У Барысаве праходзіць Дзень беларускага пiсьменства
Менавiта Слову, а таксама ўсiм тым, хто працаваў калiсьцi i працуе сёння дзеля яго развiцця i адраджэння, хто захоўвае i памнажае духоўную спадчыну мiнулых пакаленняў, узбагачае нацыянальную культуру, шануе родную мову, прысвечана свята - Дзень беларускага пiсьменства. Па традыцыi яно адзначаецца ў нашай краiне ў першую нядзелю верасня. Сёлета - 15-ы ўжо раз. Заўтра яго шматлiкiх гасцей i ўдзельнiкаў будзе вiтаць старажытны Барысаў.
Дзень беларускага пiсьменства называюць святам-вандроўнiкам. З году ў год выпраўляецца яно са сталiцы ў розныя гiстарычныя цэнтры Беларусi, якiя здаўна мелi славу буйнейшых асяродкаў нацыянальнай культуры, асветы, кнiгадрукавання. Самым першым у 1994 годзе сустракаў свята старажытны Полацк, дарэчы, пачэснае права прымаць у сябе Дзень беларускага пiсьменства яму выпадала двойчы, як i гораду Тураву. Сталiцамi свята станавiлiся Навагрудак, Нясвiж, Орша, Пiнск, Заслаўе, Мсцiслаў, Мiр, Камянец, Паставы, Шклоў. Ужо вядома, што ад Барысава святочную эстафету прыме Смаргонь. Гарады для ўрачыстасцей выбiраюцца невыпадкова. Кожная з гэтых мясцiн звязана з дзейнасцю слынных асветнiкаў, чые iмёны залатымi лiтарамi ўпiсаны ў гiсторыю беларускага пiсьменства i культуры - Францыск Скарына, Еўфрасiння Полацкая, Кiрыла Тураўскi, Сымон Будны, Елiсей Лаўрышаўскi, Васiль Цяпiнскi, Пётр Мсцiславец Аддаючы данiну павагi, шануючы спадчыну славутых папярэднiкаў, свята мае на мэце паказаць непарыўную еднасць i цесную сувязь беларускага друкаванага слова з нацыянальнай гiсторыяй нашага народа. А галоўная роля падчас Дня беларускага пiсьменства традыцыйна належыць кнiзе. Напярэдаднi свята “Р” запыталася ў некаторых з яго будучых удзельнiкаў - у чым, на iх думку, значнасць i важнасць Дня беларускага пiсьменства? Лiлiя АНАНIЧ, першы намеснiк мiнiстра iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь: — Свята беларускага пiсьменства задумвалася як паказ глыбокiх каранёў беларускай духоўнасцi, як сцвярджэнне пераемнасцi гiстарычнай спадчыны сучаснiкамi, i больш таго - як свята дзяржавы, якая клапоцiцца пра сваю будучыню. А будучыня любога грамадства, моцнай дзяржавы заўсёды грунтуецца на высокай духоўнасцi. Духоўнасць жа, як вядома, - гэта не толькi нашы штодзённыя ўчынкi, але i тое, што пакiнулi нам нашы продкi i што пакiнем мы сваiм пераемнiкам. Беларусь мае слынныя каранi i шэраг знакамiтых гiстарычных асоб, вядомых усяму свету, - гэта i Францыск Скарына, i Пётр Мсцiславец, i Кiрыла Тураўскi Але мы ведаем i сенняшнiя, таксама праслаўленыя на ўвесь свет iмёны - Iван Шамякiн, Iван Мележ, Васiль Быкаў Спадзяюся, што гэтае свята робiць унёсак у тое, каб сумеснымi намаганнямi ўсяго беларускага грамадства расцiць нашу будучыню, яно прыклад таго, як узбагачаецца наш духоўны патэнцыял. 