Арыентацыя — Лондан!
Арыентацыя — Лондан!
Будні чэмпiёнаў Аксана Мянькова вярнулася дадому i штодня трэнiруецца ў Магiлёўскiм лёгкаатлетычным манежы "Алiмпiец"Роўна а 10-й гадзіне ранiцы разам са сваiм трэнерам Валерыем Варанцовым яна ўваходзiць у спартыўную залу. Высокая i стройная маладая жанчына ветлiва ўсмiхаецца. Нiякага чэмпiёнскага пафасу: цёмнае спартыўнае адзенне, заплечнiк, буднiчны "хвосцiк" i нуль касметыкi. Аксана i яе трэнер гатовыя шчыра адказаць на ўсе пытаннi журналiстаў. — Прайшлi ўшанаваннi, адгучалi гiмны, парадныя букеты кветак завялi. Цяпер зноў пайшлi суровыя буднi? А.М.: Ну чаму ж адразу суровыя? Звычайныя. Мы ж займаемся любiмай справай. В.В.: Аксана, вядома ж, марыць пра адпачынак. Але цяпер няма часу. Ёй павiнны прысвоiць чарговае воiнскае званне — лейтэнант, ды яшчэ будзе важнае мерапрыемства ў Мiнску. А.М.: Мае сябры на гэтым тыднi гуляюць вяселле, i яны згодны пачакаць мяне са спаборнiцтваў. Залатая лiга, неафiцыйны чэмпiянат свету, сёлета будзе праходзiць у Харватыi i Iталii. А пасля дзвюма сямейнымi парамi паедзем у Турцыю. (Аксане тэлефануюць на мабiльны: званок i выява на экране — святочны салют) — Гэта пекiнскi салют? А.М.: Не, гэта са свята горада Магiлёва. А на адкрыццi i закрыццi Алiмпiяды я не была. Быў трэнер. Я прыляцела ў Пекiн толькi 17 жнiўня, схадзiла на размiнку, а ўжо на наступную ранiцу мы паехалi на квалiфiкацыю. — Аксана, а не шкада вам, што вы не бачылi гэтыя неверагодна прыгожыя, цудоўныя шоу? В.В.: Калi б яна прыехала на адкрыццё, то не выступiла б так добра. А.М.: Па-першае, эмоцыi. Я калi чую гiмны, адразу пачынаю гарэць i плакаць. Ну вось такая няхай што i дзiўная рэакцыя! В.В.: Да таго ж прыходзiць дзесьцi на пятыя суткi перааклiматызацыя, а з ёй — галаўны боль, парушэнне каардынацыi, лёгкае галавакружэнне... А.М.: Ды не лёгкае, трэнер, а вельмi нармальнае. Я нагiналася, i ўсё плыло перад вачамi. В.В.: А так Аксана прыехала за дзень да квалiфiкацыi, i арганiзм яшчэ толькi пачаў перабудоўвацца. Яна паспела стаць алiмпiйскай чэмпiёнкай. — Вам ужо, напэўна, неаднойчы казалi, што ў параўнаннi з iншымi кiдальнiцамi молата, якiя дастаткова буйныя дзяўчыны, вы выглядаеце кволай мадэллю? А.М.: Скажу, што мне дастаткова гэтай вагi. З Пекiна я прыехала з 74 кiлаграмамi. Звычайна — 76. Калi я набiраю большую вагу, мне, наадварот, становiцца вельмi цяжка — i жыць, i кiдаць. Я аднойчы важыла 80 кiлаграмаў, дык мне здавалася, што я страшна непаваротлiвая. Хуткасць знiкае, усё знiкае, i я нiчога не магу. Мне здаецца, што для паспяховых кiдкоў вага вялiкай ролi не адыгрывае... В.В.: Тут важна спецыфiчны спрыт кiдальнiка молата. Таксама добрая каардынацыя, тэхнiка, магутны фiнал. — Цiкава, а цi мелі вы ста-сункі са сваiмi сапернiцамi? А.М.: Амаль што не. Ведаеце, само сапернiцтва не схiляе да стасункаў. Адна з маiх замежных калег не размаўляе са мной з таго часу, як я выйграла Кубак Еўропы. А iншая спартсменка на мяне дзейнiчае як чырвоны колер, калi пачынае "абмётваць" мяне на спаборнiцтвах. Я проста не перажыву, калi яна выйграе. У мяне на Алiмпiядзе выклiкала сiмпатыю кубiнка: малайчына, бойкая дзяўчына. I мяне падштурхнула да барацьбы. — А "Птушынае гняздо" вам спадабалася? А.