Шклоўскую паперу вырабляюць на машыне, якую не давезлі да Анголы
18 ноября 2008 Экономика и бизнес
Юрась Вітальеў, Еўрапейскае радыё для Беларусі Нягледзячы на тое, што прадукцыя новага завода газетнай паперы мусіла часткова замяніць імпарт, беларускія друкарні працягваюць выкарыстоўваць замежную паперу. Высветлілася, што шклоўская папера недастаткова якасная і часта рвецца. Аляксандр Лукашэнка ў траўні на адкрыцці прадпрыемства называў завод "валютным праектам", які мусіў да 2010 года забяспечыць патрэбы айчынных друкаваных СМІ і выдавецтваў, а палову сваёй прадукцыі прадаваць на міжнародных рынках. “Гэта валютны праект, заробленыя грошы пайдуць на развіццё Шклоўскага раёна. Завод ёсць, трэба пачынаць працу. Прадпрыемства не павінна спыняцца ні на суткі”, - патрабаваў Аляксандр Лукашэнка. Ужо сёлета прадукцыя прадпрыемства мусіла часткова замяніць імпартную паперу. Але пакуль нават беларускія друкарні не спяшаюцца яе закупляць і толькі плануюць набыць пробныя партыі. Атрымліваецца, што завод паўгода працуе на склад? У Магілёўскай абласной друкарні наракаюць на некаторыя характарыстыкі шклоўскай паперы, якія вельмі ўскладняюць працэс друку: “На сённяшні дзень каля 5 тон мы яе перапрацавалі ў газетных ратацыях. Па белізне яна амаль такая ж, як і “Кандапога”. Але там іншыя пытанні з праклейкай, шчыльнасцю, шурпатасцю ёсць. Шчыльнасць не аднолькавая, там з аднаго боку рулона нацяжка адна, з іншага - другая. Пачынае моршчыць, "весці" паперу. Зараз нібыта гэта прыбралі”. У Касцюковіцкай друкарні яшчэ вагаюцца, ці купляць прадукцыю Шклоўскага завода: “Шклоўскую паперу пакуль яшчэ не выкарыстоўвалі. Яны нам скінулі дамову. Мы яе разглядаем. Збіраемся закупляць у бліжэйшы час пробную партыю, а потым паглядзім”. А ў Мсціслаўлі ўжо падпісалі дамову на пробную партыю. Вось што Еўрарадыё паведаміла супрацоўніца мясцовай друкарні: “Мы яшчэ не выкарыстоўвалі яе, але дамову падпісалі. Пробную партыю плануем замовіць да канца месяца”. У Беларускім доме друку ўжо "засвоілі" 80 тон шклоўскай паперы. Таму пра яе хібы там ведаюць, але спадзяюцца на тое, што іх можна выправіць: “Ну што ж вы хочаце? Завод на стадыі запуску. Заўсёды будуць праблемы. Я думаю, усё нармальна будзе ў іх. Адладзяць, наладзяць”. Чаму ж завод, які каштаваў дзяржаве 439,8 млрд рублёў, не можа вырабіць якасную паперу? На самім заводзе нам каментаваць гэта не сталі. Патлумачыць сітуацыю пагадзіўся Сяргей, спецыяліст па вытворчасці газетнай паперы з Расіі, які меў дачыненне да будаўніцтва шклоўскага прадпрыемства: “Сама аснова абсталявання не сучаснага тыпу. Хаця кантрольна-рэгулюючае абсталяванне там сапраўды сучаснае стаіць, аднаго з лепшых вытворцаў у свеце. Але сама машына была вырабленая у 80-я гады для Анголы ці нейкай іншай паўднёва-афрыканскай дзяржавы. Яшчэ ў савецкія часы яна пастаўленая туды не была. Знаходзілася каля 20 год на складах у Петразаводску, потым была адрэвізаваная і на яе аснове машына ў Шклове пабудаваная”. Паводле яго словаў, вытворчасць паперы ў Шклове пабудаваная на аснове "тэрмамеханічнай масы". Абсталяванне, якое вырабляе гэтую масу, самае лепшае і вельмі якаснае. Але тэхналагічны працэс патрабуе вялікай увагі. Сяргей: “Там усё залежыць ад якасці зыходнай сыравіны. Для вытворчасці тэрмамеханічнай масы нават тэрміны вылежвання драўніны маюць вялікае значэнне”. Але досведу такой вытворчасці дагэтуль у Беларусі не было. Цікава, што ў траўні сёлета на ўрачыстым адкрыцці прадпрыемства Аляксандру Лукашэнку падаравалі "асобнік мясцовай раённай газеты, аддрукаваны на паперы, вырабленай на новым заводзе", інфармуе сайт кіраўніка дзяржавы. Калі мы патэлефанавалі ў шклоўскую раёнку "Ударный фронт" і пацікавіліся, ці працягвае яна друкавацца на мясцовай паперы, супрацоўнік выдання шчыра сказаў ужо знаёмыя нам словы: "Не, пакуль яшчэ не пачыналі. Плануем дамову ў далейшым заключыць. Але пакуль яшчэ не спрабавалі". Фота - president.gov.by Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
18 ноября 2008 Экономика и бизнес Юрась Вітальеў, Еўрапейскае радыё для Беларусі Нягледзячы на тое, што прадукцыя новага завода газетнай паперы мусіла часткова замяніць імпарт, беларускія друкарні працягваюць выкарыстоўваць замежную паперу.
|
|