Кошыкi мудрасцiВерасень — месяц пад знакам бульбы, якi дадаткова яднае нацыю, нагадваючы ёй аб каранях i сваёй зямлi Я спяшаюся да бабулi ў вёску на легкавiку. Пакуль што машына не свая — тата даверыў. Побач брат. Едзем капаць бульбу. Мы ўжо зусiм дарослыя. I ў нас сваё дарослае жыццё ў горадзе. На гадзiннiку амаль дванаццаць. Зноў позна выбралiся. Сорамна… Вёска Дзям’янаўцы знаходзiцца ў Гродзенскай вобласцi, на Дзятлаўшчыне. Тут жылi i працавалi мой дзед i прадзед, i прапрабабка Раiна, што была павiтухай на вёсцы, i свяшчэннаслужыцель прапрадзед Андрэй. Тут сустракалi вайну, голад, тут жа, на гэтай зямлi, любiлi i гаравалi, нараджалi дзяцей мае продкi. Тут жыве сёння мая бабуля Вера Канстанцiнаўна Ярмаловiч i яе родная сястра Валя. Тут жа вырасла мая мама i тут прайшло маё шчаслiвае дзяцiнства. Праязджаем шыльду «Дзям’янаўцы», школу, крыж. Не змянiлася наша вёска. Толькi што людзi пастарэлi. Многiя пахаваны пад хвойкамi ля Нёмана. Стаяць хаты з забiтымi вокнамi. Наша пафарбавана ў вясёлы жоўты колер. Бабулек знайшлi ўжо на полi. У гэтым годзе бульбы няшмат: чатыры баразёнкi i на агародзе крышку. Сiлы ў жанчын ужо не тыя. Гэта раней маглi семдзесят сотак пасадзiць. Тады на бульбу збiралiся, як на Вялiкдзень цi на Каляды: можна было пабачыць усiх сваякоў. Хоць работы многа, а бабулям радасць — прыехалi дзецi, унукi. — Ну што, гэты канец скончыць, а там ужо мала застанецца, — прыкiдвае на вока бабуля Вера. Жанчына капае бульбу натхнёна i душэўна. Забыўшыся на ўсе балячкi. Бо ведае, што для сябе капае, для дзяцей, што нiхто тут не дапаможа, акрамя сваiх. Таму працуе апантана i ўпарта. Вёска навучыла мяне – банальная iсцiна — працаваць. Не красцi. Не зайздросцiць, а працаваць, каб было сваё. Не лгаць. Вучыцца ў старэйшых i мудрэйшых. Жыць душэўна, праўдзiва. Цярпець. Уступаць. Апошнiя кошыкi з бульбай — адзiн з дробнай, другi з буйной – высыпалi ў мяхi. Трэба яшчэ прайсцiся па полi, каб нiводнай бульбачкi ў зямлi не засталося. Шкада. Згнiе за зiму. Акрамя бульбы, у багажнiк кладзём моркву, вялiкi гарбуз, цыбулю, яблыкi, слiвы. Бабуля назбiрала нам яек. Не забыцца папiць вады са студнi на дарогу. Калi ад’язджаеш з вёскi, заўсёды самотна, маркотна на душы. Быццам мала тут, на гэтай зямлi, пакiнуў: трэба было старанней працаваць, прачнуцца раней, з пеўнямi, можна было б яшчэ i ў хаце паспець прыбрацца… I заўсёды камяк у горле. Гэта цяжка растлумачыць тым, у каго было гарадское дзяцiнства. Па ўтравелым падворку рухаемся да машыны. Бабулi Вера i Валя — следам. Каб развiтацца. Вочы ў адной i другой вiльготныя. Цi то ад тугi, цi то ад ветру моцнага. — Ну, бывайце! Едзьце толькi памаленьку, — перажывае бабуля Вера. Схаваўшы сiвыя валасы пад хустку, iдзе зачыняць веснiцы. Рукi кiрпатыя. Пальцы не гнуцца: мусiць, гэта старасць такая. А вось шчокi ружовыя. Колькi памятаю, заўсёды ружовыя. Так i хочацца цалаваць гэтую жанчыну ў шчокi за ўсмешкi яе шчырыя, у вочы — за слёзы яе гарачыя, у рукi — за тое, што працавала не складаючы iх, каб нам было добра. Абняць чалавека роднага моцна-моцна i калыхаць на руках сваiх, як i нас некалi калыхала. I моўчкi падняць вочы ў неба: дай Бог табе здароўя, мая любая бабуля, мая родная. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Верасень — месяц пад знакам бульбы, якi дадаткова яднае нацыю, нагадваючы ёй&n
|
|