М.: Так, вельмi добры стадыён. Утульны, нейкi хатнi, не выклiкае напружання. — А не надта вялiкi? В.В.: Ой, кiтайцы ўвогуле любяць усё вялiкае. Шчыра казаць, усе нашы супербудынкi цьмеюць перад кiтайскiмi. Маштабнасць ва ўсiм: вялiзныя збудаваннi, сучасныя дарогi. Мяне адразу ўразiла сваёй грандыёзнасцю плошча Цяньаньмiнь. Там я так захапiўся сучаснымi будынкамi, што пасадзiў акумулятар вiдэакамеры. I калi трапiў у знакамiты i велiчны Забаронны горад, якi будавалi для сябе кiтайскiя iмператары, то адразу пашкадаваў, што не магу зрабiць здымкi. Побач з Забаронным горадам на вяршынi гары каля храма быў Будда 5-мятровай вышынi. Дайшоў да яго, але стамiўся моцна i наняў на зваротны шлях рыкшу. Яны вельмi таргуюцца, i мяне за тым разам, здаецца, абдурылi. А вось Аксана ўмее з кiтайцамi размаўляць. А.М.: Ды яны там усе па-руску размаўляць умеюць. Кiтайцы — прадпрымальны i цiкавы народ, яны iмгненна пераключацца з адной нацыi на iншую. — А якiя вы, Аксана, бачылi кiтайскiя славутасцi? А.М.: Я трапiла толькi на рынак. Гэта такi звычайны будынак, паверхаў у пяць. I там такiя клятушкi, дзе прадаюць адзенне, абутак, кайстры, курткi, майкi, дзiцячую вопратку... Усё што заўгодна. Але там самае галоўнае — таргавацца. Таму што спачатку табе называюць ну проста шалёную цану, а потым набываеш тую ж рэч амаль што за капейкi. — Што вы сабе ў Пекiне набылi? А.М.: Асабiста сабе — нiчога. Дбала толькi пра падарункi, каб усiм прывезцi. Мужу набыла кашулю з драконамi. Спачатку прасiлi 100 долараў, а набыла на нашы грошы за 16 тысяч рублёў. Кiтайскiя прадаўцы на рускай мове лапочуць нешта пра мiнiмум i максiмум, а калi мне надакучвае, то я махаю рукой i кажу: "Ай, трэнер, пайшлi!" Дык яны потым бягуць за намi: "Куня, куня, усё, пойдзем..." — А хто такая "куня"? А.М.: Напэўна, жанчына альбо пакупнiца. Карацей, аблаялi "куняй". Але было весела. I гэта ўсё, што я бачыла. Не, пачакайце... Нас яшчэ пасольства запрашала ў кiтайскую рэстарацыю. Там было вельмi прыгожа, але я нiчога не ела. Баюся экзатычнай ежы. — А што вы елi ў Кiтаi? А.М.: Бульбу фры, мяса, птушку, рыбу. Толькi ўсё самае простае. Калi выступiла i магла расслабiцца, то ўжывала i садавiну. Пiла сок, спрайт i колу. I яшчэ там было вельмi смачнае печыва: нешта накшталт аўсянага i звычайнае. А вось сыру не было зусiм, хоць я вельмi яго хацела... В.В.: Як гэта не было сыру? А.М.: Я яго не знаходзiла. Там жа сталоўка была болей за наш "Алiмпiец". А сыр я ем штодня. — А што вы яшчэ любiце з ежы? А.М.: Я вар’яцею па бульбе. Люблю мяса — свiнiну. Рэбры, пячонку. Мяса магу есцi тройчы i болей на дзень. Дарэчы, з прадпрыемства "Белатмiт" прывезлi ў падарунак вяленае мяса — нiколi не ела такога смачнага ў жыццi. — А я была ўпэўненая, што вы прытрымлiваецеся строгай дыеты. I разлiчвала на каштоўныя парады па здаровым харчаваннi для чытачоў "Звязды". А, аказваецца, насуперак модным тэндэнцыям, вы ўвогуле ясце што хочаце? А.М.: Гэта яшчэ не ўсё. (смяецца). Мне муж, якi заўсёды гатовы для мяне зорачку з неба дастаць, торбамi цягае цукеркi. Я страшная ласуха: нават у ложак цукеркi цягаю. А яшчэ вельмi люблю таранку — сухую салёную рыбу. — I, напэўна, з пiвам? А.