Франак Вячорка. ШОЎ-БІЗ. Калі б зоркі эстрады пачалі гуляць у футбол...
Франак Вячорка нарадзіўся ў 1988 годзе ў Менску. Скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, вучыўся ў БДУ, ад сёлета – студэнт ЭГУ. Старшыня камісыі па культуры Партыі БНФ, адзін зь лідэраў моладзі БНФ, кіраўнік творчай ініцыятывы «Беларускі Гальфстрым». Ініцыятар дубляваньня фільмаў на беларускую мову. Прадусар музычных праектаў «Веру ў цябе», «Партызанская школа», «Незалежны Я», «Янка Купала – 125», мэнэджэр шэрагу імпрэзаў і канцэртаў.
Не люблю я гэтак званы «беларускі шоў-біз». Затое люблю футбол. Нацыянальная гістэрыя вакол посьпехаў БАТЭ ўсяліла надзею ў гэты спорт. Сёньня малады трэнэр Ганчарэнка ў разы папулярнейшы за канкурсантаў Славянскага базара, ня кажучы пра Эўрафэст. Можа, нашым «зоркам эстрады» варта сьцягнуць смазьлівыя кофтачкі і скураныя куртачкі, навязаць буцы, апрануць футболку і гэй на поле?!.
Форму гульцам распрацуе малады беларускі мадэльер Іван Айплатаў: чырвоныя футболкі ў зялёны гарошак і зялёныя трусы з ружовымі карункамі. Індывідуальна для паўабаронцы Руслана Аляхно – прыталеная футболка з глыбейшым выразам гарлавіны, што акцэнтуе ўвагу на торсе музыкі-гульца. Талісманам каманды – Ірына Дарафеева ў выглядзе гіганцкага дзікабраза з пап’е-машэ. Стадыёнам – «саркафаг» Палаца Рэспублікі. Трэнэр Аляксандар Ціхановіч на першай прэс-канфэрэнцыі прэзэнтуе новую тактыку каманды: ён робіць стаўку на маладых выканаўцаў і, вядома, на прыгожую палову чалавецтва. Даўганогія салісткі гурта «Топлес» дэбютуюць у якасьці нападнікаў. Галоўных козырам іх аголенага трыо – галявыя контратакі. Запасныя форварды зь Цягні-Штурхай неўзабаве па вяртаньні з чарговага канцэртнага туру «За Беларусь» дыскваліфіканыя ці то за допінг, ці то лішняе прамільле ў крыві. Трайняткі Зьміцер Калдун, Жора Калдун і Руслан Аляхно згуляюць хаўбекамі. Іх зьнешняе падабенства мае паставіць праціўніка і судзейскае журы ў ступар. У абароне – цяжкая артылерыя і цяжкі вакал – Пётр Ялфімаў, Анатоль Ярмоленка і Алеся. Першапачаткова Ярмоленку прапанавалі пасаду прэзыдэнта клюба, але той адмовіўся на карысьць прэзыдэнта. А хто на браме? Дырыжор Міхаіл Фінберг. Біць маэстру, а тым больш дэпутату Савета Рэспублікі – сьвятатацтва. Аднойчы на замену Ярмоленку и Алесі выйдуць маладыя і дынамічныя футбалісты Сяргей Мінскі, рамантычны Nils і абаяльная Prima-Vera, скандальная Вольга Барабаншчыкава, непрадказальны Аляксандр Патліс, гарачая Гюнэш, але сутнасьць каманды ня зьменіцца. Публіка ў Сьветлагорску будзе сікацца ад захапленьня, бачачы сваіх куміраў. Квіткі на матчы любімай каманды распрададзеныя за месяц. Фоткі зорак зьявяцца на перадавіцах таблёйдаў Крычава і Мар’інай Горкі. І пасьля чарговай перамогі ўсе гульцы зорнага клюба адмысловым загадам Прэзыдэнта атрымаюць званьні Народных спартсменаў. * * * Але пакуль гэта фантазія. На жаль, сёньня беларуская эстрада – гэта каманда-аўтсайдэр Другой лігі. Яна ніколі не згуляе на роўных з эўрапейскімі зоркамі. Увогуле, беларускі шоў-бізнэс – гэта «госзаказ» другой катэгорыі, дзе ўсім запраўляюць дзяржаўныя ідэолягі і чыноўнікі. Ён бляклы і аднастайны, а як толькі нехта вырвецца з гэтай падобнасьці – формай, зьместам, мовай, - тут жа выплёўваецца сыстэмай як ужываная жуйка. І нічога ня зьменіцца, пакуль чыноўнік будзе вырашаць, хто ёсьць зорка, а хто не. Пакуль шоў-бізнэс не пачне жыць сваімі ўласнымі правіламі, мы застанемся камандай Другой лігі нейкага невядомага нам Чэмпіянату. Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Франак Вячорка нарадзіўся ў 1988 годзе ў Менску. |
|