Сезон яблыкаў на старце
Сезон яблыкаў на старце
Спажывец Паводле ацэнак спецыялістаў, у Беларусi прынамсi да канца жнiўня працягнецца сезон нарыхтоўкi агуркоў, ужо ў самы блiжэйшы час "стартуе" масавая здача яблыкаў, а па традыцыi верасень стане месяцам "вялiкай бульбы". Тым часам, якiмi акажуцца аб’ёмы закупак гэтай i iншай сельгаспрадукцыi сёлета, куды яе можна здаць i як будуць "паводзiць" сябе закупачныя цэны? Каб адказаць на гэтыя пытаннi, карэспандэнт "Звязды" вырашыў сустрэцца з начальнiкам упраўлення нарыхтовак Белкаапсаюза Уладзiмiрам Уралавiчам ГАПАНОВIЧАМ. Слiвы, агуркi, дурнiцы Меркавалася, што 2008 год можа паставiць рэкорд па ўраджаi садовых сунiц. Аднак замаразкi ўнеслi ў планы свае значныя карэктывы. Тым не менш сёлета ўдалося нарыхтаваць 3027 тон гэтых ягад — на 4 працэнты больш, чым летась. Адначасова значна павялiчылiся аб’ёмы закупак чорных i чырвоных парэчак, вiшняў, агуркоў, засталiся на леташнiм узроўнi паказчыкi па чарнiцах. Зрэшты, сезон садовых сунiц, парэчак, чарнiц або ўжо закончыўся, або падыходзiць да заканчэння. Сёння ж асноўная нарыхтоўчая прадукцыя — гэта дурнiцы, вiшнi i грунтовыя агуркi. А зусiм хутка настане час "масавых" слiвы, алычы i яблыкаў. Прычым, заўважае Уладзiмiр Гапановiч, звычайны графiк закупак апошнiх зноў-такi змянiла надвор’е — у параўнаннi з мiнулым годам выспяванне яблыкаў затрымалася прыкладна на 7—10 дзён. Цэны пайшлi ўверх Цi не галоўная асаблiвасць сезону-2008. Паводле слоў Уладзiмiра Гапановiча, у вынiку павелiчэння попыту на сыравiну перапрацоўчыя прадпрыемствы вызначылi прыкметна больш высокiя прыёмныя цэны. А ў сваю чаргу гэта стымулявала рост цэнаў закупачных. У прыватнасцi, калi летась кiлаграм садовых сунiц можна было здаць у сярэднiм за тысячу, то сёлета гэты паказчык даходзiў да 1700 рублёў. Адпаведна, зноў-такi сярэдняя па краiне цана на чарнiцы павысiлася з леташнiх 4500—5500 да 5000—6300, на лiсiчкi — з 2500—6000 да 5500—6500, на дурнiцы — з 1500—2000 да 3000, на чорныя парэчкi — з 700—1000 да 1900, на чырвоныя парэчкi — з 500—800 да 1200—2500, на слiвы — з 600—700 да 1000—1500, на вiшнi — з 700—800 да 1500 рублёў i вышэй. Што ж да гуркоў, то тут закупачная цана вагаецца амаль кожны дзень — на сёння яна складае прыкладна 700 рублёў за кiлаграм. Разлiк — на месцы Рост закупачных цэнаў "пацягнуў" павелiчэнне аб’ёмаў сродкаў, неабходных для разлiкаў з насельнiцтвам. Аднак, зазначае Уладзiмiр Гапановiч, падстаў для хваляванняў у дадзеным выпадку не iснуе. Грошы ёсць — напярэдаднi нарыхтоўчага сезона спажывецкая кааперацыя атрымала 44,8 млрд рублёў мэтавага крэдыту. Гэтага цалкам дастаткова. Дарэчы, падкрэслiвае Уладзiмiр Гапановiч, галоўнае правiла застаецца ранейшым — разлiкi з насельнiцтвам за здадзеную прадукцыю павiнны адбывацца непасрэдна на месцы. Прычым захавалася магчымасць атрымаць разлiк як грашамi, так i таварамi з крамаў спажывецкай кааперацыi. Куды здаваць? Гэта пытанне было актуальным заўсёды, таму варта пералiчыць усе варыянты. Сёлета прыёмку сельскагаспадарчай i дзiкарослай прадукцыi праводзяць 947 прыёмна-нарыхтоўчых