Дыялог пра інвестыцыі
Дыялог пра інвестыцыі
У наступную пятнiцу ў Мiнску ў Нацыянальнай бiблiятэцы пройдзе V пленарнае пасяджэнне Кансультатыўнага савета па замежных iнвестыцыях пры Савеце Мiнiстраў Беларусi. Як паведамiлi карэспандэнту "Звязды" ў Апараце Савета Мiнiстраў Беларусi, на пасяджэннi, у рабоце якога прыме ўдзел прэм’ер- мiнiстр Сяргей Сiдорскi, будзе абмяркоўвацца шырокае кола пытанняў, якiя звязаны са стварэннем у нашай краiне спрыяльных умоў для развiцця эканомiкi i iнвестыцыйнай дзейнасцi, фармiраваннем станоўчага iнвестыцыйнага iмiджу рэспублiкi за мяжой. Будзе больш за 500 удзельнiкаў, з якiх каля 200 — прадстаўнiкi замежных арганiзацый. Запрошаны прадстаўнiкi такiх мiжнародных арганiзацый, як ПРААН, Мiжнародная фiнансавая карпарацыя, Мiжнародны банк рэканструкцыi i развiцця, Еўрапейскi банк рэканструкцыi i развiцця, замежныя дыпламаты... Беларускi ўрад зацiкаўлены ў максiмальна адкрытым дыялогу па пытаннях далейшага ўдасканалення iнвестыцыйнага клiмату ў рэспублiцы i прыцягнення iнвестыцый у эканомiку краiны. На афiцыйным сайце Ўрада — www.government.by — размешчаны адрасы i кантакты, па якiх можна накiраваць у Саўмін свае прапановы па пытаннях удасканалення iнвестыцыйнага клiмату. Ігар ГРЫШЫН.
|
|