М.: Не, пiва i iншы алкаголь я не люблю. В.В.: Яна просiць у мяне дазволу выпiць пiва. Я кажу: "Выпi!". Добра. Потым пытаюся, колькi ж яна выпiла. "Трэць куфля!" Вось гэта выпiла дык выпiла! А.М.: Нават ад мiнiмальнай дозы алкаголю ў мяне пачынаецца вялiкi галаўны боль. — I нават шампанскiм не адзначылi поспех на Алiмпiядзе? А.М.: Не-а. Мы набылi гарэлкi ў бяспошлiннай краме. Выставiлi на стол, але нiхто ёй так i не зацiкавiўся. Павячэралi ў сталоўцы, пасядзелi i разышлiся па дамах. Так што я не выпiць люблю, а добра паесцi. — Тады як вам удаецца так шыкоўна выглядаць? А.М.: Не ведаю. Гэта прыродная ўласцiвасць. Я, наадварот, не магу набраць вагу, а скiнуць — лягчэй лёгкага. — А як вы сочыце за знешнасцю? А.М.: Хаджу раз на два месяцы ў звычайную цырульню, да свайго майстра. Мне там робяць стрыжку i мелiраванне. А з тварам увогуле нiчога не раблю. Я нават крэмамi не карыстаюся. У мяне такая добрая скура, што гэта не патрэбна. Касметыку ўжываю вельмi рэдка. Трэнiроўкi да падфарбоўкi вуснаў i веек не прыстасаваныя: усё гэта давядзецца так цi iнакш змываць. Не, гэта не для мяне. — Як вам прыйшлiся кiтайскiя клiмат i паветра, чысцiня якога выклiкала шмат нараканняў? А.М.: Дыхалася мне нармальна. Ды i надвор’е было нядрэнным, хоць многiя прастудзiлiся ад кандыцыянераў. В.В.: Але кандыцыянеры — гэта жыццёвая неабходнасць у Кiтаi. Там вельмi высокая вiльготнасць, шчыльнае паветра, вiсiць нейкая смуга i ў ёй амаль не бачна сонца. Але нават калi не бачыш сонца, усё ж яго адчуваеш. Таму кандыцыянеры паўсюдна. Грамадскi транспарт, дзе захоўваецца тэмпература ў 20 градусаў цяпла, здаецца пасля вулiцы проста кiтайскiм раем. А.М.: У маiм алiмпiйскiм нумары — стандартным, без усялякай раскошы — таксама быў кандыцыянер. Жыла я ў iм адна, а ўвечары мы звычайна сустракалiся ў сталоўцы са спартсменамi з Магiлёўскай вобласцi. — А якое ўражанне зрабiлi на вас кiтайскiя спартсмены? А.М.: Хутка кiтайцы, мне здаецца, будуць першымi паўсюдна. За спiнамi цяперашнiх спартсменаў стаiць цэлая чарга маладых, якiя хочуць трэнiравацца. А ў нас — мала. Знайсцi здольных дзяцей i зацiкавiць iх спортам — гэта складаная праблема. В.В.: Насамрэч мы пра кiтайцаў мала ведаем. Там шмат розных народнасцяў. Сёлета два кiтайцы з Шанхая прыязджалi да мяне ў Магiлёў трэнiравацца, у разлiку ўжо на Лонданскую алiмпiяду. Яны мангалоiднага тыпу, вялiкiя i моцныя. Iх нацыянальны герой — Чынгiс-хан, яму помнiк збiраюцца ўсталяваць. I мала таго, што яны вельмi iмкнуцца перамагчы, iм яшчэ дапамагае iх медыцына, заснаваная на лекавых зёлках. Кiтайцы, якiя прыязджалi, частавалi мяне нiбыта простым зялёным чаем. Але ад яго такi тонус у арганiзме! Увогуле кiтайцы ў спорце перайшлi ў наступленне. — А як наконт судзейства на Алiмпiядзе? В.В.: Нават не сумнявайцеся — усё было сумленна i справядлiва. Скажу, што нi на адной Алiмпiядзе так добра не судзiлi спаборнiцтвы. Можаце сабе ўявiць: спрэчка Аксаны з сапернiцамi ў першай спробе была ў лiчаных сантыметрах. Але з вопыту скажу: можна было выкраслiць цi дадаць некалькi сантыметраў, i нiхто не заўважыў бы. Але прынцып сумленнай барацьбы захоўваўся. А.