"Еўрарадыё" даведалася, якую дапамогу атрымліваюць калгасы, падшэфныя міністэрствам. І каму з іх пашчасціла больш за усё. КДБ дапамагае валёнкамі, Мінспорту - мячыкамі ды лыжамі, Мінкультуры - паламанымі камп’ютарамі, а Міністэрства ўнутраных спраў - Палінай Смолавай і асужданымі.
Наста Ігнатовіч
Калгас Данукалава, што ў Лёзненскім раёне, замацаваны за Міністэрствам спорту і турызму. Фінансавай дапамогі там не дачакаліся. Затое міністэрства час ад часу дапамагае спортінвентаром. У вольны ад працы час работнікі калгаса могуць згуляць і ў тэніс, і ў більярд.
Расказвае Еўрарадыё галоўны эканаміст гаспадаркі Ірына Загіт: “Першы раз дапамаглі спортінвентаром на суму 9 мільёнаў рублёў. І другі раз ужо ў канцы 2007 года на суму 50 мільёнаў рублёў. Мы аддалі яго ў школу. Але і самі карыстаемся - у нас ёсць памяшканне, трэнажорная зала. Першы раз лыжы давалі, чаравікі, мячы І другі раз мы купілі трэнажоры, більярд, тэніс. Ну, для нашых патрэбаў”.
Ураджайнасць за час спартовага шэфства ніяк не змянілася, смяецца эканаміст: “Гэта ж, вы самі разумееце, ад нас залежыць, а не ад іх. Гэта вынікі нашай працы”. За мінулы год сярэдні заробак у калгасе Данукалава склаў 430 тысяч рублёў.
Не адчулі фінансавай падтрымкі ад дзяржапекуноў і ў калгасе “Авангард” Асіповіцкага раёна. Міністэрства аховы і здароўя адразу папярэдзіла: грошай яно не мае і дапамагчы не зможа. Але падлячыцца - не пытанне, кажа "Еўрарадыё" эканаміст калгаса Святлана Сысой: “Яшчэ Людміла Пастаялка казала: грошай у нас няма, мы бюджэтная арганізацыя, мы вам дапамагчы не зможам, але палячыцца - калі ласка. Бывае, што дзеці ў каго захварэлі ці яшчэ што Тэлефануем — і яны нас ужо накіроўваюць на абследаванне ці на лячэнне. Аказваюць дапамогу на больш высокім узроўні — у Мінск, напрыклад, накіроўваюць лячыцца”.
Аднак галоўны эканаміст “Авангарду” скардзіцца "Еўрарадыё", што ў гаспадарцы склалі “прыгажэнны” бізнэс-план, па якім планавалі атрымаць фінансавую дапамогу. Нават “міністэрская крыша” не дапамагла.
Святлана Сысой: “Мы спрабавалі атрымаць фінансавую дапамогу. Нават бізнэс-план склалі прыгажэнны на вялікую суму. Гэты бізнэс-план і ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі ёсць і ў Міністэрстве аховы здароўя, але на гэтым усё і спынілася ”
Па словах эканаміста, “Авангард” - гаспадарка, якая стабільна развіваецца. Сярэдні заробак “авангардаўца” - 436 тысяч рублёў: “Для калгаса гэта не так і слаба, але калі параўнаць з рэспублікай - гэта палова ўсяго”.
Працаўнікі “Авангарду” зайздросцяць іншым гаспадаркам. Лічаць, што тым з шэфамі пашчасціла болей: “Тым больш пашчасціла. Каго іншыя ўзялі пад сваё шэфства ”
Але ў калгасе “Агра-Сіняўка”, які ў 2004 годзе замацавалі за Міністэрствам культуры, з гэтым не згодныя. Ім не пашанцавала таксама. Гаспадарцы Мінкульт дапамог паламанымі камп’ютарамі. “Яны і сёння стаяць у нас і не робяць, - скардзяцца працаўнікі калгаса. - Бог ведае, калі яны нам аказалі нейкую дапамогу - камп’ютары далі паламаныя І сёння яны стаяць не робяць. Якое шэфства ”
КДБ таксама не надта “сочыць” за сваім “падшэфным”. Племзавод “Бярозкі” Гомельскага раёна ўжо два гады чакае чаго-небудзь ад чэкістаў. А ў 2005 годзе тыя дапамаглі валёнкамі.
“У канцы 2005 года на вялікую суму далі нам запчастак. Мы ім за гэта нічога не давалі. А ў 2006-2007 ужо нічога не было І не толькі запчасткі для тэхнікі, а і валёнкі, і нейкая спецвопратка была Была разавая дапамога, а больш нічога”.
Вось каму пашчасціла насамрэч - гэта калгасу “Гранічы-Агра”, што ў Маладзечанскім раёне. Над ім чацвёрты год шэфствуе Міністэрства ўнутраных справаў. “Вы што? Калі б не яны, загінулі б мы ”, - кажа "Еўрарадыё" галоўны эканаміст Леаніда Балыш.