7 верасня ў Барысаве стане сапраўдным святам кнiгi. У сувязi з гэтым магу адзначыць, што па вынiках шасцi месяцаў бягучага года беларускiмi выдаўцамi выпушчана 6 тысяч 762 найменнi кнiг i брашур агульным тыражом 26,5 мiльёна экзэмпляраў. Для нашай краiны, дзе працуе звыш 600 выдавецтваў, большасць з якiх недзяржаўнай формы ўласнасцi, - гэта даволi высокi паказчык. На жаль, ёсць памяншэнне аб’ёму выпуску кнiг на беларускай мове - 1 мiльён 230 тысяч экзэмпляраў. Тым не менш гэта крыху болей, чым за аналагiчны перыяд мiнулага года. А што датычыць якасцi беларускiх кнiг, то яна традыцыйна высокая на мiжнародным узроўнi. У прыватнасцi, штогод беларускiя кнiгавыдаўцы становяцца лаўрэатамi мiжнароднага конкурсу краiн—удзельнiц СНД "Мастацтава кнiгi". Алесь БАДАК, першы намеснiк дырэктара рэдакцыйна-выдавецкай установы "Лiтаратура i мастацтва", паэт: — Дзень беларускага пiсьменства - адно з самых яркiх нацыянальных свят, вельмi важных для нацыi, народа, краiны. Па-першае, у культурным плане, бо пiсьменства, кнiга - гэта той фундамент, на якiм стаiць уся культура. Любое мастацтва нараджаецца з прыгожай думкi, а яна - гэта слова, няхай сабе i нявыказанае. Па-другое, важнасць свята - у духоўным плане. Пiсьменства, кнiга — аснова духоўнасцi на-цыi. I ў гэтым сэнсе нам, безумоўна, ёсць чым ганарыцца. Беларусы - адзiн з самых высокадухоўных народаў у свеце. Гэта даказвае наша лiтаратура - i класiчная, i сучасная. Нарэшце, значэнне свята - у гiстарычным плане, бо беларускiя пiсьменства i кнiгавыданне - з’явы старажытныя. Дастаткова нагадаць, што каля iх вытокаў стаяў Скарына — асоба такога высокага ўзроўню, якую мае гiсторыя далёка не кожнай еўрапейскай краiны. Асабiста мне вельмi падабаецца бываць на гэтым свяце. Менавiта бываць, а не глядзець па тэлебачаннi. Бо нават пры ўсiх сённяшнiх тэхнiчных сродках немагчыма перадаць той дух, тую прыгажосць, якiя пануюць у Дзень беларускага пiсьменства. I гэта выдатная iдэя - праводзiць свята штогод у новым горадзе. Кожны з iх прыўносiць у свята штосьцi сваё. З iншага боку свята паказвае, што ўсе мы - адзiн народ, якi шануе сваю гiсторыю, лiтаратуру i культуру. Мне прыемна адзначыць, што ў падрыхтоўцы свята сёлета актыўна ўдзельнiчае наша рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова. Другi год мы праводзiм мiжнародны круглы стол пiсьменнiкаў славянскiх краiн. Гэта вельмi важна, бо беларуская лiтаратура разглядаецца ў кантэксце еўрапейскай культуры. Другое мерапрыемства - лiтаратурна-музычная iмпрэза "I ў слове музыка жыве", удзел у якой прымуць беларускiя паэты i нашы замежныя госцi, а таксама прагучаць песнi ў выкананнi беларускiх артыстаў. Аляксандр ЛУКАШАНЕЦ, дырэктар Iнстытута мовы i лiтаратуры iмя Я. Коласа i Я. Купалы НАН Беларусi, доктар фiлалагiчных навук, прафесар: — Беларусь мае багатыя пiсьмовыя, духоўныя, культурныя традыцыi, i сёння важна iх не толькi захаваць, але i давесцi пра iх да ведама нашых сучаснiкаў. Значнасць Дня беларускага пiсьменства ў тым, што гэтае свята дазваляе нам дакрануцца да сваёй гiстарычнай, духоўнай i культурнай спадчыны, даведацца пра свае каранi, пра знакамiтых людзей нашай зямлi, якiя ў розныя часы стваралi ёй славу i велiч. Толькi народ, якi добра ведае i памятае сваю гiсторыю, можа разлiчваць на дастойную будучыню. Первоисточник: Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Менавiта Слову, а таксама ўсiм тым, хто працаваў калiсьцi i працуе сёння дзеля яго развiцця i адраджэння, хто захоўвае i памнажае духоўную спадчыну мiнулых пакаленняў, узбагачае нацыянальную культуру, шануе родную мову, прысвечана свята - Дзень беларускага пiсьменства. |
|