М.: I яшчэ кiтайцы вельмi ветлiвыя: заўсёды кланяюцца i нават па-руску iх навучылi вiтацца. Праўда, i жартавалi над iмi. Нехта навучыў кiтаянку адказаць на пытанне мiнiстра "Як справы?" фразай "Яшчэ не нарадзiла..." А наконт спартсменаў: я чытала, як iх рыхтавалi. Збiралi ў адным месцы, з бацькамi можна было зносiцца аднойчы на тыдзень праз iнтэрнэт... Нiбыта за кратамi. Я б так не вытрымала. Шчыра кажучы, я больш за ўсё на свеце не выношу трэнiровачныя зборы. I калi б была мая воля, ездзiла б на iх толькi напярэдаднi спаборнiцтваў. Я люблю трэнiравацца, але качавое жыццё — не для мяне. Хачу быць дома, з мужам. — А што вам, калi не сакрэт, падарыў муж у гонар алiмпiйскага золата? А.М.: Кветкi! А з iншым яшчэ не вызначылiся. Ён вылучае розныя прапановы, але яны мне пакуль не даспадобы. Напрыклад, ён прапануе пярсцёнак з брыльянтамi. Але, калi шчыра, маiх пярсцёнкаў ужо хопiць на кожны палец. У мяне, у прынцыпе, усё ёсць. — Можа, аўтамабiль? А.М.: У нас ёсць новы "Фольксваген-Джэта". Але збiраемся набыць нешта большае. Я сама езджу за рулём, атрымлiваю ад гэтага вялiкае задавальненне. I, калi шчыра, люблю хуткасць. — Дык чаго ж вам, сапраўды, яшчэ не хапае? А.М.: Уласнага жылля. Цяпер мяркую набыць кватэру тут, у Магiлёве. I ў Мiнску няхай будзе. Усё роўна наша сям’я даўно жыве на два гарады. Самае маё вялiкае жаданне — пайсцi з iнтэрната. Каб было месца для нас з мужам, i для любiмага ката раздолле. Зараз я пакажу вам свайго блакiтнага перса Маркiза. (На мабiльным тэлефоне з гордасцю дэманструе фота тоўстага дымчатага ката з шыкоўнай доўгай поўсцю, хiтрымi жоўтымi вачыма i пачуццём уласнай годнасцi ў постацi.) В.В.: Яна на ўсе трэнiровачныя зборы едзiць са сваiм катом. Забаранiць я не магу. I нiкому не дае пагладзiць яго, вельмi раўнуе. — Ну а ў Лондан вы збiраецеся? А.М.: Так! Паедзем з трэнерам устанаўлiваць новы сусветны рэкорд! — А можа на подыум? У крычаўскай дзiцячай спартыўнай школе вас называлi мадэллю, i ў вас сапраўды ёсць усе даныя... А.М.: Калi сур’ёзна, то мне ў Германii прапанавалi застацца i працаваць мадэллю. Заўважылi мяне, калi я выступала на Кубку Еўропы. Але я адмовiлася — гэта не маё. В.В.: Хоць, заўважу, прапаноўвалi добрыя грошы. А.М.: Але ў тым разе трэба было кiдаць спорт i трэнера. А мой трэнер увасобiў ува мне свае лепшыя мары i надзеi. В.В.: Гэта так. (Аксана гучна цмокае трэнера ў шчаку.) А.М.: I мне так здалося, што мужа трэба будзе кiдаць таксама. Як я жыла б без любiмых людзей? — А як вы будзеце жыць, калi давядзецца заканчваць спартыўную кар’еру? А.М.: Я маю адукацыю настаўнiка фiзiчнай культуры. Але працаваць у школе з дзецьмi мне не хочацца. Я яшчэ толкам i не вызначылася, чаго я хачу. Пакуль — Лондан. Буду трэнiравацца, кiдаць молат. А там паглядзiм. — Што б вы пажадалi чытачам нашай газеты? А.М.: Самай галоўнай каштоўнаcцi — здароўя. Калi будзе здароўе — будзе ўсё! Iлона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аксана Мянькова вярнулася дадому i штодня трэнiруецца ў Магiлёўскiм лёгкаатлетычным манежы "Алiмпiец" |
|