Вынаходлівы МУС сам “жыве” з падшэфнай гаспадаркі: аказвае калгасу фінансавую дапамогу, а “Гранічы-Агра” адгружае міліцыі прадукцыю на гэтую ж суму. Выгадна!
Як даведалася "Еўрарадыё", шэфы з міліцыі дапамагаюць калгасу нават ботамі і штанамі. За жнівом тут сочыць асабіста міністар Навумаў!
“Спецадзеннем дапамагаюць - боты, якія выходзяць з моды даюць нам, штаны На жніво, як правіла, прыязджае сам міністр. Міністр прыязджае і глядзіць, што зроблена. Спачатку робіць даручэнні - вось трэба зрабіць тое і тое, а пасля, натуральна, прыязджае і глядзіць, што зроблена, а што не”.
Самая нечаканая дапамога ад Міністэрства ўнутраных спраў - працоўныя рукі. Працуюць усе: курсанты акадэміі, салдаты ўнутраных войскаў і нават асуджаныя. Для зручнасці ў вёсцы нават пабудавалі спецкамендатуру.
“Асуджаныя таксама дапамагаюць. У нас на месцы гаспадаркі зрабілі спецкамендатуру, у самой гаспадарцы Таксама нам дапамагаюць гэтыя людзі - і будоўляй займаюцца, і чым захочаце”.
Самае істотнае дасягненне гаспадаркі - павелічэнне галоў жывёлы. Пагалоўе вырасла на 1500 галоваў!
“Мы з нуля адрадзілі свінаферму. Калі яны прыйшлі, у нас ужо не было свінафермы, а мы яе аднавілі. Вырасла пагалоўе на 1500 галоў”.
Дарэчы, міністр унутраных спраў вельмі хваліўся гэтым дасягненнем перад журналістамі на адной з прэс-канферэнцый. Як даведалася "Еўрарадыё", калгаснікаў “Гранічы-Агра” шэфы разбэшчваюць забаўкамі: “Песняры”, Паліна Смолава, экскурсіі ў цырк.
“Канцэрты нам арганізуюць. У нас і Паліна Смолава выступала, і Скаражонак з “Песняроў”, і “Радзімічы”. Яшчэ выдзяляюць нам транспарт для турыстычных паездак. Давалі нам транспарт з’ездзіць на Курган славы, музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінск, у цырк, у Жыровіцкі манастыр”.
Толькі чамусьці сярэдні заробак калгаснікаў “Гранічы-Агра” складае толькі 364 тысячы. Даяркі атрымліваюць усяго 269 тысяч, механізатары - 367 тысяч рублёў. Малавата! Заробак гаспадарак, якія шэфы абмінаюць сваёй увагай, чамусьці вышэйшы
Яшчэ больш пашчасціла калгасу “Айчына” Пружанскага раёна. Не дзіўна - шэфства над ”Айчынай” узяў сам Нацбанк. Галоўны банк краіны не толькі дае крэдыты, але і плануе вытворчасць, расказвае "Еўрарадыё" кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Бандарэнка: “Аказваюць фінансавую дапамогу для развіцця гаспадаркі, крэдыты даюць. Гэта асноўнае, але яны таксама плануюць нашу вытворчасць ”
Нацбанк ужо набыў у дзяржавы 98% акцый калгаса. Уладзімір Бандарэнка кажа, што самой гаспадарцы без розніцы, хто іх гаспадар — галоўнае, каб давала прыбытак. А прыбытак калгаса, па словах старшыні, летась склаў больш за 3 мільярды рублёў. Дарэчы, гэта 1,4 мільёна долараў.
“Яны забіраюць нашы акцыі, пасутнасці, выкупляюць гаспадарку. Цяпер у банка 98% акцый. Цяпер больш за 3 мільярды прыбытку. А раней было так, што з каленаў ужо не падымаліся, адны страты былі”.
Кіраўніцтва Нацбанка наведвае вёску часта. Толькі што збіраць ураджай не дапамагаюць. Але гэта і правільна, лічыць Уладзімір Бандарэнка: “Няхай робяць грошы, а ўжо хто збіраць будзе — мы самі знойдзем. Кожны павінен займацца сваёй справай. Калі банкіры пачнуць бульбу капаць ”.
Заробак у калгасе “Айчына” большы, чым у іншых “падшэфных” гаспадарках. Даярка атрымоўвае ў межах 670 тысяч, механізатар - ад 800 тысяч рублеў. Таму і Пётр Пракаповіч радуецца сельскагаспадарчым дасягненням як золатавалютнаму запасу. Калі два гады таму на пытанне пра справы у “Айчыне” ён казаў адным словам “кепска”, то цяпер дакладае пра свае ўраджайныя дасягненні кіраўніку краіны.
Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей.
Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.