Дэпутат Касцян: "Еўрабачанне" - гульні малпаў
Дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Сяргей Касцян назваў конкурс "Еўрабачанне" гульнямi малпаў, ад якога не трэба адмаўляцца, але на якiм трэба выглядаць не горш за астатнiх i несцi ў мiжнародныя масы нацыянальную беларускую культуру. Аляксандр Цiхановiч назваў выказваннi дэпутата "плебейскай пастановай пытання". Лiдэр гурта "Палац" Алег Хаменка лiчыць, што пакуль нам удзельнiчаць у "Еўрабачаннi" трэба не дзеля перамогi, а дзеля рэкламы Беларусi.
Днямi на сумесным пасяджэннi дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў i ўраду ў чарговы раз адзначыўся дэпутат Сяргей Касцян. Гэтым разам незадаволенасць i крытыку народнага абраннiка выклiкала "Еўрабачанне", а дакладней тое, што прадстаўнiк Беларусi Руслан Аляхно не толькi не заняў хоць якога ганаровага месца, але i нiчога не зрабiў для прапаганды Беларусi, яе мовы i культуры. Каментуючы сваё выказванне Еўрарадыё, Сяргей Касцян заўважыў, што калi мы i вырашылi браць удзел у гэтым, падобным да гульняў малпаў, конкурсе, то трэба нешта рабiць, каб сярод астатнiх Беларусь была заўважана. Сяргей Касцян: "Я сур"ёзна стаўлюся да беларускай мовы, i сур"ёзна кажу, што мне не спадабаўся Аляхно. I я незадаволены тым, што мы прайграем ужо 3 раз запар. Па-другое, мы там нiяк не прапагандавалi Беларусь, толькi, што назва была "Беларусь". Усё астатняе - нiчога не было беларускага. Ды i сама форма - малпы, а не культуры. Гэта пародыя на культуру, там няма "сола", там няма галасоў! Там камедыйнае шоў вулiчных акцёраў. I таму трацiць грошы, каб прапагандаваць англiйскую мову, каму гэта патрэбна, навошта?!" Мiж тым, дэпутат не заклiкае адмовiцца ад удзелу ў "Еўрабачаннi". Галоўнае, каб кiраўнiк праекта Аляксандр Цiхановiч не "паддаваўся парадам розных дарадчыкаў", а дзейнiчаў самастойна. I выказаў сваё меркаванне, як павiнен выглядаць прадстаўнiк Беларусi. Сяргей Касцян: "Калi б Цiхановiчу сапраўды было дазволена, калi б ён сам, без усялякiх дарадцаў рыхтаваў, на беларускай мове, беларускага аўтара, песню кампазiтара беларускага, мы б перамаглi. I калi ён у будучым годзе возьмецца iзноў, то толькi каб з беларускай песняй. Выйдзе ў нацыянальным беларускiм строi артыст, хай прытопне, хай выйдзе з нашымi дударамi, гуслярамi i дадуць задорную беларускую песню на беларускай мове!" Больш за тое, дэпутат пагадзiўся з тым, што выхад Аляхно ў пераможцы адборачнага туру наўрад цi быў сумленны. Мiж тым, адзначыў, што ёсць шмат больш вартых выканаўцаў, той жа "Палац", якi таксама ўдзельнiчаў у адборы на "Еўрабачанне". Сяргей Касцян: "Ёсць у нас больш таленавiтыя людзi, чым Аляхно. Маладыя, але iх не прызнаюць i не дапускаюць. Колькi ў нас у правiнцыi талентаў, але iх не выпускаюць! Я ведаю "Палац", i ведаю, што гэта таленавiты калектыў. Карацей, у нас ёсць, з чым ехаць на "Еўрабачанне"! Кiраўнiк праекту "Еўрафэст" Аляксандр Цiхановiч прызнаўся Еўрарадыё, што сёлета прапаноўваў выканаць на конкурсе песню па-беларуску. Але заўважыў, што лiчыць такi падыход не вельмi правiльным. Аляксандр Цiхановiч: "Можна i па-беларуску, i па-кiтайску i па-ўкраiнску. Як заўгодна! Але я не думаю, што гэта будзе правiльна. Я прапаноўваў i сёлета такое зрабiць. Фiшка можа быць хоць у чым". Вiдаць, сёлета нiякай фiшкi гледачы ў беларускiм выканаўцы не знайшлi. Але прапанова зрабiць такой фiшкай нацыянальны каларыт не знайшла падтрымкi ў кiраўнiка праекта. Аляксандр Цiхановiч: "Скажыце, а якая нацыянальная разынка была ў выступе Бiлана?! Што за размовы такiя?! Можа быць разынка, а можа i не быць. Можа штосьцi быць у аранжыроўцы, а можа i не быць. Як гэта ўгадаеш? Гэты конкурс не паддаецца нiякаму аналiзу. Што гэта за плебейская пастанова пытання?! Людзi, якiя самi музыканты, i кажуць: "Ах, нацыянальная разынка трэба!". Якая нацыянальная разынка ў артыста, якi прадстаўляе дзяржаву?" Лiдэр гурта "Палац" Алег Хаменка кажа, што яны ад пачатку вырашылi браць удзел у адборы на "Еўрабачанне" толькi з мэтай паказаць, што можна стварыць еўрапейскi хiт на падставе нацыянальнай музыкi i з нацыянальным каларытам. Музыкант згодны з Аляксандрам Цiхановiчам, але толькi ў тым выпадку, калi i марыць адзiнае пра перамогу. Але, на думку Хаменкi, шчыра спадзявацца на перамогу на "Еўрабачаннi", Беларусь пакуль не можа. Таму трэба выкарыстоўваць гэтую пляцоўку з iншымi мэтамi. Алег Хаменка: "Я думаю, што яшчэ час не прыйшоў змагацца за перамогу. Сёння мы павiнны змагацца за тое, каб пра Беларусь даведалiся. Нам гэтая пляцоўка патрэбна зусiм з iншымi мэтамi. Не перамог, а дзеля напрацоўкi вопыту ў стварэннi якасных еўрахiтоў на падставе тых магчымасцяў, якiя прапануе беларускi шоў-бiзнес". Первоисточник: ![]() Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Сяргей Касцян назваў конкурс "Еўрабачанне" гульнямi малпаў, ад якога не трэба адмаўляцца, але на якiм трэба выглядаць не горш за астатнiх i несцi ў мiжнародныя масы нацыянальную беларускую культуру.
|
|