовах. Вялікая кватэра (значна больш чым у Стакгольме) ў цэнтры горада, праца побач… Але купляю беларускую ежу. Хаджу ў мінскія крамы.

- Вы - адзін з нешматлікіх дыпламатаў, хто цудоўна валодае беларускай мовай. Адкуль такі інтарэс?

- Калі шчыра, я не чакаў такога водгуку на мае спробы вывучыць мову. Вы далёка не першы, хто пра гэта пытаецца. У мяне такая жыццёвая пазіцыя: у якой краіне працую, мову той краіны і вывучаю. А калі нечым пачынаю займацца, то вельмі паглыбляюся. Калі быў у Маскве вывучаў рускую мову, у Брусэлі - французскую.

- А калі Вас накіруюць у Кітай, то і кітайскую мову будзеце вывучаць?

- Так. Чаму не? Пры жаданні можна вывучыць любую мову.

- Як Вы пачалі вывучаць беларускую мову? Колькі разоў на тыдзень займаліся з выкладчыкам?

- Я пачаў вывучаць беларускую мову, калі яшчэ працаваў у Санкт-Пецярбурзе. Але гэтага было не дастаткова. У верасні 2005 года, калі пераехаў у Мінск, пачаў займацца з выкладчыцай. Яна прыходзіла да мяне два разы на тыдзень. Цяпер, калі я ўжо набыў практыку, сустракаемся адзін раз на тыдзень. Таксама людзі, з якімі я сустракаўся, натхнялі да паляпшэння маіх ведаў.

- Стэфан Эрыксан - часты госць на розных беларускамоўных вечарынах. Вам ніхто з беларускіх чыноўнікаў не гаварыў, што Вы не туды ходзіце?

- Не, ніхто не гаварыў. Калі чыноўнікі запрашаюць на сустрэчы, я таксама стараюся адгукацца. Чаму наведваю беларускамоўныя імпрэзы? Калі я стаў вывучаць мову, трэба было знайсці асяроддзе, дзе яе можна было б удасканальваць. І я стаў слухаць музыку, у тэатр хадзіць, стаў чытаць на беларускай мове. Удзячны лёсу, што такім чынам пазнаёміўся з цікавымі людзьмі. Я хачу падкрэсліць, што мне гэта цікава не толькі таму, што яны - беларускамоўныя, мне сапраўды падабаецца іх творчасць.

- Вы пераклалі на шведскую мову апавяданні Васіля Быкава, Уладзіміра Арлова, тэксты песень гурта N. R. M. Чаму менавіта іх?

- Я лічу, што ўсе гэтыя людзі вельмі значныя для Беларусі. Я гэта рабіў для таго, каб данесці крыху беларускай культуры да Швецыі. Так, пераклад апавяданні Быкава былі надрукаваныя ў адным са шведскіх часопісаў. Я займаюся перакладамі толькі ў вольную гадзіну. Таму пакуль што перакладаю невялікія творы. На жаль, часу на сур’ёзныя рэчы проста не хапае.

- Гандлёва-эканамічныя стасункі паміж дзвюма краінамі, мякка кажучы, не вельмі актыўныя. Ці гатовыя шведскія кампаніі інвеставаць ў беларускую эканоміку?

- Сёння нашыя стасункі не адпавядаюць патэнцыялу. Але я аптыміст і спадзяюся, што прыйдзе час, калі шведскія кампаніі пачнуць больш цікавіцца беларускім рынкам. Пакуль няма яскравых прыкладаў. Але я адчуў, што інтарэс расце.

Шведы зрабілі шмат укладанняў у краіны Балтыі: прамысловасць, сфера паслуг, банкаўская сфера. Там бліжэй і асяроддзе знаёмае. У Польшчу пацяклі інвестыцыі, ва Украіну. Думаю, грошы прыйдуць і ў Беларусь, калі ўмовы будуць прыймальныя.

- Што стварае перашкоды?

- Мне падаецца, што заканадаўства нядрэннае, толькі яго ўжыванне выклівае шэраг пытанняў. Шведскія кампаніі, відаць, яшчэ не адчуваюць упэўненасці ў правілах гульні ў Беларусі. Калі б гэта было, то, я думаю, справы ішлі б лягчэй. Пакуль што шведскія прамысловыя кампаніі маюць у асноўным у Беларусі агентаў ці ўласныя прадстаўніцтвы. Цяпер працуе адзін завод Bahco Bisov з удзелам шведскага капіталу.

- У якіх галінах у беларусаў і шведаў можа быць агульны інтарэс?

- Лягчэй, відаць, будзе наладзіць адносіны ў галіне інфармацыйныйных тэхналогій, энергетычнай сферы, лясной прамысловасці. Галоўнае - каб беларускія і шведскія дзелавыя колы часцей сустракаліся. Тады яны хутчэй знойдуць карысныя для сябе праекты. Я спадзяюся, што адкрыццё паўнавартаснага пасольства Швецыі ў Беларусі бедзе спрыяць развіццю нашых эканамічных адносінаў.

- Яшчэ адзін з сектараў эканомікі - гэта турызм. Швецыя для Беларусі - далёка ці блізка?

- Беларусь для шведскіх турыстаў, на жаль, не вельмі знаёмая краіна, масавага турызму няма. Але гэта пытанне часу. Шведы любяць вандраваць па свеце, па Еўропе. Шмат хто наведвае Польшу, Літву, Латвію. Ад гэтых краін да Беларусі рукой падаць. Таму можна ім на гэтым шляху завітаць і ў Беларусь. Між іншым, і Швецыя для беларусаў таксама незнаёмка. Летась мы адкрылі прыблізна 3 500 віз, сярод якіх няшмат турыстычных.