пунктаў, 852 штатныя нарыхтоўшчыкi, каля 3 тысяч сезонных нарыхтоўшчыкаў, нарэшце, 8950 вясковых крамаў. — Iнфраструктура створана, таму нiякiх праблем тут узнiкнуць не павiнна, — кажа Уладзiмiр Гапановiч. — Аднак калi гаворка iдзе аб здачы ў вялiкiх аб’ёмах (скажам, яблыкаў цi бульбы), то лепш за ўсё звярнуцца да таго ж загадчыка вясковай крамы загадзя — для таго, каб паспець заказаць на зручны дзень i час буйны транспарт. Дэфiцыт на... таварны прадукт Асобная гаворка пра яблыкi. Не сакрэт, што два гады таму на Беларусi быў адзначаны iх рэкордны ўраджай. I тады ж... з’явiлiся пытаннi са здачай. — Паводле ацэнак на канец мая, сёлетнi ўраджай яблыкаў павiнен быў значна перавысiць леташнi, таму была пастаўлена задача — павялiчыць iх нарыхтоўкi прыкладна ўдвая, — распавядае Уладзiмiр Гапанановiч. — На жаль, умяшалася тое ж надвор’е, яблыкi сталi асыпацца яшчэ да набору сваёй масы. Словам, спрагназаваць дакладныя паказчыкi аб’ёмаў цяжка, аднак трэба падкрэслiць — мы па-ранейшаму арыентуемся на 2-разовае павелiчэнне. Адпаведна, цяжкасцяў са здачай не будзе. Iншая размова — якасць. Многiя "прыватныя" сады не абнаўлялiся па 30—40 гадоў, i, як вынiк, у асноўным беларускiя яблыкi iдуць на прамысловую перапрацоўку. Таварнай прадукцыi няшмат — летась яе нарыхтавалi ўсяго каля тысячы тон. Сёлета гэты паказчык будзе прыкладна такiм жа. Мiж тым якасць — гэта яшчэ i пытанне цаны. Паводле папярэднiх прагнозаў Белкаапсаюза, сёлета таварныя яблыкi, якiя змогуць праляжаць прынамсi да зiмы, будуць прымацца недзе па 600—700 рублёў за кiлаграм. "Кошт" яблыкаў на перапрацоўку павiнен аказацца нiжэйшым — прыкладна ў межах 200—250 рублёў. Пытанне ў якасцi Менш пэўная пакуль сiтуацыя па бульбе. Яе час толькi пачынаецца, а весцi гаворку аб масавай закупцы маладой бульбы не выпадае. Да слова, зараз узровень закупачнай цаны тут складае каля 500 рублёў за кiлаграм. Аднак, зразумела, гэты паказчык будзе знiжацца. — Магу запэўнiць, што леташнiя аб’ёмы закупак мы ўтрымаем, — перакананы Уладзiмiр Гапановiч. — А вось цi атрымаецца iх iстотна павялiчыць, меркаваць цяжка. Унутраны рынак краiны бульбай насычаны. У той жа час патрабаваннi аптовых пакупнiкоў за мяжой наша прадукцыя забяспечвае далёка не заўсёды як па якасцi, так i па цане. Замежныя пакупнiкi патрабуюць, каб партыя складалася з аднаго гатунку, каб бульба была без захворванняў, каб 92 працэнты бульбы ў партыi адпавядала стандартам па памерах, пры гэтым наша закупачная цана i цана расiйскiх аптавiкоў ужо практычна зраўнялiся. Таму, да прыкладу, летась удалося прадаць у Расiю толькi 10 тыс. тон — разоў у дзесяць менш, чым хацелася б. Адпаведна, падкрэслiвае Уладзiмiр Гапановiч, перш-наперш бульба будзе прымацца ў залежнасцi ад яе якасцi. Што ж да закупачных цэнаў, то канчаткова яны павiнны сфармiравацца ў вераснi. Дакладна адно: iх узровень не будзе меншым, чым летась. Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводле ацэнак спецыялістаў, у Беларусi прынамсi да канца жнiўня працягнецца сезон нарыхтоўкi агуркоў, ужо ў самы блiжэйшы час "стартуе" мас |
|