- Шмат было адмоваў?

- Не. Адсотак адмоваў вельмі малы. Іншая справа, што шведская міграцыйная служба часам мела праблемы з людзьмі, якія прыязджалі з Беларусі. Яны траплялі ў Швецыю і хацелі там застацца. Але ў іх не было для гэтага падстаў. У мінулым годзе было 300 такіх выпадкаў. На жаль, гэтая плынь абмяжоўвае развіццё турызму з Беларуссю. Людзі, якія хочуць прыехаць у Швецыю як сапраўдныя турысты, павінны такую магчымасць мець.

- Чым Швецыя можа быць прывабнай для беларускага турыста?

- 20 гадоў таму мы не ўяўлялі сябе краінай, прывабнай для турыстаў. Але на самой справе шведам ёсць, што паказаць. І ў апошнія гады адбыўся рост турызму. Да нас сталі прыязджаць падарожнікі не толькі з Еўропы, але і з Азіі, Амерыкі… Адбыліся вялікія фінансавыя ўліванні ў турыстычную інфрастуктуру.

Чым мы прывабныя? Швецыя слынная сваёй дзівоснай прыродай. У Швецыі ёсць тое, чаго няма ў беларусаў, - мора. Па-другое - горы. Ля ўсходняга ўзбярэжжа Швецыі знаходзяцца дзве вялікія выспы - Готланд і Эланд, унікальныя хараством своёй прыроды: з шыпастым вапняком берагоў, квяцістымі лугамі і верасовымі пусткамі. Абавязкова трэба наведаць сталіцу - Стакгольм. Яна вельмі дынамічна развіваецца.

- Ці ёсць у Вас нейкія любімыя мясціны ў Беларусі?

- Наведаў практычна ўсе рэгіёны. Мне вельмі падабаюцца гістарычныя гарады Полацк, Пінск, Віцебск, Гродна. На жаль, яшчэ не паспеў пабываць у азёрным краі, на Нарачы, кажуць, што там вельмі прыгожа. Стары горад у Мінску падабаецца.

- Як Вы ставіцеся да таго, што ў некаторых гарадах разбураюцца гістарычныя будынкі?

- Мы ў свой час таксама зрабілі шмат памылак. Разбурылі некаторыя помнікі архітэктуры. Лічылася, што гэта некаштоўна, таму трэба было пабудаваць новыя будынкі. На гэты конт узнікаюць спрэчкі. І гэта добра, што людзі гэта абмяркоўваюць, што для іх гэта важна. На жаль, некаторыя памылкі не выправіць. Не вернеш тое, што ўжо згублена. Таму да гэтай справы трэба падыходзіць больш уважліва. На мой погляд, кожны горад павінен берагчы свой гістарычны цэнтр, яго сэрца.

- Ці даводзіцца Вам рабіць абвяржэнні знакамітых шведскіх стэрэатыпаў - шведская сям’я, шведскі сацыялізм?

- Гадоў 30-40 таму мы шукалі свой шлях паміж камунізмам і капіталізмам. Можна паспрачацца, ці быў гэта сацыялізм на самой справе… Цяпер наша мадэль мала чым адрозніваецца ад астатніх заходніх краін. Гэта дэмакратычная краіна з рынкавай эканомікай. Можа, у нас толькі больш плацяць падаткаў, шмат грошай прыходзіць з бюджэту ў сацыяльную сферу.

Міф пра шведскую сям’ю ідзе з 60-70 гадоў, калі адбылася так званая сэксуальная рэвалюцыя. Мы ў гэтым былі аднымі з першых. Пасля гэтага і застаецца такі наш вобраз, але ён не вельмі адпавядае рэчаіснасці. Канешне, і зараз ёсць людзі, якія выбіраюць іншы шлях ва ўзаемаадносінах. Але гэта датычыцца не толькі Швецыі.

Мне здаецца, такія стэрэатыпы засталіся чамусьці толькі ў краінах былога Савецкага Саюза. Бо на Захадзе я аб гэтым не чуў.

- Дарэчы, чаму і як Вы сталі дыпламатам? Наколькі вядома, у Вас эканамічная адукацыя…

- Я вырас у простай шведскай сям’і. У дзяцінстве марыў быць дыпламатам. Бо мне здавалася, што дыпламатыя - гэта адзіная справа, якая дае магчымасць вандраваць. Потым я скончыў эканамічны інстытут і неяк забыў пра мару. І толькі ў 30 гадоў падаў свае дакументы ў Міністэрства замежных спраў. У Швецыі няма спецыяльных інстытутаў, якія рыхтуюць дыпламатаў. Дыпламатамі становяцца юрысты, эканамісты, журналісты…

Напрыканцы размовы я не мог не запытацца ў спадара Эрыксана пра яго працоўнае месца, аб якім ужо складаюць легенды. Рэч у тым, што шмат хто бычыў, як Стэфан працуе стоячы. Спецыяльна для гэтага прыстасавана і ягонае працоўнае месца.

— Гэта шведскае ноу-хау! Стол зроблены для працы стоячы, але яго можна апусціць. З раніцы, калі я бадзёры, можна пастаяць. Пасля абеду крыху стамляюся і магу апусціць стол. Гэта зроблена для офісных супрацоўнікаў, якія амаль увесь час працуюць за сталом. Шкодна для здароўя ўвесь час сядзець. Трэба і рухацца. Калі стаіш, то ўсё ж больш варушышся.

Гутарыў Аляксандр Заяц



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кіраўнік аддзялення пасольства Швецыі ў Мінску Стэфан Эрыксан працуе ў Беларусі амаль два з паловай гады.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика